галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, атаксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш.Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.
Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст.н.э.). Паўзаній (2 ст.н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст.), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.Ж.Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст.). Першы робат сканструяваў амер.інж. Дж.Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп. вучоны Н.Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн.тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл.Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р. ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш.тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш.). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.
На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл.Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).
Літ.:Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп.М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р., Ли К. Робототехника: Пер. с англ.М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.
Г.І.Хуцкі, У.М.Сацута.
Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі. якая займаецца даследаваннем прынцыпаў і распрацоўкай спосабаў генерыравання, прасторавага размеркавання, вымярэння і выкарыстання аптычнага (інфрачырвонага, бачнага, ультрафіялетавага) выпрамянення. Звязана таксама з пераўтварэннем святла ў інш. віды энергіі (напр., у оптаэлектроніцы).
Бывае: асвятляльная — выкарыстанне святла для асвятлення жылых, вытворчых і інш. памяшканняў, распрацоўка штучных крыніц святла, асвятляльных прылад, святлотэхнічных матэрыялаў, нарміраванне, праектаванне і эксплуатацыя святлотэхн. установак; святлосігнальная — аптычная сігналізацыя, распрацоўка святлосігнальных прыстасаванняў і сістэм кіравання імі (гл.Аптычная лакацыя, Аптычная сувязь, Маяк, Святлафор); святлопраекцыйная — атрыманне светлавых праекцый, святлокапіраванне, святламузыка (гл.Капіравальна-размнажальная тэхніка, Праекцыйны апарат); апрамяняльная — уздзеянне бачнага і нябачнага святла на чалавека, жывёл, расліны, вытв. працэсы (штучнае апрамяненне арганізма з лячэбнымі мэтамі, святлолячэнне, абеззаражванне вады і харч. прадуктаў, сушка пакрыццяў, вырошчванне пры штучным асвятленні агародніны, садавіны і інш.); вымяральная — вымярэнне характарыстык аптычнага выпрамянення (гл.Колераметрыя, Фотаметрыя); будаўнічая — выкарыстанне святла ў буд-ве і архітэктуры, яго размеркаванне ў будынках, на плошчах, гар. ансамблях; С. кінематаграфіі — распрацоўка і выкарыстанне спец. крыніц святла, асвятляльных прылад, экранаў для кіназдымкі, капіравання фільмаў і кінапраекцыі (гл.Кіназдымачны апарат). Для канцэнтрацыі светлавога патоку ў патрэбных кірунках выкарыстоўваюць свяцільні з люстранай і прызматычнай оптыкай; для памяншэння асляпляльнага дзеяння святла — розныя адбівальнікі і рассейвальнікі (дыфузныя і прызматычныя); для вял. канцэнтрацыі светлавога патоку — люстэркі рознай формы (напр., у пражэктарах). для атрымання звышмагутных накіраваных светлавых пучкоў — лазеры.
Стараж. крыніцы святла — вогнішчы, запаленыя трэскі і факелы (з наматаным на канцы палкі прасмоленым пакуллем), лучынныя святцы і лучнікі, неглыбокія каменныя міскі і гліняныя чашы на паддонах, у Стараж. Грэцыі і Рыме — гліняныя і бронзавыя свяцільні, лампады, у якія налівалі аліўкавы алей. Пазней з’явіліся свяцільні з 2 адтулінамі — для кнота і налівання тлушчу або алею (на Беларусі наз.каганцы), шмат’ярусныя гліняныя сподкі, свечачныя лампады. У пач. 19 ст. з’явіліся асвятляльныя лямпы, у якіх спальвалася газа (масла, спірт, ацэтылен); у 1855 Р.В.Бунзен вынайшаў газоўку, якая пачала выкарыстоўвацца ў газавых ліхтарах для асвятлення вуліц; у 1872 А.М.Ладыгін вынайшаў эл.лямпу напальвання, у 1876 П.М.Яблачкаў — дугавую лямпу; у 1850—1910-я г. створаны газасветныя трубкі, у СССР у 1928 — газасветныя, у 1935 — натрыевыя, у 1938 — люмінесцэнтныя лямпы, пазней інш.газаразрадныя крыніцы святла. З 1920-х г. набыў пашырэнне тэрмін «С.» ў яго сучасным значэнні (да гэтага часу яго разумелі як асвятленне). Развіццё С. паспрыяла станаўленню электронікі. Навук. даследаванні па С. пачаліся з 17 ст. (працы К.Гюйгенса, І.Ньютана, П.Бугера, М.В.Ламаносава, І.Г.Ламберта, Т.Юнга, В.У.Пятрова і інш.). Значны ўклад у развіццё С. зрабілі С.І.Вавілаў, М.А.Шатэлен (фотаметрыя, нарміраванне святлотэхн. установак), П.М.Ціхадзееў (светлавыя эталоны і вымярэнні), У.В.Мяшкоў (нарміраванне і праектаванне асвятляльных установак) і інш.
Літ.:
Мешков В.В. Основы светотехники. Ч. 1. 2 изд. М., 1979;
Тиходеев П.М. Световые измерения в светотехнике (фотометрия). 2 изд. М.; Л., 1962;
Мешков В.В., Епанешников М.М. Осветительные установки. М., 1972;
Гусев Н.М., Макаревич В.Г. Световая архитектура. М., 1973;
Карякин Н.А. Световые приборы. М., 1975;
Светотехника и инфракрасная техника. Т. 6. Физика, техника и перспективы развития источников света массового применения. М., 1989;
Гуторов М.М. Основы светотехники и источники света. 2 изд. М., 1983;
Степанцов В.П. Светотехническое оборудование в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1987;
Трембач В.В. Световые приборы. 2 изд. Мн., 1990.
В.В.Валяўка, У.М.Сацута.
Некаторыя з асноўных крыніц святла ў гістарычным развіцці святлатэхнікі: 1 — факелы (з тлушчам і маслам); 2 — масляны свяцільнік у выглядзе лодкі (Стараж. Грэцыя, 5 ст. да н.э.); 3 — масляная бронзавая лямпа (Рым, 1 ст.н.э.); 4 — свяцільнік з гнуткай свечкай; 5 — люстра-падсвечнік (панікадзіла, 15 ст.); 6 — масляная лямпа з асобным рэзервуарам; 7 — газная лямпа (пач. 19 ст.); 8 — газавы ражок; 9 — ацэтыленавая лямпа; 10 — газанапальны ліхтар вулічнага асвятлення (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́ЙНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
від бел. фальклору; творы, што суправаджалі абрады, звязаныя з асн. этапамі жыцця чалавека: нараджэннем, шлюбам, смерцю. Адлюстравала нар. ідэал сямейных узаемаадносін, працоўнай дзейнасці селяніна, яго побыт і жыццё. С.-а.п., як і абрады, павінна была ўздзейнічаць на звышнатуральныя сілы, прыроду і грамадства, каб палепшыць лёс чалавека, яго дабрабыт, аберагчы ад бяды і няшчасцяў. Узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу, пазней набыла спецыфічныя нац. рысы, выяўленыя ў жанрава-вобразнай сістэме, ідэйна-тэматычным змесце і маст. форме. Адметнае месца ў С.-а.п. займала радзінная паэзія (гл.Радзінныя песні): песні, прыпеўкі, зычэнні, якімі суправаджаліся пэўныя абрады (найб. поўна захаваліся ў бел. фальклоры). Абрадам і песням прыпісвалася магічная сіла, здольнасць абараніць парадзіху і дзіця ад злых сіл. Вылучаліся велічальныя, жартоўныя і застольна-бяседныя песні. У велічальных услаўляліся парадзіха і бацька дзіцяці, бабка-павітуха, кума і кум. Глыбокай пашанай прасякнуты песні пра маладую маці; клапатлівым і старанным, спагадлівым да жонкі і дзіцяці паказваўся гаспадар. Шмат песень прысвячалася бабцы: шанаванне яе ў песнях спалучалася з дасціпным гумарам. Паступова радзінныя абрады і звязаная з імі паэзія страцілі сакральны, магічны характар і сталі выконваць пераважна эстэтычна-маст. функцыю. Вял. папулярнасць набылі жартоўныя песні, выканаўцы якіх добразычліва пацяшаліся з бабкі і кумоў. У бяседных песнях з лёгкім гумарам абмалёўваліся ўдзельнікі ўрачыстасці, славілася гасціннасць і шчодрасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды нараджэння новага чалавека. Найб. захаваліся жартоўныя песні, многія з якіх бытуюць і ў наш. час. Асаблівым багаццем і паэтычнасцю вылучалася вясельная паэзія (гл.Вясельныя песні): песні, прыпеўкі, прыгаворы, прамовы, якія гучалі на працягу ўсяго вяселля, пачынаючы з абраду сватання. Выконваліся яны ў пэўным парадку асн. ўдзельнікамі шлюбнай урачыстасці, ролі якіх былі рэгламентаваны традыцыяй. Песні, якія суправаджалі суборную суботу, пасад, выпечку каравая, шлюбавіны, пярэзвы і інш., паэтызавалі вясельныя абрады, стваралі ўрачысты настрой і разам з тым служылі пэўным юрыдычным замацаваннем кожнага этапу вяселля. Багатая нар. сімволіка, персаніфікацыя, антытэза, трапныя параўнанні, яркія эпітэты і інш.маст. сродкі і прыёмы стваралі вобразы надзвычайнай выразнасці. Глыбокай эмац. узрушанасцю вылучаліся сіроцкія песні, у якіх нявеста-сірата прасіла бацькоў устаць з магілы і благаславіць яе шлюб. У час застольнай бяседы спявалі таксама песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам: велічальныя, лірычныя, жартоўныя і інш. Песні стваралі ідэальныя вобразы маладых, параўноўваючы іх з сімвалічнымі вобразамі сонца, зорак, месяца, паказвалі ўзаемаадносіны жаніха і нявесты, іх стаўленне да бацькоў. У жартоўных вясельных песнях з дасціпным нар. гумарам абмалёўваліся сват, свацця, дружкі, інш. ўдзельнікі вяселля. Завяршальны цыкл С.-а.п. складалі пахавальныя галашэнні — імправізаваныя песенна-рэчытатыўныя творы, у якіх аплаквалася смерць блізкага чалавека. Галашэнні, вядомыя з глыбокай старажытнасці, грунтаваліся на веры ў бессмяротнасць душы, на ўяўленнях аб тым, што чалавек і пасля смерці можа дапамагаць або шкодзіць жывым. Смутак, бязмернае гора і душэўны боль гучалі ў галашэннях маці па дзіцяці, жонкі па мужу. Цесна звязаныя з вуснай нар. традыцыяй устойлівыя славесныя формулы, кранальныя вобразы ўзмацнялі эмац. ўздзеянне. Звязаная з жыццём і працай чалавека, С.-а.п. адлюстравала сац.-эканам., быт. і культ. ўмовы яго існавання ў розныя гіст. эпохі.
