ВІЛКС ((Vilks) Эвалд) (сапр. Лаціс; 8.2.1923, г. Валка, Латвія — 21.12.1976),

латышскі пісьменнік. Друкаваўся з 1941. Першы зб. «Людзі адной праўды» (1949) пра падзеі Вял. Айч. вайны. У зб-ках апавяданняў «У асеннія дні» (1955, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Зялёнае дрэва» (1960), «З-за мінуты спазнення» (1961), «Дзікун» (1968), «Добры знаёмы» (1973) і інш. праблемы сучаснасці, характары людзей працы, карціны роднай прыроды. Яго творы вызначаюцца паглыбленым раскрыццём сац. вытокаў псіхалогіі чалавека. На бел. мову асобныя творы Вілкса пераклаў М.​Арочка.

Тв.:

Raksti. Sēj. 1—5. Riga, 1982—86;

Бел. пер. — Чалавек нарадзіўся. Мн., 1961.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. vindicatio абарона, ахова),

у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст. б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К.

Існаваў у 1906—14 у Віцебску. Меў на мэце садзейнічаць развіццю ў горадзе муз. і драм. мастацтва. Сярод арганізатараў кампазітар і педагог М.Анцаў. Гурток аб’ядноўваў 150 прадстаўнікоў мясц. інтэлігенцыі. Уключаў муз. і драм. секцыі. За сезон (з кастр. да мая) праводзілася 20—30 муз. і тэатр. вечароў, пераважна праграмных. Муз. секцыя мела ў сваім складзе квартэт і сімф. аркестр. Выконваліся творы А.​Моцарта, Л.​Бетховена, М.​Глінкі, П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, Ф.​Шапэна, арыі з опер Ж.​Бізэ, рамансы Р.​Шумана, А.​Грачанінава. Драм. секцыя ставіла вадэвілі і камедыі.

В.​А.​Цыбуля.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦІ (Vitti) Моніка [сапр. Чэчарэлі

(Cecciarelli) Марыя Луіза; н. 3.11.1931, Рым], італьянская актрыса. Скончыла рымскую Акадэмію драм. мастацтва (1953). Працавала ў т-рах Рыма і Мілана. Вядомасць прынёс удзел у фільмах М.​Антаніёні 1960-х г. («Прыгода», «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня»),

дзе актрыса стварыла новыя для зах.-еўрап. кіно вобразы жанчын з бурж. асяроддзя, якія пакутуюць з-за ўсеагульнага адчужэння, што ператвараецца з сац. хваробы ў псіхічную. Здымалася таксама ў камедыйных і муз. фільмах: «Дзяўчына з пісталетам» (у сав. пракаце «Не прамахніся, Асунта!»), «Гасцінічны нумар», «Флірт» і інш. Працуе ў т-ры.

М.Віці.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАЧНАСЦЬ,

1) сукупнасць воблакаў над пэўнай тэрыторыяй або ў атмасферы.

2) Ступень укрыцця неба воблакамі па 10-бальнай шкале ці ў працэнтах. Нуль балаў (працэнтаў) адпавядае бязвоблачнаму небу, 10 балаў (100%) — поўнаму ўкрыццю неба воблакамі. У сярэднім воблакі ўкрываюць каля палавіны зямнога шара, найменшая воблачнасць у трапічных пустынях, найбольшая ў раёнах з экватарыяльным і мусонным кліматам. На тэр. Беларусі воблачнасць у сярэднім за год 6—7 балаў. Воблачнасць уплывае на надвор’е і клімат: зімой і ноччу перашкаджае зніжэнню т-ры, летам і днём памяншае награванне зямной паверхні сонечнымі прамянямі, змякчае клімат унутры мацерыкоў.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ ((Wolff) Юзаф) (1854—9.8.1900),

польскі гісторык, генеалог. Чл.-кар. Кракаўскай АН. Скончыў Лейпцыгскі ун-т. У 1876—85 працаваў у Пецярбургу ў кнігавыдавецкім прадпрыемстве свайго дзядзькі і цесця М.​В.​Вольфа. На падставе Метрыкі ВКЛ і інш. дакументаў напісаў фундаментальныя генеалагічныя працы па гісторыі ВКЛ: «Аб князях Кобрынскіх» (1883), «Сенатары і дыгнітарыі Вялікага княства Літоўскага 1386—1795», «Пацы» (абедзве 1885), «Род Гедзіміна» (1886), «Князі літоўска-рускія з канца XIV ст.» (1895; вытрымкі надрукаваны ў час. «Спадчына» за 1992—94).

Літ.:

Бычкова М.Е. Юзеф Вольф в Петербурге // История и историки: Историогр. ежегодник, 1978. М., 1981.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОСЬ ЦЯПЕ́Р ЯКІ́ ЛЮД СТАЎ»,

бел ананімная вершаваная гутарка 1-й пал. 19 ст. Месца і час напісання невядомыя. Знойдзена І.​Насовічам на Мсціслаўшчыне ў 1848 і апублікавана ім у 1873. Адлюстроўвае ломку патрыярхальнага побыту ў сувязі з выспяваннем капіталіст. адносін. Прасякнута непрыняццем маралі, заснаванай на чыстагане, адмаўленнем грамадства, дзе ўсё купляецца за грошы. У гутарцы асуджаюцца разбурэнне сям’і, адчужанасць людзей, прагнасць і жорсткасць багацеяў, хабарніцтва чыноўнікаў, несправядлівасць царскіх судоў. Выйсце аўтар наіўна бачыў у духоўным удасканаленні на аснове хрысціянскай маралі.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст. Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,

сярэдняе за перыяд значэнне імгненнай магутнасці пераменнага току. Вызначаецца <P> = 1 T T 0 p dt , дзе T — перыяд, p — імгненная магутнасць. Характарызуе скорасць пераўтварэння электрамагн. энергіі ў інш. віды энергіі (цеплавую, светлавую, мех. і г.д.). Для эл. ланцуга аднафазнага (сінусаідальнага) току <P> = U I cosφ , для трохфазнага пры сіметрычнай нагрузцы <P> = 3 U I cosφ , дзе U, I — дзейныя значэнні напружання і току адпаведна, φ — вугал зруху фаз паміж U і I, cos φ — каэфіцыент магутнасці. З поўнай магутнасцю S актыўная магутнасць звязана суадносінамі <P> = S cosφ . Адзінка вымярэння актыўнай магутнасці — ват (вт).

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)