«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,

штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 2.10.1930 да 1932 у Гродне на бел. мове. Асвятляў бел. грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў бел. інтэлігенцыю арганізоўваць культ.-асв. работу. Пісаў пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у т. л. пра сталінскія рэпрэсіі; друкаваў матэрыялы па пытаннях рэлігіі, права, сельскай гаспадаркі. Змясціў літ. творы Ф.​Аляхновіча, А.​Бартуля, Г.​Леўчыка, Я.​Коласа, Я.​Купалы, артыкулы да 10-годдзя з дня смерці А.​Гаруна, Ядвігіна Ш. і інш.

В.​І.​Дзяшко.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЕТЭРА́НАЎ, Беларуская рэспубліканская арганізацыя ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў,

добраахвотная грамадская арганізацыя. Створана ў 1987. У 1991—95 наз. Арг-цыя ветэранаў Рэспублікі Беларусь. Асн. задачы — абарона канстытуцыйных правоў і свабод старэйшага пакалення, далучэнне ветэранаў да ўдзелу ў грамадскім жыцці, пасільнай прац. дзейнасці. Аб’ядноўвае 6 абл., Мінскую гар. на правах абласной, 165 гар. і раённых арг-цый ветэранаў, усяго больш за 2,5 млн. чал. (1996). Усе структурныя падраздзяленні ўзначальваюць саветы ветэранаў. У складзе арг-цыі дзейнічаюць клубы і аб’яднанні ветэранаў па інтарэсах і праблемах ветэранскага руху.

т. 2, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Афрыкі і сумежнай тэр. Усх. Міжземнамор’я. Займае вял. ч. тэр. Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Ізраіля, Ірака, Сірыі, Лівана і паўд. Турцыі. Даўж. басейна каля 2000 км. Пл. каля 1 млн. км². Першыя радовішчы адкрыты ў 1896—1908 у даліне р. Ніл і на зах. узбярэжжы Чырвонага м., большасць выяўлена ў 1950—60-х г. у краінах Б. Усходу. Прамысл. залежы ў выглядзе пластоў (магутнасць 2—6 м). Распрацоўка радовішчаў бас. ў Егіпце, Іарданіі, Ізраілі, Сірыі. Б. ч. таварных фасфарытных канцэнтратаў (P2O5 больш за 30—33%) экспартуецца ў краіны Еўропы і Азіі.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНІ́ЦА ВЯЛІ́КАЯ,

курган 2-й пал. 4 ст. за 8 км на Пд ад г. Фанагорыя на Таманскім п-ве (Расія). Выш. 15 м, перыметр 340 м. Радавы некропаль заможнай сям’і з племя сіндаў, у якой некаторыя жанчыны былі жрыцамі. Выяўлены 3 каменныя скляпы, 2 магілы з каменных плітаў з трупапалажэннем і некалькі пахаванняў з трупаспаленнем. У адным са скляпоў кіпарысавых саркафагаў, арнаментаваных слановай косцю, пахаваны воін у залатым вянку, з каштоўнымі рэчамі і зброяй, у другім — жрыца ў адзенні, аздобленым шматлікімі залатымі ўпрыгожаннямі; трэці склеп спустошаны. Знойдзены таксама размаляваныя вазы, тэракотавыя і касцяныя фігуркі.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БОБРУ́ЙСКАЯ ЖИЗНЬ»,

грамадска-палітычная і літаратурная газета бурж.-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 7(20).2.1913 да 1(14).8.1914 у Бабруйску на рус. мове тры разы на тыдзень. З 16(29).5.1913 да 26.3(8.4).1914 не выходзіла. Апошнія выпускі (№ 85—92) выходзілі штодзённа. З 27.7.1914 змяшчала 1—2 разы на дзень «Тэлеграмы газеты «Бобруйская жизнь». Друкавала мясц. хроніку, паведамленні пра дзейнасць Дзярж. думы, фельетоны з крытыкай мясц. улад за непаладкі гар. гаспадаркі і побыту, міжнар. інфармацыю і інш. Публікавала вершы мясц. паэтаў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё Бабруйска.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГАРД (Bogarde) Дзірк [сапр. Богардэ