Публ.:
Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. 3 выд.Мн., 1985. С. 202—310;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба: обряд, песенно-мелодические типы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая ажыццяўляе будаванне і рэканструкцыю аб’ектаў чыг., аўтамаб., воднага, паветр., трубаправоднага транспарту; уключае буд-ва земляных палотнаў чыгунак і аўтадарог, верхняй будовы дарог, пуцеправодаў, установак электрыфікацыі, аўтаматыкі і тэлемеханікі чыгункі, дарожных і аэрадромных пакрыццяў, мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў, прычалаў рачных партоў, каналаў, магістральных нафта- і газаправодаў, вакзалаў, дэпо, службова-тэхн. і інш.трансп. будынкаў.
На Беларусі вядзецца з канца 18 — пач. 19 ст., калі былі пабудаваны Агінскі канал (1783), Бярэзінская водная сістэма (1805), Аўгустоўскі канал (1839), Дняпроўска-Бугскі канал (1848). Да 1913 пракладзена значная працягласць чыг. і гужавых дарог, будаваліся вакзалы, рачныя прычалы. Працягласць чыгункі ў 1913 складала 3,81 тыс.км, у т. л.чыг. магістралі Смаленск—Мінск—Брэст (1871), Бранск—Брэст (1887), Роўна—Вільня (1885) і інш. Пабудаваны вакзалы: Віленскі ў Мінску (1874), Віцебскі і Гродзенскі (1866—67), Брэсцкі (1886) і інш. Працягласць аўтадарог да 1913 складала 3,5 тыс.км. Да Вял.Айч. вайны ў БССР пабудавана больш як 1000 кмчыг. ліній, у т. л. Асіповічы—Магілёў—Крычаў—Шасцёраўка—Орша—Лепель, Навабеліца—Чарнігаў; рэканструяваны чыг. вузлы: Орша, Віцебск, Полацк, Гомель, Жлобін і інш., атаксама Баранавічы і Ліда. У 1939—40 перабудаваны чыг. лініі зах. абласцей на адзіную ў СССР каляю. Будаваліся новыя чыг. вакзалы, дэпо, Гомельскі рачны порт, Сожская шлюзавая сістэма ў г. Крычаў, прыстані ў Жлобіне (на Дняпры), Пхове (на Прыпяці), Чэпіне (на Зах. Дзвіне) і інш. У 1933 адкрыты Мінскі аэравакзал. У 1930-я г. пабудаваны шашэйныя дарогі працягласцю 1236 км, у т. л. Мінск—Магілёў і Мінск—Орша. У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі разбурана больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, большасць чыг. і аўтамаб. мастоў, 50% чыг. вакзалаў і г.д. У пасляваен. гады старыя трансп. аб’екты адноўлены і рэканструяваны, пабудавана шмат новых вакзалаў, у т. л. ў Баранавічах (1947), Гродне і Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953), Брэсце (1956) і інш. Сучасная (2001) сетка чыг. ліній Рэспублікі Беларусь складае 5,5 тыс.км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Першы электрыфікаваны ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы дзейнічае з 1963. У 1989 электрыфікавана ўся лінія Брэст—Масква. У 2000 уведзена першая чарга новага будынка вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. На 1.1.2001 працягласць аўтадарог агульнага карыстання складала 74,4 тыс.км, у т. л. 66,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. На дарогах пабудавана 4245 мастоў і пуцеправодаў агульнай працягласцю больш за 160 км. Самы доўгі мост на Беларусі (929 м) пабудаваны ў 1991 цераз Прыпяць каля Мазыра. У 2002 заканчваецца рэканструкцыя шасціпалоснай Мінскай кальцавой аўтамаб. дарогі (56,4 км), на якой пабудаваны 34 масты і пуцеправоды агульнай працягласцю больш за 2 км. Па тэр. Беларусі праходзяць аўтамагістраліміжнар. значэння: Масква—Брэст, С.-Пецярбург—Адэса, Мінск—Вільнюс і інш. Пабудавана больш за 100 аўтастанцый, каля 40 аўтавакзалаў, у т. л. буйнейшыя — Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983) і Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (1999). Пабудаваны аэравакзалы ў Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Магілёве (1971), Гомелі (1976) і інш. Нацыянальны аэрапорт Мінск (1-я чарга ў 1993) і Брэсцкі аэравакзал (1986) адпавядаюць стандартам міжнар. класа. У 1984 здадзены ў эксплуатацыю першы ўчастак 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. На 1.1.2002 працягласць дзвюх ліній метрапалітэна складае 23,7 км. На іх размешчаны 20 станцый і адзін перасадачны вузел. З 1960 на Беларусі развіваецца трубаправодны транспарт. На 1.1.2001 агульная працягласць магістральных газа-, нафта- і прадуктаправодаў складае больш за 10 тыс.км. Адначасова з буд-вам трубаправодаў будаваліся кампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, нафтаперапамповачныя станцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ПІС,
перыядычнае выданне, якое публікуе навук., гіст., маст. або літ.-публіцыст. матэрыялы; як і газета, адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Ч., як правіла, арыентуецца на пэўную аўдыторыю: паводле прафес. прызначэння, узросту, прыхільнасцей, сац., сац.-паліт., дэмаграфічных і інш. прыкмет. Тыпалагічна Ч. падзяляюць на грамадска-паліт., літ.-маст., сатыр., навук.-галіновыя, навук.-папулярныя, навук.-інфарм., вытв.-тэхн., атаксама для жанчын, моладзі, дзяцей і інш. Выходзяць штотыднёва, раз у 2 тыдні, штомесяц, штоквартальна.
Першым Ч. лічыцца «Le journal des savants» («Часопіс вучоных»), які выйшаў у Францыі ў 1665; першы Ч. у Расіі — «Ежемесячные сочинения, к пользе и увеселению служащие» (1755). Выдавецкая дзейнасць бел. студэнтаў у Пецярбургу прывяла да выпуску ў 1884 двух нумароў Ч. «Гомон». У пач. 20 ст. на Беларусі выдаваліся Ч. «Крапіва», «Саха», «Лучынка», «Раніца»; галіновыя выданні: «Белорусский учительский вестник», «Медицинское дело» (1910), «Минские врачебные известия» (1910—15), «Педагогическое дело», «Спорт» (1913); Ч. для дзяцей «Зорька» (1905—12). Бел. выдавецкае т-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» выдавала Ч. «Маладая Беларусь». Першыя бел.сав. Ч. — «Чырвоны шлях» (1918), «Белорусская криница» (1918—19), «Народная асвета», «Факел коммунизма» (абодва 1919), «Коммунистический труд» (1919—23), «Школа и культура Советской Белоруссии», «Вольны сцяг», «Вестник народного комиссариата просвещения», «Полымя», «Бюллетень Центрального бюро Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии» (1923), «Камуністычнае выхаванне»; галіновыя Ч. — «Хозяйство Белоруссии» (1920—21), «Шлях кааперацыі» (1925—28), «Прафесіянальны рух Беларусі» (1925—29), «Шляхі калектывізацыі» (1925—33); пазней — «Маладняк», «Наш край», «Узвышша», «Саветы Беларусі» (1928—31) і інш. У Зах. Беларусі выдаваліся Ч. «Бальшавік», «Маланка», «Беларуская культура», «Беларускі летапіс», «Асва», «Маладая Беларусь» і інш. (гл. ў арт.Заходнебеларускі друк). У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі выходзіла каля 100 перыяд. выданняў на бел., рус., ням., укр. мовах (гл.Друк акупацыйны ў Вял.Айч. вайну, Друк падпольны ў Вял.Айч. вайну). У пасляваен. гады на Беларусі выдавалася каля 130 Ч. і інш.перыяд. выданняў тыпу Ч., у т. л.«Коммунист Белоруссии», «Полымя», «Работніца і сялянка» (з 1995 «Алеся»), «Народная асвета», «Здравоохранение Белоруссии» (з 1996 «Здравоохранение»), «Бярозка», «Беларусь», «Весці Акадэміі навук Беларусі», «Вожык», «Нёман», «Маладосць», «Сельское хозяйство Белоруссии» (з 1991 «Хозяин»), «Доклады Академии наук Беларуси», «Вясёлка», «На экранах Беларусі» (з 1996 «На экранах»), «Инженерно-физический журнал», «Тэатральны Мінск» (1961—90), «Журнал прикладной спектроскопии», «Дифференциальные уравнения», «Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 «Спадчына»), «Родная прырода», «Мастацтва Беларусі» (з 1992 «Мастацтва»), «Беларуская мова і літаратура ў школе» (з 1992 «Роднае слова»), У 1990-я г. Ч. пачалі выдаваць грамадскія, культ. і інш. аб’яднанні, творчыя, прафес. саюзы і калектывы: «Веснік Беларускага экзархата», «Беларуская думка», «Пачатковая школа» (з 1991), «Пралеска», «Гаспадыня» (з 1992), «Беларускі гістарычны часопіс», «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта», «Армия», «Всемирная литература», «Вышэйшая школа», «Пазашкольнае выхаванне» (усе з 1996), «Атэстацыя», «Белорусский экономический журнал» (абодва з 1997) і інш. На 1.2.2003 на Беларусі зарэгістравана 442 ч.
Літ.:
Перыядычны друк Беларусі, 1817—1916 гг.: Бібліягр. паказ. Мн., 1960;
Перыядычны друк Беларускай ССР (1917—1958). Вып. 1. Часопісы. Мн., 1960;
Друк Беларускай ССР, 1966—1970: Статыстыч. матэрыялы. Мн., 1972;
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;
Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;
Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛАГІЧНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Асн. палажэнні канцэпцыі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сістэму экалагічнага заканадаўства ўваходзяць законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш.дзярж. органаў. У нарматыўных прававых актах па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя змяшчаюцца нормы, якія рэгулююць пытанні: забеспячэння экалагічных правоў грамадзян; кіравання; эканам. механізму аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання; аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў; прававога рэжыму прыродных тэрыторый, якія падлягаюць асаблівай і спец. ахове, атаксама тэрыторый з дрэннай экалогіяй; аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання адходамі; экалагічнай бяспекі біятэхналогій; экалагічнай асветы і адукацыі; вырашэння спрэчак і адказнасці за парушэнне патрабаванняў экалагічнага заканадаўства.
Прававое рэгуляванне дзярж. кіравання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання ажыццяўляецца на аснове законаў «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (у рэдакцыі ад 17.7.2002), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (у рэдакцыі ад 14.7.2000), дэкрэта Прэзідэнта «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» ад 14.7.2003, пастаноў Савета Міністраў «Аб дзяржаўных кадастрах прыродных рэсурсаў» ад 20.4.1993, «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, які ажыццяўляецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльнымі органамі» ад 21.6.2003, «Аб Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» ад 14.7.2003 і інш. нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак і ўмовы ажыццяўлення планавання, стандартызацыі і нарміравання, экалагічнай сертыфікацыі, прагназіравання, ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай і інш. дзейнасці, экалагічнай экспертызы, маніторынгу, уліку і вядзення кадастраў, ліцэнзавання ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў. Парадак платы экалагічнага падатку рэгулюецца законам «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)» ад 23.12.1991.
