сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ КАРЦІ́НА СВЕ́ТУ,
мадэль прыроды (Сусвету), пабудаваная з улікам агульных паняццяў, гіпотэз, прынцыпаў, законаў і тэорый фізікі на пэўным этапе яе развіцця. У Ф.к.с. канкрэтызуецца змест філас. катэгорый (матэрыя, рух, прастора і час, рэчыва, поле фізічнае), вызначаюцца структурныя элементы матэрыі (элементарныя часціцы, атамы, малекулы), высвятляецца характар узаемасувязей паміж асобнымі з’явамі і механізм узаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў. Вядомы карціны свету: механічная (МКС), электрадынамічная (ЭДКС) і квантавапалявая (КПКС). Кожная з іх грунтуецца на адной ці некалькіх фундаментальных фіз. тэорыях.
У МКС матэрыя (рэчыва) мае дыскрэтную будову (атам — найдрабнейшая непадзельная частка рэчыва); прастора і час абсалютныя, не звязаныя з матэрыяй і паміж сабой; асн.від руху — механічны; узаемадзеянне — гравітацыйнае; асн. тэорыя — класічная механіка. У ЭДКС з’яўляюцца новыя паняцці і ўяўленні: рэчыва дыскрэтнае, поле неперарыўнае, прастора і час адносныя і звязаныя паміж сабой (гл.Адноснасці тэорыя); новыя віды руху: цеплавы, эл.-магн. (распаўсюджанне эл.-магн. хваль); новае ўзаемадзеянне — электрамагнітнае; асн. тэорыі: электрадынаміка, электронная тэорыя, статыстычная фізіка. У КПКС рэчыва і поле —2 віды матэрыі (гл.Дапаўняльнасці прынцып, Карпускулярна-хвалевы дуалізм); новыя віды ўзаемадзеянняў — слабае (электраслабае) і моцнае, абодва маюць абменны характар (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц), асн. тэорыі: квантавая механіка, квантавая тэорыя поля, квантавая хромадынаміка, квантавая электрадынаміка. Усе Ф.к.с. звязаны паміж сабой адпаведнасці прынцыпам: МКС і ЭДКС уваходзяць у КПКС як прыватныя гранічныя выпадкі, што апісваюць вызначанае кола з’яў.
Ф.к.с. абагульняе звесткі пра ўвесь Сусвет і падзяляе дасягальную для навук. даследаванняў прастору разам з матэрыяльнымі аб’ектамі на мега-, макра- і мікрасвет. Мегасвет уключае Метагалактыку і галактыкі; макрасвет — зоркі, планеты і іх сістэмы, Зямлю і ўсе целы на ёй; мікрасвет — малекулы, атамы і элементарныя часціцы (гл.Макрасвет і мікрасвет). У склад мега- і макрасвету ўключаюцца таксама эл.-магн. і гравітацыйнае палі. Згодна з дасягненнямі астраноміі і касмалогіі, якія грунтуюцца на астр. назіраннях, даных эксперым. фізікі і фіз. тэорыях, Сусвет узнік каля 13 млрд. гадоў назад у выніку Вялікага выбуху (гл.Сінгулярнасць касмалагічная). У пачатковым плазменным шары (пры т-ры 109—1011К і шчыльнасці масы-энергіі 1094г/см³) узніклі фатоны, электроны, нейтрына і іх антычасціцы, а таксама пратоны і нейтроны, крыху пазней — ядры дэйтэрыю і гелію, літыю і берылію. Гэтая сфера імкліва расшыралася, а выпрамяненне хутка астывала. Праз некалькі гадзін утварэнне гелію і інш. элементаў спынілася, пасля чаго прыкладна 1 млн. гадоў адбывалася простае расшырэнне Сусвету і яго ахаладжэнне. Калі т-ра панізілася да некалькіх тысяч кельвінаў, электроны і ядры пачалі злучацца ў атамы (пераважна электроны і пратоны ў атамы вадароду). Сусвет у гэту эпоху складаўся на 75% з вадароду, на 25% з гелію і невял. колькасці інш. элементаў. Прыкладна праз 1 млрд. гадоў у выніку гравітацыйнага прыцягнення воблакі газу, які расшыраўся, пачалі сціскацца, праз 2—3 млрд. гадоў і пасля Вялікага выбуху ўзніклі квазары і пачалося фарміраванне галактык. У маладых галактыках адбываўся працэс зоркаўтварэння: адносна невял. халодныя воблакі вадароду сціскаліся і спараджалі першыя зоркі. Утвараліся зорныя скопішчы і зорныя асацыяцыі, а таксама матэрыяльнае міжзорнае асяроддзе, якое запаўняла прастору. Праз мільярды гадоў некаторыя з зорак пачалі ўзрывацца, выкідваючы ўтвораны ў іх вуглярод, кісларод і ўсе хім. элементы. Разам з іншымі ўзнікла і наша Галактыка, якая форму дыска набыла праз 5 млрд. гадоў пасля выбуху і бачыцца як Млечны Шлях (уключае больш за 100 млрд. зорак). Узніклі таксама групы і скопішчы галактык (маюць па некалькі тысяч галактык) і ў цэлым Метагалактыка (некалькі мільярдаў галактык) з запоўненым асобнымі відамі матэрыі міжгалактычным асяроддзем. Усярэдненая шчыльнасць рэчыва ў галактыках склала ρгал = 3∙10−31г/см³. Праз 8 млрд. гадоў пасля Вялікага выбуху (каля 4,6 млрд. гадоў таму) узнікла Сонца, а пазней пад уздзеяннем воблака распаленай плазмы, што ўзнікла пры выбуху звышновай зоркі, утварылася Сонечная сістэма. Цэнтральнае яе цела — звычайная зорка-карлік, вакол якой абарачаецца 9 вял. планет. Найбліжэйшая да Сонца зорка — Альфа Цэнтаўра (адлегласць 4,38 св. гадоў), галактыка — Андрамеды туманнасць (700 кпк). На адлегласці 149,6 млн.км вакол Сонца са скорасцю 29,8 км/с рухаецца Зямля (абарачаецца вакол восі за 23 гадз 56 мін 4 с). З Зямлі простым вокам можна бачыць каля 3 тыс. зорак. На адлегласці каля 384,4 тыс.км вакол Зямлі абарачаецца яе спадарожнік Месяц. Усе матэрыяльныя аб’екты Сусвету, у т. л. аб’екты жывой прыроды на Зямлі, створаны з адных і тых жа хім. элементаў, якія ўзніклі на розных этапах эвалюцыі зорак і маюць узрост 5—10 млрд. гадоў, што з’яўляецца пацвярджэннем матэрыяльнага адзінства Сусвету.
Літ.:
Степин В.С. Становление научной теории. Мн., 1976;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. М., 1984;
Лейзер Д. Создавая картину Вселенной: Пер. с англ.М., 1988;
Большая детская энциклопедия: Вселенная. М., 1999;
Паркер Б. Мечта Эйнштейна: В поисках единой теории строения Вселенной: Пер. с англ. СПб., 2001;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2001.
