ФАНВІ́ЗІН Дзяніс Іванавіч (14.4.1744 або 1745, Масква — 12.12.1792),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1761—62). Служыў у Калегіі замежных спраў. Літ. дзейнасць пачаў у 1761 перакладамі з зах.-еўрап. моў і сатыр. мініяцюрамі. Перарабіў сентыментальную драму Ж.Б.Грасэ «Сідней» у камедыю «Карыён» (паст. 1764). У сацыяльна-быт. камедыі «Брыгадзір» (паст. 1770) высмеяў нізкапаклонства дваран перад франц. культурай. У 1781 напісаў камедыю «Недаростак» — з’едлівую сатыру на прыгонніцтва. Актуальнасць праблематыкі, выключнае майстэрства характарыстыкі персанажаў, жыццёвасць калізій забяспечылі поспех п’есы. Асветнік па светабачанні, дэмакрат па перакананнях, Ф. выступаў за паступовае вызваленне сялян, за законнасць і канстытуцыйную манархію. Пасля апублікавання арт. «Некалькі пытанняў, што могуць выклікаць у разумных сумленных людзей асаблівую ўвагу» спробы Ф. выступіць у друку спыняліся Кацярынай II. Аповесць «Калісфен» выйшла ананімна. Упершыню Ф. наведаў Беларусь у 1777 праездам у Парыж. У лістах з дарогі апісаў Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». Камедыю «Недаростак» у пач. 20 ст. ставілі прафес. і аматарскія калектывы Беларусі, у 1930-я г. — Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР. На бел. мову яе пераклаў К.Крапіва (1933; паст. БДТ-І, 1933), што падштурхнула яго да творчасці ў жанры драматургіі. К.Крапіва сярод інш. называе Ф. сваім настаўнікам. Бел. драматургі вучыліся ў Ф. майстэрству моўнай характарыстыкі персанажаў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—2. М.; Л., 1959;
Бел.пер. — Недарасль. Мн., 1947.
Літ.:
Благой Д.Д., Д.И.Фонвизин. М., 1945;
Кулакова Л.И. Д.И.Фонвизин. М.; Л., 1966;
Букчин С. Судебное дело Дениса Фонвизина // Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;
Сцяпанаў С. Фанвізін на Беларусі // Беларусь. 1955. №1;
Шпадарук І. На зямлі беларускай... // ЛіМ. 1975. 8 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕЛЬЕТО́Н (франц. feuilleton ад feuille аркуш),
жанр мастацка-публіцыстычнай літаратуры, якому ўласцівы надзённасць, элементы сатыры (іронія, сарказм), экспрэсіўнае выяўленне адносін аўтара. Засн. пераважна на рэальным факце, накіраваны супраць канкрэтных з’яў і асоб. Пішацца празаічнай і вершаванай моваю, выкарыстоўвае розную літ. форму — дзелавога ліста, дзённіка, даклада, маналога і інш.
Першапачаткова ў Францыі (з 1800) Ф. наз. ўкладзены ў газету спец. лісток для тэатр. хронікі, рэцэнзій, паведамленняў пра моды і інш. (выкарыстоўваўся як назва рубрыкі). Як публіцыстычны жанр народжаны франц. рэвалюцыяй 1789—94 (памфлеты Ж.П.Марата, К.Дэмулена). У жанры Ф. актыўна выступалі Г.Гейнэ, Г.Веерт, Ф.Фрэйліграт і інш., у рус. і сав. л-ры — С.Алейнік, А.Вішня, М.Горкі, У.Дарашэвіч, М.Зошчанка, І.Ільф і Я.Пятроў, У Маякоўскі, М.Салтыкоў-Шчадрын, Г.Успенскі і інш.