Прававую базу для стварэння запаведнікаў, заказнікаў, нац. паркаў, помнікаў прыроды стварае Закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (у рэдакцыі ад 23.5.2000), які вызначае катэгорыі і віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, асаблівасці дзярж. кіравання ў гэтай сферы, меры па ахове асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, абмежаванні гасп. дзейнасці ў іх межах, адказнасці за парушэнне заканадаўства. Прававы рэжым экалагічна небяспечных тэрыторый вызначаецца законамі: «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія былі падвергнуты радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 12.11.1991, «Аб ахове насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару» ад 5.5.1998, «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» ад 5.1.1998, «Аб адходах» (у рэдакцыі ад 26.10.2000), «Аб санітарна-эпідэмічнай бяспецы насельніцтва» (у рэдакцыі ад 23.5.2000) і інш.
Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе міжнар. супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнар. права і міжнар. дагаворамі, ратыфікаванымі ва ўстаноўленым парадку: Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці (1979), Канвенцыя аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1991), Дэкларацыя Рыо-дэ-Жанейра па навакольным асяроддзі і развіцці (1992), Канвенцыя аб біял. разнастайнасці (1992), Рамачная канвенцыя аб змяненні клімату (1992), Пагадненне дзяржаў—членаў СНД аб узаемадзеянні ў галіне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя (1992), Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЕВЯКОЎЯ (канец 10—15 ст.).
Вытокі бел. літаратуры ва ўсходнеслав. пісьменстве Кіеўскай Русі. Узнікненне першых дзярж. аб’яднанняў і культурна-гіст. прагрэс славян выклікалі неабходнасць розных дзелавых запісаў яшчэ ў дахрысціянскі час. Аднак толькі са стварэннем кірылічнай азбукі, прыняццем хрысціянства і выпрацоўкай літ.стараслав. мовы пачалося пашырэнне пісьменства. З’явілася патрэба ў кнігах для набажэнства і азнаямлення насельніцтва з асновамі новага веравучэння. Такія кнігі былі створаны ў Візантыі і перакладзены на стараслав. мову ў Балгарыі. Да іх належаць рознага тыпу Евангеллі, Апосталы, Трыёдзі, «Мінеі-Чэцці», атаксама Псалтыр, Парамійнік, Пролаг і інш., якія складаюць агульны фонд слав. пісьменства, аднолькавы для ўсіх правасл. славян. Разам з імі на ўсх.слав. землі трапілі рэліг. чытальныя, даведачныя і інш. зборнікі: «Пчала», ізборнікі, ізмарагды, «Залаты ланцуг», «Златавуст», «Златаструй», пацерыкі, хронікі і інш. Тыпы кніг, або зборнікаў, адрозніваюць ад жанраў перакладной літаратуры — жыціі святых (змяшчаліся ў «Мінеях-Чэццях», Пролагу, ізборніках), павучальнае і ўрачыстае красамоўства (пропаведзі), малітваслоўі, гімнаграфія, пацерыковыя апавяданні, патрыстыка і хронікі. Найб. папулярнасць атрымалі жыціе Міколы Цудатворца, «Жыціе Аляксея, чалавека божага», аповесці «Александрыя» (фантаст. аповесць пра Аляксандра Македонскага), «Троя», «Іудзейская вайна» Іосіфа Флавія, хронікі Георгія Амартала і Іаана Малалы, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Сінайскі пацярык», «Шасціднёвік» Іаана, экзарха Балгарскага, «Фізіёлаг», «Хрысціянская тапаграфія» Казьмы Індыкаплава, павучальныя і дагматычныя творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, Іаана Дамаскіна. Асобныя біблейскія тэмы, матывы і сюжэты распрацоўваліся ў апокрыфах пра стварэнне чалавека («Як Бог стварыў Адама»), жыццё Хрыста (евангеллі ад Нікадзіма, Іакава, Фамы), дзеі апосталаў («Абыходы апостальскія»), Багародзіцу («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»; у бел. апрацоўцы 15—16 ст. «Пра дванаццаць пакут») і інш. У канцы 10—11 ст. перакладныя кнігі перапісваліся на ўсх.-слав. землях; найб. старажытныя з іх, якія звязаны з Беларуссю, — Тураўскае (11 ст.), Полацкае (12 ст.) і Аршанскае (пач. 13 ст.) евангеллі. Творы, прызначаныя для чытання, а не для набажэнства, маглі не мець устойлівага тэксту, і перакладчыкі, рэдактары, перапісчыкі, прыстасоўваючы тэксты да мясц. умоў, змянялі іх змест з мэтамі тлумачэння, пашырэння або скарачэння. Пачалі складацца рэгіянальныя варыянты перакладных помнікаў. З арыгінальных уставак і рэдакцый перакладных тэкстаў, атаксама са стварэння першых твораў дзелавога пісьменства пачалося зараджэнне ўсх.-слав. літаратур. Да 15 ст. многія арыгінальныя творы напісаны ў адпаведнасці са строгімі жанравымі, стылістычнымі і інш. нормамі, якія склаліся ў Візантыі. Літаратура перыяду ранняга сярэдневякоўя (канец 10—1-я пал. 13 ст.) не вылучалася з агульнай сукупнасці інш. пісьмовых помнікаў, што мелі дзелавы і пазнавальны характар (царкоўна-службовы, справаводны, прыродазнаўчы, гісторыка-юрыд. і інш.), бо сярэдневяковае мысленне мела сінкрэтычны характар.
Вартасці твора вызначаліся не эстэт. характарыстыкамі, а карыснасцю з пункту гледжання прыкладных мэт яго напісання.
У 11—12 ст.гал. цэнтрам кніжнасці на Русі быў Кіеў, аасн. месцамі літ. жыцця — манастыры. Кіеўская мітраполія кіравала рэліг. дзейнасцю і забяспечвала кнігамі ўсе астатнія землі; у кіеўскай кнігавытворчай справе ўдзельнічалі выхадцы з усіх краёў Стараж. Русі. Тут была зроблена асн. частка перакладаў, створаны помнікі агульнага ўсх.-слав. зместу: «Слова пра закон і ласку божую» мітрапаліта Іларыёна, прысвечанае не толькі ўзаемаадносінам Старога і Новага запаветаў, але і асэнсаванню гіст. місіі хрысціянства, апалогіі хрышчэння Русі; «Сказанне» і «Чытанне» пра Барыса і Глеба, «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Асаблівае значэнне мела летапісанне. Летапісы паводле зместу былі свецкімі творамі, але асвятлялі гісторыю ўсх. славян з рэліг. пазіцый. У апавяданнях пра дагістарычныя часы Русі шырока выкарыстоўваліся розныя паданні, фальклор. Самы стараж. летапіс, што захаваўся да нашага часу, — «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў пач. 12 ст. манахам Нестарам на аснове папярэдніх летапісных зводаў. Твор прысвечаны ўзнікненню і станаўленню дзяржаўнасці ва ўсх. славян, прыняццю хрысціянства князем Уладзімірам, паліт. гісторыі Русі ранняга сярэдневякоўя; у ім змешчана апавяданне пра Рагвалода і Рагнеду і многія іншыя гіст. падзеі 10—11 ст. на этнічных бел. землях. Да сярэдзіны 12 ст. манахі-кніжнікі ўяўлялі Русь у многім як агульную этнакультурную і паліт. супольнасць. Ігумен чарнігаўскага манастыра Данііл склаў першае апісанне Іерусалімскіх святынь і паклаў пачатак жанру хаджэнняў, стаўшы такім чынам прадстаўніком усх.-слав. зямель у Палесціне. Аднак агульнарус. ідэалы кніжнікаў не цалкам адпавядалі дзярж.-паліт. становішчу ва Усх. Еўропе. Працэс этнічнай дыферэнцыяцыі славянства прыводзіў да фарміравання асобных этн. груп, што супадала з феадалізацыяй і адасабленнем розных зямель, ростам гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі незалежных княстваў і ачагамі культуры. Ужо ў 1-й пал. 12 ст. ў пісьменстве асобных гарадоў выяўлялася цікавасць да мясц. тэматыкі, пазней узніклі культы мясцовашанаваных святых, што выклікала стварэнне іх жыцій. Творы тагачасных аўтараў прызначаліся пераважна для чытання ўголас, што абумоўлівала яскрава выражаны царкоўна-павучальны характар усёй творчасці. Пісьменства мела пераважна ананімны характар, важную ролю ў ім адыгрывалі агульныя месцы, літ. этыкет і маст. канон. Літаратура павінна была адлюстроўваць і асэнсоўваць жыццё паводле біблейскіх уяўленняў і хрысц. светапогляду. У выніку склаліся агульны стыль выяўлення (манументальны гістарызм), універсальная аснова творчасці (сярэдневяковы сімвалізм) і літ. мова са складаным узаемадзеяннем стараж.-слав. і мясц. элементаў; агульнымі заставаліся іерархія жанраў, погляды пісьменнікаў на рэчаіснасць і інш. Многія творы, напісаныя ў асобных землях, пашыраліся па ўсім усходнеслав. арэале і ў выніку агульнасці веравызнання і літ. мовы паўсюль прымаліся як уласныя. Аднак мясц. тэматыка цясней звязвала літ. творы з надзённым жыццём, служыла ўмовай для выяўлення пісьменнікамі ўласных адносін да напісанага, што давала магчымасць для адлюстравання ў творах мясц. інтарэсаў і поглядаў, асаблівасцей гаворак.
На этн.бел. землях пісьменства існавала з 10 ст., аднак да 1130-х г. развіццё кніжнасці адбывалася ў агульнарус. рэчышчы. Тут бытавалі ўсе асн. віды, жанры, помнікі літаратуры Кіеўскай Русі. Толькі з пачаткам актыўнай рэліг.-асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай узнік першы літ. ачаг у заснаваным ёю манастыры, у дзейнасці якога заўважаюцца рысы, адметныя ад інш.культ. цэнтраў Русі. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец 12 — пач. 13 ст.) змяшчае не толькі тыповыя для ўсх. жыцій апавяданні пра шлях да святасці, подзвігі, спачын гераіні, але і разгорнутае апісанне яе паломніцтва на Усход (што было ўласціва для лацінамоўнай агіяграфіі Еўропы), атаксама рытарычную пахвалу князёўне. Магчыма, фрагменты з яе твораў пазней укладзены агіёграфам у вусны асветніцы ў «Жыціі». Гал.паліт. і культ. цэнтрам тагачаснай Беларусі быў Полацк, які, відаць, меў сваё летапісанне. Хоць сам тэкст Полацкага летапісу не захаваўся, матэрыялы з яго пазней уключаны ў склад Іпацьеўскага летапіснага зводу. Мяркуюць, што полацкае летапісанне было пераважна княжацкім. У сціслых, але інфармацыйна насычаных пагадовых артыкулах паведамлялася пра паліт. дзейнасць прадстаўнікоў полацкай дынастыі, гал. падзеі ў княстве і залежных ад Полацка гарадах. Важную ролю ў літ. развіцці краю з 2-й пал. 12 ст. адыгрываў Смаленск. Традыцыі мітрапаліта Іларыёна творча развіты Кліментам Смаляцічам, са спадчыны якога захавалася толькі «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У ім аўтар выяўляе тонкае веданне багаслоўя, валоданне ўсімі рытарычнымі сродкамі вядзення палемікі, шырокае знаёмства з тагачаснымі творамі візантыйскіх тэолагаў, умела звязвае ў адно цэлае рэліг.-дагматычныя праблемы і пытанні царк. кіравання, унутр. і знешняй палітыкі Русі. Выдатным прамоўцам быў Аўрамій Смаленскі, «Жыціе» якога складзена каля 1240 яго вучнем манахам Яфрэмам. У творы адлюстравана жыццё сярэдневяковага горада, зроблена спроба даць славесны партрэт персанажа. Адметнымі ў жанравых адносінах былі аповесці пра цудоўныя здарэнні «Слова пра жанчын і дзяўчат смаленскіх» і «Слова пра Меркурыя Смаленскага», у якіх увасобіліся простанародныя рэліг. погляды і ўзаемапранікненне стараж. міфалогіі і хрысціянства.
