асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш.Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).
Літ.:
Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.
В.С.Пазднякоў.
Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ (АЭС),
электрастанцыя, дзе атамная (ядзерная) энергія ператвараецца ў электрычную. Першая ў свеце АЭС магутнасцю 5 МВт пачала дзейнічаць у 1954 у б.СССР (г. Обнінск). На АЭС цеплата, якая вылучаецца ў ядз. рэактары ў выніку ланцуговай рэакцыі дзялення ядраў некаторых цяжкіх хім. элементаў (напр., уран-233, уран-235, плутоній-239 і інш.), ператвараецца ў электрычную, як і на цеплавых электрастанцыях. АЭС складаюць аснову ядзернай энергетыкі. У склад АЭС уваходзяць ядзерны рэактар, цеплаабменнікі, помпы і агрэгаты для ператварэння цеплавой энергіі ў электрычную, электратэхн. абсталяванне. На АЭС выкарыстоўваюць рэактары пераважна на цеплавых і хуткіх нейтронах. У залежнасці ад тыпу і агрэгатнага стану цепланосьбіта выбіраецца тэрмадынамічны цыкл АЭС. Вышэйшая т-ра цыкла вызначаецца найбольшай т-рай цеплавыдзяляльных элементаў і ўласцівасцямі цепланосьбітаў. Для выключэння перагрэву прадугледжана хуткае (на працягу некалькіх секунд) глушэнне ланцуговай ядз. рэакцыі аварыйнай сістэмай расхалоджвання.
Пры дзяленні 1 г ізатопаў урану або плутонію вызваляецца каля 22,5 МВт∙гадз энергіі, што эквівалентна спальванню 2,8 т умоўнага паліва. Гэта з’яўляецца асн. аргументам эканамічнасці АЭС. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), пашырэння інфармацыі аб радыеактыўным забруджванні навакольнага асяроддзя і стане бяспекі на АЭСэнергет. праграмы ў б.СССР пачалі згортваць. Аднак паглыбленне энергет. крызісу зноў ставіць пытанне пра будаўніцтва новых АЭС. Найбліжэйшыя да Беларусі дзеючыя АЭС (у дужках адлегласць у кіламетрах ад яе да дзярж. мяжы і да Мінска): Ігналінская ў Літве (5; 185), Смаленская ў Расіі (80; 355), Чарнобыльская (7; 310) і Ровенская на Украіне (60; 285).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.
Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.Ленскі); паліт. справаздача ЦККПЗБ і задачы партыі [І.К.Лагіновіч (П.Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.С.Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш.Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦККПЗБ: чл. Лагіновіч, С.А.Мертэнс, М.А.Блінчыкаў, Арэхва, Е.І.Шоламаў, М.П.Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.Брун, Л.М.Янкоўская, І.Ф.Сяменнікаў, Х.Р.Гелер, А.Раф; канд. ў чл. С.М.Малько, М.М.Дворнікаў, Ф.Б.Пірышка, Э.К.Аболіна, М.С.Майскі.
Літ.:
В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Д-ртэхнал.н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел.выд-ва«Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.—вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг.літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел.нац.к-та, чл. прэзідыума Цэнтр.бел. школьнай рады, выдавец час.«Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел.пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял.Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г.Мінска. Адначасова з 1942 чл.Гал. рады (у ліп.—ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.
Літ.:
Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;
Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс.ж. (1998).
Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 ў Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНЬ,
горад, цэнтр Любанскага р-на Мінскай вобл., на р. Арэса. За 152 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Урэчча на лініі Баранавічы—Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырв. Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. 12,2 тыс.ж. (1998).
У 16 ст. мястэчка кн. Алелькавічаў у Слуцкім княстве. З 1589 уласнасць Тышкевічаў, з 1617 — кн. Радзівілаў. У 1560-я г. ў Л. каля 230 ж., 35 двароў. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Забалоцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. У час паўстання 1794 пад Л. адбыўся Любанскі бой 1794. У пач. 1880-х г. у мястэчку 500 ж., 136 двароў, Праабражэнская царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 2 млыны, крама, прыстань. У 1897 у Л. 766 ж. У пач. 20 ст. — цэнтр Забалоцкай вол. З 26.5.1922 у Слуцкім пав.БССР. У 1923—1680 ж. 232 двары. З 17.7.1924 цэнтр Любанскага раёна. У 1931 утвораны калгас, працавалі крухмальны і льняны з-ды, Дом культуры, хата-чытальня, бальніца, хлебапякарня. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 28.7.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чал., у ліст. 1941 загубілі 785 яўрэяў. У Л. дзейнічала камсам маладзёжная група, у ліст. 1941 партызаны разграмілі ў пасёлку фаш. гарнізон (гл.Любанскі бой 1941). З 7.3.1968 горад. У 1970—6,7 тыс. ж.
Прадпрыемствы харч. (сыраробны камбінат, доследны рыбгас «Любань»), швейнай, буд. матэрыялаў (Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Ільнозавод. Любанскі музей народнай славы. Мемар. комплекс сав. актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам; магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,
агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.П.Воінаў, Г.Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.Баткоўскі, А.Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр.ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінск — міжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскай вобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.Ларчанка, Ю.Грыгор’еў, Г.Сысоеў, Н.Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл.гл. таксама да арт.Аэравакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Малінаўка, за 4 км ад воз. Нарач. Да 1964 наз. Кабыльнік. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Мядзель, 160 км ад Мінска, 29 км ад чыг. ст. Паставы. 2,7 тыс.ж., 800 двароў (1999).
Вядома з 15 ст. пад назвай Кабыльнік (Кабыльнікі) у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1527 уладанне А.М.Гаштольда, Збаражскіх, Абрамовічаў, М.Аскеркі, Свентаржыцкага і інш. У 1641—122 х, 19 дамоў. З 1793 у Рас. імперыі, у Завілейскім (Свянцянскім) пав. Віленскай губ. З 1847 мястэчка, 25 двароў, уваходзіла ў 2 маёнткі: Свентаржыцкага — 43 ж., вадзяны млын, вінакурня — і Шышкаў — 105 × 3 1885 цэнтр воласці, 483 ж., 17 двароў, царква, касцёл (1463), багадзельня, сінагога, 4 крамы, карчма, штогод 5 кірмашоў, з 1892 нар. вучылішча. У 1897 у мястэчку 1054 ж. У 1-ю сусв. вайну з сак. 1916 тут размяшчаўся штаб герм. ўзмоцненага корпуса. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Пастаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мядзельскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў кастр. 1942 партызаны разграмілі ў вёсцы варожы гарнізон. У 1960—1116 х, 28.8.1964 перайменавана ў Н.
Масласырзавод, з-д безалкагольных напіткаў, каап. камбінат. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, 2 аптэкі, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — царква (2-я пал. 19 ст.), Нарачанскі Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА,
адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р.Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр.гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст.наз.Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял.Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТАда народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр.бел.вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.