АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ — КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (American Federation of Labor-Congress of Industrial Organizations АФП—КВП),
найбольшае прафс. аб’яднанне ў ЗША. Створана ў 1955 у выніку зліцця Амерыканскай федэрацыі працы і Кангрэса вытворчых прафсаюзаў. Да 1969 уваходзіла ў Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў. Штаб-кватэра ў г. Вашынгтон. З’яўляецца асн. сацыял-рэфармісцкай сілай у краіне, на прэзідэнцкіх выбарах у асноўным падтрымлівае Дэмакр. партыю. У сваёй дзейнасці зыходзіць з ідэі, што рабочыя павінны мець права на забастоўку, выкарыстоўвае метадыкалект. торгу (для дасягнення калект. дагавору з работадаўцам) і паправак да закону (паляпшэнне існуючых законаў); кіраўніцтва АФП—КВП выступае супраць левага радыкалізму і свабоднай рыначнай стыхіі. Аб’ядноўвае (1994) 98 найбуйнейшых прафсаюзаў краіны: рабочых буд. прам-сці, транспартнікаў, партовых грузчыкаў усх. ўзбярэжжа і інш.; больш за 14,5 млн.чл. Старшыні АФП—КВП: Дж.Міні (1955—79), Л.Керкленд (з 1979). Друкаваныя органы: штотыднёвік «AFL—CIO News» («Навіны АФП—КВП») і штомесячны час. «American Federationist» («Амерыканскі федэрацыяніст»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае ўласцівасці алгебраічных ураўненняў віду xn+a1xn-1 + ... + an=0 і іх рашэнне пры дапамозе груп тэорыі.
Падрыхтавана працамі Ж.Лагранжа, К.Гаўса, Н.Абеля. Створана Э.Галуа. Ставіць у адпаведнасць алг. ўраўненню яго групу Галуа, якая складаецца з тых падстановак каранёў, што захоўваюць усе рацыянальныя суадносіны паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўнення. Галуа тэорыя дае неабходную і дастатковую ўмову вырашальнасці ўраўнення ў радыкалах. У прыватнасці, з яе вынікае, што алг. ўраўненні ступені вышэй за 4-ю ў агульным выпадку невырашальныя ў радыкалах. У сучасным разуменні Галуа тэорыя — тэорыя, якая вывучае матэм. аб’екты праз іх групы аўтамарфізмаў. Напр., існуюць Галуа тэорыі палёў, кольцаў, тапалагічных прастораў і інш. Ідэі і метады Галуа тэорыі выкарыстоўваюцца ў тэорыі аналітычных функцый, тапалогіі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Літ.:
Чеботарев Н.Г. Основы теории Галуа. Т. 1—2. М.; Л., 1934—37;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМАНІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаецца раскладанне функцый у трыганаметрычныя шэрагі і інтэгралы. Класічны гарманічны аналіз узнік у 18—19 ст. пад уплывам фіз. задач і стаў самаст.матэм. дысцыплінай у канцы 19 — пач. 20 ст. Далейшае развіццё прывяло да ўстанаўлення сувязей гарманічнага аналізу з агульнымі праблемамі тэорыі функцый і функцыянальнага аналізу. Метады гарманічнага аналізу выкарыстоўваюцца ў тэорыі імавернасцей, тэорыі дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў і інш.
Сутнасць класічнага гарманічнага аналізу ў раскладанні перыядычных функцый у збежныя Фур’е шэрагі, каэфіцыенты якіх у некат. выпадках вылічаюцца па Эйлера—Фур’е формулах, калі функцыя зададзена складаным выразам, табліцай або графікам — лікавымі, графічнымі і інш. метадамі набліжанага інтэгравання або з дапамогай спец. прылад — гарманічных аналізатараў. Неперыядычная функцыя (пры пэўных умовах) выражаецца ў выглядзе Фур’е інтэграла, што апісвае яе як суму бясконца малых гарманічных кампанентаў, параметры якіх вызначаюцца Фур’е пераўтварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МРУЛЬ (англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),
рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г. — пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст.метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і ліквідацыю забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі прамысл. выкідамі і гасп.-бытавымі адходамі, на аздараўленне ўмоў працы, папярэджанне інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць асн. ўстановы сан. службы, у т. л. санітарна-эпідэміялагічныя станцыі. У практыцы сан. нагляду шырока выкарыстоўваюцца лабараторныя метады ацэнкі прафесійна-вытв. фактараў. Папярэдні санітарны нагляд накіраваны на кантроль за захаваннем сан. норм і правіл пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і пуску ў эксплуатацыю прамысл. і с.-г. аб’ектаў, за ўкараненнем у практыку новых тэхнал. працэсаў, новага абсталявання, машын, механізмаў, хім. рэчываў і інш.Бягучы санітарны нагляд кантралюе выкананне сан. заканадаўства на прадпрыемствах, вывучэнне ўмоў працы і захворванняў на прадпрыемствах і ў с.-г. вытв-сці; аказвае дапамогу ў арганізацыі правядзення папярэдніх і перыядычных мед. аглядаў і кантралюе іх якасць; вядзе ўлік, рэгістрацыю і расследаванне прычын прафесійных хвароб; правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы жанчын і падлеткаў; распрацоўвае комплексныя планы аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех. напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метадыстабілізацыі палімераў.
Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэс найб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС КО́ШТУ ЖЫЦЦЯ́,
адносны паказчык, які разлічваецца з улікам змянення кошту фіксаванага «спажывецкага кошыка» або як сярэднеарыфметычная ўзважаная велічыня з індэксаў рознічных цэн на тавары і паслугі і фактычнай структуры расходаў насельніцтва. Адзінкай стат. ўліку з’яўляецца сям’я. У структуру яе расходаў уключаюць прадукты харчавання, адзенне, абутак, тавары працяглага карыстання, паліва, электраэнергію, камунальныя і трансп. паслугі, мед. абслугоўванне, адукацыю і інш. Вага І.к.ж. вызначаецца шляхам бюджэтных абследаванняў структуры спажывецкіх расходаў, якія робяць з дапамогай мэтанакіраваных або выпадковых адбораў. Метады вызначэння складу спажывецкіх набораў у розных краінах адрозніваюцца. У большасці краін пры пабудове І.к.ж. выкарыстоўваюць пастаянныя вагі, якія дзейнічаюць працяглы час. Прымаючы пад увагу іх недахопы, некат. краіны (напр., Вялікабрытанія, Францыя і інш.) перайшлі да неперарыўнага абследавання бюджэтаў сем’яў і злічэнні на гэтай падставе ланцуговых І.к.ж. з бягучымі вагамі. У шэрагу краін акрамя агульнага індэкса разлічваюцца індэксы розных груп насельніцтва (пенсіянераў, з малым, сярэднім даходамі і інш.). Гл. таксама Індэкс цэн, Індэкс узроўню жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці, спосабы вылічэння і дастасаванні інтэгралаў. Асн. паняцці: нявызначаны інтэграл і вызначаны інтэграл. Разам з дыферэнцыяльным злічэннем складае курс матэм. аналізу (ці аналізу бясконца малых).
І.з. ўзнікла з задач на вызначэнне плошчаў і аб’ёмаў. Найб. блізка да сучаснага разумення інтэгравання падышоў Архімед (3 ст. да н.э.). Стваральнікі І.з. І.Ньютан і Г.Лейбніц незалежна адзін ад аднаго пабудавалі інтэгральнае і дыферэнцыяльнае злічэнні і ўстанавілі іх узаемную абарачальнасць. Далейшае развіццё І.з. звязана з працамі Л.Эйлера, А.Кашы, Б.Рымана, А.Лебега, Т.І.Стылцьеса, А.М.Калмагорава і інш. Вылічэнне інтэгралаў (гл.Інтэграванне) толькі ў рэдкіх выпадках выконваецца непасрэдна па формулах (напр., шляхам абарачэння формул дыферэнцавання) — некат. інтэгралы нават ад параўнальна простых функцый нельга выразіць праз элементарныя, напр., інтэграл імавернасці. І.з. служыць крыніцай узнікнення новых (трансцэндэнтных) функцый (інтэгральнага сінуса, інтэгральнага лагарыфма і інш.). Для такіх функцый створаны табліцы значэнняў. Гл. таксама Графічныя вылічэнні, Набліжанае інтэграванне, Лікавыя метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Анатоль Анатолевіч) (н. 13.1.1939, г. Гомель),
бел. фізік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфіз.-матэм.н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1961). З 1964 у Ін-це фізікі, з 1971 у Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі (з 1982 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы вадкіх крышталёў, апрацоўцы аптычнай інфармацыі. Развіў метады кіравання параметрамі выпрамянення цвердацелых лазераў для задач атрымання і апрацоўкі інфармацыі; устанавіў асн. заканамернасці палярызацыі выпрамянення лазераў на фарбавальніках і нелінейна-аптычных з’яў, што ўзнікаюць у вадкакрышт. анізатропных асяроддзях пад уздзеяннем выпрамянення цвердацелых лазераў. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з У.А.Піліповічам);
Поляризация излучения, генерируемого растворами сложных молекул (з ім жа) // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
ОВФ в нематиках, активированных красителями, в поле импульсного излучения рубинового лазера (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1995. Т. 22, № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́КТНЫЯ І НЕКАРЭ́КТНЫЯ ЗАДА́ЧЫ,
класы матэм. задач, якія адпавядаюць пэўным умовам вызначанасці іх рашэнняў.
Задача наз. карэктнай, калі яе рашэнне існуе, пры гэтым яе рашэнне адзінае і ўстойлівае. Задача, якая не задавальняе гэтым умовам, наз. некарэктнай. Напр., сістэма алг. ураўненняў з нулявым дэтэрмінантам некарэктная, з ненулявым — карэктная. Некарэктнымі з’яўляюцца многія задачы геафізікі, аэра-, тэрма- і электрадынамікі, аптымальнага кіравання і асабліва адваротныя задачы матэм фізікі, у якіх характарыстыкі фіз. працэсаў выяўляюцца па выкліканым імі эфекце. Некарэктныя задачы доўгі час лічыліся пазбаўленымі фіз. сэнсу. У 1960-я г. А.М.Ціханаў абгрунтаваў набліжаныя метады рашэння такіх задач.
На Беларусі тэорыя некарэктных задач распрацоўваецца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН з 1965 і ў БДУ з 1972.
Літ.:
Тихонов А.Н., Арсенин В.Я. Методы решения некорректных задач. 3 изд. М., 1986;
Лаврентьев М.М., Савельев Л.Я. Линейные операторы и некорректные задачи. М., 1991;
Лисковец О.А. Вариационные методы решения неустойчивых задач. Мн., 1981.