КРЭМ (франц. creme),

1) салодкая ежа звычайна з сумесі ўзбітых вяршкоў, фруктовых сокаў, шакаладу, кавы і інш. 2) Паўфабрыкат для праслойвання і ўпрыгожвання пірожных і тортаў. Робіцца з сумесі цукру, малака, масла, яец і інш. Бывае вішнёвы, лімонны, шакаладны і г.д. 3) Касметычная мазь (напр., ланалінавы К.).

4) Мазь для чысткі скуранога абутку; вакса, гуталін.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТА́Ж (франц. courtage),

узнагароджанне брокеру за пасрэдніцтва пры ажыццяўленні біржавай здзелкі. Падлічваецца звычайна ў праміле да сумы заключанай здзелкі і выплачваецца маклеру прадаўцом і пакупніком. Стаўкі К. залежаць ад катэгорыі каштоўных папер і тавараў, аб’ёму біржавых здзелак. Памеры К. вызначаюцца статутам біржы або па ўзгадненні паміж удзельнікам біржавай здзелкі і брокерам.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЕРУ́ЗА ПРАЛІ́Ў Паміж а-вамі Сахалін (Расія) і Хакайда (Японія). Злучае Ахоцкае і Японскае моры. Даўж. 94 км, найменшая шыр. 43 км, глыб. 27—118 м. Моцныя прыліўна-адліўныя цячэнні. Зімой укрыты лёдам. Марскі шлях паміж г. Уладзівасток, партамі Ахоцкага і Берынгава м. і Ціхім ак. Порт — Ваканай (Японія). Названы імем франц. мараплаўца Ж.Ф.Лаперуза.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙЦЫ́Н,

(L-d-амінаізакапронавая кіслата), незаменная амінакіслата, бясколернае крышталічнае рэчыва гаркаватага смаку, знаходзіцца ў жывёльных і раслінных бялках. Упершыню вылучаны ў 1820 франц. хімікам А.​Бракано з мышачных валокнаў. Адсутнасць Л. ў стравах вядзе да адмоўнага балансу азоту і спынення росту ў дзяцей. Прэпарат пад назвай «Лейцын» (мае ў сабе Л.) выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ЯЎРЭ́ЙСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА Э.​М.​Хайкіна.

Існавала ў 1907—18 у Мінску прыватная ўстанова. Мела прыходскі і 7 асн. класаў. Навучанне платнае. Вывучаліся: законы яўр. веры, рус., ням., франц. мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, хімія, матэматыка, законазнаўства, чарчэнне, чыстапісанне, ваен. гімнастыка, спевы. У 1915 вучылася 325 юнакоў. У 1915 эвакуіравана ў Пензу. Закрыта ў 1918.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. naturalisation ад лац. naturalis прыродны, сапраўдны, законны) у біялогіі, поўнае ўжыванне новага для дадзенага біяцэнозу віду; выпрацоўка або замяшчэнне ім экалагічнай нішы ў згуртаванні. Суправаджаецца ўзнікненнем новых адаптацый, абумоўлена мяжой нормы рэакцыі арганізма. Генет. структура папуляцыі або віду пры гэтым не змяняецца. Звязана з акліматызацыяй і інтрадукцыяй.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСТО́ЛЬ (франц. pistole, ісп. pistola),

старадаўняя іспанская залатая манета. Чаканілася ў 16—18 ст., маса 6,20 г; з 1786—5,92 г. У 17 ст. назву «П». атрымалі практычна ўсе залатыя манеты, якія былі роўныя па масе ісп. П. Абарачаліся ў Францыі (гл. Луідор), Італіі, Германіі і інш. краінах. Выйшлі з абарачэння ў канцы 18 ст.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПАРТ, у ВМФ рапо́рт (польск. raport ад франц. rapport паведамленне),

1) вусны або пісьмовы даклад ваеннаслужачага начальніку па службовых пытаннях. У выглядзе Р. афармляюцца таксама заявы, прапановы і асабістыя просьбы ваеннаслужачых. Ва Узбр. сілах Беларусі і шэрагу інш. краін парадак аддання (падання) Р. вызначаецца Статутам унутранай службы.

2) Справаздача аб выкананні задання або абавязацельства.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІДЭ́НТ (франц. résident ад лац residens які сядзіць, застаецца на месцы),

1) дыпламатычны прадстаўнік, ранг якога ніжэйшы за пасланніка; поўная назва — міністр-рэзідэнт.

2) Прадстаўнік разведкі ў інш. краіне, які накіроўвае работу агентурнай сеткі.

3) Юрыд. або фіз. асоба, якая зарэгістравана ў дадзенай краіне і на якую ў поўнай меры пашыраецца нац. заканадаўства.

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕРТУА́Р (франц. répertoire ад позналац. repertorium спіс, вопіс),

сукупнасць драм. ці муз. твораў, якія выконваюцца ў пэўным т-ры, на эстрадзе, а таксама асобным акцёрам. Р. адрозніваюць таксама па стылях і жанрах (рамант., камед. і інш.); існуюць паняцці «сучасны Р.» (творы пра сучаснае жыццё), «класічны Р.» (класічныя нац. і сусв. драматургія, муз. творы) і інш.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)