род драпежных птушак сям. ястрабіных. 2 віды: К. чорны (M. korchun; пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Аўстраліі) і К. чырвоны (M. milvus; у Зах. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Пярэдняй Азіі). Пералётныя птушкі. Жывуць у лясах, стэпах і паўпустынях, паблізу вадаёмаў. На Беларусі гняздуюць абодва віды. К. чырвоны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 70 см, маса да 1400 г. Крылы доўгія і шырокія, хвост доўгі, з выемкай. Апярэнне бурае ў К. чорнага або чырв.-бурае ў К. чырвонага. Гнёзды на дрэвах, скалах, абрывах. Нясуць 2—4 яйцы. Здабычу выглядаюць, лунаючы ў паветры. Кормяцца дробнымі грызунамі, паўзунамі, земнаводнымі, мярцвячынай, часам дробнымі птушкамі і рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ.
Існавала 1843—1919 на тэр. Літвы і Беларусі Цэнтр — г. Коўна (Каўнас). Утворана 1.7.1843 паводле ўказа «Аб пераўтварэнні паўночна-заходніх губерняў» ад 18.12.1842. Да 1912 уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Складалася з 7 паветаў, якія раней уваходзілі ў Віленскую губ.: Вількамірскі, Ковенскі, Новааляксандраўскі (Браслаўскі), Панявежскі, Расіенскі, Цяльшэўскі, Шавельскі. Пл. 35 712 кв. вёрст. Паводле перапісу 1897 нас. 1544,6 тыс.чал., з іх 66% літоўцы, 9% палякі, 4,7% рускія, 2,3% латышы, 2% беларусы. Асн.маса беларусаў жыла ў Новааляксандраўскім пав., дзе яна складала 16,8%. У 1919 асн. частка К.г. адышла да Літвы, а ўсх. з г.Браслаў і Відзы акупіравана Польшчай і ў 1922—39 уваходзіла ў Віленскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПЁРКА (Scardinius erythrophthalmus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных водах Еўропы, М. і Сярэдняй Азіі. На Беларусі жыве ў рэках, азёрах, трымаецца прыбярэжнай зоны, багатай воднай расліннасцю. Зімуе ў ямах. Нар. назвы: чырванапёрка, краснавочка, чарноха, чэрмнуха і інш.
Даўж. да 36 см, маса да 1,5 кг. Цела высокае, серабрыстае, у буйных асобін залацістае. Спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная. Вочы аранжавыя, у верхняй ч. з ярка-чырв. плямай. Парныя і анальныя плаўнікі ярка-чырвоныя (адсюль назва). Спінны плаўнік пачынаецца па-за брушнымі плаўнікамі, а не над імі (у адрозненне ад плоткі). Рот косы. Корміцца воднымі раслінамі, беспазваночнымі, ікрой малюскаў, моладзь — зоапланктонам. Нераст парцыённы. Аб’ект аматарскага лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМУЗІ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі ў канцы 19 ст. шляхам паляпшэння аквітанскай жывёлы (правінцыя Лімузен). На Беларусі вытворнікаў гэтай пароды выкарыстоўваюць на племзаводзе «Прыазёрны» Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Выш. быкоў у карку да 138 см, маса да 1150 кг, кароў адпаведна да 128 см і 640 кг. Будова цела моцная. Галава кароткая, лоб шырокі, рогі тонкія, закругленыя. Шыя кароткая, тоўстая, грудзі шырокія. Спіна шырокая, роўная. Ногі сярэдняй даўжыні, моцныя. Масць чырв. з адценнямі ад залаціста-рыжай да чырвона-бурай. Малочнасць кароў да 1800 кг з 5% тлушчу. Гадавалыя бычкі могуць дасягаць масы 450—500 кг. Мяса з унутрымускульным тлушчам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЯНУ́ШКАзвычайная
(Chloris chloris),
птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, на Пн Ірана і ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў драбналессі, на ўзлесках мяшаных лясоў, у садах, парках і інш. На Беларусі звычайны пералётны і асела-вандроўны віды.
Даўж. цела 8—10 см, маса 25—30 г. Апярэнне самца зеленавата-шэрае, больш яркае на брушку, верх галавы шэры. На баках хваста і крылах жоўтыя плямы. Самка зверху шэра-зялёная, знізу брудна-белая. Маладыя афарбаваны, як самка, на грудзях маюць падоўжаныя бурыя стракаціны. Гнёзды будуе на дрэвах і кустах. Корміцца насякомымі, насеннем раслін, ягадамі. Зімуе ў паўд.ч. гнездавога арэала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРО́МЫСЛУ,
якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІЯ́НЫ (Papio),
род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных Вядомы з пліяцэну (каля 5 млн.г. назад) Азіі і Афрыкі. 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы Жывуць у саваннах, саваннавых лясах у камяністых мясцовасцях, трымаюцца вял. статкамі. Маюць складаную іерархію адносін. 1 від (дрыл — P. leucophaeus) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела самцоў да 110 см, хваста да 71 см, маса да 54 кг; самкі ўдвая меншыя. Морда доўгая, за што іх называюць сабакагаловымі малпамі. Надброўі і іклы моцна развітыя. Поўсць доўгая, пераважна шэрых адценняў, у самцоў часта ўтварае грыву. Сядалішчныя мазалі вял., ярка афарбаваныя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Лабараторныя жывёлы. Гл. таксама Бабуін, Гамадрыл, Мандрылы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́Р’Е,
гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял.тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн.маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛ (ад лац. mulus),
гібрыд каня (кабылы) і асла (самца); свойская жывёла. Вядомы з 3-га тыс. да н.э. Гадуюць пераважна ў Азіі, Афрыцы, Амерыцы і Паўд. Еўропе. Ад кабылы наследуе велічыню цела, шырокія і глыбокія грудзі, масць, хвост, здольнасць да хуткага руху; ад асла — вял. грубую галаву, доўгія вушы, кароткія шыю і грыву, звіслы крыж, трываласць і працаздольнасць. Больш здольныя да акліматызацыі, даўгавечныя (жывуць да 40—50 гадоў), менш успрымальныя да хвароб, непатрабавальныя да корму і догляду. Звычайна бясплодныя. Адрозніваюць тыпы М.: уючны (выш. ў карку 110—140 см, маса 300—400 кг) і запражны (140—170 см, 400—700 кг). Гл. таксама Лашак.