КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,

раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.

Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г. Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.

На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ. М., 1970;

Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.

С.​Я.​Кілін.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЛО́СЫ»

(«Kłosy», «Каласы»),

навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выходзіў у 1865—90 у Варшаве на польск. мове 1 раз у тыдзень. Рэдактар К.​Вуйціцкі (да 1875), А.​Пяткевіч (А.​Плуг, з 1879 гал. рэдактар). Змяшчаў матэрыялы па л-ры, гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве, а таксама нататкі з падарожжаў, успаміны, біягр. нарысы, тэатр. і муз. агляды, пераклады маст. твораў, мясц. і замежную карэспандэнцыю. Выданне вызначалася высокім графічным і маст. узроўнем (мастакі М.​Э.​Андрыёлі, С.​Віткевіч, Ф.​Кастшэўскі, Н.​Орда, Ю.​Фалат і інш.).

У часопісе апублікаваны працы пра Беларусь Вуйціцкага «Яўстах граф Тышкевіч» (1865), М.​Камінскага «Танцы народа Павілля» (1866), В.​Поля «На азёрах» (1869), З.​Шчэры «Экскурсія ў Пінск і на Піншчыну» і А.​Плуга «Руіны замка ў Міры» (абедзве 1877) і «Аляксандр Ходзька» (1881), В.​Каратымскага «Ігнат Дамейка» (1877), З.​Глогера «Земляробчыя абрады» (1879) і «Колькі слоў пра народныя і нацыянальныя песні» (1881), Э.​Хлапіцкага «Апавяданні з вандроўкі па краі» (1887), В.​Бютнера «Перажыткі язычніцтва на Палессі» (1890) і інш., маст. творы А.​Э.​Адынца, Э.​Ажэшкі, Ю.​Крашэўскага, Я.​Лучыны, М.​Радзевіча, У.​Сыракомлі і інш. У 1890 зліты з час. «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»).

Літ.:

Szyndler B. Tygodnik ilustrowany «Kłosy» (1865—1890). Wrocław, 1981.

Ю.​І.​Вашкевіч, А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫ́ШКА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 16.4.1935, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог. Брат М.К.Клышкі, Засл. работнік культ. Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя», з 1971 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Друкуецца з 1950. Даследуе праблемы развіцця бел. паэзіі (творчасць М.​Багдановіча, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Вялюгіна, Р.​Барадуліна і інш), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання л-ры ў школе. Аўтар маст. кніг для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983) і інш., адметных арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю, а таксама «Буквара» (1-е выд. 1969; шматразова перавыдаваўся), зб. для дадатковага чытання «Верасок» (3-е выд. 1986), чытанкі «Чабарок» (1989, 1991), пропісаў (7-е выд. 1992). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Пераклаў на бел. мову «Новы запавет» (1980), раман стараж.-грэч. пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Перакладае з польск., ням., лац., укр. і інш. моў.

Тв.:

Права на верш. Мн., 1967;

Шыльдбюргеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка. Мн., 1983.

Літ.:

Каваленка В.А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.

І.​П.​Чыгрын.

А.К.Клышка.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ НЕ́ТРАХ,

сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне 18.12.1997. Змяшчае прававыя асновы комплекснага выкарыстання і аховы нетраў, забяспечвае абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадзян краіны, а таксама правоў карыстальнікаў нетраў. Складаецца з прэамбулы, 11 раздзелаў і 60 артыкулаў. Змяшчае агульныя палажэнні, асн. паняцці і тэрміны, якія ўжываюцца ў справе вывучэння і карыстання нетрамі, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на нетры; вызначае задачы дзярж. рэгулявання ў галіне карыстання нетрамі і іх аховы, органы, што займаюцца гэтым рэгуляваннем, і іх кампетэнцыю; парадак прадстаўлення нетраў у карыстанне, выдачы ліцэнзій на права карыстання, правы і абавязкі карыстальнікаў; рэгламентуе пытанні рацыянальнага выкарыстання нетраў, парадак дзярж. рэгістрацыі і ўліку карыстання нетрамі, вядзення кадастраў нетраў; рэгулюе парадак і формы аплаты за карыстанне нетрамі; рэгламентуе пытанні бяспекі работ, звязаных з карыстаннем нетрамі, стварэння горнавыратавальнай службы, кантролю і нагляду за карыстаннем нетрамі і іх ахове, адказнасці за парушэнне заканадаўства аб нетрах, вырашэння спрэчак па праблемах нетракарыстання; вызначае парадак урэгулявання нац. заканадаўства з правіламі міжнар. пагадненняў і дагавораў; парадак набыцця кодэксам сілы і прывядзення існуючых заканад. актаў па нетрах у адпаведнасць з кодэксам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЦКІЯ (Kątscy),

польскія музыканты 19 ст., браты.