Найб. значныя здабыткі бел. л-ры ў жанры Ф. звязаны з імёнамі К.Крапівы (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925; «Ухабы на дарозе», 1930), К.Чорнага (зб. «Кат у белай манішцы», 1942), М.Лынькова, А.Макаёнка, П.Панчанкі, М.Лужаніна, У.Корбана (зб. «Мы іх ведаем», 1950), Н.Гілевіча (зб-кі «Да новых венікаў», 1963, «Ці грэх, ці 2», 1970), а таксама А.Зэкава. ФЕ́ЛЬЗЕНШТАЙН, Фельзенштэйн (Felsenstein) Вальтэр (30.5.1901, Вена — 8.10.1975), нямецкі оперны рэжысёр; рэфарматар ням.муз.т-ра. Чл. (1951) і віцэ-прэзідэнт (1959) АМ ГДР. З 1923 акцёр, з 1926 і рэжысёр у розных т-рах Германіі. У 1938 эмігрыраваў у Швейцарыю. З 1947 кіраўнік створанага ім т-ра «Комішэ опер» у Берліне (ГДР). Прынцыпы Ф. блізкія опернай рэжысуры К.Станіслаўскага. Сярод пастановак оперы і аперэты. Аўтар кніг «Пра музычны тэатр» (1970) «Гутаркі пра музычны тэатр» (выд. 1976) і інш.Нац. прэміі ГДР 1950, 1951, 1956, 1960, 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁДАРАЎ Мікалай Фёдаравіч (12.6.1829, с. Ключы Тамбоўскай вобл., Расія — 28.12.1903),
расійскі рэліг. філосаф, прадстаўнік рус. касмізму. Вучыўся ў Рышэльеўскім ліцэі ў г. Адэса (1849—52). У 1854—68 выкладаў у пав. вучылішчах, у 1874—98 бібліятэкар Румянцаўскага музея. У сваім утапічным вучэнні («філасофія агульнай справы») імкнуўся вызначыць глыбінныя прычыны сусв. зла і прапанаваць спосабы яго пераадолення. Гал. зло для чалавека бачыў у яго фіз. смерці і залежнасці ад «сляпых» сіл прыроды. Выступаў з праектам рэгулявання прыроды і «іманентнага ўваскрэшання» сіламі навукі і тэхнікі, рэалізацыя якога, на яго думку, прывядзе да прынцыпова новай ступені эвалюцыі, «свядомага» этапу развіцця свету, усеагульнага братэрства, пераадолення «варожасці» і ў прыродзе, і ў соцыуме. Сцвярджаў, што хрысц. вучэнне пра канец свету, выкладзенае ў «Апакаліпсісе», уяўляе сабой горшы з магчымых «сцэнарыяў» развіцця чалавецтва, а не прадвызначаную Богам неабходнасць. Мэтай пераўтварэння свету («агульнай справы» чалавецтва) лічыў дасягненне Царства Божага праз пераход ад эксплуатацыі да рэгулявання прыроды, асваенне касм. прасторы і кіраванне касм. працэсамі, удасканаленне арганізма чалавека, патрыфікацыю — фіз. ўваскрэшанне продкаў. Крытыкаваў наяўную сац. рэчаіснасць, заснаваную на вынішчэнні аднаго народа другім, выцясненні малодшым пакаленнем старэйшага, як выяўленне «зоамарфічнага» грамадскага ладу, «непаўналецця» чалавецтва. Асаблівую ролю адводзіў Расіі, якая, на яго думку, вылучаецца захаваннем патрыярхальна-сваяцкага ладу, асаблівым геагр. становішчам, і інш. Ідэі Ф. ў рус. прыродазнаўстве развівалі М.А.Умаў, К.Э.Цыялкоўскі, У.І.Вярнадскі, А.Л.Чыжэўскі, у рэліг. філасофіі і л-ры — Л.М.Талстой, Ф.М.Дастаеўскі, У.С.Салаўёў, М.А.Бярдзяеў, В.В.Зянькоўскі, Г.В.Флароўскі і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1995—2000.