А.І.Болсун, У.М.Сацута.
Фізічная карціна свету: спрошчаная прасторава-часавая дыяграма ўтварэння Сусвету паводле найбольш абгрунтаваных тэорый.Фізічная карціна свету: форма нашай Галактыкі і месца ў ёй Сонечнай сістэмы (1 — Сонца і Сонечная сістэма; 2 — цэнтральнае патаўшчэнне; 3 — шаравыя скопішчы ў гало; 4 — пласт пылу таўшчынёй у 400 св. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,
пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга; эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНАЯ ГАСПАДАРКА
Землі ляснога фонду Беларусі займаюць 9,2 млн.га або 44,5% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,8 млн.га (85% агульнай плошчы зямель ляснога фонду і 95% лясной плошчы). Яны прадстаўлены дрэвавымі пародамі: хвоя (па плошчы) займае 51,4%, елка 10,3%, дуб 3,4%, бяроза 20,8%, асіна 2,2%, вольха шэрая 2,5%, вольха чорная 8%. Агульны запас драўніны на корані складае 1339,8 млн.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 137 млн.м³, з іх лесаўтваральных хвойных (хвоя, елка) — 46%, мяккалістых (бяроза, вольха, асіна, таполя, ліпа, вербы) — 46%, цвердалістых (дуб, ясень, граб, клён, вяз) — 7%. Спелыя і перастойныя дрэвастоі складаюць па плошчы (ад укрытых лесам зямель) — 7,9%, ад агульнага запасу — 10%. Сярэдні запас драўніны на 1 га — 171 м³, сярэдні банітэт 1,9, сярэдняя паўната дрэвастояў — 0,71, сярэдні ўзрост лясоў — 49 гадоў. Да зямель ляснога фонду адносяцца таксама землі, не ўкрытыя лесам, але прызначаныя для лесаразвядзення, і нелясныя землі.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь лясы з’яўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасцю. Кіраванне лясамі ажыццяўляе Урад праз Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас). Разам з Мінлясгасам дзярж. кантроль за выкарыстаннем і аховай лясоў вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды). У распараджэнні Мінлясгаса 86% зямель ляснога фонду і 95 лясгасаў. Астатнія землі замацаваны за Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (7,2%, 13 лясгасаў), Міністэрствам абароны (3,1%, 11 лясгасаў), Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (2,3%, 1 лясгас), Інстытутам лесу (0,4%, 3 лясгасы), Мінскім гарвыканкомам (0,4%, 1 лясгас), Міністэрствам адукацыі (0,3%, 2 лясгасы). Мінлясгас ажыццяўляе свае паўнамоцтвы праз абл.вытв. лесагаспадарчыя аб’яднанні (6) і лясгасы (95). Тэр.-арганізац. структура лясгасаў уключае лясніцтвы (803), майстроўскія ўчасткі (2246), абходы (12 069). Сярэдняя плошча лясгаса — 85 тыс.га, лясніцтва — 9,9 тыс.га. Акрамя вытв. інфраструктуры Мінлясгасу падпарадкаваны таксама Лесаўпарадкавальнае рэсп. унітарнае прадпрыемства (УП) «Белдзяржлес», Дзярж. ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бяспекі «Беллесрад», Дзярж. ўстанова «Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр», Праектна-вышукальнае РУП «Белгіпралес», Паляўніча-гаспадарчае РУП «Белдзяржпаляванне», Дзярж. ўстанова па ахове і маніторынгу лесу «Беллесахова», Гандлёва-вытв. РУП «Беллясгастэхніка», Інвестыцыйнае РУП «Беллесінвест», Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэсп. вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі».
У адпаведнасці з эканам., экалагічным і сац. значэннем лясы падзелены на 2 групы. Да 1-й групы аднесена 49,8% лясоў з экалагічнымі і рэкрэацыйнымі функцыямі (запаведнікі, нац. паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэсп. значэння, асабліва каштоўныя ўчасткі ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навук. і гісторыка-культ. значэнне, водаахоўныя, прыдарожныя, сан.-гігіенічныя, аздараўленчыя вакол населеных пунктаў, курортныя лясы і інш.). Тут нарыхтоўка драўніны і інш. лесагаспадарчыя мерапрыемствы абмежаваны або забаронены. Да 2-й групы аднесены т.зв. эксплуатацыйныя лясы, што з’яўляюцца асноўнай крыніцай драўніны і інш. прадуктаў. У лясах абедзвюх груп вылучаны 19 катэгорый асабліва ахоўных участкаў з абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Гэта тэрыторыя (каля 880 тыс.га) выключана з разлікаў лесакарыстання. Доля лясоў, магчымых для эксплуатацыі, у агульнай плошчы абедзвюх груп складае 87%. Доля ляснога сектара, ацэненага па рэалізацыі прадукцыі прамысл. вытворчасці, складае ў ВУП 6%. Прынятая стратэгія лесакарыстання ажыццяўляецца паводле прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці. Разлік лесакарыстання вядзецца на 1 год, 10 гадоў і перспектыву (100 гадоў).
Драўніна нарыхтоўваецца пры высечках галоўнага (спелых дрэвастояў), прамежкавага (высечкі догляду, выбарачныя, санітарныя) карыстання і інш. высечках (пры расчыстках трас і пляцовак пад лініі электраперадач, аўтадарогі, прамысл. і нелесагаспадарчыя аб’екты, пры суцэльных санітарных высечках). Памер нарыхтоўкі і водпуску драўніны ў спелых дрэвастоях вызначаецца разліковай лесасекай па высечках галоўнага карыстання. Агульны штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны ўключае (2002): па высечках гал. карыстання 4317 тыс.м³, прамежкавага карыстання 3997 тыс.м³ і інш. высечках 4463 тыс.м³. За перыяд 1993—2002 сярэднегадавая доля драўніны ад кожнага віду карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтоўкі склала адпаведна 42%, 40% і 18%. У агульным аб’ёме карыстання доля дзелавой драўніны складае 54%, дроў — 46%.
