О́НДРЖЫЧАК ((Ondríćek) Францішак) (29.4.1857, Прага — 12.4.1922),

чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.​Ж.​Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.​Э.​Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.​Паганіні, І.​Брамса, В.​А.​Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.​Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).

Літ.:

Ших Б. Ф.​Ондржичек. Пер. с чеш. М., 1958;

Яго ж. F.Ondřiček: Český houslista. Praha;

Bratislava, 1970.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынгтон, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл. праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага ​3Не пры т-ры ніжэй за 10​−3 К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Сверхтекучесть в ​3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Д.Ошэраф.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл. Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс. кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц. т-ва «Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех. з у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл. гл. ў арт. Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЦЫР (ням. Panzer ад стараж,франц. pancier ад лац. pantex жывот),

засцерагальны даспех стараж. і сярэдневяковага воіна для аховы тулава. Выраблялі пераважна з метал. кольцаў ці пласцін таўшч. 0,5—2 мм разнастайнай формы, якія нашывалі на скураны або тканы кафтан. П. называлі таксама кальчугі, выкананыя кальчужнай пляцёнкай, камбінацыяй кальчужнага палатна са стальнымі пласцінамі. П. вынайдзены ў бронзавым веку асірыйцамі, якія рабілі доўгае да шчыкалатак адзенне з кароткімі рукавамі і нашытымі па ўсёй паверхні бронзавымі лускамі. Такімі -П. карысталіся ў стараж. Егіпце, Грэцыі і сярэдневяковай Еўропе. На Беларусі лускаватыя П. вядомы з часоў Кіеўскай Русі і наз. «бронямі». У 11 ст. паявілася лускаватая «браня». У 14 ст. наз. даспехамі, а з 15 ст. — П. Фрагменты П. знойдзены пры раскопках гарадзішча Хотамель, у Гродзенскім замку, у Мінску, Навагрудку, Гомелі, каля Нясвіжа. З удасканаленнем агнястрэльнай зброі П. паступова страцілі сваё значэнне і ў 18 ст. зніклі зусім.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАВО́З,

лакаматыў, які прыводзіцца ў рух парасілавой устаноўкай. Складаецца з паравога катла, дзе награваннем вады атрымліваецца пара, паравой машыны, у якой энергія пары пераўтвараецца ў зваротна-паступальны рух поршня, экіпажнай часткі (рама з колавымі парамі) і тэндэра, у якім размяшчаюцца запасы вады, паліва і змазкі.

Створаны ў Вялікабрытаніі Р.​Трэвітыкам у 1803 і Дж.Стэфенсанам у 1814 (практычна прыдатны П. «Ракета» выпрабаваны ў 1829). У Расіі П. стварылі Я.А. і М.Я.Чарапанавы ў 1833—34. Найб. развіццё паравозабудаванне атрымала з канца 19 ст. да 1950-х г. Магутнасць П. дасягала 4000 к.с. (2942 кВт), скорасць 130 км/гадз. З-за нізкай эканамічнасці (ккдз да 9%) выпуск П. у СССР спынены з 1956; заменены цеплавозамі і электравозамі.

Паравозы: а — Дж.​Стэфенсана «Ракета» (1829; 1 — паравы кацёл, 2 — цыліндр, 3 — топка, 4 — паравы кацёл); б — Я.А. і М.Я. Чарапанавых (1833—34); в — грузавы тыпу 1—5—0 (1947).

т. 12, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац. муз. ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.​Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).

Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац. дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.​Тама, К.​Дэльвенкур, М.​Дзюпрэ, Р.​Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.​Паэр, Ж.​Ф.​Лесюэр, Ф.​Галеві, Р.Крэйцэр, А.​Адан, П.​Дзюка, А.​Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТЭ́Н ((Pétain) Анры Філіп) (24.4.1856, Кашы-а-ла-Тур, Францыя — 23.7.1951),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1918). Скончыў ваен. вучылішча Сен-Сір (1878), служыў у арміі. У 1-ю сусв. вайну генерал, камандзір брыгады, корпуса, каманд. 2-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Вердэнскай аперацыі 1916; з мая 1916 каманд. групай армій «Цэнтр», з мая 1917 галоўнакаманд. франц. арміяй. У 1920—31 нам. старшыні вышэйшага ваен. савета, адначасова (з 1922) ген. інспектар арміі. У 1925—26 кіраваў задушэннем нац.-вызв. паўстання ў Марока. У 1934 ваен. міністр. З 16.6.1940 прэм’ер-міністр Францыі. Падпісаў Камп’енскае перамір’е 1940 з Германіяй. 10.7.1940 атрымаў ад Нац. сходу ўсю паўнату ўлады, што азначала скасаванне Трэцяй рэспублікі. У ліп. 1940 — жн. 1944 кіраўнік дзяржавы (да крас. 1942 адначасова ўрада) прагерм. рэжыму «Вішы». У крас. 1945 арыштаваны, Вярх. судом Францыі прыгавораны за калабарацыянізм да смяротнага пакарання, якое было заменена пажыццёвым зняволеннем.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́СКІЯ ЧЭ́РВІ, пляскатыя чэрві (Plathelminthes),

тып беспазваночных жывёл. 4(9) кл., найб. шматлікія з іх раснічныя чэрві, стужачныя чэрві, трэматоды; больш за 12,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Раснічныя чэрві жывуць у марскіх і прэсных водах, на сушы, астатнія — вонкавыя ці ўнутр. паразіты жывёл і чалавека. Сярод іх бычыны і свіны цэпні, смактун пячоначны, эхінакок і інш. ўзбуджальнікі гельмінтозаў.

Даўж. ад 0,1 мм да 30 м. Цела двухбаковасіметрычнае, плоскае. Маюць суцэльны або з асобных членікаў скурна-мышачны мяшок з эпітэлію і шматслойнай мускулатуры, запоўнены парэнхімай, у якой размешчаны ўнутр. органы. Нерв. сістэма ў выглядзе парных гангліяў і падоўжных нерв. ствалоў; выдзяляльная — накшталт канала. Крывяноснай і дыхальнай сістэм няма. Пераважна гермафрадыты, развіццё прамое або з ператварэннем у свабодна жывучых, складанае з чаргаваннем пакаленняў і зменай гаспадароў у паразітаў (апрача монагенетычных смактуноў).

А.​М.​Петрыкаў.

Плоскія чэрві: 1, 2 — полікладзіда; 3 — біпаліум; 4 — эўполія.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»

(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),

зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.​Л.​Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССР АН СССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял. значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НСЕ, Понсе Куэльяр (Ponce Cuellar) Мануэль Марыя (8.12.1882 ці 1886, г. Фрэснільё, Мексіка — 24.4.1948), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з вядучых мекс. кампазітараў 1-й пал. 20 ст. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі ў Мехіка (з 1909 выкладаў у ёй), удасканальваўся ў Італіі, Германіі, Францыі (у т. л. ў П.Дзюка). У 1917—19 гал. дырыжор Нац. сімфанічнага аркестра, у 1933—35 дырэктар Нац. кансерваторыі і ў 1945 Вышэйшай муз. школы пры Нац. аўтаномным ун-це ў Мехіка. Заснавальнік нац. кірунку ў мекс. музыцы. Аўтар арк. твораў: «Начныя эстампы» (1923), сімф. трыпціх «Чапультэпек» (1929), «Песня і танец старажытных мексіканцаў» (1933), сімф. дывертысмент «Кірмаш» (1940) і інш.; «Паўднёвы канцэрт» для гітары з арк. (1941), канцэрт для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; твораў для фп., для гітары; больш за 100 рамансаў і песень. З 1982 у Мексіцы праводзіцца Міжнар. конкурс гітарыстаў імя П.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)