Літ.:
Семенова С.Г. Николай Федоров: Творчество жизни. М., 1990;
Яе ж. Николай Федоров и Фридрих Ницше // Вопр. философии. 2001. № 2;
Григорьева Т. «Философия общего дела» Федорова и «Закон Неба» // Всемир. лит. 1999. № 5/6;
Михеева И.Б. Философия «общего дела» Николая Федорова в контексте русской традиции. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКФУРЦКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у ням. філасофіі і сацыялогіі ў 1930—70-х г.; адзін з варыянтаў неамарксізму. Склалася ў пач. 1930-х у г. Франкфурце-на-Майне (Германія) з цэнтрам у Ін-це сац. даследаванняў (у 1934—39 у Жэневе і Парыжы, у 1939—49 у ЗША). Гал. прадстаўнікі — Т.Адорна, В.Беньямін, Г.Маркузе, Э.Фром, Ю.Хабермас, М.Хоркхаймер. У філас.-сацыялагічнай «крытычнай тэорыі грамадства», запазычанай імі ў К.Маркса, крытычны падыход да буржуазнай культуры спалучаецца з ідэямі гегелеўскай дыялектыкі і псіхааналізу З.Фрэйда. Лічылі, што развіццё навукі і новай тэхналогіі аказвае рэпрэсіўнае ўздзеянне на культуру, прыводзіць да адчужэння чалавека ад грамадства, адрыву сац. адносін ад прыродных і канфлікту паміж імі, штурхае чалавецтва да «новага тыпу варварства» («Дыялектыка асветы» Адорна і Хоркхаймера, 1947). Пастаяннае імкненне да панавання над усімі і ўсім, маніпуляцыя свядомасцю мас і яе падпарадкаванне пануючай эліце прыводзяць да ўзнікнення «аўтарытарнай асобы» як сац.-псіхал. перадумовы фашызму (калект. праца «Аўтарытарная асоба», 1950). Г.Маркузе сцвярджаў, што ва ўмовах «аднамернага грамадства» з панаваннем рацыяналізму, масавай культуры, масавым падманам і немагчымасцю якой-н. апазіцыі сам чалавек, яго мысленне таксама становяцца аднамернымі («Аднамерны чалавек», 1964). Члены Ф.ш. зыходзілі з таго, што створаныя ў імя марксізму паліт. сістэмы нясуць такую ж адказнасць за дэгуманізацыю чалавечага існавання, як і тыя, што створаны капіталізмам; такая пазіцыя прывяла да ўзнікнення руху «новых левых», які асабліва актыўна дзейнічаў у 1960—70-х г. Выкарыстаная Ф.ш. метадалогія і канкрэтныя вынікі навук. даследаванняў паўплывалі на развіццё сац. філасофіі, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі ў ФРГ, ЗША, Францыі, Італіі і інш. краінах.
Літ.:
Рассел Б. История западной философии: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;
Маркузе Г. Одномерный человек: Пер. с англ.М., 1994;
Фромм Э. Бегство от свободы;
Человек для себя: Пер. с англ.Мн., 1998;
Оливер М. История философии: Пер. с англ.Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУКО́ (Foucault) Мішэль Поль (15.10.1926, г. Пуацье, Францыя — 25.6.1984),
французскі філосаф і культуролаг, прадстаўнік постструктуралізму. Д-р філасофіі (1961). Выкладаў ва ун-тах Клермон-Ферана, Ліля, Упсалы, Варшавы, Гамбурга, Венсена і інш., з 1970 — у Калеж дэ Франс. Аснову яго філасофіі складае пераасэнсаванне ўзаемаадносін унутры сістэмы «суб’ект — пазнанне — свет». Імкнуўся да пераадолення антрапалагічнай накіраванасці філасофіі. Сцвярджаў, што асн. характарыстыкі суб’екта (рацыянальнасць, сексуальнасць) і феномен суб’ектыўнасці ўвогуле — не вечныя і аб’ектыўныя, а гістарычна абумоўленыя, сацыяльна зададзеныя катэгорыі. Даследаваў інстытуты і механізмы іх распаўсюджвання і замацавання (царква, медыцына, права, мастацтва, сям’я і інш.). У процівагу традыц. гісторыі з яе кумулятыўнасцю і эвалюцыянізмам распрацаваў «археалагічны» метад (рэканструкцыя агульнага поля ведаў пэўнай гіст. эпохі і даследаванне ўмоў магчымасці іх узнікнення), заснаваны на ідэі перарыўнасці гіст. працэсу. У працы «Словы і рэчы» (1966) вылучаў 2 «разрывы» ў гісторыі еўрап. культуры і адпаведна 3 эпістэмы: рэнесансавую, класічную (з сярэдзіны 17 ст.) і сучасную (з пач. 19 ст.). Распрацаваў канцэпцыю ўладных адносін («генеалогію ўлады»), заснаваную на даследаванні ўзаемасувязі ўлады і ведаў, аналізаваў латэнтныя механізмы і інструменты, з дапамогай якіх улада, фарміруючы свядомасць індывіда, ажыццяўляе маніпуліраванне і дыктат над ім.