Драўнінныя рэсурсы краіны забяспечваюць сыравінай прамысловасць, буд. комплекс, аграрны сектар, камунальную гаспадарку, інш. галіны эканомікі, патрэбы насельніцтва, пастаўляюцца на экспарт. У 2003 пастаўлена на экспарт драўніннай прадукцыі (з улікам паслуг) на суму 43,3 млн. долараў ЗША. У структуры экспарту пераважаюць піламатэрыялы (46%) і балансы для цэлюлозна-папяровай вытворчасці (45%). Лесанарыхтоўкі (з лістапада 1998 ліцэнзуемы від дзейнасці) праводзяць дзярж. прадпрыемствы, недзярж., сумесныя і замежныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. Драўнінныя рэсурсы пераважна выкарыстоўваюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (50% нарыхтоўкі і вывазу драўніны з высечак гал. карыстання). Вытворчасцю прадукцыі з драўніны займаюцца каля 5 тыс. суб’ектаў гаспадарання (уключна з с.-г. прадпрыемствамі, дапаможнай прамысловасцю, малымі прадпрыемствамі і кааператывамі). Больш за палавіну дзелавой драўніны ідзе на вытв-сць піламатэрыялаў, выпуск якіх ажыццяўляюць 2,7 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей, найбуйнейшыя з іх уваходзяць у сістэму канцэрна «Беллеспаперапрам». Лесапільная вытв-сць арганізавана і ў сістэме лясной гаспадаркі. У 84 лясгасах функцыянуе 111 лесапільна-дрэваапрацоўчых цэхаў, 18 сталярных, 5 — па ацыліндроўцы бярвення, 3 паркетныя ўчасткі. Яны вырабляюць піламатэрыялы, дошкі для падлогі і абшыўныя, аконныя і дзвярныя блокі, тарныя камплекты, паркет, садовыя домікі, паганажныя вырабы і інш.Асн. сыравінай з’яўляюцца круглыя лесаматэрыялы ад высечак прамежкавага і частковага гал. карыстання. Сумарная вытворчая магутнасць цэхаў лясгасаў па аб’ёме перапрацоўкі сыравіны — да 1 млн.м³. У агульным аб’ёме сыравіны для цэхаў да 76% займае буйная і сярэдняя дзелавая драўніна, 16,5% — дробнатаварная і 7,5% — дрывяная драўніна і адходы лясной гаспадаркі.
Гал. задача лясной гаспадаркі — лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Лесааднаўленне на высечках, месцах пажараў (гарах) і інш. раней укрытых лесам землях праводзіцца на працягу 3 гадоў з моманту іх утварэння. Лесаразвядзенне праводзіцца і на нелясных землях з мэтай скарачэння плошчаў непрадукцыйных зямель, павышэння лясістасці тэр. рэспублікі. За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўленчых работ павялічана з 21 да 37,8%. На 1 жыхара краіны прыпадае 0,8 га і 135 м³ лесу, што амаль у 5 разоў вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень (без Расіі). Са 118 адм. раёнаў 17 маюць лясістасць да 50% і больш. Штогод сяўбой і пасадкай у лясгасах ствараюцца лясныя культуры на пл. каля 30 тыс.га. У 2002 лесааднаўленнем ахоплена 43,3 тыс.га, у т. л. пасадка і сяўба лесу праведзены на пл. 36,2 тыс.га, садзейнічанне натуральнаму аднаўленню лесу — на пл. 7,1 тыс.га. Фарміруюцца пераважна мяшаныя паводле саставу лясы для захавання біяразнастайнасці, павелічэння ўстойлівасці да неспрыяльных кліматычных умоў і тэхнагенных уздзеянняў. З мэтай захавання генетычных рэсурсаў лесаўтваральных відаў вылучаны і ахоўваюцца 5 тыс.га генетычных рэзерватаў, 2686 плюсавых дрэў; для захавання генафонду створана 1860 га лесанасенных плантацый і 283 га пастаянных лесанасенных участкаў, закладзена сетка доследных і геаграфічных культур, архіваў клонаў, сямейных і гібрыдных плантацый. Штогод 11—16% (3—4 тыс.га у агульным аб’ёме лесакультурных плошчаў) лясных культур ствараецца пасадачным і пасяўным матэрыялам з найлепшага насення, што забяспечвае да дасягнення ўзросту высечкі павелічэнне запасу насаджэнняў на 10%. Для атрымання высакаякаснага насення пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр і яго філіялы ў Глыбокім і Івацэвічах. Пасадачны матэрыял вырошчваюць у 160 лясных гадавальніках, у т. л. 61 пастаянным, 27 базісных, якія займаюць плошчу каля 1200 га.
У лясным фондзе ажыццяўляецца таксама нарыхтоўка дзікарослых пладоў і ягад (чарніц, журавін, маліны, брусніц, буякоў, чарнаплоднай рабіны і інш.), грыбоў, лекавай сыравіны, бярозавага соку, жывіцы, насення, бярозавых венікаў, хвойнай лапкі, мяса дзікіх жывёл. Штогод у лясным фондзе нарыхтоўваюць да 5 тыс.т грыбоў і 12 тыс.т ягад. Агульны аб’ём экспарту гэтай прадукцыі не перавышае 5% ад біялагічных і 20% ад эксплуатацыйных запасаў гэтых рэсурсаў. Агульная пл. паляўнічых угоддзяў складае 17,7 млн.га. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца 22 віды млекакормячых і 31 від птушак: капытныя жывёлы — лось, алень, дзік, касуля; пушныя звяры — вавёрка, заяц-бяляк, заяц-русак, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, выдра, янотападобны сабака; птушкі — глушэц, цецярук, курапатка, качкі і інш. У сістэме Мінлясгаса дзейнічаюць 72 лесапаляўнічыя гаспадаркі. З 1991 атрымалі магчымасць займацца паляваннем у лясных угоддзях Беларусі замежныя паляўнічыя. Для іх арганізуюцца паляўнічыя туры.
У сістэме лясной гаспадаркі функцыянуюць кірункі дапаможнай сельскай гаспадаркі: лясная жывёлагадоўля (авечкі, свінні, бычкі, коні, алені), пушная зверагадоўля (нутрыі), рыбаводства. Вырошчваюць культ. плады і ягады, бульбу, збожжавыя; атрымліваюць прадукты пчалярства (мёд, воск, праполіс, мярва); рэалізуюць саджанцы дэкаратыўных дрэвава-кустовых парод, навагоднія елкі.
Ахова лясоў — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці Мінлясгаса і яго тэр. органаў. У гады з надзвычайнай пажарнай небяспекай за дзень узнікае да 200 выпадкаў загарання лясоў. Колькасць лясных пажараў у 2002 дасягнула 5274, пажарамі было ахоплена 10 108 га лясной плошчы, у выніку згарэла і пашкоджана на корані 199,8 тыс.м³ лесу. Выяўленне пажараў арганізавана на 4 узроўнях: наземнае патруляванне (ажыццяўляюць работнікі дзярж. лясной аховы); візуальнае назіранне з пажарна-назіральных вышак і мачтаў з выкарыстаннем тэхн. сродкаў выяўлення пажараў па цеплавым выпрамяненні і тэлевізійным кантролі; авіяцыйнае патруляванне лясоў; касмічны пажарны маніторынг з выкарыстаннем даных станцыі касмічнага прыёму прыродна-рэсурсных здымкаў. Матэрыяльна-тэхн. база пажаратушэння Мінлясгаса ўключае 210 пажарна-хім. станцый, 440 пажарных аўтамабіляў, 1800 трактароў з глебаапрацоўчым абсталяваннем і інш. Штогод з мэтай павышэння пажараўстойлівасці ляснога фонду ствараюць да 80 тыс.км мінералізаваных палос, праводзяць ачыстку лесу ад сухастою, высечку ў хвойных маладняках, фарміруюць лясы мяшанага саставу (хвойна-лісцевыя) і супрацьпажарныя разрывы з лісцевых парод, арганізоўваюць месцы адпачынку (у 2003 арганізавана 4980), абмяжоўваюць уезд аўтатранспарту шлагбаумамі (у 2003 на лясных дарогах абсталявана 7235 шлагбаумаў) і інш. Праводзіцца таксама ахова лясоў ад шкоднікаў і хвароб біялагічным метадам з завабліваннем птушак, перасяленнем і агароджваннем мурашнікаў (штогод на пл. больш за 19 тыс.га), прафілактычная апрацоўка фунгіцыдамі сеянцаў хвойных парод на пл. больш за 220 га, знішчэнне шкодных насякомых у ачагах іх масавага размнажэння праводзіцца з дапамогай авіяцыі (у 2002 такім спосабам апрацавана 10,3 тыс.га, у 2003—3,3 тыс.га лясоў). Выкарыстоўваюцца пераважна экалагічна няшкодныя прэпараты.
