бел рукапісны помнік 15 ст.Назва ад в.Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе евангелле захоўвалася да сярэдзіны 19 ст. ва Успенскім саборы. На 376—377-м аркушах па-беларуску зроблены фундушавы надпіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі (адсюль другая назва рукапісу — «Евангелле Сапегі»), Пісана ўставам на 404 аркушах. Багата аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры абведзены шырокімі залачонымі рамкамі, арнаментаванымі геам. і раслінным узорамі; у іх выкананні адчуваецца сувязь з візант.маст. традыцыяй. Малюнкі вызначаюцца пластычнасцю, выразнай індывідуалізацыяй, жанравасцю задумы і мажорнасцю каларыту (фарбы кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя і вохрыста-залацістыя). Зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Жыровіцкае евангелле. Мініяцюра з выявай евангеліста Матфея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),
1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял.геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст.назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,
група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.
Літ.:
Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;
Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЫ,
племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на З і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і ПнКурляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац.назва краю Лівонія (Livonia), ням.назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвы Ліфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЧА́Й (Euphorbia),
род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар.назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).
Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШАЛО́ВЫ (Circus),
род птушак сям ястрабіных атр. сокалападобных. 9 (12) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 4 віды: М. балотны, або чаротны (нар.назва балотны шуляк) — C. aeruginosus; М. лугавы — C. pygargus; М. палявы — C. cyaneus; М. стэпавы — C. macrourus. Трымаюцца адкрытых ландшафтаў, паблізу вадаёмаў. М. стэпавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела 40—60 см, маса 230—1000 г. Афарбоўка ў маладых самцоў і самак амаль аднолькавая, у дарослых адрозніваецца. Па баках галавы падабенства тваравага дыска, характэрнага для соў. Крылы і хвост доўгія, прыстасаваны да павольнага бясшумнага палёту нізка над зямлёй, калі М. высочваюць здабычу. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі (адсюль назва), дробнымі вадаплаўнымі птушкамі, жабамі, насякомымі.
Мышаловы: 1 — палявы; 2 — лугавы; 3 — стэпавы; 4 — балотны (а — самец, б самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́РА,
старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн.Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр.Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкортастане. Ад племя М. паходзіць назваМяшчорскай нізіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц.назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.
Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,
гісторыка-геаграфічная назваукр. зямель на правым беразе р. Дняпро (без Галіцыі), што паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 засталіся ў складзе Рэчы Паспалітай. Ахоплівала тэр. сучасных Кіеўскай (без Кіева), Чаркаскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Ровенскай і Валынскай абласцей. У 1663—1704 існавала правабярэжнае ўкр. казацкае гетманства. Пасля няўдалай вайны Рэчы Паспалітай з Турцыяй, у 1672—99 частка П.У. (Падолія і прылеглыя землі) належала Турцыі. На П.У. адбываліся буйныя казацка-сял.нац.-вызв. і антыфеад. паўстанні, у т. л. рух С.П.Палія (1702—04) і Калііўшчына (1768). Паводле другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай (1793) П.У. адышла да Рас. імперыі. З 1917 у складзе Украіны. У наш час назва «П.У.» ўжываецца як геагр. тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗА́НТ, бізанцін (лац. besantius, bisantius, bysantius),
назва залатой манеты візантыйскіх імператараў, якая ў сярэднявеччы была пашырана ў Зах. Еўропе. Імітацыі безанта чаканілі пераважна ў дзяржавах, заснаваных крыжакамі. Быў асн. манетай у гандлі з Б. Усходам. Сярэдняя маса безанта 3,2 г.