адзін з буйнейшых харэагр. калектываў Расіі. Створаны ў 1937 у Маскве, да 1991 наз. Ансамбль нар. танца СССР, з 1965 акадэмічны. Арганізатар і маст. кіраўнік І.Майсееў.
У рэпертуары танцы народаў свету, у т. л.бел. («Лявоніха», «Бульба», «Юрачка», «Янка»), канцэртныя мініяцюры, харэагр. сюіты, фалькл. цыклы («Партызаны», «Руская сюіта», малд. сюіта «Жок», укр. сюіта «Вяснянкі», «Карцінкі мінулага», «Танцы славянскіх народаў», «Па краінах свету», праграма «Дарога да танца» і інш.), што сталі ўзорамі ў галіне мастацтванар. танца і з’яўляюцца вынікам зліцця самабытнай нар. творчасці з акад. асновай танца. Выступае ў суправаджэнні малога сімф. аркестра, у складзе якога трупа нар. інструментаў. Пры ансамблі працуе школа-студыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНЧЫ́Н (Balanchine) Джордж
(сапр.Баланчывадзе Георгій Мелітонавіч; 22.1.1904, С.-Пецярбург — 30.4.1983),
амерыканскі балетмайстар. Сын М.А.Баланчывадзе. Скончыў Тэатр. вучылішча пры Марыінскім т-ры (1921, Петраград). У 1925—29 гал. балетмайстар трупы «Рускі балет С.П.Дзягілева». З 1933 у ЗША. Арганізатар і кіраўнік «Школы амерыканскага балета» (разам з Л.Кірштайнам, 1933) і на яе аснове трупы «Амерыканскі балет» (з 1948 «Нью-Йоркскі гарадскі балет»). Стваральнік амер. балетнага мастацтва і стылю неакласіцызму ў харэаграфіі. Аўтар сімф. балетаў «Канчэрта барока» на муз. І.С.Баха (1941), «Чатыры тэмпераменты» на муз. П.Хіндэміта (1946), «Сімфонія до мажор» на муз. Ж.Бізэ (1947), 27 кампазіцый і балетаў на музыку І.Стравінскага, у тым ліку «Апалон Мусагет» (1928), «Арфей» (1948), «Агон» (1957) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДАХІ́Н
(італьян. baldacchino літар. шаўковая тканіна з Багдада),
багаты цырыманіяльны навес над тронам, парадным ложкам і інш. Запазычаны з усх.мастацтва 11 ст. У культавай архітэктуры — пераносны ці стацыянарны навес над алтаром, амбонам, спавядальняй, надмагіллем. Спачатку рабілі з тканіны, потым з дрэва, металу, каменю ў форме купала, вежачкі, эдыкулы, драпіровак на стоечных апорах ці кансольнай падвесцы. У завяршэнні меў скульптуру, султан (плюмаж), аздабляўся пазументам, махрамі, кутасамі і інш. У мастацтве готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму меў характэрную стылявую трактоўку (палац у Вілянаве, Польшча). На Беларусі высокімі маст. якасцямі вызначаліся балдахіны над амбонамі касцёлаў у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, францысканскага ў Пінску, над алтаром капліцы (не збярогся) Каралеўскага палаца ў Гродне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДЭРО́ГЕ Дзмітрый Аляксеевіч
(6.5.1903, Вільня — 30.4.1987),
афрыканіст, этнограф, гісторык, мовазнавец. Чл.-кар.АНСССР (1960). Чл.франц.Т-ва афрыканістаў і Міжнар.афр. ін-та. Чл.-кар. Школы ўсх. і афр. моў (Лондан) і многіх акадэмій. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). У 1927—28 вывучаў мовы, этнаграфію і музейную справу ў Германіі, Нідэрландах, Бельгіі. З 1945 праф. Ленінградскага ун-та, з 1947 у Ін-це этнаграфіі Рас.АН. Асн. працы па праблемах сац. ладу, сістэмах роднасці, культуры і моў народаў Афрыкі: «Малайская сістэма роднасці» (1951), «Старажытнасці Беніна» (т. 1—3, 1953—57), «Мастацтва народаў Заходняй Афрыкі ў музеях СССР» (1958), «Мовы і пісьменства народаў Афрыкі» (1963), «Каланіяльнае грамадства» (1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ Леанід Васілевіч
(н. 15.1.1921, г. Растоў-на-Доне),
расійскі і бел. археолаг, гісторык. Д-ргіст.н. (1982). Скончыў Маскоўскі ун-т (1948). З 1948 у Гродзенскім гісторыка-археал. музеі, Ін-це гісторыі АН Беларусі. З 1953 у Ін-це археалогіі Рас.АН. У 1962—66 выкладаў археалогію ў Магілёўскім пед. ін-це. Вёў раскопкі Браслава, Друцка, Мсціслава, Рослаўля, вывучаў гісторыю археалогіі, архітэктуры, мастацтва і краязнаўства гэтых рэгіёнаў. Даследаваў гісторыю Смаленскай і Полацкай зямель.