Літ.:
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
История лесного дела Беларуси. Ч. 2. Динамика лесистости, породного состава и лесовосстановления Беларуси. Гомель, 2002;
История лесного дела Беларуси. Ч. 1 Мн., 1996.
Н.Ю.Пабірушка.
Прарэджванне ў хваёвых пасадках Смаргонскага доследнага лясгаса.Экспартная драўніна прадукцыі лясгасаў.Аднаўленне лесу хваёвым маладняком па высечках.Вырошчванне пасадачнага матэрыялу дуба звычайнага ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насеннегадоўчым цэнтры.Вырошчванне з насення саджанцаў лясных культур у цяпліцах Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра.Станцыя УНІСКАН на базе прадпрыемства «Белдзяржлес» для прыёму інфармацыі праз штучныя спадарожнікі аб пажарах, стыхійных бедствах, санітарным і лесапаталагічным стане лясоў.«Дом паляўнічага» каля в. Заходняя Морач у Старобінскім лясгасе.Выкарыстанне тэхнікі пры тушэнні лясных пажараў.Месцы для адпачынку турыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЭНАГРА́ФІЯ (ад сцэна + ...графія), тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва,
сукупнасць прасторавага вырашэння спектакля, што вызначае візуальную значнасць тэатр. вобраза (дэкарацыі, касцюм тэатральны, грым, рэквізіт, асвятленне, пастановачная тэхніка, архітэктурная зададзенасць т-ра, пластычныя магчымасці акцёрскага складу і інш.); адзін з вызначальных і арганічных кампанентаў у арганізацыі маст. цэласнасці спектакля побач з сюжэтна-драм. і гукава-муз. строямі. Сінкрэтычны від мастацтва, які спалучае выяўл. і тэатр. мастацтва. Развіццё С. адбывалася ў рэчышчы гісторыі т-ра і пануючых маст. стыляў.
Элементы С. прысутнічалі ў стараж. абрадах і гульнях (маскі. касцюмы, рэквізіт). З 5 ст. да н.э. ў ант. т-ры вядомы аб’ёмныя дэкарацыі, якія ў эпоху элінізму сумяшчаліся з жывапіснымі. З сярэдневякоўя пачаўся пераход ад гульнявой С. плошчавых прадстаўленняў да сістэмы дэкарац. мастацтва, дзе дамінавалі функцыі выяўлення, сачынення месца дзеяння. У эпоху Адраджэння ўзнік тып архітэктурна-перспектыўнай дэкарацыі з адзіным нязменным месцам дзеяння (Д.Брамантэ, Б.Перуцы, С.Серліо). Пазней рэльефныя дэкарацыі замяняліся жывапіснымі ў стылі барока. У канцы 16—17 ст. феерычны характар прыдворнага оперна-балетнага спектакля абумовіў выкарыстанне тэатр. механізмаў (Б.Буанталенці, Н.Сабаціні ў Італіі, І.Фуртэнбах у Германіі), стварэнне сістэмы куліс (Дж.Алеоці ў Італіі) і сцэны-каробкі (гл.Сцэна). У эпоху класіцызму драматургічны канон адзінства месца і часу сцвердзіў пастаянную і нязменную строгую дэкарацыю. Развіццё опернага мастацтва абумовіла адмаўленне ад сіметрыі, увядзенне вуглавой перспектывы, узмацненне ілюзіі глыбіні кантрастаў святла і ценю і інш. (А.Поца, сям’я Галі-Бібіена, Дж.Валерыяні, П.Ганзага, Італія). У канцы 18 ст. ў Францыі пашырыліся т.зв. працікаблі (аб’ёмныя дэкарацыі — масты. скалы), якія перадавалі складаныя эфекты. Прынцыпы рамантызму з патрабаваннем нац. і гіст. характарыстыкі месца дзеяння (шматкарцінныя дэкарацыі, касцюмы) увасаблялі рэжысёры і дэкаратары П.Сісеры, Ш.Сешан, Э.Дэлакруа, П.Дэларош (Францыя), Ф. фон Дзінгельштэт (Германія), Ч.Кін (Англія), А.Ролер (Расія) і інш. У канцы 19 ст. С. класіцызму і рамантызму супрацьстаялі плыні натуралізму (дакладная перадача сац. асяроддзя — рэж. А.Антуан, О.Брам) і сімвалізму (умоўна-спрошчаныя, стылізаваныя дэкарацыі — М.Дэні, П.Серузье, А.Тулуз Латрэк, Францыя; Э.Мунк, Нарвегія, і інш.). З 1870-х г. ў Расіі да працы ў т-ры прыцягваліся жывапісцы В.Васняцоў, К.Каровін, В.Паленаў, В.Сяроў, М.Урубель, якія сцвярджалі прынцып цэласнай трактоўкі спектакля. На мяжы 19—20 ст. даследаваліся прырода і спецыфіка законаў сцэн. мастацтва, паступова змяніўся прадмет выяўлення ў С., увага скіроўвалася на сутнасныя, нематэрыяльныя паняцці. Новыя прынцыпы афармлення, якія сімвалічна выражалі сэнс драмы, сцвердзілі рэжысёры А.Апія (Швейцарыя), Г.Крэг (Англія) — ідэя «філас.т-ра» з дапамогай пазачасавай дэкарацыі (кубы, пляцоўкі. лесвіцы і інш.); Г.Фукс (Германія) — праект «рэльефнай сцэны», якая страчвае глыбіню; М.Райнгарт (Германія) — прыёмы ад жывапісна-аб’ёмнай дэкарацыі да абагульнена-ўмоўных нерухомых установак. На развіццё С. ў Расіі паўплывала рэаліст. рэформа Маскоўскага Маст.т-ра (МХТ): індывід. афармленне кожнай пастаноўкі, псіхалагізм (В.Сімаў). Пошукі абнаўлення прыёмаў С. вёў К.Станіслаўскі ў супрацоўніцтве з мастакамі аб’яднання «Свет мастацтва». Створаныя імі ж дэкарацыі ў «Рускіх сезонах» С.Дзягілева ў Парыжы вызначаліся багаццем жывапісу, фантазіяй, густам. У пач. 20 ст. ўмоўную сцэн. прастору распрацоўваў У.Меерхольд з мастакамі А.Галавіным, М.Сапуновым, С.