Антоній (27.10.1817, г. Кракаў, Польшча — 7.12.1889), піяніст, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Дж.​Філда ў Маскве (1829—30) і ў С.​Зехтэра ў Венскай кансерваторыі. У 1853—67 выкладаў у Пецярбургу. Выступаў з 6 гадоў. Здзейсніў канцэртнае турнэ па муз. цэнтрах усіх кантынентаў. Яго выкананне вылучалася бліскучай тэхнікай і элегантнасцю. Рэпертуар уключаў творы класікаў і ранніх рамантыкаў, салонныя п’есы, танцы, уласныя кампазіцыі. Аўтар больш як 400 фп. твораў (найб. вядомы «Абуджэнне льва»), рамансаў (у т. л. «Не, не цябе так палка я люблю») і інш. Напісаў некалькі дапаможнікаў і артыкулаў па пытаннях фп. педагогікі. Апалінарый (23.10. 1825, Варшава — 29.6.1879), скрыпач, кампазітар, педагог. Вучань Н.Паганіні. Выступаў з 4 гадоў, у т. л. з братамі Каралем (скрыпач і яго першы настаўнік), Станіславам і Антоніем (піяністы) і сястрой Эўгеніяй (спявачка). Канцэртаваў у Расіі і муз. цэнтрах Еўропы (у 1838—48 у Францыі). У 1853—60 прыдворны саліст у Пецярбургу. З 1861 у Варшаве, заснаваў Муз. ін-т (яго дырэктар да 1879). Скрыпач-віртуоз, імкнуўся выявіць новыя выразныя магчымасці скрыпкі. Аўтар транскрыпцый, варыяцый і фантазій на тэмы опер М.​Глінкі, В.​Беліні, Г.​Даніцэці, Дж.​Меербера і інш.

Літ.:

Грум-Гржимайло Т. Братья Контские и полемика о музыкально-исполнительских стилях // Вопросы музыкально-исполнительского искусства. М., 1967. Вып. 4.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,

сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзя, якія забяспечваюць перадачу сігналаў ад перадатчыка да прыёмніка; састаўная частка сістэмы сувязі. Паводле фіз. прыроды сігналаў, якія перадаюцца, адрозніваюць Л.с. эл., аптычныя, акустычныя і інш.

У электрасувязі найб. выкарыстанне знайшлі эл. і аптычныя Л.с. Эл. лініі падзяляюцца на правадныя (паветраныя і кабельныя) і лініі радыёсувязі. У правадных Л.с. сігналы распаўсюджваюцца па стальных, медных або біметал. правадах, падвешаных на апорах з дапамогай ізалятараў. Кабельныя лініі сувязі пракладваюцца ў зямлі, падвешваюцца на апорах і інш. Аптычныя Л.с. бываюць адкрытыя (асяроддзе распаўсюджвання эл.-маг. ваганняў светлавога дыяпазону — паветра, касм. прастора; гл. Аптычная сувязь) і закрытая (штучнае асяроддзе. ізаляванае ад знешняга ўздзеяння). Л.с. з штучным асяроддзем са шклянога валакна наз. валаконна-аптычнымі — ВАЛС (гл. Валаконна-аптычная сувязь). Для адначасовай перадачы сігналаў выкарыстоўваюць ушчыльненне Л.с.: частотнае, пры якім сігналам кожнага канала сувязі адводзіцца пэўная, дакладна абмежаваная частка рабочага дыяпазону частот, і часавая, пры якім кожны канал перыядычна (па чарзе) падключаецца на пэўны час да Л.с. Аснову сучасных сетак электрасувязі складаюць кабельныя Л.с. і ВАЛС.

На Беларусі (1999) працягласць кабельных Л.с. складае больш за 21,5 тыс. км, ВАЛС — больш за 3 тыс. км. Паветраныя Л.с. захаваліся ў мясц. сетках сувязі, яны паступова замяняюцца кабельнымі і валаконна-аптычнымі.

