Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВАДЗЯ́ШЧЫ,
ваеннаслужачы, які прызначаны для выстаўлення падначаленых яму вартавых на пасты, для праверкі нясення імі службы і своечасовай змены вартавых. На Беларусі абавязкі і правы Р. вызначаны ў Статуце гарнізоннай і каравульнай службаў Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Каравул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛУС (Selous),
рэзерват у Танзаніі, у бас. сярэдняга цячэння р. Руфіджы. Засн. ў 1951 для аховы афр. сланоў. Пл. 5,5 млн.га. Рэльеф тыповы для Зах.Афрыканскай саванны. Флора прадстаўлена злакамі, акацыямі, баабабамі. Звычайныя афр. (кафскі) буйвал, бегемот, антылопы, зебры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ БАВАЎНЯ́НАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1960—63 у г. Баранавічы як баваўняны камбінат. З 1980 сучасная назва. Уключае ф-кі: 1-ю (працуе з 1963) і 2-ю (з 1965) прадзільныя, ткацкую (з 1966), аддзелачную (з 1969), мех. і ліцейную майстэрні. Працуе на прывазной бавоўне. Асн. прадукцыя (1995): пража длятрыкат. вытв-сці, тканіны (паркаль, бязь, сацін, сукеначныя, адзежныя, тэхн.), вацін для мэблі, нятканыя матэрыялы для абутковай і хім. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФІКС (ад лац. affixus прымацаваны),
службовая марфема, якая перадае дадатковае лексічнае і граматычнае значэнне слова або вызначае адносіны слова да інш. слоў у сказе. Да афіксаў адносяцца: флексія, або канчатак, — вызначае граматычную форму слова і служыць для сувязі з інш. словамі ў сказе; прэфікс, або прыстаўка (перад коранем), суфікс (пасля кораня), конфікс (з абодвух бакоў кораня), постфікс (пасля суфікса ці флексіі) — служаць для ўтварэння новых слоў або формаў слова; інтэрфікс — выкарыстоўваецца для злучэння пэўных марфем у слове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХАВА́НЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯПО́ЕЗД,
браніраваны чыг. састаў, прызначаны для агнявой падтрымкі войск і вядзення самаст. баявых дзеянняў у паласе чыгункі. Апрача паравоза (цеплавоза) меў 2 і болей вагонаў або бронепляцовак, 2—4 платформы (у пачатку і канцы браняпоезда для засцярогі яго ад падрыву), на ўзбраенні 1—2 гарматы, 8 кулямётаў. Бронепаязды выкарыстоўваліся ў час 1-й сусв., грамадз. і 2-й сусв. войнаў. У Вял.Айч. вайне былі бронепаязды ППА, узброеныя зенітнымі гарматамі і кулямётамі, для прыкрыцця ад удараў з паветра буйных чыг. вузлоў і станцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д «ЦЭНТРАЛІ́Т»,
буйнейшае на Беларусі прадпрыемства па вытв-сці адлівак з шэрага і высокатрывалага чыгуну. Дзейнічае з 1968. Меў цэх буйнога ліцця. У 1971 уведзены цэх сярэдняга, у 1976 — дробнага ліцця. Асн. Прадукцыя (1996): корпуснае і базавае чыгуннае ліццё для станка- і машынабудавання, карпусы калектараў, безупынналітыя загатоўкі з шэрага і высокатрывалага ліцця, карпусы гідраразмеркавальнікаў, цюбінгі для метрапалітэнаў, уліўніцы для разліву алюмініевых сплаваў і нікелю, тыглі, ціскі, зубчастыя колы і інш. Пастаўкі ў Расію, Польшчу, Іспанію, Венгрыю, Францыю, Славакію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗААБАРО́Т,
паказчык аб’ёму работы, выкананай грузавым транспартам. Вымяраецца ў тона-кіламетрах (ткм). Паказчыкі грузаабароту выкарыстоўваюць у планаванні і статыстыцы для вымярэння прадукцыйнасці працы на транспарце. Для вызначэння грузаабароту масу перавезенага грузу ў тонах памнажаюць на далёкасць перавозкі і падсумоўваюць атрыманыя здабыткі. Сабекошт перавозак таксама вызначаюць у разліку на 1 ткм, таму што выдаткі на перавозку залежаць ад далёкасці і масы грузу. Паказчыкі грузаабароту не выкарыстоўваюць для ацэнкі дзейнасці трансп. прадпрыемстваў, бо грамадства зацікаўлена ў найлепшым задавальненні патрэб у перавозках пры мінімальных трансп. выдатках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д’АЛАМБЕ́РА ПРЫ́НЦЫП,
адзін з асноўных прынцыпаў дынамікі, паводле якога пры далучэнні сіл інерцыі да зададзеных (актыўных) сіл і рэакцый накладзеных сувязей атрымліваецца ўраўнаважаная сістэма сіл. Устаноўлены Ж.Д’аламберам. З Д.п. вынікае, што для кожнага пункта сістэмы
, дзе — актыўная сіла, што ўздзейнічае на дадзены пункт, — рэакцыя накладзенай сувязі (гл.Сувязі механічныя), — сіла інерцыі. Д.п. дазваляе выкарыстаць метады статыкі для рашэння задач дынамікі, напр., для вызначэння рэакцыі сувязей, калі вядомы закон руху.