АСТАПКО́ВІЧ Мікалай Іванавіч

(н. 25.1.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1975), засл. трэнер Беларусі (1993). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1975). Чэмпіён свету 1975 (байдарка-двойка, 500 м), 1981 (байдарка-двойка, 10 000 м) і 1983 (байдарка-чацвёрка, 10 000 м), сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету ў 1974, 1977, 1979, 1982. Неаднаразовы чэмпіён СССР.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРЫ́ЛАЎ Васіл Еўстаціеў

(21.7.1789, г. Габрава — 2.10.1847),

балгарскі грамадска-паліт. дзеяч, асветнік, педагог і пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Расіі, Германіі і Венскім ун-це. У 1835 заснаваў у Габраве першую свецкую школу. Аўтар прац «Балгарскія кніжкі, ці Якому славянскаму племю ўласна належыць кірылаўская азбука» (1841), «Думкі пра цяперашняе балгарскае навучанне» (1847) і інш. Творчасць Апрылава спрыяла адраджэнню нац. свядомасці балгараў, іх самабытнай культуры і традыцый.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЛІ́НСКІ (сапр. Халафаў) Гусейн Мамед аглы

(сакавік 1881, Баку — 20.3.1919),

азербайджанскі акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў азерб. прафесійнага т-ра. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1905 у першых азерб. прафесійных трупах. Акцёр трагічнага плана, моцнага тэмпераменту, высокай культуры. Сярод роляў: Гяве («Каваль Гяве» Ш.Салі), Франц Моор («Разбойнікі» Ф.Шылера), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра). Ставіў п’есы класічнага і нац. рэпертуару. Першы азерб. акцёр кіно («У царстве нафты і мільёнаў», 1916).

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРА́,

непаліўныя землі і пасевы на іх у раёнах арашальнага земляробства. На багары вырошчваюць найб. засухаўстойлівыя с.-г. культуры — збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя. Ураджайнасць іх залежыць пераважна ад колькасці і перыяду выпадання ападкаў, т-ры і інш. умоў. Багарнае земляробства дае магчымасць выкарыстоўваць участкі, непрыдатныя для арашэння. Пашырана ў краінах Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, у Закаўказзі, Афганістане, Іране, Кітаі, Індыі, Пакістане, Судане, Турцыі і інш.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́НІКІ,

гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 х 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЫ́ЛА Фёдар Апанасавіч

(21.1.1924, в. Бардзілаўка Мінскага р-на — 25.11.1992),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, журналіст. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Камандзір дыверсійнай групы (партыз. атрад імя С.Лазо 3-й Мінскай партыз. брыгады імя С.Будзённага), якая падарвала 28 чыг. эшалонаў ворага. З 1949 у рэдакцыі газ. «Чырвоная змена». Аўтар успамінаў «Застаюся жыць» (1981).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНУЛА́-ХАН

(1.6.1892 — 25.4.1960),

кароль Афганістана ў 1919—29. 28.2.1919 абвясціў незалежнасць Афганістана і ўзначаліў вызв. барацьбу супраць Вялікабрытаніі. У 1921 заключыў з РСФСР дагавор аб дружбе, у 1926 — з СССР дагавор аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзенні. Праведзеныя ім рэформы спрыялі цэнтралізацыі краіны, развіццю нац. эканомікі і культуры, умацаванню незалежнасці дзяржавы. У выніку антыўрадавага паўстання 1928—29 быў вымушаны пакінуць краіну. Памёр у Цюрыху.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫ́ЖЫН,

вёска ў Беларусі, у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Пясчанае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Кастрычнік». За 28 км на Пд ад г. Іванава, 168 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 917 ж., 332 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Каля Ажрыжына стаянка канца палеаліту — пач. мезаліту (11—6-е тысячагоддзі да н.э.).

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗДЗЯ́ЦІЧЫ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, курганныя могільнікі 8—9 ст. (з трупаспаленнямі) і 11—12 ст. дрыгавічоў (з трупапалажэннямі) каля в. Аздзяцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Выяўлены рэшткі 2 заглыбленых у зямлю жытлаў, ляпны посуд, прасліцы, жал. наканечнікі коп’яў і інш. У курганах 8—9 ст. знойдзены бронзавыя ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі; у пахаваннях дрыгавічоў — бронзавыя і шкляныя пацеркі, скроневыя падвескі, жалезны нож і інш.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)