Тв.:
Бел.пер. — Чым ёсць аўтар // Фрагменты. 1997. № 1/2. Рус.пер. — Слова и вещи: Археология гуманит. наук. СПб., 1994;
Археология знания. Киев, 1996;
Воля к истине: По ту сторону знания, власти и сексуальности. М., 1996;
История безумия в классическую эпоху. СПб., 1997;
Рождение клиники. М., 1998;
История сексуальности — III: Забота о себе. Киев, 1998.
Літ.:
Делез Ж. Фуко: Пер. с фр.М., 1998;
Розин В.М. Опыт гуманитарного изучения творчества: (Эволюция взглядов М.Фуко) // Обществ. науки и современность. 2000. №3;
Ашкеров А.Ю. Политика и человеческое бытие в работах Мишеля Фуко // Человек. 2002. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІ акадэмічны. Створаны ў 1929 у Маскве як Цэнтр.т-рЧырв. Арміі, з 1951 Цэнтр.т-рСав. Арміі, з 1975 акад., з 1993 сучасная назва. Гал. рэжысёры: Ю.Завадскі (1932—35), А.Папоў (1935—58), Б.Марозаў (з 1995), маст. кіраўнікі: А.Дунаеў (1959—62), Папоў (1962—73), Р.Гараеў (1974—78), Ю.Яромін (1981—87), Л.Хейфец (1988—94); вядучы рэжысёр А.Бурдонскі (з 1994). Засн. для абслугоўвання Чырв. Арміі, спектаклі даваліся ў ваен. гарнізонах, часцях, пагран. заставах. Вял. ўплыў на творчы рост калектыву Завадскага; пастаўлены ім у 1932 спектакль «Мсціслаў Удалы» І.Прута стаў этапным. Значнае месца ў рэпертуары займала ваен.-патрыят. тэматыка: «Даўным-даўно» А.Гладкова (1942), «Барабаншчыца» А.Салынскага (1957), «Акіян» А.Штэйна (1961), «Валакаламск—Масква» А.Бека (1966) і інш. Ставяцца рус. і замежная класіка, сучасная драматургія. Сярод лепшых спектакляў «Мяшчане» (1935) і «На дне» (1998) М.Горкага, «Утаймаванне свавольніцы» (1937), «Сон у летнюю ноч» (1941) і «Атэла» (1999) У.Шэкспіра, «Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі (1946), «Каса марэ» (1961) і «Святая святых» (1977) І.Друцэ, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1965), «Смерць Іаана Грознага» (1966) і «Дон Жуан» (1996) А.К.Талстога, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса (1978), «Радавыя» А.Дударава (1985), «Павел I» Дз.Меражкоўскага (1989), «На бойкім месцы» (1994) і «Сэрца не камень» (1997) А.Астроўскага, «Запрашэнне ў замак» Ж.Ануя (1999), «Дуэт для салісткі» Т.Кемпінскі (2000) і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі і працуюць акцёры Л.Галубкіна, Л.Дабржанская, Д.Зяркалава, Л.Касаткіна, І.Ледагораў, А.Меньшыкаў, А.Пакроўская, А.Пятроў, Ф.Ранеўская, Н.Сазонава, У.Сашальскі, Л.Фяцісава, А.Хахлоў, Ф.Чаханкоў, Л.Чурсіна і інш. З 1940 працуе ў спец. пабудаваным будынку, які ў плане ўяўляе сабой 5-канцовую зорку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛЯ́ПІН Фёдар Іванавіч (13.2.1873, Казань, Татарстан — 12.4.1938),
расійскі спявак (бас); найбуйнейшы прадстаўнік рас. вакальнай школы. Нар.арт. Рэспублікі (1918). У 1893 дэбютаваў як оперны спявак у Тыфлісе, у 1895 саліст Марыінскага т-ра ў Пецярбургу, з 1896 маскоўскай прыватнай рус. оперы С.Мамантава, з 1899 (з перапынкам) спяваў у т-рах Вял. ў Маскве, Марыінскім (у 1918 маст. кіраўнік), удзельнічаў у «Рускіх сезонах» С.Дзягілева. Вёў гастрольную дзейнасць, у т. л. ў 1896 у Мінску. З 1922 за мяжой. Ідэйна і эстэтычна фарміраваўся ў цесным кантакце з М.