Важным цэнтрам пісьменства быў і Тураў. Тут складзена мясц. рэдакцыя «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», у дадатку да якой змешчана арыгінальнае «Слова пра манаха Марціна». Высокай ступені літ. дасканаласці, уключаючы свабоднае валоданне ўсім багаццем ант. і візантыйскай рыторыкі, дасягнула ў Тураве павучальнае і ўрачыстае красамоўства. Прамоўніцкая спадчына Кірылы Тураўскага складае больш за 50 помнікаў розных жанраў. Змест твораў цалкам рэлігійны, што абумовіла іх вядомасць ва ўсіх правасл. краінах. Кірыла Тураўскі пісаў на стараслав. мове; для яго стылю характэрна ўскладненасць і ўрачыстасць, высокае літаратурна-маст. майстэрства выкладу. Яго творчасць карысталася вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях і істотна паўплывала на развіццё аратарскай прозы. Вяршыня л-ры Кіеўскай Русі — «Слова аб паходзе Ігаравым», якое ўзнікла на скрыжаванні лепшых традыцый кніжнасці і фальклору. «Слова...» глыбока народнае па духу і ідэйна-вобразным ладзе, прасякнутае гарачай любоўю да рус. зямлі, клопатам пра яе абарону ад знешніх ворагаў. Прыватны эпізод руска-палавецкіх войнаў ператвораны ў падзею вялікага гіст. маштабу. У творы намаляваны прывабны вобраз Усяслава Полацкага; гераізмам ахутаны князь Ізяслаў Васількавіч, які не атрымаў дапамогу ад братоў і загінуў у бітве з літоўцамі. Невядомы аўтар выступае супраць міжусобных войнаў і сцвярджае ідэю незалежнасці асобных княстваў з умовай іх абарончага саюзу. Як прадукт феад.-хрысц. ідэалогіі літаратура Стараж. Русі служыла грамадска-паліт. мэтам умацавання феад. ладу, несла новыя для свайго часу светапогляд і эстэт. прынцыпы. Маючы ў цэлым рэліг. характар, яна выпрацавала высокія маральныя ідэалы і з пазіцыі гэтых ідэалаў звярталася да ўсяго народа, манахаў і князёў і станавілася выразніцай іх агульных інтарэсаў. Літаратура вызначалася публіцыстычнасцю, значнасцю тэм і герояў, глыбінёй праблематыкі. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў былі чалавек і лёс народа. Гэтыя якасці стараж.-рус. літаратуры перайшлі ў спадчыну літаратурам усіх усходнеслав. народаў.
Станаўленне ўласна бел. літаратуры адбывалася ў перыяд позняга сярэдневякоўя (2-я пал. 13—15 ст.) у новых культурна-гіст. умовах. Працэс этн. дыферэнцыяцыі і паліт. раздраблення, абцяжараны крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскімі нападамі, не прывёў да заняпаду кніжнасці на ўсходнеслав. землях. Пачаўся працэс новай феад. цэнтралізацыі і этн. кансалідацыі вакол новых цэнтраў. Паліт. аб’яднанне бел. зямель у складзе ВКЛ, фарміраванне бел. народнасці, багатыя стараж.-рус. традыцыі спрыялі захаванню і паступоваму развіццю кніжнай справы і пісьменства. Ва ўмовах адноснай грамадска-паліт. стабілізацыі адбывалася своеасаблівая літ. кансервацыя. Некаторыя рукапісныя помнікі, пераважна царк.-рэлігійныя, што ўзніклі і бытавалі тады на бел. землях [Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Слуцкае евангеллі, Анежскі (Мсціслаўскі) псалтыр), — сапраўдныя шэдэўры кніжнага мастацтва. Нягледзячы на беднасць значных літ.-маст. з’яў, актыўна развівалася свецкае дзелавое пісьменства, чаму спрыяла рэальнае ўжыванне старабел. мовы ў якасці дзярж. ў ВКЛ. У ім даволі рана пачала развівацца вобразнасць і выкарыстоўвацца жывая гутарковая мова. Маляўнічыя сцэны рэальнага жыцця набліжаюць дагавор 1229 (Смаленская гандлёвая праўда), грамату рыжан (каля 1300), дагавор Полацка з Рыгай 1407 да з’яў маст. літаратуры. Працягвалі бытаваць стараж.-рус. летапісы. Каштоўныя звесткі па гісторыі Беларусі 13 ст., станаўленні бел.-літоўскай дзяржаўнасці змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які адрозніваецца ад папярэдніх пераважна свецкім характарам; у першапачатковым варыянце ён уяўляў цэласную гіст. аповесць, не разбітую на пагадовыя артыкулы хроніку, што было прынцыпова новым ва ўсходнеслав. гістарыяграфіі і пазней паўплывала на бел.-літ. летапісанне. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны галічан да літоўска-бел. князёў, укр. летапісцы стварылі цікавыя вобразы Міндоўга, Войшалка і інш. дзеячаў ВКЛ таго часу, выразна і рознабакова асвятлілі падзеі ў ВКЛ, шмат увагі аддавалі апісанню вайсковых паходаў, рыцарскага побыту. З арыгінальных літ. помнікаў 14 ст. пэўную цікавасць уяўляе «Хаджэнне» смаленскага архімандрыта Графенія (1375) — наступны пасля «Хаджэння ігумена Данііла» твор, прысвечаны апісанню святынь Палесціны.
Новы імпульс для развіцця кніжнасці даў другі паўд.-слав. ўплыў, які пачаўся каля сярэдзіны 14 ст. Многія дзеячы культуры з Балкан і Візантыі, дзе пачалося турэцкае нашэсце, пераязджалі ва Усх. Еўропу. Яны прыносілі новае, больш складанае светабачанне, новы экспрэсіўна-эмацыянальны стыль выяўлення чалавека, звязаны з ідэямі ісіхазму. Пад уздзеяннем ісіхасцкага вучэння ўзмацнілася ўвага да ўнутр. стану асобнага чалавека. Паўд.-слав. кніжнікі імкнуліся адрадзіць чысціню стараслав. мовы, выпраўлялі богаслужэбныя і рэліг. кнігі ў адпаведнасці са старымі ўзорамі. Гэта ў многім паспрыяла зараджэнню крытычнага стаўлення да тэкстаў, з’яўленню першых элементаў тэксталогіі, мовазнаўства і літ. крытыкі. Аднак другі паўд.-слав. ўплыў закрануў толькі царк. кніжнасць і ў старабел. пісьменстве адыгрываў прыкметную ролю ў канцы 14 — пач. 15 ст., абумовіўшы кароткачасовы росквіт красамоўства, звязаны з літ. дзейнасцю выхадцаў з паўд.-слав. краін — мітрапалітаў Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака. Кіпрыян вёў ажыўленую перапіску з многімі віднымі дзеячамі, прапаноўваў увядзенне царк. уніі, у канцы жыцця склаў Траецкі летапіс, які пазней выкарыстоўваўся бел. летапісцамі. Найб. значныя творы аратарскай прозы належаць Грыгорыю Цамблаку, які ў 1415 быў абраны наваградскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай у стылі «пляцення славес», характарызуюцца ярка выражанай арнаментальнасцю, славесна-вобразнай ускладненасцю, багаццем ампліфікацый і тропаў. Спыненне працэсу кананізацыі святых прывяло да крызісу жыційнага жанру. Адзіны агіяграфічны твор, тэматычна звязаны з бел.-літ. рэгіёнам, — «Жыціе віленскіх пакутнікаў», якое ўзнікла ў Візантыі.
Істотныя змены адбыліся і ў жанры хаджэнняў, які пачаў страчваць сувязь з традыцыямі царк.-рэліг. кніжнасці. Значным крокам наперад было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), якое ўзнікла на скрыжаванні традыцый паломніцкай літаратуры і летапіснага стылю. Твор нагадвае дзённік падарожжа, змяшчае апісанні прыроды на берагах Дона, вандровак па моры, жыцця аўтара ў Канстанцінопалі, аповесць пра барацьбу ў Візантыі канкурэнтаў за імператарскі пасад і інш. Святыні прыцягвалі ўвагу аўтара як помнікі культуры і мастацтва, шмат месца адводзілася грамадскім падзеям, супастаўленню жыцця на радзіме з убачаным за мяжой. «Хаджэнне» ў Егіпет, на Сінай і ў Палесціну полацкага іераманаха Варсанофія (1462) знаёміла чытачоў з малавядомымі землямі хрысц. Усходу; асабліва вылучаюцца апісанні Сінайскага манастыра.
