БОР (лац. Borum),

B, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы Мендзялеева. Ат. н. 5, ат. м. 10,81. Прыродны бор складаецца з двух стабільных ізатопаў ​10B (19,57%) і ​11B (80,43%), існуе як мінерал буракс, керніт, ашарыт і інш.; у зямной кары ёсць 5∙10​−3%, у вадзе акіянаў 4,6 мг/л. Атрыманы ў 1808 Л.​Ж.​Гей-Люсакам і Л.​Ж.​Тэнарам.

Вядома больш за 10 алатропных мадыфікацый бора. Бывае бясколерным, шэрым ці чырвоным крышталічным або цёмным аморфным рэчывам і мае розныя фіз.-хім. характарыстыкі. Па цвёрдасці (па Маосу 9,3, па Вікерсу 274,4 ГПа) займае другое (пасля алмазу) месца сярод рэчываў. Вельмі крохкі; у пластычны стан пераходзіць пры т-ры вышэй за 2000 °C. Хімічна дастаткова інертны, не рэагуе з вадародам (боравадароды атрымліваюцца ўскосным шляхам); з іншымі рэчывамі рэагуе толькі пры высокіх т-рах: акісляецца на паветры пры 700 °C, з азотам пры 1200—2000 °C утварае нітрыд бору, з вугляродам пры 1300 °C і вышэй — карбіды, з большасцю металаў — барыды, пры сплаўленні са шчолачамі — бараты; царская гарэлка і азотная кіслата акісляюць бор да борнай кіслаты (гл. таксама Бору злучэнні). Атрымліваюць з буры і керніту, аднаўленнем аксіду ці галагенідаў бору, раскладаннем галагенідаў і гідрыдаў. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійнаўстойлівых гарачатрывалых сплаваў, кампазіцыйных матэрыялаў, сплаваў для рэгулявальных прыстасаванняў адз. рэактараў і лічыльнікаў нейтронаў, як паўправадніковы матэрыял і для барыравання.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛО́НКА клеткі, клетачная сценка,

структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.

Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОТ (Мікалай Якаўлевіч) (30.4.1852, Хельсінкі — 4.6.1899),

расійскі філосаф, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), вывучаў філасофію ў Германіі (1875—76). З 1876 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, Новарасійскага ун-та ў Адэсе (з 1883) і Маскоўскага ун-та (з 1886). З 1889 адзін з арганізатараў і рэдактар час. «Вопросы философии и психологии». Логіку вызначаў як навуку пра пазнанне, а пазнавальную дзейнасць — як сукупнасць «псіхічных абаротаў». У сацыялогіі адмаўляў суб’ектыўны метад, імкнуўся стварыць аб’ектыўную форму прагрэсу. Эвалюцыяніраваў ад пазітывісцкага адмаўлення навук. значэння філасофіі («Адносіны філасофіі да навукі і мастацтва», 1883) да спробы стварыць самастойную філас. сістэму. Сваю філас. пазіцыю называў «монадуалізмам» («Пра душу ў сувязі з сучаснымі вучэннямі аб сіле», 1886). Па сутнасці яна была плюралістычнай канструкцыяй, заснаванай на прызнанні двух ці больш зыходных субстанцыяльных пачаткаў, аб’яднаных на нейтральнай аснове. Абараняў прынцып свабоды волі («Крытыка паняцця свабоды волі і сувязі з паняццем прычыннасці», 1889), імкнуўся даказаць узаемадзеянне псіхічных і матэрыяльных працэсаў, увёў паняцце псіхічнай энергіі («Жыцёвыя задачы псіхалогіі», 1890; «Паняцце душы і псіхічнага жыцця ў псіхалогіі», 1897, і інш.).

Тв.:

Психология чувствований в ее истории и главных основах. СПб., 1879—1880;

К вопросу о реформе логики. Нежин, 1882;

О научном значении пессимизма и оптимизма как мировоззрений. Одесса, 1884;

Джордано Бруно и пантеизм. Одесса, 1885;

Философия и ее общие задачи: Сб. статей. СПб., 1904.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ННІК АСТРАНАМІ́ЧНЫ,

гадзіннік для вызначэння, адліку і захавання дакладнага часу, які неабходны пры астр. даследаваннях, у практычнай астраноміі, астраметрыі. У старажытнасці для астр. даследаванняў карысталіся пясочнымі, вадзянымі і сонечнымі гадзіннікамі. Іх хібнасць складала секунды і болей. Да сучасных гадзіннікаў астранамічных адносяць спец. маятнікавыя (з сутачным ходам гадзіннікаў да 5∙10​−4 с), кварцавыя гадзіннікі (з сутачным ходам 5∙10​−7 с), квантавыя гадзіннікі (атамныя гадзіннікі з сутачным ходам не больш за 10​−8 с).