(Bogaerde) Дэрэк Жуль Гаспар Ульрык Нівен ван дэн; н. 28.3.1921, Хампстэд, цяпер у межах Лондана], англійскі акцёр. Вучыўся ў Каралеўскім каледжы мастацтваў у скульптара Г.Мура. Дэбютаваў на тэатр. сцэне ў 1939. Працаваў у Лонданскіх т-рах і на тэлебачанні, з 1947 у кіно. Вядомасць акцёру прынеслі ролі ў фільмах Л.Вісконці «Гібель багоў» (1969) і «Смерць у Венецыі» (1970). Сярод іншых значных работ: «Слуга» (1963),

«За караля і айчыну» (1964), «Няшчасны выпадак» (1967), «Начны парцье» (1974), «Наканаванне» (1977), «Падарожжа ў свет» («Роспач»; 1978), «На адзін мост далей» (1977). Аўтар некалькіх раманаў і аўтабіягр. твораў.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ (Францішак Ксаверый Міхал) (1.1.1746, Вількамірскі пав. Віленскага ваяв. — 4.4.1820),

філосаф, гісторык, тэолаг, пісьменнік ВКЛ. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. У якасці хатняга настаўніка быў з графам А.​Тызенгаўзам у Германіі, Францыі, Італіі. Пасля адстаўкі Тызенгаўза (1780) жыў у Вільні, займаўся навук. дзейнасцю. Удзельнік Барскай канфедэрацыі, паўстання Т.​Касцюшкі 1794, за што быў інтэрніраваны ў Смаленск. Апошнія гады жыў і працаваў у Варшаве. Удзельнічаў у рабоце Т-ва аматараў навукі, быў цэнзарам. Ганаровы чл. шматлікіх еўрап. навук. т-ваў. Аўтар твораў «Філосаф без рэлігіі» (1785), «Пра пачатак народа і мовы літоўскай» (1808), «Успаміны пра Антонія Тызенгаўза» (1820) і інш.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РАЎНА, Боравенскае возера,

у Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 2,5 км на У ад г. Лепель. Пл. 0,38 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 610 м, найб. Глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,5 км².

Схілы катлавіны выш. да 5 м, пясчаныя і супясчаныя, часткова пад лесам. Берагі пясчаныя, зараслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Дно глеістае, мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—5 м. На Пд упадае ручай з воз. Глыбочыца, на ПдУ выцякае ручай у воз. Нюля.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОРЗАБАГА́ТЫ (Уладзіслаў Канстанцінавіч) (5.5.1831, маёнтак Рутка, цяпер Навагрудскі р-н — 28.3.1886),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. За ўдзел у Братнім саюзе літоўскай моладзі выключаны з Мінскай гімназіі (1849). Пасля 1855 скончыў мед. ф-т Маскоўскага ун-та, працаваў урачом у Навагрудку. У 1863 паўстанцкі камісар Навагрудскага пав. Аднадумец К.​Каліноўскага, абараняў інтарэсы сялян. Пасля задушэння паўстання хаваўся, завочна прыгавораны да пакарання смерцю. У 1865 эмігрыраваў у Італію. З 1869 у Парыжы, удзельнік Парыжскай камуны. У 1874 вярнуўся на радзіму, сасланы ў Архангельск, потым у Кастрамскую губ. У 1884 вярнуўся на Беларусь.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ХВІЦ (Фларыян) (4.5.1799, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9.8.1856),

бел. філосаф. Прадстаўнік хрысціянскага кірунку філас. думкі. Вучыўся ў Нясвіжы, вывучаў права ва ун-тах Кіева і Вільні. Быў чл. Навагрудскай карпарацыі адвакатаў. У 1838 адмовіўся ад дзейнасці адваката і заняўся навук.-літ. працай. Аўтар прац (на польск. мове) «Сутнасць маёй думкі...» (ч. 1—3, 1838—41), «Асновы маіх думак і пачуццяў» (1842), «Думкі пра выхаванне чалавека» (1847). Імкнуўся прымірыць рэліг. ідэі з навукай. Гал. мэтай выхавання лічыў удасканаленне розуму і пачуццяў, выказваўся за неабходнасць такой сістэмы выхавання, якая б рыхтавала людзей, карысных для грамадства.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)