Судзейкіным. З 1910-х г. у С. праявіліся рысы авангардызму, выкарыстанне прыёмаў кубізму, футурызму, прымітывізму (А.Вяснін, К.Малевіч, У.Татлін, П.Філонаў, І.Школьнік, Расія; Дж.Северыні, Ф.Дэперо, Італія; Ф.Лежэ, П.Пікасо, Францыя), у 1920-я г. — экспрэсіянізму (Ж.Грос, Германія). Развіццё С. 1920-х г. у СССР вызначалася шматпланавасцю выразных маст. сродкаў, барацьбой розных стылістычных кірункаў: рэаліст. жывапісная традыцыя дэкарацыйнага мастацтва (М.Крымаў, Б.Кустодзіеў, Сімаў, Ф.Федароўскі), канструктывізм Меерхольда (Л.Папова, В.Сцяпанава), экспрэсіяністычныя тэндэнцыі дэкарацый (Н.Альтман, М.Левін, І.Нівінскі, І.Рабіновіч, Р.Фальк, М.Шагал і інш.). С. 1930—50-х г. вызначылі мастакі М.Акімаў, Альтман, А.Басулаеў, М.Бобышаў, П.Вільямс, Б.Волкаў, У.Дзмітрыеў, Б.Кноблак, А.Рыкаў, В.Рындзін, А.Тышлер, Ф.Федароўскі, Н.Шыфрын і інш. У 1960—70-я г. С. дасягнула росквіту ў сусв. т-ры. Вызначыліся асн. яе кірункі — ад авангарду, абагульненай формулы чыстай пустой прасторы (Х.Эйхенбаўэр, Бразілія) да дзейснай С., якая характарызавалася імкненнем мастакоў раскрыць сутнасць дзеяння праз глабальныя праблемы чалавечага жыцця, абагульнена-метафарычнае асяроддзе: Дз.Бароўскі, С.Вірсаладзе, Э.Качаргін, М.Кітаеў. В.Левенталь, Д.Лідэр, А.Фрэйберг і інш. (СССР); Дж.Бары, Р.Колтаі, Т.О’Брайн (Вялікабрытанія) з дызайнерскім падыходам да афармлення спектакля; І.Свобада (Чэхія) з цыклам архітэктурна-кінетычных, светлавых, праекцыйных і лазерных вырашэнняў спектакляў. У 1980—90-я г. С. ўласцівы стылістычны плюралізм, раўназначнае суіснаванне розных прынцыпаў і прыёмаў афармлення сцэн. дзеяння.
На Беларусі элементы С. былі ўжо ў рытуальным адзенні і атрыбутах удзельнікаў нар. абрадаў, русалляў, Купалля і Каляд, прадстаўленнях скамарохаў і валачобнікаў. Дэкарацыя, грым, касцюм, тыпаж лялек былі неад’емнай часткай паказаў батлейкі; своеасаблівую бутафорыю мела народная драма. Удасканаленне сцэн. пляцоўкі, выкарыстанне складанай машынерыі, светлавых эфектаў, распрацоўка тэатр. касцюма адбывалася ў школьным тэатры. З 18 ст. развіццё С. звязана з дзейнасцю прыгонных тэатраў, дзе працавалі мастакі К.Атасельскі, К.Д.Гескі, Мікалаеўскі, М.Скржыцкі, з 19 ст. — з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, у пач. 20 ст. — Першай беларускай трупы І.Буйніцкага, паказамі бел. вечарынак, тэатр. калектываў, якія выкарыстоўвалі этнагр. прынцып у афармленні. У 19 — пач. 20 ст. ў т-рах Беларусі выкарыстоўвалі т.зв. тыпавыя дэкарацыі, якія з’яўляліся абстрактным фонам для любога прадстаўлення (мастакі Ю.Главацкі, Я.Кураткевіч, Ю.Рэйнберг, А.Трэнін, К.Ульрых). У рэаліст. кірунку працавалі В.Біцілеў, А.Каўльбарс, І.Удараў. Развіццё С. ў 1920-я г. звязана са стварэннем дзярж. т-раў (бел. т-ры імя Я.Купалы, імя Я.Коласа, Бел. трэцяга). Рэаліст. традыцыі нац.т-ра ўвасобілі тэатр. мастакі К.Елісееў, А.Марыкс, К.Ціханаў. Вял. значэнне мела афармленне масавых тэатр. відовішчаў, якія вымагалі пошукаў новых узаемаадносін паміж сцэн. дзействам і навакольным асяроддзем. З 2-й пал. 1920-х г. пашырыліся выразныя сродкі афармлення, выкарыстанне новых матэрыялаў, удасканальванне тэхнікі сцэны, увага да асвятлення. Эксперыментальнасцю вызначаліся работы Марыкса, Л.Нікіціна, Дз.Крэйна і інш. У 1930-я г. пад уплывам канструктывізму стваралі дэкарацыі М.Аксельрод, М.Валех, Л.Кроль, Б.Матрунін, С.Тоўбін і інш. Эстэцкае стылізатарства ў С. праявілася ў творчасці Г.Гольца, Р.Распопава. Станаўленню рэаліст. жывапіснага кірунку ў С. бел.муз.т-ра спрыяла дзейнасць рас. мастакоў М.Бобышава, Б.Волкава, Матруніна, С.Нікалаева. У канцы 1930-х г. працавалі мастакі А.Басулаеў, П.Масленікаў, Я.Нікалаеў, І.Ушакоў. У 1940—50-я г. ў С. дамінавала жывапісна-аб’ёмная сістэма дэкарацый. Цікавасцю да нац. драматургіі, імкненнем падпарадкаваць выразныя сродкі для раскрыцця зместу твора вызначаюцца дэкарацыі А.Грыгар’янца, Я Нікалаева, Ушакова ў драм., М.Блішча, У.Кульваноўскага, С.Нікалаева, І.Пешкура ў муз. т-рах. У 1960—70-я г. пераважалі рысы «суровага стылю» з адзінай дэкарацыяй і мінімумам дэталей. З 2-й пал. 1970-х г. адначасова з традыц. прынцыпамі афармлення спектакляў узбагачаюцца сродкі выразнасці сцэн. прасторы. Выкарыстанне новых відаў прасторавых канструкцый, маст. метафары, каляровага асвятлення ўласціва С. М.Апіёка, М.Волахава, В.Галубовіча, Л.Ганчаровай, Э.Гейдэбрэхта, Б.Герлавана, Грыгар’янца, Я.Ждана, Т.Карвяковай, А.Кляўзера, В.Лесіна, Я.Лысіка, З.Марголіна, У.Матросава, Дз.Мохава, Л.Рулёвай, А.Салаўёва, Ю.Тура, В.Цімафеева, Я.Чамадурава, У.Чарнышова, М.Якуніна і інш. ў драм. і муз. т-рах. Развіваецца С. лялечнага т-ра (мастакі Л.Быкаў, А.Вахрамееў, Л.Герлаван, У.Зайцава, А. і Г. Сідаравы, Л.Сідзельнікава, В.Рачкоўскі, А.Фаміна і інш.).
