РАЗУВА́ЕЎ (Рыгор Аляксеевіч) (23.8.1895, Масква — 12.2.1989),

расійскі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1927 у Ін-це высокага ціску АН СССР, адначасова ў Ленінградскім тэхнал. ін-це. З 1946 у Горкаўскім ун-це, адначасова ў 1956—62 дырэктар НДІ хіміі пры гэтым ун-це. З 1963 дырэктар-арганізатар Лабараторыі стабілізацыі палімераў, у 1969—88 дырэктар Ін-та хіміі АН СССР (г. Горкі). Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў, арган. пераксідаў, радыкальных рэакцый. Адкрыў спосаб генерыравання свабодных аліфатычных радыкалаў раскладаннем металаалкілаў (1931—35, разам з М.​М.​Катонам), рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Ю.А.Альдэкопам, М.А.Майерам), прамую рэакцыю свабодных радыкалаў з ртуццю. Распрацаваў метады сінтэзу новых тыпаў металаарган. злучэнняў.

Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1971, 1985.

Тв.:

Металлоорганические соединения в электронике. М., 1972 (у сааўт.).

Літ.:

Воспоминания об академике Г.​А.​Разуваеве. М., 1992.

Р.А.Разуваеў.

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАВЫ,

рускія кампазітары і харавыя дырыжоры, бацька і сын. Аляксандр Васілевіч (13.4.1883, с. Плахіна Захараўскага р-на Разанскай вобл. — 8.7.1946), нар. арт. СССР (1937). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Ген.-маёр (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1913), з 1918 выкладаў у ёй (праф. з 1922). Арганізатар (1928) і кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі (цяпер яго імя). Прызнанне атрымалі яго песня «Свяшчэнная вайна» і апрацоўка далёкаўсх. партыз. песні «Па далінах і па ўзгорках». Аўтар музыкі былога Дзярж. гімна СССР (1943). Пісаў оперы, вак.-сімф., інстр. творы. Дзярж. прэмія СССР 1942 і 1946. У 1971 устаноўлены залаты і 3 сярэбраныя медалі імя Аляксандравых за лепшыя творы на ваен.-патрыят. тэму. Барыс Аляксандравіч (4.8.1905, г. Балагое — 18.6.1994), нар. арт. СССР (1958). Герой Сац. Працы (1975). Ген.-маёр (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), у 1933—41 выкладаў у ёй. З 1929 дырыжор, у 1946—86 нач. і маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Аўтар шматлікіх песень, аперэт, у т. л. «Вяселле ў Малінаўцы» (1937), балета «Ляўша» (1954), араторый і інш. Ленінская прэмія 1978, Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія РСФСР 1985. Залаты медаль імя А.​В.​Аляксандрава (1971). Памяці бацькі прысвяціў кн. «Песня кліча» (1982).

Літ.:

Поляновский Г. А.​В.​Александров. 2 изд. М., 1983.

т. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1941,

1943, 1945, нарады у Маскве прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі па пытаннях вядзення 2-й сусв. вайны і пасляваен. мірнага ўрэгулявання. 29.9—1.10.1941 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — В.М.Молатаў, ЗША — У.А.Гарыман, Вялікабрытаніі — У.​М.​Бівербрук) разгледжана пытанне аб узаемных пастаўках. Вызначаны (да 30.6.1942) месячныя квоты амер. (на падставе ленд-лізу) і брыт. (на падставе сав.-брыт. пагаднення ад 16.8.1941) паставак Сав. Саюзу ўзбраення, харчавання і інш., а таксама паставак некаторых тавараў і сыравіны з СССР у ЗША і Вялікабрытанію. 19—30.10.1943 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — К.​Хэл, Вялікабрытаніі — Р.Э.Ідэн) абмеркаваны праблемы паскарэння разгрому фаш. блоку і пасляваен. ўладкавання Еўропы. Прыняты дэкларацыі: аб усеагульнай бяспецы, аб Італіі (прадугледжвала мерапрыемствы па яе дэмакратызацыі, знішчэнні спадчыны італьян. фашызму і інш.), Аўстрыі (прадугледжвала незалежнасць і суверэнітэт Аўстрыі, а таксама яе адказнасць за ўдзел у вайне на баку Германіі), аб адказнасці гітлераўцаў за ваен. злачынствы (у далейшым стала прававой асновай для суд. пакарання ваен. злачынцаў). 16—26.12.1945 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — Дж.​Ф.​Бірнс, Вялікабрытаніі — Э.Бевін) вырашаны пытанні аб арганізацыі пасляваен. міру ў Еўропе і на Д. Усходзе. Прыняты рашэнні аб падрыхтоўцы мірных перагавораў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй; аб Далёкаўсх. камісіі і Саюзным савеце для Японіі; аб Карэі (стварэнні часовага дэмакр. ўрада); аб Кітаі (дэмакратызацыі органаў нац. ўрада, спыненні грамадз. вайны і вывадзе з Кітая сав. і амер. войск); аб Румыніі і Балгарыі (умовы прызнання Вялікабрытаніяй і ЗША ўрадаў гэтых краін, з якімі СССР ужо меў дыпламат. адносіны); аб заснаванні камісіі па кантролі за атамнай энергіяй.

т. 10, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ФОНАДАКУМЕ́НТАЎ у Маскве.

Засн. ў 1932 як Цэнтр. архіў гуказапісаў, з 1934 у складзе Цэнтр. фотафонакінаархіва СССР (з 1941 Цэнтр. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР), у 1967 вылучаны як Цэнтр. дзярж. архіў гуказапісаў СССР, з 1992 сучасная назва. Зберагае маст. і дакумент. гукавыя запісы з 1898 да нашага часу. 92 фонды, 184 304 адзінкі захоўвання, у т. л. 591 васковы валік, больш за 130 тыс. грампласцінак, 1400 матрыц грампласцінак, 1100 тонфільмаў, 26 тыс. магнітных стужак, шарынафоны, лазерныя кампакт-дыскі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Дзяржтэлерадыё СССР, Усерас. дзярж. тэлерадыёкампанія «Астанкіна», кампанія «Радыё Расіі», арг-цыі па вытв-сці гуказапісаў (фірмы «Мелодыя», «Рускі дыск» і інш.) і кінапрадукцыі (Цэнтр. студыя навук.-папулярных фільмаў, Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў і інш.), дамы творчых работнікаў, грамадскія і рэліг. арг-цыі, культ.-асв. ўстановы, тэатры і інш. Асн. частка архіўных збораў — маст. запісы муз. і літ.-драм. твораў. Зберагаюцца гуказапісы ўспамінаў членаў «Народнай волі», удзельнікаў рэвалюцыі 1905—07, Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, грамадз. вайны; фанаграмы XX—XXVIII з’ездаў КПСС, Пленумаў ЦК КПСС, XI—XXII з’ездаў ВЛКСМ, з’ездаў прафсаюзаў СССР. Значная колькасць фонадакументаў прысвечана Вял. Айч. вайне, у іх ліку ваен. рэпартажы, «гукавыя лісты» на фронт і інш. Захаваліся запісы 1941—42, дзе паведамляецца пра баявыя дзеянні бел. партызан. Партыз. рух асвятляецца ва ўспамінах У.​Е.​Лабанка (1965), А.​Ф.​Фёдарава (1965, 1968, 1975), П.​К.​Панамарэнкі (1975) і інш. Зберагаюцца фанаграма ўрачыстасцей у сувязі з уручэннем Брэсцкай крэпасці ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (1965), успаміны абаронцаў крэпасці (1956, 1965), фанаграма тэлеперадачы, прысвечанай 25-годдзю абароны Магілёва (1966), успаміны П.​І.​Батава (1972) і А.​В.​Гарбатава (1973) пра аперацыю «Баграціён» і вызваленне Беларусі, фанаграмы вечарын, прысвечаных вядомым военачальнікам. Ёсць фанаграма ўрачыстага пасяджэння, прысвечанага 50-годдзю БССР і КПБ (1968). Развіццё культуры асвятляецца ў фанаграмах і запісах асобных выступленняў на з’ездах пісьменнікаў СССР (у т. л. Я.​Коласа на 1-м з’ездзе ў 1934), мастакоў, кампазітараў, архітэктараў, кінематаграфістаў, настаўнікаў і інш. Зберагаюцца запісы чытання пісьменнікамі сваіх твораў, выступленні вядомых вучоных, фанаграмы сесій і гадавых сходаў АН СССР і інш.

