ЛЮБІ́ШЧЫЦЫ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Грыўда, каля аўтадарогі Брэст—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 143 км ад Брэста. 1428 ж., 527 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Ганны. Каля вёскі стаянка эпохі неаліту (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.).

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЛО́НСКАЕ ПАСЯЛЕ́ННЕ,

неалітычнае пасяленне на палях 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. на р. Мадлона ў Валагодскай вобл. (Расія). Выяўлены рэшткі 4 дамоў на палях і кладкі, якія іх звязвалі. Знойдзены каменныя і касцяныя прылады працы, гліняны і драўляны (з разьбой і скульптурай) посуд, бурштынавыя, шыферныя і касцяныя падвескі. М.п. з’яўляецца іншародным помнікам сярод неалітычных культур паўн.-еўрап. часткі Расіі. Аналагічныя пасяленні былі пашыраны ва ўсх. Латвіі, Пскоўскай вобл. Расіі і на Верхняй Волзе.

т. 9, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́ЕВІЦКАЕ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1754 га. Займае аднайм. балотны масіў. Пераважаюць адкрытыя сфагнавыя балоты або рэдкія хваёва-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах балот хваёвыя і бярозавыя лясы чарнічнага і даўгамошнага тыпаў. У сярэдзіне балотнага масіву «астравы» з урадлівымі дзярнова-падзолістымі глебамі, якія ўкрыты высокапрадукцыйнымі яловымі, асінава-яловымі, хваёвымі і бярозавымі лясамі кіслічнага, сніткавага і чарнічнага тыпаў.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЗЭРЭ́РЭ (лац. miserere злітуйся),

царкоўнае каталіцкае песнапенне. Назва ад першага слова лац. тэксту 50-га псалма «Miserere mei Deus» — «Памілуй мяне, Божа» рымска-каталіцкага царк. ўжытку. Шматгалосыя кампазіцыі на тэкст М. паявіліся на мяжы 15—16 ст. Першы аўтарскі твор належыць К.​Фесце (1517). Сярод найб. дасканалых ўвасабленняў — «Miserere» А.​Ласа («Сем пакаянных псалмоў», 1584) і Дж.​Габрыэлі («Свяшчэнныя сімфоніі», 1597). Значная колькасць твораў на тэкст М. захавалася ў інстр. апрацоўках — лютневых і клавірных табулатурах эпохі Адраджэння.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На ПдУ Мяшчорскай нізіны (Расія). Засн. ў 1935 з мэтай аховы прыроднага комплексу Мяшчоры і захавання хахулі. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 22,9 тыс. га. Рэльеф нізінны. Поймавыя лугі, старыцы, азёры. Хваёвыя, яловыя лясы, дубровы. У флоры больш за 800 відаў раслін. У фауне звычайныя лось, дзік, ліс, бабёр, куніца, вавёрка і інш. У арнітафауне 220 відаў тушак. Гадавальнікі рэдкіх відаў жывёл: зубра, жураўлёў белага, чорнага і японскага, сапсана, крэчата і інш. Музей прыроды.

т. 11, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТРА́ЎНІКАВАЯ ЗАЛО́ЗА,

залоза са змешанай сакрэцыяй у арганізме чалавека і жывёл. Ў чалавека размешчана ў забрушыннай прасторы на ўзроўні 1-га паяснічнага пазванка. Большая яе ч. мае функцыю вонкавай сакрэцыі (выдзяляе падстраўнікавы сок). У парэнхіме П.з. ёсць групы залозістых клетак (Лангерганса астраўкі), якія выпрацоўваюць гармоны (інсулін, глюкагон, саматастацін, панкрэатычны поліпептыд), што паступаюць непасрэдна ў кроў і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі вугляводнага і тлушчавага абмену.

Літ.:

Елецкий Ю.К., Яглов В.В. Эволюция структурной организации эндокринной части поджелудочной железы позвоночных. М., 1978.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛА́ННІК,

дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ КАМУ́НА, Саюз камун Паўночнай вобласці,

аб’яднанне паўн. і паўн.-зах. губерняў Сав. Расіі ў 1918—19. Уключала Петраградскую, Наўгародскую, Пскоўскую, Алонецкую, Валагодскую, Архангельскую губ.; пазней увайшлі і зноў утвораныя Северадзвінская і Чарапавецкая губ. Цэнтр — г. Петраград. Канстытуіравана на 1-м з’ездзе Саветаў Паўн. вобласці ў Петраградзе 26—29.4.1918 (абраны ЦВК, зацверджаны ўрад — Савет камісараў на чале з Р.Я.Зіноўевым). З умацаваннем цэнтр. органаў сав. улады існаванне П.к. прызнана немэтазгодным. Скасавана 24.2.1919 рашэннем 3-га з’езда Саветаў Паўн. вобласці.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЭТРО́ІДЫ,

група сінт. інсектыцыдаў аналагаў пірэтрынаў паводле характару і механізму фізіял. ўздзеяння. Хім. будовай некаторыя П. істотна адрозніваюцца ад прыродных. Найб. даследаваны эфіры хрызантэмавай к-ты (т.зв. П. першага пакалення), якія, як і пірэтрыны, лёгка акісляюцца на святле. П. новых пакаленняў маюць больш шырокі спектр дзеяння, эфектыўныя пры вельмі нязначных нормах расходу (напр., для найб. актыўнага з сучасных інсектыцыдаў дэльтаметрыну — 5—20 г/га), устойлівыя да ўздзеяння святла. Іх выкарыстоўваюць для апрацоўкі пасеваў многіх с.-г. культур, садоў.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),

1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.

2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)