Літ.:
Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;
Карнач П.А. Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР. Мн., 1973;
Яго ж. Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва // Гісторыя беларускага мастацтва. Мн., 1989—94. Т. 3—6;
Сыркина Ф.Я., Костина Е.М. Русское театрально-декорационное искусство. М., 1978;
Михайлова А.А. Образ спектакля. М., 1978;
Березкин В.И. Искусство оформления спектакля. М., 1986;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.
Н.В.Грэская.
Да арт.Сцэнаграфія. А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да спектакля, «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча. 1923.Да арт.Сцэнаграфія. Я.Чамадураў. Сцэнаграфія да балета «Альпійская балада» Я.Глебава. 1967.Да арт.Сцэнаграфія. Д.Лідэр. Сцэнаграфія ла спектакля «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта. 1975. (Макет.)Да арт.Сцэнаграфія. Б.Герлаван. Сцэнаграфія да спектакля «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-МАРСКІ́ ФЛОТ (ВМФ; у многіх краінах наз. ваенна-марскія сілы — ВМС),
відузбр. сіл, прызначаны для дзеянняў на водных прасторах. У большасці марскіх дзяржаў прызначаны пераважна для абароны ўзбярэжжа і нац.тэр. вод, дзеянняў у радыусе да 300 міль. ВМФ Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Францыі паводле задач падзяляецца на стратэг.ядз. сілы марскога базіравання (атамныя ракетныя падводныя лодкі, узброеныя балістычнымі ракетамі з далёкасцю стральбы да 11 тыс.км; забяспечваюць ядз. стрымліванне патэнцыяльнага агрэсара, несучы баявое патруляванне ў Сусв. акіяне) і сілы агульнага прызначэння — мнагамэтавыя падводныя лодкі, надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры, эскадраныя мінаносцы, фрэгаты, мінна-тральныя і дэсантныя караблі, дапаможныя судны).
ВМФ зарадзіўся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме і інш. і складаўся з вёславых суднаў (у т. л.грэч. трыера і рым. трырэма з трыма радамі вёслаў), якія ў баі выкарыстоўвалі абардаж і таран. У 1 ст. да н.э. рымляне першыя выкарысталі для абстрэлу варожых суднаў кідальныя машыны — балісты і катапульты. У сярэднявеччы не было падзелу суднаў на ваен. і гандлёвыя, пры неабходнасці купецкі карабель мог стаць баявым ці пірацкім. У 7 ст. ў Венецыі і Генуі створана парусна-вяслярная галера. У марскіх паходах 907 і 911 на Візантыю кіеўскага князя Алега ўдзельнічалі баявыя лодкі-караблі палачан. З 15 ст. на караблях для абароны сталі выкарыстоўваць невял. гарматы. Упершыню флот з баявых суднаў з’явіўся ў галандцаў у час вайны 1552—58 з англічанамі. У 17 ст. флот падзяліўся на ваенны і гандлёвы і стаў парусным (першыя парусныя, пераважна ваен. караблі-нефы пабудавалі ў 11 ст. французы). У Расіі стварэнне рэгулярнага ВМФ распачата ў 1696. У 18 ст. ў барацьбе за панаванне на моры перамагла Вялікабрытанія, зацвердзілася лінейная тактыка марскога бою. У 1-й пал. 19 ст. флот стаў паравы (у Расіі пасля Крымскай вайны 1853—56), з’явілася мінная зброя, у 2-й пал. 19 ст. — тарпедная, адным з асн. тыпаў караблёў стаў браняносец. На пач. 20 ст. з’явіліся падводныя лодкі, карабельная радыёсувязь, марская авіяцыя. ВМФ актыўна ўдзельнічаў і развіваўся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны. У 1950—60-я г.ВМФ стаў ракетна-ядзерны. Пасля заканчэння «халоднай вайны» ВМС краін НАТО скараціліся на 25%. На Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. дзейнічалі Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія, польская (1919—39) і савецкая (1940—41) Пінскія ваенныя флатыліі.
ВМФ арганізацыйна падзяляецца на флаты і флатыліі, уключае роды сіл: флот (надводныя караблі, катэры, падводныя лодкі), марскую авіяцыю, марскую пяхоту і часці (войскі) берагавой абароны (артылерыі), а таксама ваенна-марскія базы, службы і часці спец. прызначэння (разведкі, тылу, сувязі і нагляду і інш.), ваенна-марскія навуч. ўстановы і г.д. Ён, як правіла, аснашчаны процікарабельнымі, зенітнымі і крылатымі ракетамі, радыёэлектронным узбраеннем (сістэмы сувязі, радыёпеленгатары, эхалоты, сістэмы радыётэхн. разведкі) і інш.Асн. баявыя якасці ВМФ — пастаянная боегатоўнасць, універсальнасць, мабільнасць, вял. аўтаномнасць, моц сродкаў паражэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
віджывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем у біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНАЯ ГВІНЕ́Я (Guinea Ecuatorial), Рэспубліка Экватарыяльная Гвінея (República de Guinea Ecuatorial),
дзяржава ў цэнтр. Афрыкі. У складзе Э.Г. мацерыковая ч. Рыо-Муні (пл. 26,1 тыс.км²) і а-вы Біёка, Анабон, Карыска, Вял. і Малы Элабей і інш. ў Гвінейскім зал. Атлантычнага акіяна. Мяжуе на Пн з Камерунам, на Пд з Габонам. Пл. 28,05 тыс.км². Нас. 498,1 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — іспанская, французская. Сталіца — г.Малаба (на в-ве Біёка). Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 кастр.).
Дзяржаўны лад. Э.Г. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 7 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і аднапалатны парламент. Урад узначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Паверхня мацерыковай ч. (Рыо-Муні) — нагор’е выш. 600—900 м (найб.выш. 1500 м), уздоўж узбярэжжа — нізінная прыморская раўніна. На вулканічным в-ве Біёка найвыш. пункт краіны г. Малаба (3008 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, жал. руда, марганец. Клімат экватарыяльны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 24—28 °C, ападкаў больш за 2000 мм (на астравах да 2500 мм) за год. Рачная сетка густая. Рэкі паўнаводныя, парожыстыя, суднаходныя ў нізоўях. Гал.р. Мбіні. Вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (больш за 150 парод) займаюць 46% тэр. Глебы чырвона-жоўтыя латэрытныя. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, слон, леапард, антылопы, газелі, кажаны, шмат птушак, насякомых, паўзуноў. Нац. парк Монтэ-Райсес, запаведнік Піка-дэ-Санта-Ісабель (на в-ве Біёка).