Маятнікавыя гадзіннікі канструкцый англ. інж. У.​Г.​Шорта і сав. канструктара Ф.​М.​Федчанкі складаюцца з 2 маятнікаў — свабоднага і другаснага. Іх дакладнасць заснавана на ўласцівасці маятніка захоўваць пастаянным перыяд сваіх ваганняў, які залежыць ад даўжыні маятніка. Для выключэння ўплыву змены знешніх умоў (т-ры, атм. ціску) на перыяд ваганняў стрыжань робяць з матэрыялу з малым каэф. лінейнага расшырэння, а сам свабодны маятнік змяшчаюць у герметычным аб’ёме ў ізатэрмічным пакоі. Маятнік злучаны з другасным гадзіннікавым механізмам эл. ланцугом. Маятнікавыя гадзіннікі патрабуюць папраўкі пры дапамозе астр. назіранняў або радыёсігналаў дакладнага часу, што выконваюцца службай часу. Кварцавыя гадзіннікі заснаваны на п’езаэлектрычным эфекце; малекулярныя і атамныя — на выкарыстанні ўласнай частаты ваганняў малекул і атамаў некаторых рэчываў (аміяку, цэзію, вадароду), што дало магчымасць стварыць новую, незалежную ад астр. назіранняў сістэму лічэння часу.

Літ.:

Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977.

Н.​А.​Ушакова.

т. 4, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),

клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.

Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.

Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГРА́МА СТА́НУ, дыяграма раўнавагі, фазавая дыяграма,

графічнае адлюстраванне залежнасці паміж параметрамі стану фіз.хім. сістэмы (т-ра, ціск) ці паміж імі і некаторымі інш. яе параметрамі (саставам, структурай, канцэнтрацыяй). Звычайна Д.с. паказвае сувязь паміж т-рай, ціскам і саставам сістэмы, калі ў ёй больш чым адзін кампанент. Д.с. аднакампанентнай сістэмы паказвае сувязь паміж ціскам і т-рай.

Д.с. розных сістэм будуюцца на аснове эксперыменту метадамі фізіка-хімічнага аналізу. На Д.с. вады на гарыз. восі адкладваюцца т-ры (у градусах Кельвіна), на вертыкальнай — ціск (у паскалях). У т.зв. трайным пункце (т-ра 273,16 К і ціск 611 Па) сістэма складаецца з лёду, вады і пары, якія знаходзяцца ў раўнавазе. Лініі дыяграмы адлюстроўваюць стан раўнавагі: 1 — лёду з парай, 2 — лёду з вадой, 3 — вады з парай. У т.зв. палях паміж лініямі сістэма складаецца з рэчыва H2O толькі ў адным агрэгатным стане (лёд, вада, пара). З дапамогай Д.с. вызначаюць т-ру плаўлення сплаваў, выбіраюць т-ру гарачай апрацоўкі ціскам, устанаўліваюць рэжымы тэрмічнай апрацоўкі сплаваў, ствараюць сплавы з загадзя зададзенымі ўласцівасцямі і інш.

Літ.:

Захаров А.М. Диаграммы состояния двойных и тройных систем. 3 изд. М., 1990;

Глазов В.М., Лазарев В.Б., Жаров В.В. Фазовые диаграммы простых веществ. М., 1980;

Петров Д.А. Двойные и тройные системы. М., 1986.

Дыяграма стану аднакампанентнай сістэмы (вады): 1, 2, 3 — крывыя ўзгонкі (сублімацыі), плаўлення і кіпення (выпарэння); 0 — трайны пункт; К — крытычны пункт.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАКТЫВА́ЦЫЯ (ад дэз... + лац. activus дзейны, актыўны),

выдаленне радыеактыўных рэчываў з паверхні розных аб’ектаў: глебы, будынкаў і збудаванняў, зброі, тэхнікі, адзення, прадуктаў харчавання і інш.; адно з мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў аварый, звязаных з выкідамі радыеактыўных рэчываў або выкарыстаннем ядз. боепрыпасаў. Абясшкоджванне ад радыеактыўных рэчываў вадкіх і газападобных асяроддзяў наз. ачысткай. Вытворчая Д. ажыццяўляецца пры эксплуатацыі АЭС, у працэсе тэхнал. цыкла атрымання ядз. паліва, пры абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і зняцці АЭС з эксплуатацыі. Ступень забруджвання аб’ектаў вызначаецца дазіметрычнымі прыладамі.