Літ.:

Центральный государственный архив звукозаписей СССР Очерк-путеводитель. М., 1991;

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 187—190.

т. 13, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРМІ́Н (Уладзімір Паўлавіч) (н. 17.3.1909, Масква),

савецкі вучоны-механік. Акад. АН СССР (1966). Герой Сац. Працы (1956). У 1930 скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча, дзе працаваў (з 1960 праф.). Асн. працы па кампрэсарабудаванні, халадзільнай тэхніцы, машынабудаванні, механіцы, стартавых комплексах ракет. Аўтар адкрыццяў і вынаходстваў у галіне механікі і машынабудавання. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1967, 1977.

У.П.Бармін.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (АССР),

у б. СССР нацыянальная дзяржаўная адзінка, якая ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі і ажыццяўляла дзярж. ўладу па-за межамі кампетэнцыі саюзнай рэспублікі на аўт. пачатках (гл. Аўтаномія). У 1990 было 20 АССР, з іх 16 у РСФСР. Пасля распаду СССР аўтаномныя рэспублікі захаваліся ў некаторых краінах СНД (у Азербайджане, Грузіі).

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́НДЛЕР (Вадзім Іосіфавіч) (н. 7.3.1958, Мінск),

бел. спартсмен (акрабатыка). Засл. майстар спорту СССР (1981). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1979). Абсалютны чэмпіён свету (1980), Еўропы (1978, 1980), СССР (1977, 1979), чэмпіён свету (1976), Еўропы (1979), неаднаразовы пераможца міжнар. спаборніцтваў. Першы ў свеце выканаў трайное сальта назад (1974). З канца 1980-х г. жыве ў ЗША.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Пётр) (Петрэ) Варламавіч (16.11.1907, с. Нігаіты Ланчхуцкага р-на, Грузія — 26.12.1976),

грузінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1950). Бацька М.П.Аміранашвілі. Пасля сканчэння Тбіліскай кансерваторыі (1930) саліст Грузінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кіазо («Даісі» З.​Паліяшвілі), Аўтандзіл («Сказанне аб Тарыэлі» Ш.​Мшвелідзе, Дзярж. прэмія СССР 1947), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Яга («Атэла» Дж.​Вердзі).

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРСАНО́Ф’ЕВА (Вера Аляксандраўна) (22.7.1890, Масква — 29.6.1976),

савецкі геолаг. Чл.-кар. Акадэміі пед. навук СССР (1945). Вучаніца А.​П.​Паўлава. Навук. працы па стратыграфіі палеазойскіх адкладаў басейна верхняй Пячоры, геамарфалогіі Паўн. Урала, таксама па гісторыі геал. навукі і папулярызацыі геал. ведаў. Залаты медаль імя А.​П.​Карпінскага АН СССР (1950). Імем Варсаноф’евай названа адна з вяршынь Прыпалярнага Урала.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗКО́Ў (Юрый Мікалаевіч) (н. 2.10.1939, Масква),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1977), лётчык-касманаўт СССР (1977). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. інж. вучылішча. З 1965 у атрадзе касманаўтаў. 7—25.2.1977 з В.В.Гарбатко здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-24» (яго бортінжынер) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». Працягласць палёту 17,73 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)