Тв.:
Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
По Западной Двине и Днепру в Белоруссии. М., 1974;
Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ КІНЕМАТАГРАФІ́ЧНЫХ МАСТА́ЦТВАЎ І НАВУ́К
(Academy of Motion Picture Arts and Sciences; АМПАС),
Амерыканская кінаакадэмія, грамадская арг-цыя ў ЗША Засн. ў 1927 у Галівудзе. Займаецца праблемамі павышэння адукацыйнага, прафес. і тэхн. ўзроўню амер. кінематаграфіі. Аб’ядноўвае больш за 4 тыс. членаў. Мае 12 секцый (рэжысёрская, акцёрскага мастацтва, сцэнарная, кампазітарская, прадзюсерская і інш.). Вядзе інфармацыйную (3 разы на год выдае каталогі бягучай амер. кінапрадукцыі, даведнікі) і лекцыйную работу, дапамагае маладым кінематаграфістам. З 1929 штогод прысуджае прэміі «Оскар» амер. (іншы раз англ.) фільмам за дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа (па 26 намінацыях), а таксама за лепшы замежны фільм года. Прысуджаюцца спец. прэміі «Оскар» за ўклад у кінамастацтва ў цэлым. З 1973 арганізуе конкурсы студэнцкіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КСЕР (Axer) Эрвін
(н. 1.1.1917, Вена),
польскі рэжысёр. Скончыў Ін-ттэатр.мастацтва ў Варшаве (1939). Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1949). Працаваў у т-рах Львова і Лодзі. У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр Сучаснага т-ра (у 1955—57 адначасова ўзначальваў Нац. т-р) у Варшаве. Найб. ўвагу аддаваў пастаноўкам твораў нац. драматургіі: «Картачны домік» Э.Зегадловіча, «Трывожнае дзяжурства» Е.Лютоўскага, «Танга» С.Мрожака, «Кардыян» Ю.Славацкага. З інш. пастановак: «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра, «Тры сястры» А.Чэхава, «Мухі» Ж.П.Сартра, «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта. Ставіў п’есы ў Дзюсельдорфе, Вене, Цюрыху, Мюнхене, Амстэрдаме, Нью-Йорку. Аўтар зб-каў «Лісты са сцэны» (т. 1—2, 1955—57), «Практыкаванні па памяці» (1984—92) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗЦО́Ў Сяргей Уладзіміравіч
(5.7.1901, Масква — 8.5.1992),
рускі тэатр. дзеяч, акцёр і рэжысёр. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1971). З 1931 кіраўнік Цэнтр. т-ра лялек у Маскве. Распрацаваў тэорыю і методыку т-ра, стварыў рэпертуар, выхаваў плеяду акцёраў і рэжысёраў. З 1973 праф.Дзярж. ін-та тэатр.мастацтва. Прэзідэнт Міжнар. саюза лялечнікаў (з 1976, з 1984 ганаровы прэзідэнт) і Сав. цэнтра гэтай арг-цыі (з 1958). Працаваў таксама ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946, Дзярж. прэмія Расіі 1967, Ленінская прэмія 1984.
Тв.:
О том, что я увидел, узнал и понял во время двух поездок в Лондон. М., 1957;