Д. ўключае сукупнасць аперацый з выкарыстаннем сродкаў па выдаленні радыеактыўных забруджванняў з аб’ектаў або ізаляцыі іх паверхняў. У залежнасці ад агрэгатнага стану дэзактывуючага асяроддзя спосабы Д. падзяляюцца на вадкасныя, бязвадкасныя і камбінаваныя. Вадкасную Д. праводзяць струменем вады, дэзактывуючымі растворамі, мыццём ці экстракцыяй; бязвадкасную Д. — струменем газу або паветра, пылаадсмоктваннем, зняццем забруджанага слоя, ізаляцыяй забруджанай паверхні; камбінаваную Д. — праціраннем шчоткамі ці анучкамі, апрацоўкай парай, пакрыццём паверхні спец. плёнкамі, якія хутка зацвердзяваюць. Д. мясцовасці праводзіцца заглыбленнем забруджанага пласта грунту пры дапамозе глыбокага ўзворвання. Пасля Чарнобыльскай катастрофы Д. ажыццяўлялася ў шырокіх маштабах на тэр. прамысл. пляцоўкі АЭС і ў населеных пунктах. У зонах радыеактыўнага забруджвання Д. праводзіцца дзярж. спецыялізаванымі прадпрыемствамі на найб. важных і сацыяльна-значных аб’ектах (школы і дашкольныя ўстановы, бальніцы, месцы адпачынку і масавага знаходжання людзей, прамысл. прадпрыемствы і інш.) Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

У.​У.​Скурат.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ,

горад, цэнтр Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., чыг. ст. на лініі Крулеўшчына—Варапаева, на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 200 км ад Віцебска. У межах горада азёры Кагальнае і Вялікае. 18,5 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў Метрыцы ВКЛ у 1414. У розны час належала Зяновічам, Корсакам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. З 16 ст. мястэчка. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. У ходзе войнаў Лівонскай (1558—83) і Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) Глыбокае займалі рус. войскі. У канцы 16—18 ст. заснаваны кальвінскі збор, касцёл св. Міхаіла, царква Тройцы, Ільінская капліца, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, у складзе Дзісенскага пав. У 1897 у Глыбокім 5564 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. 9,7 тыс. ж. (1939). З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Глыбоцкага р-на. У Вял. Айч. вайну з 2.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Глыбокім і раёне 10 133 чал., стварылі Беразвецкі лагер смерці. 7,3 тыс. ж. у 1959, 11,9 тыс. ж. у 1970.

Прадпрыемствы харч. (Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, мясакамбінат, Глыбоцкі кансервавы завод, камбікормавы завод і інш.), мясц. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Глыбоцкі Троіцкі касцёл, Ільінская капліца, Мемарыяльная калона (абедзве — канец 18 ст.). Магілы сав. і італьян. ваеннапалонных, брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.

Від на горад Глыбокае.

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ВЫ,

устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб. стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.

Публ.:

Замовы. Мн., 1992.

Літ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 5. Витебск, 1891;

Астахова А.М. Художественный образ и мировоззренческий элемент в заговорах. М., 1964;

Толстой Н.И. Из наблюдений над полесскими заговорами // Славянский и балканский фольклор. М., 1986;

Барташэвіч Г.А. Магічнае слова. Мн., 1990.

Г.​А.​Барташэвіч.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́НА-ІРА́КСКАЯ ВАЙНА́ 1980—88 Выклікана ідэалаг. і паліт.-эканам. процістаяннем гэтых дзяржаў, у т. л. іх барацьбой за кантроль над нафтавымі рэсурсамі ў Перс. заліве; Іран імкнуўся таксама скінуць кіруючы ў Іраку рэжым С.Хусейна. Пачалася з уступлення ў вер. 1980 іракскіх войск у іранскую прав. Хузестан з намерам Ірака змяніць на сваю карысць межы, устаноўленыя ў 19.75 паводле дагавора з Іранам. Пасля адкрыцця Іракам «другога фронту» ў Курдыстане іранскія войскі да мая 1982 адваявалі амаль усе акупіраваныя Іракам тэрыторыі і да 1988 рабілі шматлікія, але малавыніковыя наступленні на пазіцыі іракскіх войск. З 1982 вайна суправаджалася ўзаемнымі бамбардзіроўкамі гарадоў, з 1984 вялася «танкерная вайна» (узаемныя напады на судны-танкеры). Узнікла пагроза інтэрнацыяналізацыі вайны (Ірак падтрымалі Кувейт і Саудаўская Аравія; каб засцерагчы ад небяспекі трансп. шляхі экспарту нафты, свае ваен. караблі ў Перс. заліў накіравалі ЗША, Вялікабрытанія і Францыя; з 1987 баявыя караблі ЗША, якія канваіравалі кувейцкія танкеры, уступалі ў сутыкненні з іранскімі ВМС). Доўгі час ААН не ўдавалася спыніць вайну дыпламат. сродкамі. Нарэшце пры пасрэдніцтве ген. сакратара ААН Х.​Перэса дэ Куэльяра Ірак і Іран пагадзіліся на перагаворы аб перамір’і (1988). 16.8.1990 заключаны мірны дагавор. Агульныя страты ў вайне паводле розных падлікаў склалі ад 500 тыс. да 1 млн. чал., эканам. страты абедзвюх краін — каля 400 млрд. долараў.

Літ.:

Ниязматов Ш.А. Ирано-иракский конфликт: Ист. очерк. М., 1989.

т. 7, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)