МАКЛЕ́АД ((Macleod) Джон Джэймс Рыкард) (6.9.1876, Клюні, Вялікабрытанія — 16.3.1935),

англійскі фізіёлаг. Вучыўся ва ун-тах г. Абердзін і г. Лейпцыг (Германія). У 1903—18 у ЗША; з 1918 праф. ун-та г. Таронта (Канада). Вывучаў функцыі дыхальнага цэнтра мозга, эксперым. гліказурыю, утварэнне малочнай к-ты, колькасць цукру ў крыві. Адкрыў інсулін (разам з Ф.Г.Бантынгам і Ч.​Г.​Бестам), распрацаваў метад яго выкарыстання для лячэння цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Бантынгам).

Дж.Маклеад.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУ́ХА,

пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання алею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу B. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць ў сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РДУК,

у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э. — вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ СТАРТ,

міжнародны касмадром марскога базіравання (на плывучай платформе) для пускаў ракет касм. прызначэння, а таксама праект яго стварэння. Каардынацыя работ па яго рэалізацыі вядзецца з 1996 акц. кампаніяй Sea Launch Со (заснавальнікі ЗША, Расія, Нарвегія і Украіна). Касмадром мае стартавую платформу, зборачна-каманднае судна і інш. абсталяванне, што забяспечвае вывядзенне з экватара на геастацыянарную (ці інш.) арбіту спадарожніка з большай масай карыснага грузу, чым з інш. касмадрома. Першы запуск спадарожніка ажыццёўлены ў 1999.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РШЫ (ням., адзіночны лік Marsch),

нізінныя палосы раўніннага марскога ўзбярэжжа, якія заліваюцца вадой у час высокіх прыліваў або нагонаў марской вады. Размяшчаюцца вышэй ватаў, часта абмежаваныя паласой дзюн. Складзены звычайна з ілістых або пясчана-ілістых наносаў, на якіх фарміруюцца багатыя гумусам глебы, пакрытыя лугамі і балотамі. Асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў наз. польдэрамі. Характэрны для ўзбярэжжаў Паўночнага м. (Нідэрланды, Германія), Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША. Падобныя на М. ландшафты (лайды) пашыраны на берагах Паўн. Ледавітага ак.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫЯНСКЕ-ЛА́ЗНЕ (Mariánské Láznĕ),

б. Марыенбад, бальнеалагічны курорт у Чэхіі. За 40 км на Пд ад г. Карлавы Вары. Развіваецца з 18 ст. Клімат умераны, з рысамі горнага. Асн. лек. фактар — каля 40 крыніц мінер. вод з высокім утрыманнем жалеза, што выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб страўніка, жоўцевых і мочапалавых шляхоў, нырак, перыферычнай нерв. сістэмы, верхніх дыхальных шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў, скурных хвароб. Торфагразелячэнне. Санаторыі, водагразелячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр міжнар. турызму.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ (Уладзімір Аркадзевіч) (н. 13.3.1956, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб і педыятрыі. Д-р мед. н., праф. (1997). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1979), з 1982 працуе ў ім. Навук. працы па цытамегалавіруснай інфекцыі, імунапатагенезе, клінічнай імуналогіі, інфекц. хваробах дзяцей.

Тв.:

Инфекционные болезни у детей. Мн., 1997 (разам з А.​П.​Сушко, Л.​М.​Тупковай);

Цитомегаловирусная инфекция как фактор иммуносупрессии для детей первого года жизни // Эпидемиология и инфекционные болезни. 1998. № 6.

т. 10, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛІН (Яўген Рыгоравіч) (н. 7.2.1939, Масква),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1964). З 1989 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па флебалогіі, экстракарпаральнай гемасорбцыі, хірург. гепаталогіі, неадкладнай мед. дапамозе ў экстрэмальных сітуацыях.

Тв.:

Клинико-биохимическая классификация Печеночной недостаточности (у сааўт.) // Хирургия. 1985. № 1;

Неотложные состояния: Справ. для врачей. 2 изд. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТО́Л (ад лац. mentha мята + oleum алей),

n-ментанол-3,3-метыл-6-ізапрапілцыклагексанол, арганічнае злучэнне, спірт аліцыклічнага шэрагу; асноўны кампанент мятнага алею.

Бясколерныя легкаплаўкія крышталі (tпл 43—44 °C) з пахам мяты і гаркаватым смакам. Раствараецца ў этаноле, абмежавана ў вадзе. Атрымліваюць вымарожваннем з мятнага алею, а таксама сінтэзуюць гідрыраваннем тымолу. Выкарыстоўваюць для араматызацыі лікёраў, цукерак, тытуню, сродкаў догляду за зубамі, як кампанент лек. прэпаратаў (напр., валідолу). Аказвае абязбольвальнае і абеззаражвальнае дзеянне, моцна ахалоджвае скуру.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕТЭО́Р»,

1) расійская метэаралагічная касм. сістэма. Складаецца з ШСЗ «Космас» і «М.», пунктаў прыёму, апрацоўкі і распаўсюджвання метэаінфармацыі, службы кантролю і кіравання бартавымі сістэмамі ШСЗ. Прызначана для збору метэаінфармацыі, а таксама навук. даследаванняў. Распрацавана ў СССР, функцыянуе з 1967.

2) Серыя метэаралагічных ШСЗ. Тэлевізійная і інфрачырвоная апаратура, устаноўленая на «М.», дае магчымасць за 1 абарот вакол Зямлі атрымліваць інфармацыю з 20% плошчы зямнога шара. З сакавіка 1969 запушчана больш за 50 «М.».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)