МА́РЦЭЛЕЎ (Станіслаў Віктаравіч) (н. 1.1.1925, в. Шарыбаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. гісторык культуры. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1980), д-ргіст.н. (1972), праф. (1992). Скончыў БДУ (1950) і Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950). З 1953 у апараце ЦККПБ: інструктар, заг. сектара, нам.заг. аддзела, з 1965 заг. аддзела культуры. У 1976—94 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН Беларусі. У 1980—91 рэдактар навукова-метадычнага бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». З 1994 саветнік пры дырэкцыі, з 1997 гал.навук. супрацоўнік ІМЭФ. З 1996 старшыня праўлення Бел. добраахвотнага т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры. Даследуе праблемы гісторыі і культуры Беларусі. Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія БССР 1990), гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94). Канд. у чл.ЦККПБ у 1966—76, дэп. Вярх. СаветаБССР у 1967—80.
Тв.:
Печать Советской Белоруссии: (Ист. очерк). Мн., 1967;
На путях строительства социализма: Печать Белоруссии в 1926—1937 гг.Мн., 1972;
К духовному расцвету: Ист. опыт развития бел. сов. культуры. Мн., 1974;
Художественная культура Белоруссии на современном этапе. Мн., 1978;
Печать Белоруссии в период развитого социализма. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ СУД ААН,
галоўны судовы орган ААН, адзін з 6 асн. органаў гэтай арг-цыі. Засн. ў 1945. Статут суда, які падпісаны 26.6.1945 і набыў сілу 24.10.1945, з’яўляецца неад’емнай часткай Статута ААН. Дзяржавы — чл.ААН аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі Статута М.с. ААН. Вырашае спрэчкі, перададзеныя яму дзяржавамі ў адпаведнасці з нормамі міжнар. права; дае кансультатыўныя заключэнні па прававых пытаннях пры запыце спецыяльна на гэта ўпаўнаважаных міжнар. органаў: Ген. Асамблеі ААН, Савета Бяспекі ААН або з дазволу Ген. Асамблеі ААНінш. органаў і ўстаноў ААН. Суд складаецца з 15 суддзяў, якія выбіраюцца на 9 гадоў Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі АА́Н. Склад суда абнаўляецца на трэць кожныя 3 гады. Кандыдаты ў суддзі вылучаюцца нац. групамі Пастаяннай палаты Трацейскага суда. Сярод членаў М.с. не павінна быць 2 грамадзян з адной дзяржавы. Суддзі дзейнічаюць незалежна ад сваіх урадаў. Правілы разгляду спраў замацаваны ў Рэгламенце суда 1978. Бакамі ў суд. працэсах могуць быць толькі дзяржавы, што далі згоду на разгляд пэўнай справы. Бакі маюць права зрабіць заяву аб прызнанні імі юрысдыкцыі М.с. абавязковай па пэўных катэгорыях спраў або абумовіць выключэнне з кампетэнцыі суда некаторых прававых пытанняў. Працэдура суд. працэсу складаецца з 2 частак: пісьмовай, у якой удзельнікі прадстаўляюць дакументы і матэрыялы, і вуснай, дзе ў публічным пасяджэнні заслухоўваюцца прадстаўнікі дзяржаў, адвакаты, сведкі. Рашэнне суда, вынесенае большасцю галасоў суддзяў у закрытым пасяджэнні, з’яўляецца абавязковым для бакоў. Месцазнаходжанне суда — Гаага (Нідэрланды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) А.Сялявам. Першая ігумення К.Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл.Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор згасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).
У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова.
Корпус Мінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ЕЎ (Нурэеў) Рудольф Хаметавіч
(17.3.1938, каля ст. Раздольная Іркуцкай вобл., Расія —6.1.1993),
артыст балета, балетмайстар, дырыжор. Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1958, клас Х.Бельскага). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1961 працаваў у Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш.зах. трупах. З сярэдзіны 1970-х г. гастраліраваў з праграмай «Нурыеў з сябрамі». У 1985—89 маст. дырэктар балетнай трупы Парыжскай оперы. Віртуозна валодаў асаблівасцямі розных школ і кірункаў класічнага і свабоднага танца. Сярод партый; Альберт («Жызэль» А.Адана), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Дэзірэ і Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. Сярод пастановак: «Цені» з «Баядэркі» (1963 і 1992), «Раймонда» А.Глазунова і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (абедзве 1964), «Танкрэд» Г.В.Генцэ, «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» (усе 1966), «Шчаўкунок» (1967, 1980), «Манфрэд» (1979) і «Бура» (1982), абедзве на муз. Чайкоўскага. З 1991 выступаў як дырыжор. Зняўся ў фільмах «Я — танцоўшчык» (1972), «Валентына» (1977). Аўтар аўтабіяграфіі (2000). У 1993 праведзены фестывалі імя Н. (Уфа, Казань).
Літ.:
Р.Нуреев. СПб., 1995;
Львов-Анохин Б. Блудный сын Русского балета // Театр. 1993. №11;
Persival J. Nureyev: aspects of the dancer. New York, 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯГНЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).
Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял.кн.ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял.Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.
Агр. прадпрыемства імя А.Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў зсям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.
Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10−3мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм², мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧАкарысных выкапняў,
распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.
Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам змех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г. — жал. руды ў Японіі.
На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.
Б.А.Багатаў.
Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПРЫ ААН,
замежны дыпламат. орган знешніх зносін бел. дзяржавы, які прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у Арг-цыі Аб’яднаных Нацый, падтрымлівае з ёй пастаянныя сувязі ад імя ўрада Беларусі. Знаходзіцца ў г. Нью-Йорк (ЗША). Узначальваецца пастаянным прадстаўніком. Утворана паводле пастановы СМБССР ад 28.3.1958. Мае задачы: сачыць за выкананнем палажэнняў Статута ААН, быць у курсе ўсіх міжнар. падзей, асабліва звязаных з парушэннямі міру і міжнар. бяспекі, рыхтаваць адпаведныя прапановы для свайго ўрада, падтрымліваць пастаянныя сувязі з Сакратарыятам ААН, прадстаўніцтвамі інш. краін — членаў ААН, выступаць у органах ААНз прапановамі і акцыямі, прадстаўляць Беларусь у органах ААН. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) працуе над рэалізацыяй мэт і задач шматбаковай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь у ААН. Цесна супрацоўнічае з пастаяннымі прадстаўніцтвамі Рас. Федэрацыі і інш. краін СНД пры ААН. Дзейнічае ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй 1975 аб прадстаўніцтве дзяржаў у іх зносінах зміжнар. арг-цыямі універсальнага характару і інш.міжнар. пагадненнямі. Кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва звычайна ўпаўнаважваецца ўрадам сваёй дзяржавы і да яго прымяняюцца працэдуры запыту агрэману, акрэдытавання ў краіне знаходжання, аб’яўлення персонай нон грата. Кіраўнік і члены дыпламат. персаналу пастаяннага прадстаўніцтва маюць тыя ж прывілеі і імунітэт, што і супрацоўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў.
Літ.:
Постоянное представительство Республики Беларусь при Организации Объединенных Наций // Вестн. Мин-ва иностранных дел. 1998. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́ХІН (Васіль Васілевіч) (5.5.1906, Масква — 3.10.1963),
бел. рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыў эксперым. майстэрні пры Дзярж. т-ры імя У.Меерхольда (1935). 1936 рэжысёр у БДТ-3, з 1937 маст. кіраўнік Мазырскага калг.-саўг., у 1938—41 і 1946 Палескага з 1946 гал. рэжысёр Пінскага абл.драм. т-раў, з 1952 рэжысёр Белдзяржэстрады, з 1955 Бел.т-ра юнага гледача. Творчасці ўласцівы ўменне ствараць спектаклі знац. каларытам, выкарыстоўваць сродкі муз. выразнасці. Сярод работ у БДТ-3 — «Пушкінскі спектакль», «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава (абедзве 1937); у Мазырскім т-ры — «Партызаны» К.Крапівы, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера (усе 1938); у Палескім т-ры — «Хто смяецца апошнім» Крапівы, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (абедзве 1939), «Любоў Яравая» К.Транёва (1946); у Пінскім т-ры «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Несцерка» В.Вольскага (абедзве 1947), «Гэта было ў Мінску» А.Кучара (1948), «З народам» К.Крапівы (1949), «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (абедзве 1952); у т-ры юнага гледача — «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага (1956), «Прыгоды Чыпаліна» Дж.Радары (1957), «Не верце цішыні» І.Шамякіна (1958, з. Л.Мазалеўскай), «Авадзень» паводле Э.Войніч (1961), «Пара любві» В.Катаева (1963).
Літ.:
Стэльмах У. Васіль Пацехін // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1565—1793 у Брэсцкім ваяв.ВКЛ, з 1795 у Мінскім намесніцтве, з 1796 у Мінскай губ.Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. Цэнтр — г.Пінск. У 16—18 ст. на яго тэрыторыі размяшчаліся Пінскае староства і буйныя магнацкія вотчыны Астрожскіх, Гальшанскіх, Радзівілаў, Чартарыйскіх. У 1793 большая ч. павета адышла да Расіі. У 1795 павет утвораны паўторна: на Пн да яго далучана ч. Навагрудскага пав., усх.ч. вылучана ў Давыд-Гарадоцкі павет, паўн.ч. перададзена ў Ровенскі пав.З 1796 у Мінскай губ. У 1797 пл. павета каля 10 тыс.км². Пасля 1861 уключаў 23 воласці: Дабраслаўская, Дубайская, Жабчыцкая, Кажан-Гарадоцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Лунінская, Любяшоўская, Марачнянская, Пагост-Загародская, Парэцкая, Пінкавіцкая, Плотніцкая, Радчыцкая, Святавольская, Ставоцкая, Столінская, Угрыніцкая, Хатыніцкая, Хойнаўская, Целяханская, Церабяжоўская. У 1897 у П.п. 201 тыс.чал., 11 мястэчак, 75 сёл, 292 вёскі, 191 фальварак. У 1920 Святавольская і Целяханская вал. перададзены ў Косаўскі пав., Дабраслаўская, Кажан-Гарадоцкая, Лунінская, Пагосцкая, Плотніцкая, Столінская, Хатыніцкая і Церабяжоўская вол. — у Лунінецкі пав.З 18.3.1921 у складзе Палескага ваяв. Польшчы. У 1933 уключаў 13 гмін: Бродніцкая, Вітчаўская, Дабраслаўская, Жабчыцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Марачнянская, Пінкавіцкая, Пінская, Парэцкая, Пагост-Загародская, Хойнаўская. З 4.12.1939 пераважная частка ў складзе Пінскай вобл.БССР. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны раёны.