адносіны магнітнага моманту элементарных часціц і сістэм, што складаюцца з іх (атамных ядраў, атамаў, малекул і інш.), да іх моманту імпульсу (мех. моманту).
М.а. для розных станаў атамных сістэм вызначаюцца формулай: γ = gγ0, дзе g — Ландэ множнік, γ0 — адзінка М.а. У выпадку арбітальнага руху электрона ў атаме γ0 = −e/2mec, для спіна электрона γ0 = −e/mec, для атамных ядраў γ0 = −e/2mpc, дзе e — элементарны эл. зарад, me і mp — маса электрона і пратона адпаведна, c — скорасць святла ў вакууме. М.а. вызначаюць ўздзеянне знешняга магн. поля на сістэму, якая мае магн. момант, і выкарыстоўваецца, напр., у квантавых магнітометрах з прэцэсіяй намагнічанасці мікрачасціц для вызначэння магн. індукцыі знешняга поля. Гл. таксама Лармара прэцэсія, Магнетон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫ́Ўу музыцы,
найменшая самастойная адзінкаформы музычнай.
Вызначае маст. вобразнасць і запамінальнасць муз.тэмы. Найб. важныя ў тэматычным матэрыяле М., якія маюць асаблівую муз.-сэнсавую выразнасць і надаюць тэме індывід., характэрныя рысы. Часам М. можа выступаць у ролі тэмы ці тэмы-сімвала (Л.Бетховен, А.Скрабін). Звычайна мае адну метрычна моцную долю і не перавышае памер 1 такта. У залежнасці ад тэмпу, памеру і фактуры муз. М. можа падзяляцца на больш дробныя несамаст. ў сэнсавых адносінах канструкцыйныя адзінкі — субматывы, і наадварот злучацца ў больш буйныя фразы і пабудовы. Як інтанацыйнае ядро тэмы М. выконвае істотную функцыю ў яе развіцці. Матыўная структура ўвасабляе лагічную сувязь у структуры твора. У побыце М. называюць мелодыю, напеў, найгрыш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр.адзінка ў БССР у 1924—30 і 1935—38. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г.Мазыр. Пл. 16 268 км², нас. 319,2 тыс.чал. (1924). Уключала 10 раёнаў: Азарыцкі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі, Каралінскі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Тураўскі; раёны падзяляліся на 128 сельсаветаў. У М.а. ўваходзілі 3 гарады (Калінкавічы, Мазыр, Петрыкаў), 4 мястэчкі (Жыткавічы, Капаткевічы, Нароўля, Тураў). 9.6.1927 да М.а. далучаны Юравіцкі р-н скасаванай Рэчыцкай акр. На 1.1.1930 у М.а. 10 раёнаў, 3 гарады, 5 мястэчак і 124 сельсаветы. Акруговая газ. «Чырвонае Палессе». 26.10.1930 акруга скасавана. Зноў утворана 21.6.1935, уключала 9 раёнаў: Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Тураўскі. Акруговая газ. «Бальшавік Палесся». 20.2.1938 М.а. скасавана, тэр. ўключана ў Палескую вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СТЫ СКАЗ,
сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр.адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс.чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал.гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Брэсцкае ваяводства,
адм.-тэр.адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1566. Цэнтр — г. Берасце (Брэст). Падзялялася на 2 паветы: Берасцейскі (уваходзілі Брэст, Камянец, Кобрын) і Пінскі (уваходзілі Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў, Дубровіца). З канца 17 ст. ў адрозненне ад Брэст-Куяўскага ваяв. ў Польшчы наз. Брэст-Літоўскім. У 1791 утвораны Кобрынскі і Пінска-Зарэчны (з цэнтрам у Плотніцы) пав. У 1792 Пінска-Зарэчны пав. перайменаваны ў Запінскі з цэнтрам у Століне. У 1793 у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Пінскі і Запінскі пав. ўвайшлі ў склад Рас. імперыі (у Мінскай губ.). У 1795 у выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Берасцейскае ваяводства скасавана, б.ч. яго тэр. ўвайшла ў Слонімскую губ.Рас. імперыі. Зах. частка ваяводства адышла да Аўстрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОЎЛЬ ((Joule) Джэймс Прэскат) (24.12.1818, г. Солфард, Вялікабрытанія — 11.10.1889),
англійскі фізік, адзін з першаадкрывальнікаў закону захавання энергіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1850). Навук. працы па эл.-магнетызме, цеплавых з’явах і кінетычнай тэорыі газаў. Адкрыў з’яву магн. насычэння (1840); устанавіў залежнасць колькасці цеплыні, што выдзяляецца ў правадніку пры працяканні праз яго эл. току, ад сілы току і супраціўлення правадніка (1841; гл.Джоўля—Ленца закон). Вызначыў мех. эквівалент цеплыні і даў тым самым эксперыментальны доказ захавання энергіі (1843). Разам з У.Томсанам адкрыў з’яву змянення т-ры газаў пры іх працяканні праз сітаватую перагародку (1853—54; гл.Джоўля—Томсана эфект). Яго імем названа адзінка энергіі і работы — джоўль.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЯННЕ,
дыскрэтная або безупынная праява якой-н. прадметна-матэрыяльнай ці разумовай актыўнасці; і як адзінкадзейнасці. Адрозніваюць Дз. фіз., біял., псіхічнае, лагічнае, дзеянне сацыяльнае. У якасці філас. катэгорыі Дз. суадносіцца з перажываннем ці пакутамі (Платон, Арыстоцель); разглядаецца як момант руху разам з супрацьдзеяннем (І.Ньютан, Ф.Энгельс); трактуецца як прычына, вынік (Б.Спіноза, І.Кант, Г.Гегель); у супастаўленні з інертным матэрыяльным быццём тлумачыцца як праява творча-дзейнага духу ці самасвядомасці суб’екта (Аўгусцін, Г.Лейбніц, І.Фіхтэ, М.А.Бярдзяеў). Паняццем «Дз.» выяўляецца наяўная актыўнасць (сапраўднасць) якой-н. сілы ў адрозненне ад магчымасці (патэнцыяльнасці) яе праяўлення.
Літ.:
Григорьев В., Мякишев Г. Силы в природе. 7 изд. М., 1988. Петровский А.В., Ярошевский М.Г. История и теория психологии. Т. 2. Ростов н/Д, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМ,
1) акладная (падатковая) адзінка на Русі і ў Расіі (9—18 ст.), Македоніі (13—14 ст.), Польшчы, Закаўказзі (13—19 ст.). Складаўся з дома і двара аднаго ўладальніка; падатак («падымнае») звычайна браўся з колькасці печаў і дымаходаў у гаспадарцы (напр., у 16—18 ст.спец. падатак на карысць мясц. адміністрацыі ў Расіі).
2) Сялянская гаспадарка ў ВКЛ у 14—18 ст. Уяўляла сабой гасп. комплекс малой або вялікай (якая не падзялялася) сям’і, складалася з хаты, гасп. будынкаў, розных с.-г. угоддзяў, рабочай і прадукц. жывёлы, гасп. інвентару. Д. быў адным з асн. аб’ектаў права ўласнасці феадалаў на зямлю, а таму і адным з асн. аб’ектаў уліку іх маёмасці. Разам са службай, дварышчам, жэрабем і валокай служыў таксама адной з асн. адзінак абкладання дзярж. падаткамі і феад. павіннасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Генрых Рудольф) (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.