ПРЫЁМНАЯ СЯМ’Я́,

форма ўладкавання і выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і П.с. ўтвараецца на падставе дагавора аб перадачы дзіцяці (дзяцей) у сям’ю і прац. дагавора, што заключаецца паміж органамі апекі і папячыцельства і прыёмнымі бацькамі (мужам і жонкай або асобнымі грамадзянамі, якія жадаюць узяць дзяцей на выхаванне ў сям’ю). На выхаванне ў П.с. перадаецца дзіця (дзеці), якое не дасягнула паўналецця, на тэрмін, прадугледжаны дагаворам. Парадак перадачы дзяцей у П.с., умовы, якім павінны адпавядаць прыёмныя дзеці і прыёмныя бацькі, вызначаны заканадаўствам. На ўтрыманне кожнага дзіцяці П.с. штомесяц выплачваюцца грашовыя сродкі ў парадку, вызначаным урадам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРАКТО́МЕТР (ад лац. refractus пераломлены + ...метр),

аптычная прылада для вымярэння паказчыка пераламлення святла ў газах, вадкіх і цвёрдых асяроддзях. Бываюць лабараторныя і прамысловыя, якія наз. таксама рэфрактаметрычнымі датчыкамі.

У лабараторных Р., прынцып дзеяння якіх заснаваны на пераламленні святла, даследаванаму ўзору надаюць форму прызмы і па вымераным вугле адхілення прамянёў у ёй вылічваюць пераламлення паказчык n. У Р., якія выкарыстоўваюць поўнае ўнутранае адбіццё. n вызначаецца па значэнні лімітнага вугла выхаду праменя з даследаванага ўзору ў асяроддзе з вядомым n (ці ў адваротным напрамку). Прамысловыя Р. прызначаны для неперарыўнай аўтам. рэгістрацыі дынамікі вытв. працэсаў; іх выкарыстоўваюць і ў аўтам. лініях для рэгулявання тэхнал. працэсаў.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАПТЫ́ЧНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

раздзел метэаралогіі, які вывучае атмасферныя працэсы, што вызначаюць умовы надвор ’я, а таксама іх змены для распрацоўкі прагнозу надвор’я. Даследуе буйнамаштабныя атм. працэсы (узнікненне і перамяшчэнне цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас і франтоў атмасферных), якія ахопліваюць па гарызанталі сотні і тысячы кіламетраў. Аналіз атм. працэсаў праводзіцца пры дапамозе сінаптычных карт, верт. разрэзаў атмасферы, аэралагічных дыяграм. У сінаптычным аналізе выкарыстоўваюцца таксама фотаздымкі воблакаў з метэаралагічных спадарожнікаў, матэрыялы назіранняў за воблакамі, ападкамі і інш. атм. з’явамі пры дапамозе метэаралагічных радыёлакатараў. На падставе заканамернасцей, якія выяўляюцца пры вывучэнні матэрыялаў, скарыстання лічбавых метадаў прагнозу і рашэння ўраўненняў гідра- і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ, распрацоўваюцца прагнозы надвор’я.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),

прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.

Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш. Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНІ́РАВАННЕ (ад англ. scan разгортваць; праглядаць) у медыцыне, метад даследавання асаблівасцей анат. будовы і размяшчэння ўнутр. органаў, шкілета, выяўлення пухлін (іх метастазаў) і інш. Адрозніваюць радыеізатопнае С. (шляхам графічнай рэгістрацыі размеркавання ў арганізме радыефармацэўтычнага прэпарата з дапамогай аўтам. рэгістравальных прылад — сканераў, якія ажыццяўляюць парадковае перамяшчэнне дэтэктара над ч. цела, што даследуецца) і ультрагукавое (з выкарыстаннем ультрагуку). Пры радыеізатопным С. выпрамяненне радыеізатопаў рэгіструецца і пераўтвараецца спец. электронным прыстасаваннем у штрыхавыя адзнакі на паперы (утвараецца чорна-белая або каляровая сканаграма). Пры аналізе сканаграм выяўляюць ачагі (участкі) залішняга або недастатковага назапашвання прэпарата, якія характарызуюць павышаную або паніжаную функцыян. актыўнасць органа, тканкі.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАПЦЫ́,

адна са старых рускіх сектаў, якая вылучылася з хрыставер’я (хлыстоў). У 1760—70-я г. пашырылася сярод аброчных сялян у шэрагу цэнтр. губерняў Расіі. Заснавальнікам і найб. аўтарытэтам С. лічыўся К.​Селіванаў. Аскетызм у С. прыняў крайнюю форму: патрабаваў ад вернікаў «вогненнага хрышчэння» — кастрацыі. Лічылася, што менавіта С. (са спасылкай на Евангелле, дзе ідзе размова пра С., якія самі спаклалі сябе для царства нябеснага) будуць тымі выбраннікамі, «ангелападобнымі людзьмі», якія застануцца пасля страшнага суда. Царскія ўлады жорстка праследавалі С., неаднаразова ссылалі. У пачатку 20 ст. налічвалася прыблізна 5—6 тыс. С. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі абшчыны С. распаліся.

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭАЦЫ́ТЫ [ад астэа... + ...цыт(ы)],

спелыя клеткі глыбінных слаёў касцявой тканкі, якія знаходзяцца ў поласцях яе асн. рэчыва (адросткі — у канальцах, што адыходзяць ад такіх поласцяў) паблізу крывяносных сасудаў. Удзельнічаюць у фарміраванні гідроксіапатыту і астэону.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГШТРЫХІ́ (ням. Bergstriche ад Berg гара + Strich рыса),

кароткія рыскі на тапаграфічнай карце, якія праводзяцца перпендыкулярна да гарызанталяў і паказваюць напрамак уніз на схіле.

Да арт. Бергштрыхі: а — узвышша, б — упадзіна.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАПО́ЛЮСНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,

тэлеграфаванне сігналамі пастаяннага току, якія ўяўляюць сабой кодавую камбінацыю імпульсаў адной палярнасці з бястокавымі інтэрваламі. У адрозненне ад двухполюснага тэлеграфавання выкарыстоўваецца на лініях сувязі невял. працягласці (да 300 км).

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́НІ,

назва залатых манет Афганістана, якія выпускаліся ад эпохі феадалізму да 1925 (вартасць 5, 2, 1 і ​1/2 амані). Агульная маса 4,6 г, чыстага золата 4,1 г. Складала 30 рупій.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)