Горкім, К.Каровіным, С.Рахманінавым, У.Стасавым, В.Сяровым, М.Урубелем і інш. Стварыў галерэю рознахарактарных вобразаў, раскрываючы складаны ўнутраны свет героя. Сярод творчых дасягненняў партыі: трагедыйныя — Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава); героіка-эпічная — Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі); эпічная — Дасіфей («Хаваншчына» Мусаргскага); быт. — Яромка («Варожая сіла» А.Сярова), Варлаам («Барыс Гадуноў»); рамант. — Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно і «Мефістофель» А.Бойта), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Дон Кіхот («Дон Кіхот» Ж.Маснэ); камед. — Фарлаф («Руслан і Людміла» Глінкі), Лепарэла («Дон Жуан» В.А.Моцарта); сатыр. — Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні) і інш. Майстар выканання рус.нар. песень, рус. і зах.-еўрап. камерна-вак. лірыкі. Паставіў оперы «Хаваншчына», «Дон Кіхот». Здымаўся ў кіно («Іван Грозны», «Дон Кіхот»). Аўтар літ., графічных, жывапісных, скульпт. работ. Напісаў кн. «Маска і душа» (1932), аўтабіяграфію «Старонкі з майго жыцця» (апубл. 1957). У 1984 прах Ш. перанесены з Парыжа ў Маскву. У Казані праводзяцца Оперны фестываль (з 1982, з 1991 міжнар.), конкурс оперных спевакоў (з 1989, з 1993 міжнар.) імя Ш.
Тв.:
Страницы из моей жизни. Маска и душа. М., 1990.
Літ.:
Янковский М.О. Шаляпин. Л., 1972;
Ф.И.Шаляпин. Т. 1—3. 3 изд. М., 1976—79;
Ф.И.Шаляпин: Летопись жизни и творчества. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1988—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,
грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.:
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991;
Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТУРГІ́Я (грэч. dramaturgia),
сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).
Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.
Новая бел.прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.Сыракомля, П.Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.
У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.Аляхновіча, «Антось Лата» Я.Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот, В.Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «На Купалле» М.Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр.рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна.
У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.Крапівы («Партызаны»), П.Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.Крапіва, Рамановіч, А.Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Марат Казей» В.Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.Глебкі, Маўзона, П.Васілеўскага, І.Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.Козела «Папараць-кветка».
1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.Дзялендзік, А.Асташонак, У.Бутрамееў, Г.Марчук, В.Ткачоў, А.Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.Кавалёў, З.Дудзюк, І.Сідарук, А.Дыбча, У.Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.
З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-рбел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.