М.​А.​Баркун.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІША́ЙНІКІ (Lichenes),

група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт). Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў. На Беларусі 38 сям., 114 родаў, каля 500 відаў. Найб. пашыраны: гіпагімнія, графіс, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, рамаліна, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія, артонія, алекторыя, бацыдыя, буэлія, калаплака, калема, меланелія і інш. Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і інш. колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе Л. часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15% ад усяго аб’ёму слаявіны, Па анат. будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1—2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арган. рэчывы. На Пн ісландскі лішайнік, кладонія — асн. корм паўн. аленяў. Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. Ліхенаіндыкацыя). З Л. атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. Вывучае Л. ліхеналогія.

Літ.:

Определитель лишайников СССР. Вып. 2. Л., 1974;

Van Haluwyn C., Lerond M. Guide des lichens: Lechevalier. Paris, 1993.

У.​У.​Галубкоў.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АДДЗЕ́Л БЕЛАРУ́СКАГА ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны; адзін з цэнтраў бел. нац. руху. Існаваў у Мінску ў ліп. 1915—17 як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў крас. 1915. Налічваў каля 50 чал. (снеж. 1916). У к-т праўлення аддзела ўваходзілі: В.​І.​Чавусаў (старшыня), А.​І.​Лявіцкі (Ядвігін Ш., нам. старшыні), У.​І.​Голуб (У.Галубок, сакратар), А.​С.​Астрамовіч (А.Зязюля), В.​А.​Лявіцкая, Л.​А.​Сівіцкая (З.Верас), Э.​Л.​Сівіцкая, У.​С.​Фальскі. Адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Мінска), 2 бясплатныя сталовыя і 1 платную — «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні — ткацкую і па рамонце ваен. абмундзіравання. У крас.—маі 1916 дзейнічалі курсы па садаводстве, агародніцтве і пчалярстве. Пасля Лют. рэв. 1917 аб’явіў сябе Часовым Бел. нац. к-там і пачаў арганізац. і прапагандысцкую працу ў новых умовах.

Яго прадстаўнік П.​А.​Аляксюк увайшоў у склад Выканаўчага к-та грамадскай бяспекі г. Мінска, быў выбраны нам. старшыні К-та прапаганды на вёсцы асноў новага грамадскага ладу. У час агульнагар. маніфестацыі 6.3.1917 адбылося першае выступленне членаў Бел. к-та з паліт. лозунгамі. 25—27.3.1917 склікаў у Мінску з’езд бел. нац. арг-цый, які выбраў Беларускі нацыянальны камітэт.

В.​У.​Скалабан.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР,

помнік архітэктуры 18—20 ст. у Мінску. У пач. 18 ст. існаваў як комплекс мураваных 2- і 3-павярховых будынкаў у цэнтры Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды) насупраць ратушы; С-падобны ў плане. У канцы 18 ст. рэканструяваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.​Крамер): паўн.-ўсх. крылы комплексу былі злучаны сім. па кампазіцыі 2-павярховым аб’ёмам з 4-калонным порцікам у цэнтры і ўтварылі замкнёны двор. У 1909 Г-падобная ў плане паўн.-зах. частка перабудавана пад Азова-Данскі камерцыйны банк і купецкі клуб з вял. канцэртна-тэатр. залай (разбурана пасля пажару ў 1946), зменена планіроўка, надбудаваны 3-і паверх, фасады апрацаваны ў стылі мадэрн, накрыты вальмавым дахам. На сім. па кампазіцыі гал. паўд.-зах. фасадзе вылучаліся цэнтральная і бакавыя часткі; цэнтральная акцэнтавана кілепадобным франтонам з 3 вузкімі паўцыркульна завершанымі аконнымі праёмамі, тымпан франтона завершаны расл. арнаментам. Бакавыя ч. завершаны купаламі са шпілямі (не захаваліся). Рытм фасадаў утвараюць прамавугольныя аконныя праёмы і лапаткі; пластыку ўзбагачаюць ляпныя элементы, балконы. У інтэр’еры каваная лесвічная агароджа, кафляныя печы. Пасля 1920 у будынках знаходзіліся Мінскі акруговы выканком, у 1930-я г. — Дом селяніна, у 1944—50 — Мін-ва дзярж. бяспекі.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі гасціны двор. Здымак 1999.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)