З 1-й пал. 15 ст. пачынаецца шырокае распаўсюджанне паперы — больш таннага матэрыялу для пісьма. Гэта давала магчымасць набываць кнігі небагатым людзям, складаць на свой густ зборнікі змешанага тыпу, выказваць на палях уласныя думкі адносна прачытанага, што было немагчыма раней з прычыны сакралізацыі тэксту кнігі. Творы пачынаюць ацэньвацца не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці павучальным або інш. службова-прыкладным задачам, але і зыходзячы з іх ідэйна-маст. якасцей і арыгінальнасці. Урачысты ўстаўны почырк павольна замяняецца больш лёгкім для напісання паўустаўным, што значна паскарала працэс перапісвання кніг. Шырокае ўжыванне старабел. мовы, якая стала важным сродкам грамадскіх зносін у краіне і ўсё больш абапіралася на жывую нар. гаворку, садзейнічала яе ўдасканаленню. Пачалася паступовая дэмакратызацыя і беларусізацыя царк.-слав. мовы і значна звузілася сфера яе пісьмовага ўжытку. У перыяд позняга сярэдневякоўя росквіту дасягнула летапісанне, што было вынікам росту нац. свядомасці беларусаў і ўсведамлення народам сваёй нац.-гіст. адметнасці. З пач. 15 ст.мясц. летапісы саступаюць месца агульнадзяржаўным. Гэта паўплывала на змену жанравай формы летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыц. пагадовай формы выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем. З агульнадзярж. пазіцый і ў цеснай сувязі з гісторыяй Русі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 пададзена багатае мінулае бел. і літ. народаў, адлюстраваны ўмацаванне велікакняжацкай улады і яе барацьба супраць феад. раздробленасці. У асобных раздзелах летапісаў заўважаецца імкненне аўтараў да белетрызацыі апавядання, з’яўляюцца элементы сюжэтапабудовы. Канчаткова выпрацаваўся своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны і выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства позняга сярэдневякоўя. Летапісы складаюць найважнейшы этап у станаўленні бел. літаратуры. Яны сцвярджалі свецкі кірунак яе развіцця і садзейнічалі прагрэсу жанраў, незалежных ад царк.-рэліг. канонаў. Найважнейшым гіст. падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойнай тэматыкай, дзе элементы сюжэтапабудовы, або дакументальная «падзейнасць», выяўляюцца больш выразна. Іншы характар набыла перакладчыцкая дзейнасць, што сведчыла пра актывізацыю культ. узаемасувязей бел. народа з народамі інш. краін і было вынікам росту духоўных запатрабаванняў грамадства. Старабел. кніжнікі самастойна ажыццяўлялі пераклады з лац., ням., рус. і інш. моў, прычым у ходзе перакладу яны свядома перапрацоўвалі тэксты, узгадняючы іх з эстэт. і ідэйнымі запатрабаваннямі чытачоў. На бел. мову перакладаліся заходнееўрап. помнікі рэліг. характару («Аповесць пра трох каралёў», 15 ст.), якія засведчылі высокае майстэрства бел. кніжнікаў, паказвалі вялікія лексіка-стылістычныя багацці, маст.-выяўленчыя магчымасці старабел. літ. мовы. Нанова перакладзены «Александрыя», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», асобныя кнігі Бібліі і інш. Дзякуючы перапрацоўцы перакладная літаратура набліжалася да арыгінальнай, арганічна дапаўняла яе і складала разам з ёю адзіную сістэму.
Ізборнік Святаслава Канец 11 ст.Архангел Міхаіл. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРЫЯ (Österreich), Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс.км², нас. 8 млн.чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г.Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.
Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-растудз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх.ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн.чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс.ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл.Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст.цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.
На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр.нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр.нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).
Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн.т (1991). Дзейнічае нафтаперапр.з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ.Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд.кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн.т, сталі 4,3 млн.т, пракату 3,7 млн.т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн.т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс.т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс.т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн.м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л.цукр. буракі. Збор (млн.т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх.ч. краіны, асн.ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж.чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал.чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс.км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс.км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн.чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн.гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс.чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс.чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар.агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч.г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед.ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал.Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.
Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл.Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст.л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г.аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.
На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.
Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх.А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).
Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст.аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб.стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.
У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар.быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр.т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш.Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш.быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн.Міжнар.т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв.муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н.Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар.муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Станаўленне нац.т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар.т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац.тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар.т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі (з 1920).
Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж.А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.
Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб.бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ваА.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).
Літ.:
Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;
Stuttgart, 1964;
Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;
Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.
Герб і сцяг Аўстрыі.Да арт.Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.Да арт.Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).Да арт.Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).Да арт.Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).Да арт.Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.Ферстэль. 1856—79.Да арт.Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.Мантуае. 1805— 11.Да арт.Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.Да арт.Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.Да арт.Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.Да арт.Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.Да арт.Аўстрыя. І.А.Кох. Каскад. 1796.Да арт.Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.Вагнер. 1898—99.Да арт.Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.Да арт.Аўстрыя. М.Швінд. Сімфонія. 1840-я г.Да арт.Аўстрыя. Г.Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУНІ́С, Туніская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя ат-Тунісія),
дзяржава ў Паўн. Афрыцы. Мяжуе на З з Алжырам, на ПдУ — з Лівіяй; на Пн і У абмываецца Міжземным м.Пл. 163,6 тыс.км². Нас. 9593 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Туніс. Падзяляецца на 20 вілаетаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 сак.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1959 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым і тайным галасаваннем на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Палата дэпутатаў (аднапалатны парламент, 163 дэпутаты), якая выбіраецца на 5 гадоў.
Прырода. Пераважае раўнінны рэльеф. Каля 30% тэр. занята гарамі Атласа і міжгорнымі плато. Найвыш. пункт — г. Шамбі (1544 м). На Пд ад гор — Туніская нізіна і Туніскі Сахель (ускраіна Сахары). Ёсць радовішчы нафты (690 млн.т) і прыроднага газу (460 млрд.м³), фасфарытаў (1,2 млрд.т), жал. і марганцавых руд, барыту, флюарыту, каменнай солі і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. На Пн сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 26 °C; на Пд адпаведна 21 °C і 35 °C. Ападкаў за год ад 600—1000 мм на Пн у гарах да 150—200 мм на Пд. Гал. рака Меджэрда. На раўнінах пераважае травяністая расліннасць сухіх стэпаў, паўпустынь і пустынь з палынамі і ксерафітнымі злакамі, у гарах месцамі лясы (4% пл. краіны) з коркавага і каменнага дуба, альпійскай хвоі, у аазісах — фінікавая пальма, аліўкавыя дрэвы, сады. Для жывёльнага свету характэрны дробныя драпежнікі (шакал, дзікі кот, фенек), грызуны. Шмат пералётных птушак, змей. Нац. паркі — Ашкёль, Бу-Хедма, ёсць лясныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 97% — арабы і блізкія да іх берберы. Жывуць таксама арабы з суседніх краін, французы, італьянцы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост — 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 58,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены паўн. і паўн.-ўсх. часткі ўзбярэжжа і в-аў Джэрба. Гар. насельніцтва 63% (2000). Найб. гарады (2000, тыс.ж.): Туніс — каля 1000, Сфакс — 266, Сус — 172, Кайруан — 116. У сельскай гаспадарцы занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 23%, у сферы паслуг — 52%.
Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Найб.стараж. насельніцтва Т. (з вядомых) — плямёны бербераў. У 9 ст. да н.э. фінікійцы заснавалі тут г.Карфаген, які стаў цэнтрам вял. міжземнаморскай дзяржавы. У 146 да н.э. Карфаген зруйнаваны рымлянамі, яго землі ўключаны ў склад рым. правінцыі Афрыка. Пры імператару Аўгусце Карфаген адбудаваны (з 29 да н.э.), аправ. Афрыка ў 1-я ст.н.э. адыгрывала важную ролю ў жыцці Рым. імперыі. У 439 н.э. ўладу над тэр. Т. ўсталявалі вандалы, у 533 — візантыйцы. У сярэдзіне 7 ст. тут з’явіліся арабы, якія заснавалі ў 670 г. Кайруан — базу для далейшага заваявання Магрыба, а ў 698 авалодалі Карфагенам. З прыходам арабаў пашырыўся іслам і адбылася арабізацыя мясц. насельніцтва. Т. уваходзіў у склад халіфатаў Амеядаў і Абасідаў. З 800 тут умацавалася фактычна незалежная дынастыя Аглабідаў. У 10—16 ст.тэр. Т. пад уладай Фатымідаў, Альмахадаў і Хафсідаў. У 1535 Карфаген захоплены іспанцамі; у 1573 іх выгналі туркі і ператварылі Т. у правінцыю Асманскай імперыі. У 1704 тур. губернатар (бей) Хусейн бен Алі абвясціў сябе спадчынным правіцелем Т.; дынастыя яго нашчадкаў Хусейнідаў правіла тут да 1957. У 1881 Францыя акупіравала Т. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. З пач. 20 ст. пачаў фарміравацца нац.-вызв. рух, у 1907 створана партыя младатунісцаў. Пасля 1-й сусв. вайны створана партыя Дустур (Канстытуцыйная партыя), у 1934 — Новы Дустур (НД) на чале з Х.Бургібам. НД узначаліў барацьбу за незалежнасць краіны. 3.6.1955 Т. атрымаў унутр. самакіраванне, 20.3.1956 абвешчана незалежнасць Т.
25.7.1957 парламент выказаўся за скасаванне манархіі і абвясціў Т. рэспублікай; яе 1-м прэзідэнтам стаў Бургіба. У 1964 НД рэарганізаваны ў Сацыяліст. дустураўскую партыю (СДП, з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). Урад СДП ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду, але пры цесным узаемадзеянні з інш.араб. краінамі. Пасля падпісання Егіптам Кэмп-дэвідскіх пагадненняў 1978 у Т. перанесена (да 1990) штаб-кватэра Лігі арабскіх дзяржаў. У 1975 Бургіба абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам. Адначасова з пач. 1980-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, побач з СДП дазволены інш.паліт. партыі. У ліст. 1987 Бургіба адхілены ад улады. Прэзідэнтам Т. стаў (перавыбраны ў 1989 і 1994) прэм’ер-міністр Зін аль-Абідзін Бен Алі, які рабіў захады па дэмакратызацыі сістэмы кіравання краінай, у 1999 перамог на Першых альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне, Рух дэмакратаў-сацыялістаў. Партыя нар. адзінства, Рух аднаўлення і інш. Адзінае прафс. аб’яднанне — Усеагульнае туніскае аб’яднанне працы. Т. — чл.ААН (з 1956), Лігі араб. дзяржаў, Афр. саюза, Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў студз. 1997.
