ПРАГРА́МА РАЗВІЦЦЯ́ ААН (ПРААН). Засн. ў 1965 для аказання дапамогі найменш развітым краінам свету ў справе эканам. развіцця. Кіруецца выканаўчым саветам з 36 чал. (7 ад Азіі, 4 ад Усх. Еўропы, 5 ад Лац. Амерыкі, 12 ад Зах. Еўропы і ЗША). Мае 4 рэгіянальныя бюро, якія знаходзяцца пры Сакратарыяце ААН. Супрацоўнічае з больш чым 150 краінамі у такіх сферах, як эканам. планіраванне, транспарт, сувязь, гандаль, ахова здароўя, адукацыя, занятасць. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на безграшовай аснове, у форме накіравання ў пэўную краіну спецыялістаў, падрыхтоўкі і адукацыі мясц. кадраў, распрацоўкі планаў эканам. і тэхн. развіцця і г.д.З 1990 штогод ПРААН выдае Даклад пра чалавечае развіццё, які змяшчае звесткі пра т.зв. індэкс чалавечага развіцця. З 1990-х г. праводзіць. канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, на якіх абмяркоўваюцца асн. пытанні павелічэння дабрабыту людзей і захавання правоў чалавека. Беларусь супрацоўнічае з ПРААН у выкананні нац. праграмы па структурнай перабудове эканомікі і рацыянальным прыродакарыстанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́СНІЦА,
старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЁЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА (ад франц. précieux вытанчаны, каштоўны),
адна з 2 асн. школ франц. барока 17 ст. (разам з ліберцінажам), роднасная італьян.марынізму і ісп.гангарызму. Узнікла ў свецкіх салонах, першы і найб. вядомы з іх атэль маркізы дэ Рамбуе ў Парыжы (1630—48). П.л. звязана з прэцыёзнасцю — культ. і грамадскім рухам франц. арыстакратыі, для якога характэрна разам з вытанчанасцю думак, мовы, паводзін, арыстакратычным густам, кодэксам гонару імкненне да жаночай эмансіпацыі, абароны маст. фантазіі перад націскам рацыяналістычнага «здаровага сэнсу». Паэты-прэцыёзнікі (В.Вуацюр, І. дэ Бенсерад і інш.) звярталіся ў асн. да малых літ. форм (санет, стансы, рандо, рандэль, трыялет). Асн. жанрам П.л. быў галантна-гераічны і пастаральны (букалічны) раман (А. д’Юрфе, М. дэ Скюдэры і інш.). П.л. значна паўплывала на развіццё еўрап. рамана 18—20 ст.
Літ.:
Потемкина Л.Я. Пути развития французского романа в XVII в. Днепропетровск, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСО́ЧНАЕ,
вёска ў Слабада-Кучынскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. на левым беразе р. Нёман. Цэнтр саўгаса. За 26 км на Пн ад г. Капыль, 93 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 620 ж., 269 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як мястэчка Капыльскага княства ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, з 17 ст. — Радзівілаў. Паводле прывілея Жыгімонта II Аўгуста Алелькавічам мяшчане П. карысталіся правам «людзей вольных». З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв., з 1793 у Рас. імперыі ў Магільнянскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1849 мела паромную пераправу, прыстань, 2 млыны, склады для лесаматэрыялаў, існаваў выраб лёгкіх суднаў («шугалеяў»). У пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав.З 1924 вёска, да 1963 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НКА (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 13.3.1936, г. Гомель),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 выкладае ў Бел.АМ. Аўтар манум. твораў з А.М.Зінгуном: вітражы «Беларусь працоўная» на ВДНГ Беларусі (1969, з І.Эйдэльманам), «Радыёаўтаматыка» ў НДІ сродкаў аўтаматыкі (1980); мазаіка «Швейнікі» ў ПТВ (1970), усе ў Мінску; чаканка «Спорт» у спарткомплексе «Стайкі» Мінскай вобл. (1971); «Медыцына і жыццё чалавека» ў мед. ін-це ў Мінску (1990, з Г.Лойкам). Сярод жывапісных твораў: «Любімыя вершы» (1981), «Восень» (1986), «Ледзяное сэрца Алтая», «Марэннае возера» (абодва 1993), «Зіхатлівыя вяршыні», «Захад перад штурмам», «Раніца пасля цяжкага дня», «Турысты 60-х» (усе 1996), «Алтайскае знаменне» (1997), серыі «Эцюды з рукзака», «Сцяжынамі Рэрыха» (абедзве 1998), «Мае горы» (1999), «Пакінутая лыжня» (2001). Творам уласціва абагульненасць маст. вобразаў, жывапісная лепка буйнымі каляровымі плямамі, яркасць каларыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАМІ́НЫ, Рудаміны-Дусяцкія,
шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы») у ВКЛ. Родапачынальнік — віленскі купец Андрэй Мікалай, які ад вял.кн.ВКЛ Аляксандра [1492—1506] атрымаў землі ў Рудамінскай воласці (адсюль прозвішча) каля Вільні. Найб. вядомыя:
Мацей (?—1586) сын Андрэя Мікалая, віленскі райца і бурмістр. У 1576 атрымаў шляхецтва. Андрэй (каля 1595—3.9.1632), сын Яна. Езуіт, місіянер у Кітаі, аўтар рэліг. твораў на кітайскай мове. Ян (каля 1543—21.7.1621), сын Мацея, войскі браслаўскі з 1600. Збудаваў Камайскі касцёл. Я н (1581—9.2.1646), сын Яна, навагрудскі падваявода ў 1619—22, харунжы ў 1627—36, кашталян з 1636. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621 з туркамі, якую апісаў у паэме. Пётр (?—1649), сын Яна, браслаўскі падстолі ў 1620—21, войскі ў 1621—29, харунжы ў 1624—39, кашталян дэрпцкі ў 1639—43 і смаленскі з 1643. Крыштоф (?—1655), сын Яна, маршалак браслаўскі ў 1630—45, кашталян полацкі ў 1645—54, ваявода мінскі з 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСЦІ́НА,
гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.
Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л.Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч.тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.
У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале зМакавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст.н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі зб.ч.араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю 3/4тэр.Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.
Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст.н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). Зарх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст.яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв.яўр. стыль (сюжэты зяўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц.нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт.Іарданія, Ізраіль.
Літ.:
Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.
У.С.Кошалеў (гісторыя).
Да арт.Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.Да арт.Палесціна. Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.Да арт.Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛГАК (Ян) (6.10.1876, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.2.1950),
бел. і польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст. Скончыў рус. класічную гімназію ў Вільні (1897). Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў; 1897—99). З 1905 займаўся фатаграфіяй. У 1910 пазнаёміўся з мастаком Ф.Рушчыцам. З 1912 у Вільні. У 1919—39 кіраўнік лабараторыі маст. фатаграфіі пры Віленскім ун-це. Заснавальнік і старшыня фотаклуба Польшчы, Віленскага фотаклуба, саюза польскіх мастакоў-фатографаў, польск. фатаграфічнага т-ва. Апубл. шмат здымкаў бел.нар. тыпаў, краявідаў, вёсак, гасп. пабудоў бел. сялян («Беларус з-пад Клецка», «Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Мінскам», «Жабракі беларусы пад Мінскам», «Беларус з Міншчыны», «Вечар (Міншчына)», «Краявід з Ашмянскага павета», «Месячнае неба. Багданаў», «Ціша. Возера Нарач», «Белавежская пушча» і інш.). Аўтар прац пра Рушчыца (у кн. «Фердынанд Рушчыц», Вільня, 1939), артыкулаў пра бел. фальклор і краязнаўства, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Фотатэка і калекцыя яго здымкаў (каля 10 тыс.) згарэла ў 1944. Многія яго фота захоўваюцца ў архівах і б-ках Вільнюса і Варшавы.
Тв.:
Fotografika. Warszawa, 1931;
Wędrówki fotografa...Cz. 1—9. Wilno, 1931—36;
Technika bromowa. Wilno, 1933;
Bromografika czyli metoda wtórnika. Wilno, 1934;
Estetyka światła. Wilno, 1936;
Fotografia ojczysta. Wrocław, 1951.
Літ.:
Grabowski L. Jan Bułhak. Warszawa, 1961;
Zdzarski W. Jan Bułhak // Kronika Warszawy. 1978. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНА́МІКА (ад аэра... + дынаміка),
раздзел аэрамеханікі, у якім вывучаюцца законы руху газападобнага асяроддзя і яго ўзаемадзеяння з цвёрдымі целамі; тэарэт. аснова авіяцыі, ракетнай тэхнікі, метэаралогіі, турбабудавання і інш. Разглядае рух целаў з дагукавымі скорасцямі (да 1200 км/гадз); рух целаў са скорасцю, большай за скорасць гуку, вывучае газавая дынаміка. Аэрадынаміка ўзнікла ў 20 ст. ў сувязі з развіццём авіяцыі. Тэарэтычнае рашэнне задач аэрадынамікі заснавана на ўраўненнях гідрааэрамеханікі. Пры вырашэнні найбольш простых пытанняў (размеркаванне ціску і скорасцяў вакол абцякальнага цела і інш.) выкарыстоўваецца набліжэнне ідэальнай вадкасці, несціскальнай пры малых і сціскальнай пры вял. скорасцях. Наяўнасць вязкасці ў рэальных вадкасцях прыводзіць да ўзнікнення супраціўлення і ўлічваецца пры вывучэнні цеплаабмену целаў з патокам газу.
Спец. прыкладныя часткі аэрадынамікі: аэрадынаміка самалёта (вывучае рух самалётаў цалкам), знешняя балістыка (даследуе палёт снарадаў), аэрадынаміка турбамашын і рэактыўных рухавікоў, прамысловая аэрадынаміка (разлік паветранадзімальных установак, ветравых рухавікоў, струменных апаратаў, вентыляцыйнай тэхнікі, аэрадынамічных сіл, якія ўзнікаюць пры руху аўтамабіляў, цягнікоў і інш.). Эксперыментальная аэрадынаміка з дапамогай аэрадынамічных трубаў вызначае лікавыя каэфіцыенты сіл і момантаў, што дзейнічаюць на цела з боку газавага патоку. У аэрадынаміцы шырока выкарыстоўваецца матэм. мадэляванне з дапамогай ЭВМ.
Літ.:
Струминский В.В. Аэродинамика и молекулярная газовая динамика. М., 1985;
ЭВМ в аэродинамике: Пер. с англ.М., 1985;
Киреев В.И., Войновский А.С. Численное моделирование газодинамических течений. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Баспор,
дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г.Пантыкапей (цяпер г.Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж.мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.
Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.Дзюбрукс, І.А.Стампкоўскі, А.Б.Ашык, Д.В.Карэйша, А.Е.Люцэнка, В.В.Шкорпіл і інш.), у 20 ст. даследаванні вялі В.Ф.Гайдукевіч, У.Д.Блавацкі, М.М.Кабыліна і інш. Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).