Насельніцтва. Асн.ч. насельніцтва складаюць народы групы банту — фанг (83%; жывуць на мацерыковай ч.) і бубі (10%; на астравах). Узбярэжжа (Рыо-Муні) насяляюць бенга, комбу, ленге, бухеба і інш. народы. У краіне каля 1 тыс. еўрапейцаў (пераважна іспанцы). Вернікі хрысціяне (католікі 90%, пратэстанты 5%), частка насельніцтва вызнае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 17,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены в-аў Біёка і ўзбярэжжа Рыо-Муні. Натуральны прырост 2,45% (2002). Гар. насельніцтва 47%. Асн. гарады (тыс.ж., 1997): Малаба — каля 70, Бата — 40, Луба — 15. Каля 85% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.
Гісторыя. Востраў Біёка адкрыты ў 1472 партуг. мараплаўцам Фернанда По (да 1979 насіў яго імя) і з 1592 каланізаваны партугальцамі. Паводле ісп.-партуг. дагавора 1778 тэр. Э.Г. адышла да Іспаніі, якая ў 1843 авалодала в-вам Фернанда-По, а ў 1856 і мацерыковай часткай краіны (Рыо-Муні). Паводле Парыжскага дагавора 1900 вызначаны межы ісп. уладанняў (т.зв. Ісп. Гвінеі) з франц. калоніямі, якія ў асн. супадаюць з межамі сучаснай Э.Г. У 1959 створаны першыя афр.паліт. партыі, з якіх найбуйнейшая Нац. рух за вызваленне Э.Г. (НРВЭГ). У студз. 1964 Ісп. Гвінея атрымала аўтаномію, створаны ўрад з мясц. афрыканцаў. 12.10.1968 абвешчана незалежнасць Э.Г., яе прэзідэнтам стаў лідэр НРВЭГ Ф.Масіяс Нгема Біёга, у 1972 ён абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам. У 1970 забаронены ўсе паліт. партыі, акрамя НРВЭГ, на базе якога ў 1972 створана кіруючая Адзіная нац. партыя працоўных (АНПП). Здзейсненыя Біёгам непрадуманыя рэформы прывялі да эканам. крызісу 3.8.1979 уладу захапілі ваенныя на чале з падпалк. Т.Абіянгам Нгемам Мбасогам: забаронены ўсе паліт. партыі, у 1982 прынята новая канстытуцыя і Абіянг Нгема Мбасога абраны прэзідэнтам. У пач. 1990-х г. адбылася пэўная дэмакратызацыя паліт. жыцця: у 1992 дазволена стварэнне апазіц.паліт. партый, паводле канстытуцыі 1991 выбары парламента і прэзідэнта праводзяцца на альтэрнатыўнай аснове. На першых свабодных парламенцкіх выбарах 1993 перамагла створаная ў 1987 кіруючая Дэмакр. партыя Э.Г., а яе лідэр Абіянг Нгема Мбасога ў 1996 зноў выбраны прэзідэнтам. Акрамя Дэмакр. партыі ў Э.Г. дзейнічаюць Ліберальная партыя, С.-д. саюз, Нар. і с.-д. канвергенцыя і інш.паліт. арг-цыі. Э.Г. — чл.ААН (з 1968), Афр. саюза (з 2002) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Гаспадарка. Э.Г. — слабаразвітая краіна, эканоміка якой да апошняга часу мела агр.-сыравінны характар. З адкрыццём нафтавых радовішчаў на кантынент. шэльфе пачаўся ўздым нац. эканомікі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 1,04 млрд.дол. (1993—280 млн.дол.), па 2,1 тыс.дол. на душу насельніцтва. У структуры ВУП на долю прамысловасці прыпадае 60%, у т. л. на нафтаздабыўную галіну больш за 50%. У 1997 здабыта каля 2 млн.т. нафты. Распрацоўку шэльфавых радовішчаў вядуць пераважна амер. кампаніі «Мобіл ойл» і «ЮМК». Энергет. база слабая, існуе пастаянны дэфіцыт электраэнергіі. Вытв-сць электраэнергіі 22 млн.кВт∙гадз (2000) на ЦЭС (91%) і ГЭС (9%). Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па перапрацоўцы рыбы, вытв-сці пальмавага алею, мукі, мыла, цэменту, гаруча-змазачных матэрыялаў; лесапілаванне (14,9 тыс.м³, 1996) і дрэваапрацоўка, у т. л. выраб мэблі. Рамёствы — разьба па дрэве і косці, пляценне кошыкаў, цыновак. Сельская гаспадарка дае 20% ВУП. Ворныя землі займаюць 5% тэр., шматгадовыя культуры — 4%, пашы — 4%. На тэр. Рыо-Муні — аблогавае матычнае земляробства, на в-ве Біёка — плантацыйныя гаспадаркі. Асн. экспартныя культуры — какава (збор 5,75 тыс.т какава-зярнят, 1996), кава (197 т); вырошчваюць таксама алейную і какосавую пальмы, бананы, тытунь; на свае патрэбы — маніёк, рыс, арахіс, ямс, цукр. трыснёг, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Гадуюць (тыс. галоў, 2001) буйн. раг. жывёлу (5), коз (9), свіней (6,1), авечак (37,6), птушак (320). Рыбалоўства (тунец) і промысел крэветак Лесанарыхтоўкі ў Рыо-Муні каштоўных дрэвавых парод (461,1 тыс.м³, 1996) пераважна на экспарт (406,4 тыс.м³ неапрацаванай драўніны). Збор арэхаў пальмы тагуа, соку гевеі, кары хіннага дрэва. Асн.від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2880 км (1996). У краіне 7,6 тыс. легкавых і грузавых аўтамабіляў. Чыгунак няма. Марскія парты: Бата, Малаба, Луба. 3 аэрапорты. Экспарт (860 млн.дол., 2000) нафты, какавы, кавы, драўніны; імпарт (300 млн.дол., 2000) нафтапрадуктаў, машын і абсталявання, харч. прадуктаў і інш.Асн.гандл. партнёры: ЗША (62% экспарту і 35% імпарту), Іспанія (17% і 10%), Камерун, Кітай. Даход ад турызму 2 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — франк КФА.
Літ.:
Мельников И, Корочанцев В. Экваториальная Гвинея. М., 1971;
Губер А.А., Ким Г.Ф., Хейфец А.Н. Новая история стран Азии и Африки. М., 1982.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Сталіца Экватарыяльнай Гвінеіг. Малаба.Герб і сцяг Экватарыяльнай Гвінеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЛІН (Tallinn) горад, сталіца Эстоніі, на Пн краіны. 435 тыс.ж. (1999). Порт у Фінскім зал. Балтыйскага м., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Гал.прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная, суднарамонт і суднабудаванне; лёгкая, хім., хіміка-фармацэўтычная, харч., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, паліграф., вытв-сць ювелірных вырабаў. АН Эстоніі, ун-т, тэатры.