Гаспадарка. Т. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, пераважна аграрная, з адносна развітой прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 6360 дол. за год (2000). 28% яго дае прам-сць, 13% — сельская гаспадарка, 59% — сфера паслуг. Вядучая галіна прам-сці горназдабыўная. Здабываюць нафту (каля 4 млн.т штогод, пераважна на Пд), фасфарыты (8,3 млн.т), жал. руду (183,3 тыс.т) і інш. У 1999 вытв-сць электраэнергіі склала 9,5 млрд.кВт∙гадз. 99,5% атрымліваюць на ЦЭС, 0,5% — на ГЭС на р. Меджэрда. Апрацоўчая прам-сць канцэнтруецца на ПнУ. Хім.прам-сць заснавана на выкарыстанні фасфарытаў. З-ды па вытв-сці суперфасфатаў і сернай кіслаты ў Сфаксе, Ганушы, Джэбель-Джэмлудзе; па вытв-сці фосфарнай кіслаты, амафосу, аміячнай салетры і фторыстага амонію — у раёне Габеса. Развіта металургічная (г. Туніс) і нафтаперапр. (г. Бізерта) прам-сць. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць аўтакараў, грузавых аўтамашын, тэлевізараў, халадзільнікаў; у прам-сці буд. матэрыялаў — вытв-сць цэменту (каля 5,6 млн.т штогод), вапны, гіпсу. Ёсць прадпрыемствы тэкст. і гарбарна-абутковай прам-сці. Вытв-сць абутку 61 млн. пар (2000). Харч.прам-сць працуе на ўнутр. рынак. У 2000 атрымана: пастэрызаванага малака 3243 тыс. гекталітраў, мукі 745 тыс.т, аліўкавага алею 225 тыс.т, віна 400 тыс. гекталітраў, піва 1065 тыс. гекталітраў, тытуню 12,8 тыс.т. У г. Касерын дзейнічае з-д па перапрацоўцы травы альфа. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, керамікі і інш. Сельская гаспадарка на 80% забяспечвае краіну прадуктамі харчавання, 90% с.-г. угоддзяў належыць прыватнаму сектару. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваецца каля 8,1 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3 млн.га, пад шматгадовымі насаджэннямі каля 2 млн.га, пад пашай каля 3,1 млн.га. Вырошчваюць (2000, тыс.т): пшаніцу — 842, ячмень — 241, памідоры — 950, бахчавыя культуры — 345, бульбу — 290, перац — 207, бабовыя — 42, цукр. буракі — 20,7, тытунь і інш. Са шматгадовых культур найб. значэнне маюць (2000, тыс.т): аліўкі — 1125, цытрусавыя — 225,5, вінаград — 125, фінікі — 105. Збор дзікарослай і вырошчванне акультуранай травы альфа — 50,6 тыс.т, нарыхтоўка кары коркавага дубу — 6,5 тыс.т (2000). Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, мае экстэнсіўны характар, выкарыстоўвае абшары паўпустынь і сухіх стэпаў. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 0,8, авечак — 6,6, коз — 1,3. Гадуюць таксама коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—37 млн. курэй). Развіта марское рыбалоўства (у 2000 вылаўлена 51,4 тыс.т рыбы). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (2000, тыс.км): чыгункі — 1,8, аўтадарог — 33. Сетка нафта- і газаправодаў. Асн. марскія парты: г. Туніс з аванпортам Хальк-эль-Уэд, Сфакс, Бізерта, Габес, Сус. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Туніс, Манастыр, Таўзар, на в-ве Джэрба. У 1999 экспарт склаў 5,8 млрд.дол., імпарт — 8,3 млрд.дол. Т. экспартуе нафту, тэкстыль, фасфаты, сельгаспрадукцыю, імпартуе абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары, збожжа. Асн. партнёрамі з’яўляюцца члены ЕС (70% імпарту і 75% экспарту), асабліва Францыя, Італія, Германія, Іспанія, Бельгія. Т. — адна з развітых турысцкіх краін Міжземнамор’я. Штогод яе наведвае больш за 4 млн. замежных турыстаў. Турызм прыносіць штогод каля 1,5 млрд.дол. даходу. Грашовая адзінка — туніскі дынар.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі на тэр. Т. адносяцца да каспійскай культуры, эпохі палеаліту: наскальныя выявы жывёл, людзей і сцэн палявання. Вядомы неалітычныя дальмены, кераміка і пасудзіны са шкарлупіны страусавых яек з прадрапаным узорам. У 1-м тыс. да н.э. аўтахтонныя лівійскія плямёны жылі ў каменных прамавугольных жытлах (гурбі), разборных авальных хацінах (мапалія) з галін і цыновак, невял. крэпасцях. З 12 ст. да н.э. паслядоўна змяняліся маст. культуры: пунічная (маўзалей Атэбана ў г. Дуга, некропалі, надмагільныя стэлы, тэракотавыя статуэткі, шкляны посуд), рым. (рэшткі рэгулярна спланаваных гарадоў з форумамі, храмамі, тэатрамі, трыумфальнымі аркамі), візантыйская. У рым. і візант. перыяд росквіту дасягнула мастацтва мазаікі. З пашырэннем ісламу (7 ст.) развівалася араб. культура. Архітэктура фарміравалася на аснове спалучэння традыцый Б.Усходу і рым. дойлідства, пабудовы вылучаліся цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. Вакол умацаваных рабатаў (замкаў) будаваліся гарады, абнесеныя магутнымі сценамі з цытадэллю-касбай, мячэцямі (Сіды Окба ў Кайруане), квадратнымі ў плане мінарэтамі. Палацы ўпрыгожвалі разьбой па стука, падлогавай мазаікай і геам. ўзорамі. У 11—15 ст. склалася адна са школ маўрытанскага стылю. У 16—19 ст. мастацтва Т. развівалася пад уплывам тур. і часткова зах.-еўрап. культур. Дэкар.-прыкладному мастацтву сярэдневяковага Т. ўласцівы разьба па стука, выраб маст. керамікі і шкла, строгіх па форме ювелірных упрыгожанняў, дываноў, зброі, інкруставанай серабром і золатам. Нар. жыллё — пераважна дамы з унутр. дварамі, плоскім бэлечным дахам або каменнымі скляпеннямі, на Пд — выкапаныя ў грунце памяшканні вакол дворыка; існуюць і пабудаваныя пад зямлёй мячэці. З 19 ст. да 1950-х г. будаўніцтва вялі пераважна франц. архітэктары (Б.Зерфюс і інш.), мастацтва было прадстаўлена творчасцю еўрап. жывапісцаў і графікаў. Ажыццяўляліся міжнар.арх. праекты: комплекс універсітэтаў у Тунісе (1966, арх. Зерфюс, В.Гропіус), Алімпійскі комплекс (1960-я г., арх. Н.Паскалеў). Сярод мастакоў-тунісцаў: Б.Дахак, Х. аль-Мекі, Х.Сельмі, З.Туркі, Я.Туркі, А.Фархат; архітэктараў — Х.Амара, О.К.Какуб і інш. Развіваецца стандартная еўрап. забудова гарадоў. Асн. віды сучаснага дэкар.-прыкладнога мастацтва — дыванаткацтва, вышыўка, пляценне карункаў, ювелірная справа, кераміка, чаканка і інкрустацыя па метале.
Літ.:
Дашкевич В.К. Из истории национально-освободительной борьбы тунисского народа. Мн., 1960;
Иванов Н.А. Кризис французского протектората в Тунисе, 1918—1939 гг.М., 1971;
Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев. 1982.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Туніса.Краявід на паўночным узбярэжжы Туніса.Да арт.Туніс. Вялікая мячэць у г. Кайруан.Туніс. Стары горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКІСТА́Н, Ісламская Рэспубліка Пакістан (урду Джамхурыят Ісламі Пакістан, англ. Islamic Republic of Pakistan),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на З з Іранам, на Пн з Афганістанам і Кітаем, на У з Індыяй; на Пд абмываецца Аравійскім м.Пл. 803,9 тыс.км². Нас. 138,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мовы — урду і англійская, шырока ўжываюцца мовы пенджабі, сіндхі, пушту. Сталіца — г.Ісламабад, найб. гарады, гал.эканам. цэнтры — Карачы і Лахор. Падзяляецца на 4 правінцыі і Федэральную сталічную тэрыторыю. На Пн уключае частку Кашміра, спрэчную з Індыяй. Нац. святы — Дзень незалежнасці (14 жн.), Дзень Пакістана (23 сак.).
Дзяржаўны лад. П. — парламенцкая федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973 (з папраўкамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (мусульманін), які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў заканад. сходаў 4 правінцый тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту — Нац. асамблеі [237 дэпутатаў, з якіх 217 выбіраюцца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў, а 20 (жанчыны) — новым складам Нац. асамблеі] і сенату (87 членаў выбіраюцца заканад. сходамі правінцый на 6 гадоў). Кожныя 3 гады абнаўляецца палавіна складу сената. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які выбіраецца большасцю галасоў Нац. асамблеі.
Прырода. На Пн адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша выш. да 5—7 тыс.м (г. Тырычмір, 7690 м). На З — Сулейманавы горы, хрыбты Макрана, нагор’е Белуджыстана. На У ад горных раёнаў раўніна р. Інд — частка Інда-Гангскай раўніны. На граніцы з Індыяй пустыня Тар.
У гарах на Пн і З бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: прыродны газ, храміты, буры вугаль, нафта, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат сухі, трапічны на Пд, субтрапічны на Пн. Т-ра паветра на раўніне ад 10 да 20 °C у студз., ад 30 да 40 °C у ліп.—жніўні. Ападкаў 250—750 мм за год, у гарах да 1500 мм за год. Асн. рака Інд з найб. прытокам Сатледж. Расліннасць паўпустынная і пустынная: вярблюджая калючка, салянкі, палыны і інш.; на схілах гор — ядловец, астрагал, чый. Лясы на невял. плошчы ў гарах. Жывёльны свет разнастайны: персідская газель, дзікія казлы, бараны і аслы; шакалы, гіены і інш. Шмат птушак і насякомых. Нац. парк — Кіртхар і Лал-Суханра; шматлікія запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. П. — шматнацыянальная краіна. Найб. народы належаць да інд. групы індаеўрапейскай моўнай сям’і: панджабцы (каля 85 млн.чал., пераважна прав. Пенджаб), пуштуны (каля 22 млн.чал., раёны на ПнЗ), сіндхі (каля 17 млн.чал., паўд.ч. даліны Інда), белуджы (каля 4,5 млн.чал., Белуджыстан). Жывуць таксама брагуі, кхо, кахістанцы, выхадцы з Індыі і Ірана. Амаль усе вернікі мусульмане (сунітаў 77%, шыітаў 20%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 171,8 чал. на 1 км², найб. на арашальных землях у даліне Інда і яго прытокаў — да 500 чал. на 1 км², у гарах і пустынных раёнах — каля 10—20 чал. на 1 км²Гар. насельніцтва 35%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., з прыгарадамі, 1999): Карачы — 9,7, Лахор — 5, Фейсалабад — 1,8. Больш за 1 млн. жыхароў у гарадах Хайдарабад, Равалпіндзі, Мултан, амаль па 1 млн. жыхароў у гарадах Пешавар і Гуджранвала. У сельскай гаспадарцы занята 47% працаздольных, у прам-сці — 17%, астатнія ў абслуговых галінах. Шмат пакістанцаў працуюць у нафтаздабыўных краінах Б. Усходу.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. У 4-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд узніклі ачагі земляробства, у 3—2-м тыс. да н.э. — высокаразвітая Інда даліны цывілізацыя. У 2-м тыс. да н.э. гэтую тэр. заваявалі плямёны індаарыяў; у 6—5 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 327—326 да н.э. заваявана войскамі Аляксандра Македонскага, а пасля яго смерці ўваходзіла ў Маур’яў дзяржаву. У 2—1 ст. да н.э. — ч.Грэка-Бактрыйскага царства, у 1—3 ст.н.э. — Кушанскай дзяржавы. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст.паўд. раёны П. ўвайшлі ў Амеядаў халіфат (1-я пал. 8 ст.). З гэтага часу пашырыўся іслам. У канцы 10—11 ст. даліна Інда ў складзе дзяржавы Газневідаў, у 1186—1206 — Гурыдаў, у 1206—1525 — Дэлійскага султаната, у 16 — пач. 18 ст. — Магольскай імперыі. У сярэдзіне 18 ст. даліну Інда заваяваў афганскі шах Ахмад-шах Дурані [1747—73]. Пасля распаду яго дзяржавы ў Пенджабе ўзнікла некалькі сікхскіх княстваў, якія былі аб’яднаны ў адзіную дзяржаву махараджам Ранджыт Сінгхам [1799—1839]. Тэр. Белуджыстана аб’яднаў пад сваёй уладай хан Калата — Насір-хан Белудж, у Сіндзе існавалі асобныя эміраты. У 1843 англічане заваявалі Сінд, у 1845—49 анексіравалі Пенджаб, да канца 19 ст. падпарадкавалі Белуджыстан і раёны ўсх.-пуштунскіх плямён. Да 1947 П. быў ч.Брыт. Індыі. У 1906 створана Мусульманская ліга (МЛ), якая выражала інтарэсы мусульм. меншасці Індыі. З канца 1930-х г. МЛ адстойвала патрабаванне падзелу Брыт. Індыі з мэтай стварэння асобнай дзяржавы інд. мусульман. Паводле Маўнтбетэна плана з Брыт. Індыі вылучана асобная дзяржава — П. з пераважна мусульм. насельніцтвам. Пры падзеле загінулі і сталі бежанцамі мільёны людзей.