Літ.:
Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг.Мн., 1990;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;
Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;
Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;
Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;
Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;
Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;
Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;
Васючэнка П.В. Драматургія і час.Мн., 1991;
Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр.Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ Антон Іванавіч (29.1.1884, г. Шаўляй, Літва — 1946?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. 3 шляхецкага роду герба «Навіна». Брат І.І.Луцкевіча. Скончыў Мінскую гімназію (1902). Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Пецярбургскага, юрыд. ф-це Дэрпцкага (цяпер Тартускі) ун-таў. У 1903 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады (БРГ, гл.Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ) і аўтараў яе праграмы. У 1904 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны ў Мінску, выпушчаны з умовай не пакідаць горад. На II з’ездзе БСГ (1905, Мінск) выбраны членам яе ЦК. Удзельнік рэв. 1905—07. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у наладжванні выпуску газет «Наша доля» і «Наша ніва», уваходзіў у склад іх рэдакцый. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Наша ніва», з 1913 з Бел. выдавецкім т-вам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б.Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Пасля акупацыі ў 1915 Вільні і ч. Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў і аўтараў газ.«Гоман». У 1915 з братам, Цёткаю (А.Пашкевіч) і інш. марксістамі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Пасля Лют. рэв. 1917 выказаўся за ўключэнне ў склад будучай літ.-бел. дзяржавы ўсіх бел. зямель, за наданне дзярж. статуса ўсім мясц. мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 выбраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У вер. 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Нар. сакратарыята і нар. сакратаром замежных спраў (з кастр. 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У вер. — пач.кастр. 1918 узначальваў бел. надзвычайную дэлегацыю на Украіну, якая сустракалася з гетманам П.П.Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з Л. пераехалі ў Вільню, 27 снеж. — у Гродна. 14.12.1918, 2 і 3.1.1919 Л. накіраваў ноты пратэсту польск. ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сак. 1919 перад пагрозай польск. акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны Л. і інш. члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаючыся, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, Л. склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І.Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пач. верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Л. прызначаны Старшынёй Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. У ліп.—жн. 1920 Л. зняволены ў бальшавіцкай турме. 3 пач. 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У ліп. 1921 заснаваў Бел. школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) у 1921 адкрыты Беларускі музей імя І.Луцкевіча. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады працаваў у яе рэдакцыйным к-це. У кастр. 1927 арыштаваны польск. ўладамі, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з герм. і сав. разведкамі, у пач. 1928 апраўданы судом. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэв. метады змагання з рэжымам Ю.Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Крытыкаваў нац. і агр. палітыку СССР, якую сав. кіраўніцтва пачало ў 1929, у арт. «Цень Азефа» (1930) адмоўна характарызаваў І.В.Сталіна і яго акружэнне. У 1930 польск. ўлады забаранілі дзейнасць Бел. выдавецкага т-ва, якім кіраваў Л., у 1931 яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Асоба Л. стала аб’ектам паліт. спекуляцый і нападаў. У 1933—39 бел. радыкальныя газеты перасталі друкаваць яго творы. Л. выступаў пераважна ў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Бел. навуковага т-ва. Ён адышоў ад паліт. дзейнасці, працаваў у БНТ і Бел. музеі, выступаў з лекцыямі. Пасля вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй 30.9.1939 арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіц. версіі, памёр у Сяміпалацінскай вобл. (Казахстан) у 1946. Рэабілітаваны ў 1989.
Друкаваўся з 1906 (газ. «Наша доля»). Стаў вядучым бел. публіцыстам (асн.літ. псеўданімы Іван Мялешка, Антон Навіна і інш.). У працах пач. 20 ст. крытыкаваў агр. і нац. палітыку царызму, выступаў за сац. і нац. вызваленне бел. народа. Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 з Я.Станкевічам — «Беларускі правапіс». Аўтар брашур «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ, перавыдадзена ў 1991). Даследаваў Статут ВКЛ 1529, гісторыю нарадавольскага руху, вывучаў мову скарынаўскіх выданняў. Аўтар зб-каў літ.-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі бел. культуры, мастацтва і л-ры; у т. л. «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры» (1926). Прысвяціў артыкулы жыццю і творчасці М.Багдановіча, А.Бурбіса, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Сваяка і інш. На бел. мову пераклаў працу М.В.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А.Кісялёва, падручнік В.Остэрлёфа і Я.Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (абодва 1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Белорусы. СПб., 1909;
Янка Купала як прарок Адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932;
Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.
Літ.:
Бяляцкі А.У. іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
Біч М. Ідэолаг і практык нацыянальнага Адраджэння // Крыніца. 1999. № 4/5;
Казбярук У. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, або Свае і чужыя пра Антона Луцкевіча // Там жа;
Сідарэвіч А. З жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18,25 студз., 1 лют.;
Яго ж. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990. № 7;
Яго ж. Луцкевічы і Луцэвіч // Крыніца. 1999. № 4/5;
Яго ж. Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі;
Антон Луцкевіч. Мн., 1999;
Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў. Мн., 1994. Вып. 4.