колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.
Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́Т «АБ АБ’ЯДНА́ННІ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК: РАСІ́І, УКРАІ́НЫ, ЛА́ТВІІ, ЛІТВЫ́, БЕЛАРУ́СІ ДЛЯ БАРАЦЬБЫ́ З СУСВЕ́ТНЫМ ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМАМ».
Прыняты па ініцыятыве ЦК РКП(б) і прапановах ЦВК Украіны, Савета абароны Літвы і Беларусі, урада Сав. Латвіі 1.6.1919 на пасяджэнні ВЦВК РСФСР з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Беларусі, Латвіі і Літвы. Прызнаў за неабходнае са згоды ЦВК і СНКсав. рэспублік правесці аб’яднанне ваен. арг-цыі і ваен. камандавання, саветаў нар. гаспадаркі, чыг. ўпраўлення і гаспадаркі, фінансаў, камісарыятаў працы сав. рэспублік. Аформіў ваенна-паліт. саюз рэспублік, які дзейнічаў у гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі, быў этапам на шляху ўтварэння СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСАВА́ННЕ,
падача голасу за каго-н. або што-н.; адна з найб. пашыраных працэдур для высвятлення меркаванняў, настрояў, спадзяванняў людзей па важных праблемах паліт. жыцця, уладнай практыкі. Бывае адкрытае, закрытае (тайнае), пайменнае, пры якім афіцыйна рэгіструецца, як галасаваў пэўны член парламента ці інш. органа. Галасаваннем вырашаецца лёс дэмакратычна выбіраемых кіраўнікоў дзяржаў і мясц. органаў улады, членаў парламента, дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады насельніцтвам, а таксама кіраўнікоў, супрацоўнікаў тых або інш. органаў і ўстаноў (гл.Выбарная сістэма). Для вырашэння ключавых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця можа праводзіцца нар. галасаванне — рэферэндум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІКА́НСТВА, галіканізм (ад лац. gallicanus літар. гальскі, тут французскі),
рэліг.-паліт. рух у Францыі ў 13—18 ст., які меў на мэце дасягненне аўтаноміі франц. каталіцкай царквы ад папства. Зарадзілася ў часы Філіпа IV Прыгожага ў час яго барацьбы з папам Баніфацыем VIII за прэрагатывы свецкай улады. Найб. развіццё галіканства атрымала ў 15—17 ст.Асн. палажэнні (сфармуляваны ў 1682 у «Дэкларацыі галіканскага духавенства») дзейнічалі да канца 18 ст. і былі пакладзены Напалеонам I у аснову статуса франц.дзярж. царквы. У сучасных умовах ідэі галіканства праяўляюцца аддалена ў патрабаваннях франц. епіскапату большай самастойнасці ў мясц.царк. кіраванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІФАКС, Халіфакс (Halifax) Эдуард Фрэдэрык Ліндлі Вуд, барон Ірвін (Irwin; 16.4.1881, замак Паўдэрэм, графства Дэван, Вялікабрытанія — 23.12.1959), англійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1922—24, 1932—35 міністр адукацыі, з 1924 міністр сельскай гаспадаркі, у 1926—31 віцэ-кароль Індыі. У 1935—38 старшыня палаты лордаў, выступаў за знешнепаліт. кампраміс з А.Гітлерам. З 1938 міністр замежных спраў, удзельнічаў у перагаворах, якія прывялі да заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. З 1941 пасол у ЗША. У 1947—53 старшыня Ген. кансультатыўнага савета радыёвяшчальнай кампаніі Бі-Бі-Сі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛКІН (Самуіл Залманавіч) (5.12.1897, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 21.9.1960),
яўрэйскі паэт і драматург. Друкаваўся з 1920. Аўтар кніг вершаў «Боль і мужнасць» (1929), «За новы падмурак» (1932), «Кантакт» (1935), «Дрэва жыцця» (1948). Лірыка Галкіна вызначаецца верай у будучыню, любоўю да жыцця, да яго шматграннай прыгажосці (зб. «Вершы», 1939, і інш.). Драм. творы Галкіна «Бар-Кохба» (1939), «Суламіф» (1940), «Душа, якая спявае» ішлі на сцэнах яўр. тэатраў. Трагедыя «Паўстанне ў гета» — пра паўстанне ў Варшаўскім гета супраць фашыстаў у час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ДНА, Галубінае возера,
у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб.шыр. 250 м, найб.глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 1,8 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на ПнЗ і ПдУ 12—14 м, пад лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, усх. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная зона глеістая.
На ПнУ выцякае ручай у воз. Тумскае, на Пд упадае ручай з воз. Галадзянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС ((Gonźalez Marquez) Феліпе) (н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),
палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл.Ісп.сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).
Літ.:
Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.М.Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.