АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ў хіміі,

аб’яднанне ў растворах аднолькавых ці блізкіх па прыродзе малекул або іонаў у групы (асацыяты) міжмалекулярнымі сіламі ўзаемадзеяння. Уплывае на фіз.-хім. ўласцівасці раствораў. Асацыяцыя малекул вады абумоўлівае захаванне ў вадзе фрагментаў структуры лёду і вызначае некат. яе анамальныя ўласцівасці (высокую т-ру кіпення, залежнасць шчыльнасці ад т-ры і інш.). У растворах электралітаў існуюць асацыяты з соцень і тысяч іонаў, вынікам гэтага з’яўляецца іх анамальная электраправоднасць.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НДА (Banda),

міжастраўное мора, частка Аўстрала-Азіяцкага міжземнага мора, паміж а-вамі Малайскага архіпелага (Серам, Селатан-Тымур, Ветар, Сулавесі, Буру і інш.). Пл. 714 тыс. км². Найб. глыб. 7440 м, сярэдняя — 3064 м. А-вы: Амбон, Барат-Дая, Бутунг і інш. Сярэднегадавая т-ра вады 27 °C. Салёнасць 34,5‰. Прылівы мяшаныя (да 2,4 м). Водзяцца лятучыя рыбы, акулы, тунцы, васьміногі і інш. Порт — Амбон (на в-ве Амбон, Інданезія).

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЭ́К, Селяха, Суляха,

рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЦЮКІ́,

вадасховішча ў Беларусі, у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, каля в. Малыя Аўцюкі. Створана ў 1980 для патрэб сельскай гаспадаркі. Пл. 0,62 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 4,3 м, аб’ём вады каля 1,9 млн. м³. Дно пясчанае. Наліўное, напаўняецца за кошт сцёку р. Закованка і меліярацыйных каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2,7 м.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ,

рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУЭ (Benue),

рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІЛЬТРА́ТАРЫ,

водныя жывёлы, якія кормяцца дробнымі арганізмамі планктону або завіслымі арган. часцінкамі (дэтрытам), што адцэджваюцца (фільтруюцца) з вады. Падзяляюцца на актыўных і пасіўных. У актыўных фільтрацыя адбываецца праз спец. прыстасаванні: рашэцісты фільтр у апендыкулярый, шчэлепы ў двухстворкавых малюскаў, лафафоры ў плечаногіх і імшанак, пласціны вусоў кітоў і інш. У пасіўных для фільтрацыі «расстаўляюцца» своеасаблівыя лоўчыя сеткі. Біяфільтратары ўдзельнічаюць у працэсах біялагічнага самаачышчэння забруджаных водаў і ў біял. ачыстцы вадаёмаў.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАГАЛЯ́ТЫ,

прадукты замяшчэння металам атама вадароду гідраксільнай групы спіртоў, М (OAlk)n (n — ступень акіслення металу). Алкагаляты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў першасных і другасных спіртоў — іонныя злучэнні, раствараюцца ў спіртах і аміяку, іх растворы электраправодныя, няўстойлівыя ў прысутнасці вады, вуглякіслага газу, кіслароду. Алкагаляты металаў III—VIII групы — кавалентныя злучэнні, гіграскапічныя, лятучыя, нізкаплаўкія, растваральныя ў арган. растваральніках. Выкарыстоўваюць як каталізатары, алкаксільныя рэагенты, для атрымання асабліва чыстых аксідаў і гідраксідаў металаў.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕ́КЦЫЯ (ад лац. advectio дастаўка),

1) у метэаралогіі гарызантальнае перамяшчэнне паветраных мас, якое абумоўлівае перанос цяпла і вільгаці з адных раёнаў Зямлі ў іншыя; адзін з найважн. фактараў фарміравання надвор’я. Адбываецца ў выніку руху цыклонаў, пераносу паветра пануючымі вятрамі. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад уплывам адвекцыі амаль ​2/3 года. Гл. таксама Канвекцыя.

2) У акіяналогіі адвекцыя — перанос вады ў гарызантальным, іншы раз у вертыкальным напрамку (гл. Марскія цячэнні).

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́С (Хаджа Ахмад) (7.6.1914, г. Паніпат, Індыя — 1987),

індыйскі кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік. Скончыў Алігархскі мусульманскі ун-т. Удзельнік стварэння Асацыяцыі нар. т-раў Індыі (1943). Пастаноўшчык маст. фільмаў «Незвычайнае здарэнне», «Іншаземец» (з рэж. В.​Проніным, у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), «Дзве кроплі вады» і інш. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Бессмяротная гісторыя доктара Котніса», «Бадзяга», «Пан 420» (абодва ў сааўт.), сац. раманаў «Заўтра належыць нам» (1945), «Крывавы шлях» (1980) і інш.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)