У 10—11 ст. на месцы Т. было паселішча стараж. эстаў Лінданісе. Упершыню пад назваю Калывань упамінаецца ў 1154 араб. географам Ідрысі і ў рус. летапісах. У 1219 захоплены Даніяй. названы Рэвель (афіц. назва Т. да 1917). У 1230 у Т. ўведзена любекскае гар. права. З 1285 чл.Ганзы. У 1346—1561 уладанне Тэўтонскага, потым — Лівонскага ордэнаў. Гандляваў з Ноўгарадам, Псковам, Гданьскам. Любекам. Антверпенам і інш. У 1524 у Т. праведзена Рэфармацыя. У 1561—1710 пад уладай Швецыі. У 1569 горад бамбардзіраваны любекска-дацкім флотам. У 1570—71 і 1577 рус. войскі беспаспяхова імкнуліся захапіць Т. у ходзе Лівонскай вайны 1558—83. У 1591—92 б.ч. насельніцтва памерла ад чумы і голаду (1602). У 1634 пачалася мануфактурная вытворчасць. У Паўн. вайну 1700—21 адышоў да Расіі (1710), цэнтр Эстляндскай губ., пабудавана ваен. гавань. У 1790 каля Т. адмірал П.В.Чычагоў адбіў атаку швед. флоту. Пасля злучэння чыгункай з С.-Пецярбургам (1870) Т. — важны партовы горад і прамысл.цэнтр. У 1918—40 і з 1991 сталіца Эстоніі; у 1940—91 — Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. фашыстамі (1941—44).
Цэнтр. месца ў планіровачнай структуры Т. захоўвае (з невял. зменамі) Стары горад, які гістарычна падзяляецца на Вышгорад і Ніжні горад. На Вышгорадзе знаходзяцца Вышгародскі замак (закладзены ў 13 ст., неаднаразова перабудоўваўся, зах. і паўн. сцены з 3 вуглавымі вежамі 13—14 ст.), Домскі сабор (13—15 ст., готыка; прытвор і капэла 15—17 ст.; вежа 1779, арх. К.Л.Гейст, барока; надмагіллі 16—19 ст., у т. л. работы А.Пасера; вісячая кафедра 1686, скульпт. Х.Акерман), б. палац губернатара (1767—73, арх. І.Шульц, пераход ад барока да класіцызму), ансамбль будынкаў б.губ. суда (1784—92, арх. І.Маор, класіцызм). У Ніжнім горадзе захаваліся фрагменты крапасных сцен з 27 вежамі, у т. л. вежы «Пакс Маргарэтэ» («Тоўстая Маргарыта»; 1529, майстар Г.Конінгк), «Кік-ін-дэ-Кёк») («Глядзі ў кухню»; 15—17 ст.); ансамбль Ратушнай плошчы з ратушай (1402—04; вежа з флюгерам «Стары Томас», 1530), аптэкай 15—17 ст.; гатычныя храмы Нігулістэ (13—15 ст.), Пюхавайму (Св. Духа; 13—14 ст., разны алтар 1483, аўтар Б.Нотке), Олевістэ (14—15 ст., шпіль выш. 123,7 м, самы высокі ў Прыбалтыцы), будынкі Вял. гільдыі (цяпер гіст. музей; 1407—10), брацтва Чорнагаловых (1597, арх. Пасер, рэнесанс). У межах горада руіны 3-нефавай царквы манастыра св. Брыгіты (1407—36), палацава-паркавы ансамбль Кадрыёрг (цяпер маст. музей; 1718—25, арх. Н.Мікеці, М.Зямцоў, барока). У 19 ст. сярэдневяковыя будынкі набылі «ўзорныя» фасады ў духу класіцызму. Жылыя раёны Т. забудоўваліся пераважна 1—2 павярховымі дамамі, будынкамі ў духу эклектыкі і мадэрна (адм. будынак на Пярнускай шашы, 1912, арх. Э.Саарынен; т-р «Эстонія», 1913, арх. А.Ліндгрэн, перабудаваны). Будынкі 1930-х г. з рысамі функцыяналізму (Дом мастака, арх. Э.Куузік, А.Соанс). У Вял.Айч. вайну многія збудаванні зруйнаваны. У пасляваен. гады горад адноўлены, пабудаваны жылыя раёны (Мустамяэ, Ласнамяэ і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: ансамбль Пеўчага поля з эстрадай (1960, арх. А.Котлі, Х.Сепман і інш., інж. Э.Паальман), Політэхн.ін-т (1962—69, арх. У.Тэльпус і інш.), гасцініцы «Віру» (1972. арх.М.Порт, Сепман, В.Там і інш.) і «Алімпія» (1980, арх. Т.Каллас, Р.Керэтэн і інш.), Алімп. цэнтр ветразевага спорту ў Пірыце (арх. Х.Лоавеэр, Сепман, П.Янес і інш.). Палац культуры і спорту (абодва 1980, арх. Р.Карп, Р.Алтмяэ). У Т. парк-музей (скансэн) нар. дойлідства і побыту «Рок аль Марэ» (з 1957); 16 музеяў, у т. л.маст., гіст., марскі, прыроды; т-ры Нацыянальная опера «Эстонія» і Нац. балет, эстр., драм., рус.драм., юнага гледача, лялек. Гіст. цэнтр Т. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларусы ў Таліне. Пасля 1-й сусв. вайны ў горадзе дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (снеж. 1919—жн. 1920). У выніку распаду СССР і абвяшчэння незалежнасці Эстоніі і Беларусі ў Т. актывізавалася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў. З 1993 выдаецца бел.гіст. часопіс «Грунвальд». У 1994 засн. Беларускі культ. цэнтр «Бацькаўшчына». У Т. жыве каля палавіны бел. дыяспары ў Эстоніі (прыбл. 10 тыс.чал.).
Літ.:
Брунс Д., Кангропооль Р. Таллин. 2 изд. Л., 1980;
Розенберг И. Музеи Таллина. Таллин, 1983.
Талін. Вежа «Пакс Маргарэтэ» («Тоўстая Маргарыта»).Талін. Фрагмент крапасной сцяны.Талін. Від Старога горада.Панарама Таліна.Талін. Пеўчае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРО́ЖЖАў літаратуры,
1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.Байран, Г.Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.Растан) апісанні П.
2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.
3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).
4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял.геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.Рабле, М.Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.Мора, Т.Кампанелы, С.Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.Кук, Ж.Лаперуз, В.Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Т.Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.В.Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.Л.Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.Смуула (1958) і інш.Вял. папулярнасць маюць дакумент.літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.І.Кусто, Б.Зянковіч і інш.).
У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.К.Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.Старавольскага, Г.Пельгрымоўскага, І.Б.Сапегі, І.Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.Барстоўскага, А.Каменскага-Длужыка, Ф.Котава, Т.Білевіча, у 18 ст. — Я.Сапегі, Я.Комара, Л.Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.П.Сапегі, С.Маскевіча, А.Філіповіча, Я.Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.Ельскага (1898), мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.
Літ.:
Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Ягож. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;
Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.