15.8.1947 абвешчана незалежнасць П. ў складзе Брыт. Садружнасці, яго першы ген.-губернатар М.А.Джына, прэм’ер-міністр Ліякат Алі Хан. Да 1971 складаўся з Зах. і Усх. П., аддзеленых адзін ад аднаго тэр. Індыі. У маі 1956 прынята першая канстытуцыя П., якая абвясціла яго федэратыўнай рэспублікай. Няўстойлівасць грамадз. урадаў П. прывяла да ваен. перавароту 8.10.1958. Кіраўніком П. стаў ген. М.Аюб Хан, які кіраваў краінай амаль як неабмежаваны правіцель. Яго ўрад узяў курс на развіццё прам-сці і сельскай гаспадаркі, правёў агр. рэформу, у выніку якой абмежавана буйное феад. землеўладанне. Новая канстытуцыя, прынятая 1.3.1962, усталявала сістэму ўскосных выбараў у заканад. органы ўлады, легалізавала паліт. партыі. У 1965 Аюб Хан абраны прэзідэнтам. У сак. 1969 ён перадаў уладу ген.А.М.Ях’я Хану, пры якім у снеж. 1970 адбыліся першыя ў гісторыі П. ўсеаг. выбары. У выніку выбараў большасць месцаў у парламенце атрымала ўсх.-пакістанская Нар. ліга (НЛ); Пакістанская нар. партыя (ПНП), якая дамінавала ў Зах. П., заняла 2-е месца. Сітуацыя ва Усх. П., насельніцтва якога было незадаволена перавагай выхадцаў з Зах. П. ва ўрадзе краіны, абвастрылася. Адмова ваенных перадаць уладу НЛ прывяла да абвяшчэння ў сак. 1971 ва Усх. П. Нар. Рэспублікі Бангладэш. Пасля ўзбр. ўмяшання Індыі пакістанскія войскі ва Усх. П. ў снеж. 1971 капітулявалі. 20.12.1971 Ях’я Хан перадаў уладу лідэру ПНП З.А.Бхута, пад кіраўніцтвам якога ажыццёўлена праграма сац.-эканам. пераўтварэнняў: новая агр. рэформа, нацыяналізацыя вядучых галін прам-сці і банкаў. П. выйшаў з СЕАТО (1972) і Брыт. Садружнасці, прызнаў незалежнасць Бангладэш (1974) і пашырыў супрацоўніцтва з СССР; ідэалогіяй ПНП абвешчана канцэпцыя «ісламскага сацыялізму». У жн. 1973 прынята 3-я канстытуцыя П., якая абвясціла іслам дзярж. рэлігіяй, а краіну — Ісламскай Рэспублікай П. Б.ч. паўнамоцтваў прэзідэнта былі перададзены прэм’ер-міністру. На фоне абвастрэння ўнутрыпаліт. становішча 5.7.1977 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. рэжым на чале з ген. М.Зія-уль-Хакам (прэзідэнт П. з вер. 1977) змяніў унутр. і знешні курс П. Некаторыя нацыяналізаваныя прадпрыемствы вернуты б. уладальнікам, уведзена надзвычайнае становішча. У 1985 ухвалены папраўкі да канстытуцыі, якія давалі прэзідэнту надзвычайныя паўнамоцтвы. У жн. 1988 Зія-уль-Хак загінуў у авіяц. катастрофе. На парламенцкіх выбарах перамагла ПНП на чале з Б.Бхута. Але прэзідэнт Г.Ісхак Хан абвінаваціў урад Бхута ў недзеяздольнасці і карупцыі і ў жн. 1990 распусціў парламент. На выбарах 1993 зноў перамагла ПНП. Новыя выбары ў лют. 1997 скончыліся перамогай Пакістанскай мусульм. лігі на чале з М.М.Н.Шарыфам, які ў 1990—93 быў прэм’ер-міністрам П. Даўні канфлікт П. і Індыі з-за Кашміра абвастрыўся. Пасля інд. выпрабаванняў ядз. зброі ў маі 1998 П. правёў уласныя ядз. выпрабаванні. Намаганні Шарыфа сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках абвастрылі яго адносіны з арміяй. 12.10.1999 ваенныя скінулі Наваз Шарыфа і распусцілі парламент. Новым кіраўніком П. стаў ген. П.Мушараф. П. — чл.ААН з 1947. Дыпламат. адносіны паміж П. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Пакістанская нар. партыя, Пакістанская мусульм. ліга.
Гаспадарка П. — аграрна-індустр. дзяржава з шматукладнай эканомікай. Валавы нац. прадукт — 270 млрд.дол., каля 2000 дол. на душу насельніцтва (1998). У прам-сці важную ролю адыгрывае дзярж. сектар. Эканоміка перажывае перыяд пераходу ад дзярж. рэгулявання да свабоднага рынку. Праводзяцца дэнацыяналізацыя і прыватызацыя дзярж. сектара. Расце роля прыватных манапал. аб’яднанняў. У сельскай гаспадарцы ствараецца 24% валавога нац. прадукту, у прам-сці — 26%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 млн.га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 21,7 млн.га, пад пашай — каля 40 млн.га. Арашаецца 17,1 млн.га, што дазваляе збіраць 2—3 ураджаі за год. Зямля ў асн. належыць памешчыкам і буйным фермерам, сяляне — пераважна арандатары. Харч. культуры займаюць каля 80% пасяўной плошчы. Валавы збор (млн.т, 1997): пшаніцы — 16,7, рысу — 4,3, кукурузы — 1,3, цукр. трыснягу — 41,9. Вырошчваюць таксама бавоўнік (займае больш за 10% пасяўной пл.), прасяныя культуры (баджра, джавар), ячмень, алейныя (рапс, гарчыца), тытунь. Пшаніцу вырошчваюць пераважна ў Пенджабе на арашальных землях, рыс — у нізоўях Інда і на забалочаных тэр. Пенджаба, бавоўнік — у Сіндзе і міжрэччы Джэлама і Сатледжа, цукр. трыснёг — у раёне г. Пешавар, алейныя — у даліне р. Інд, прасяныя і ячмень — на неарашальных землях. Усюды сеюць зернебабовую культуру нут (асн. крыніца бялку ў рацыёне пакістанцаў). Садоўніцтва: фінікі ў далінах Белуджыстана, абрыкосы і плады тутавага дрэва ў горных раёнах, манга, цытрусавыя, фігавае дрэва на раўнінах. Вінаградарства. Агародніцтва. Жывёлагадоўля нізкапрадукцыйная, мае другараднае значэнне, выкарыстоўвае натуральныя пашы ў гарах, пустынях і паўпустынях, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У земляробчых раёнах гадуюць пераважна цяглавую буйн. раг. жывёлу і буйвалаў, часткова авечак, развіта птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйвалаў — 21,2, буйн. раг. жывёлы — 18, коз —48,6, авечак — 32,3, птушкі — 200. Меншае значэнне мае гадоўля коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Развіта рачное і марское рыбалоўства, лоў крэветак. У 1997 вылаўлена 575,1 тыс.т рыбы. Рыбаводства ў сажалках і на рысавых палях. Прамысловасць развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі, у апошнія гады павялічвае выпуск прадукцыі прыкладна на 10% за год. У горназдабыўной прам-сці вядзецца здабыча прыроднага газу (Белуджыстан, 15,8 млрд.т, 1997), храмітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў; невялікая здабыча нафты і бурага вугалю. Энергетыка заснавана пераважна на імпартнай нафце. Некалькі буйных ГЭС на горных і перадгорных рэках, найб. Тарбела на р. Інд (на ПнЗ ад Ісламабада); АЭС каля Карачы. Выпрацавана эл.-энергіі 57,6 млрд.кВтгадз (1997).
Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: тэкст., харч., хім., цэм., сталеплавільная, газавая, нафтаперапрацоўчая. Тэкст.прам-сцьнайб. развіта ў Карачы і гарадах Пенджаба, пераважае перапрацоўка бавоўны, вытв-сць пражы і тканін. Пешавар — цэнтр шаўкаткацтва. Прамысл. дыванаткацтва. Меншае значэнне мае выраб тканін шарсцяных і са штучнага валакна. Прадпрыемствы швейнай і трыкат. прам-сці ў Карачы, Хайдарабадзе, Фейсалабадзе, Лахоры, Акары. Шмат прадпрыемстваў гарбарна-абутковай прам-сці (Карачы, Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад). На базе лясных масіваў развіты дрэваапр. і мэблевая прам-сць (Карачы, Пешавар). Харч.прам-сць прадстаўлена вял. колькасцю мукамольных, рысаачышчальных, цукр., маслабойных і алейных, малочных і інш. прадпрыемстваў. Карачы — цэнтр рыбаперапрацоўкі. Горад Акара — цэнтр здабычы і апрацоўкі солі. Тытунёвыя і цыгарэтныя ф-кі ў Карачы, Хайдарабадзе, Джэламе. Развіваецца металаапрацоўка і машынабудаванне. Асн. цэнтры металаапрацоўкі — Карачы (металургічны з-д), Лахор, Равалпіндзі, Хайдарабад, машынабудавання — Карачы (судны, эл.-тэхн., зборка трактароў, мотаролераў), Равалпіндзі (вагонабудаванне), Хайдарабад (с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне), Мултан (с.-г. інвентар), Гуджранвала і Сіялкот (эл.-тэхн., мед. абсталяванне), Джэлам (паліграф. абсталяванне). Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, разнастайнай хім. прам-сці — г. Карачы. Цэнтры вытв-сці мінер. угнаенняў — Лахор і Мултан. Ёсць прадпрыемствы цэм., буд. матэрыялаў, шкляной, гумава-тэхн., папяровай, паліграф. і інш. галін прам-сці. Шырока развіты саматужныя промыслы і рамёствы. Найб. пашыраны хатняе ткацтва, пашыў нац. адзення, выраб дываноў, кашмірскіх шаляў, ювелірных упрыгожанняў, вышыўка па шоўку, апрацоўка паўкаштоўных камянёў, разьбярства па дрэве, серабру, медзі, бронзе, ганчарны промысел. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. (тыс.км): аўтадарог — 224,7 (у т. л. з цвёрдым пакрыццём 128,1 тыс.км, 60% пасаж. і грузавых перавозак), чыгунак — 8,8. У краіне 800 тыс. легкавых, 300 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. газаправодаў 4 тыс.км. Значная роля гужавога транспарту. Гал. марскі порт — Карачы. У краіне 116 аэрапортаў. Міжнар. аэрапорты ў Карачы, Ісламабадзе, Лахоры. У 1998 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт — 10,1 млрд.дол. Экспартуюцца бавоўна, рыс, рыба і рыбапрадукты, баваўняныя тканіны, дываны, скуры і скургалантарэя, адзенне. У імпарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прамысл. сыравіна і абсталяванне, трансп. сродкі, алей, жывёльны тлушч, чай, хімікаты, угнаенні. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Германія, Вялікабрытанія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Знешні доўг больш за 30 млрд.дол. Развіваецца турызм. У 1997 расходы замежных турыстаў перавысілі 111 млн.дол. Грашовая адзінка — пакістанская рупія.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (587 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (247 тыс.чал., у т. л. 185 тыс.чал. у нац. гвардыі, 3,5 тыс.чал. у пагран. войсках і 25 тыс. рэйнджэраў; 1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 520 тыс.чал., 2120 танкаў, 850 бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. гармат, у т. л. 2 тыс. зенітных, 725 мінамётаў і інш. У ВПС 45 тыс.чал., 429 баявых самалётаў, 134 верталёты, у т. л. 20 ударных, якія арганізацыйна ўваходзяць у склад сухап. войск. У ВМС 22 тыс.чал., у т. л. 1,2 тыс.чал. у марской пяхоце, 9 падводных лодак, 16 баявых караблёў, у т. л. 3 эсмінцы, 8 фрэгатаў, 5 тральшчыкаў; у марской авіяцыі 7 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Мед. дапамога малазабяспечанай ч. насельніцтва бясплатная ў дзярж. бальніцах, паслугі прыватных урачоў платныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 58,2, жанчын 60 гадоў (1999). Смяротнасць — 11 на 1 тыс.чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1517 чал., урачамі — 1 на 1863 чал. Узровень нараджальнасці — 34 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,4%. Дзіцячая смяротнасць — 93 на 1 тыс.чал. (1999). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за ўзроўнем нараджальнасці (планавая стэрылізацыя).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1200 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты на урду — «Джанг» («Барацьба», з 1937), «Імроз» («Сёння», з 1948), «Машрык» («Усход», з 1963), на англ. — «The Pakistan Times» («Пакістанскі час», з 1947), «Muslim» («Мусульманін», з 1979), на англ. і гуджараці — «Dawn» («Світанне», з 1942), на англ. і урду мовах — «Nawa-i-Waqt» («Новы час», з 1940). Інфарм. агенцтвы — урадавае Асашыэйтэд Прэс оф Пакістан (АПП, з 1947), прыватныя — Пакістан Прэс Інтэрнэшанал (ППІ, з 1956), Юнайтэд Прэс оф Пакістан (ЮПП, з 1949), Індэпэндэнт Ньюс оф Пакістан (з 1991). Радыёвяшчанне з 1947. Тэлебачанне з 1964. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуюць урадавыя службы — Пакістанская радыёвяшчальная карпарацыя (з 1947 як Радыё Пакістана, з 1972 сучасная назва) і Пакістанская тэлевізійная карпарацыя (з 1967). Перадачы вядуцца на 24 мовах.
Літаратура. Развіваецца з 1947 на аснове нац. л-р урду, сіндхі, пенджабскай, пушту, гуджарацкай, белуджскай, бенгальскай (да 1971) і агульнай фальклорна-літ. і культ. спадчыны народаў Паўн. Індыі. У 1950—60-я г. зарадзілася пісьмовая л-ра на мовах і дыялектах малых этн. груп (драгуі і інш.). Асн. кірункі ў л-ры П. — рэалістычны і часткова рамантычны, з 1950-х г. пашырыліся разнастайныя мадэрнісцкія кірункі. Значнае месца занялі пераклады зах.-еўрап., рус. класікі і сав. л-ры. Найб. паспяхова развіваецца л-ра урду: вядомыя паэты — Джош Маліхабадзі (рэв. рамантык), А.Ф.Фаіз, А.Н.Касмі (выступае і як празаік), Э.Даніш, Ш.Катыль, мадэрністы Міраджы, Н.М.Рашыд, празаікі-рэалісты С.Х.Манта, Гулам Абас, Мірза Адыб, Х.Інтызар, С.Шаўкат. Пашыраны дэтэктыўны і мусульм. раманы, развіваецца драма. Патрыят. ідэямі прасякнута творчасць пісьменнікаў сіндхі (паэзія Шэйха Аяза, проза Г.Х.Балуча, Дж.Абру), публікуецца багаты сіндхскі фальклор. Значных поспехаў дасягнула паэзія пушту (С.Р.Захейлі, С.Самандар, А.Х.Шынвары). Рэаліст. кірунак у прозе прадстаўлены творчасцю М.Абдулкарыма, К.Маманда, В.М.Туфана, рамант. — Махдзі. Для пенджабскай л-ры характэрны зварот да класічных традыцый і фалькл. спадчыны (Фаіз). Развіваецца пераважна паэзія (М.Ніязі, А.Рахі). Белуджская л-ра ў стадыі станаўлення. З патрыят. вершамі выступаюць Азад Джамалдзіні, Г.Насір, у жанры апавядання — Б.Рыкі, Г.М.Шахвані. Невял. група паэтаў піша на гуджараці, араб. і перс. мовах, на серайкі, брагуі і мультані, якія маюць вузкарэгіянальнае значэнне. У 1959 засн. «Гільдыя пісьменнікаў Пакістана».
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маюць агульныя гіст. карані з маст. культурай Індыі, але вызначаюцца мясц. асаблівасцямі. На тэр. П. пры раскопках выяўлены рэшткі паселішчаў 4—3-га тыс. да н.э. з дамамі з каменю і цэглы-сырцу (Амры, Рана-Гхундаі), рэгулярна спланаванага гар. паселішча 3-га тыс. да н.э. (Кот-Дыджы), ганчарныя вырабы з размалёўкай, метал. ўпрыгожанні, гліняныя статуэткі жанчын і жывёл. У даліне р. Інд адкрыты руіны цэнтраў харапскай цывілізацыі — Махенджа-Дара і Харапа (каля сярэдзіны 3—2-га тыс. да н.э.). У 3 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. ў вобласці Гандхара склалася самабытнае мастацтва, якое дасягнула высокага развіцця ў перыяд Кушанскай дзяржавы (рэшткі каменных культавых збудаванняў, у т. л. 60 скальных ступ у Мінгоры, упрыгожаных скульпт. рэльефамі, ляпнінай, статуямі Буды, бадхісатваў і геніяў, размалёўкамі, чайцья, будыйскіх комплексаў Дхармараджыка і Джаўліян у Таксіле і інш.). З 8 ст. развівалася араб. культура (рэшткі горада-порта Банбхора з масіўнымі каменнымі ўмацаваннямі і мячэццю). З 11 ст. пашырылася буд-ва мячэцей, мінарэтаў, маўзалеяў, рэзідэнцый і абарончых збудаванняў у гарадах Лахор, Мултан, Пешавар і інш. Масавая жылая забудова — глінабітная або з цэглы-сырцу, з драўляным каркасам. Манум. будынкі ўзводзілі пераважна з абпаленай цэглы, у іх аздабленні выкарыстоўвалі панэлі, запоўненыя мазаічнымі ўзорамі і разьбой па дрэве. На культавую архітэктуру 13—15 ст. паўплывалі традыцыі крапаснога дойлідства (маўзалей Рукні-Алам у Мултане, 14 ст.). У 16—17 ст. гарады абносілі масіўнымі сценамі і абкружалі садамі, па-за сценамі ствараліся магутныя фарты з палацамі, урадавымі і культавымі будынкамі. Сярод найб. значных пабудоў мячэць Шах-Джахана, маўзалеі могілак на ўзгорку Маклі—Мірза Іса Хана ў Таце і інш. У выяўл. мастацтве найб. росквіту дасягнула мініяцюра магольскай школы. У сярэдзіне 19—20 ст. пад уплывам англ. каланізатараў цэнтры традыц. культуры заняпалі. Развіваліся новыя гарады, у якіх будавалі парты, вакзалы, муніцыпалітэты (Карачы і інш.). У стылістыцы пераважалі формы нац. архітэктуры 17 ст. (купалы, аркады, арнаментальная разьба па каменю або каляровых глазураваных плітках), англ. неакласіцызму і неаготыкі. Пасля ўтварэння П. (1947) інтэнсіўна развіваюцца новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай і забудовай малапавярховымі дамамі з унутр. дворыкамі (Ісламабад, Даўдхейль, Новы Кхаўр і інш.), будуюцца мячэці і маўзалеі ў традыц.арх. стылях з выкарыстаннем сучасных канструкцый. У выяўл. мастацтве захоўваюцца традыцыі магольскай школы мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (А.Бакш, А.Р.Чугтаі, Ф.Рахаміні і інш.), пашыраецца мастацтва зах.-еўрап. тыпу (З.Агха, Ш.Алі, Гулгі, А.Іслам і інш.). Са стараж. відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва развіваюцца апрацоўка металу, ганчарства, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па косці і дрэве.
Музыка П. на працягу многіх стагоддзяў была непарыўна звязана з муз. культурай паўн. часткі Індастана, т.зв. традыцыя хіндустані. Стараж. цывілізацыі, што існавалі на тэр. П., склалі падмурак самабытнай музыкі, якая ўвабрала ў сябе традыцыі муз. культур араб. свету і Індыі. З 8 ст. развіваюцца разнастайныя формы музіцыравання, звязаныя з мусульм. традыцыямі: рэліг. (рэчытацыя тэкстаў Карана і інш.) і свецкія, прадстаўленыя традыц. вакальна-інстр. музыкай і танц. фальклорам розных рэгіёнаў. Муз. інструментарый роднасны інструментам Паўн. Індыі, Непала і Бангладэш. Найб. пашыраны струнныя — сітар, сарод, сарангі, танпура, рабаб, духавыя — шэнаі (габой), бансоры (флейта), алгоза (падвойная флейта), ударныя — табла, пакхавадж і інш. Класічная музыка П. развівалася пераважна пры дварах мусульм. правіцеляў. У 16—17 ст. яна дасягнула высокага ўзроўню, шырока вядомымі сталі класічныя і паўкласічныя жанры дхрупад, кхаял, у 18—19 ст. — газал, тхумры, дадра, тапа і інш. Пасля 1947 развіццё муз. культуры П. набыло новыя, самаст. кірункі. Стваральнік сучаснай музыкі П. — спявак і выканаўца на сарангі Умрао Бунду Хан. Сярод сучасных музыкантаў П.: вакалісты Назакат Алі Хан і Саламат Алі Хан (браты), Фатэх Алі Хан, інструменталісты Абдул Вахід Хан (сарангі), Кабір Хан (сітар), Ала Дыта (табла) і інш. З 1971 развіццё муз. культуры П. каардынуе і накіроўвае Нац. савет па справах мастацтва.
Герб і сцяг Пакістана.У гарах на ПнПакістана.Сталіца Пакістанаг. Ісламабад.Да арт.Пакістан. На рынку рамесніцкіх вырабаў.Да арт.Пакістан. Хайберскі перавал, праз які праходзіць асноўная аўтадарога ў Афганістан.