ДАРО́ГА,

спецыяльна падрыхтаваная паласа на зямной паверхні, надземнае або падземнае збудаванне для перамяшчэння трансп. і інш. тэхн. сродкаў, людзей, грузаў. Адрозніваюць Д.: бязрэйкавыя (аўтамабільныя дарогі, трактарныя, веласіпедныя, для гужавога транспарту, прагону жывёлы, падвесныя канатныя дарогі і інш.); рэйкавыя наземныя (чыгунка), падземныя (метрапалітэн), навясныя або падвесныя манарэйкавыя дарогі, наземныя канатныя (для перамяшчэння ваганетак з грузам па вузкакалейных пуцях з дапамогай канатнай цягі). На Д. будуюць масты, тунэлі, пуцеправоды, ставяць агароджы, знакі дарожныя і інш. сродкі тэлекамунікацый.

Сетка Д. (звычайна без пакрыццяў) пачала складвацца ў Еўразіі ў 5-м тыс. да н.э. Хеты і асірыйцы будавалі Д. значнай працягласці, часта з каменнымі пакрыццямі. У Стараж. Рыме ў канцы 4 ст. да н.э. пабудавана першая брукаваная Апіева дарога. З 2 ст. да н.э. наладжаны караванны Вялікі шаўковы шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі. На тэр. Беларусі сетка грунтавых Д. пачала складвацца ў 7—9 ст. З 9 ст. наладжаны водны шлях з «варагаў у грэкі» з выкарыстаннем паміж рэкамі прасцейшых сухапутных Д. З 11—12 ст. паступова будуецца і набывае значэнне Д. Масква—Смаленск—Мінск—Брэст (наз. «Вялікая Смаленская», або «Пасольская»). Пашырыліся паштовыя дарогі са станцыямі, корчмамі. мытнямі, ямской службай. У 19 ст. праз Беларусь пракладзены 2 важнейшыя шашэйныя Д. Расійскай імперыі — Масква—Варшава і Санкт-Пецярбург—Кіеў. У пач. 19 ст. вынайдзена дарожнае адзенне з суцэльнага слоя ўтрамбаванага друзу, што выклікала інтэнсіўнае буд-ва ва ўсіх краінах Д. з цвёрдым (пераважна друзавым) пакрыццём. Са з’яўленнем аўтамабіляў пачалося буд-ва Д. з асфальтавым пакрыццём. Развіццё дарожнага буд-ва стымулявала стварэнне спец. дарожных машын, вытв-сць дарожна-будаўнічых матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій дарожна-будаўнічых работ.

І.​І.​Леановіч.

Да арт. Дарога. Дарожны вузел (развязка) э мостам цераз раку.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРБА́ЛЬНАЯ НО́ТА (ад лац. verbalis славесны),

дыпламатычны дакумент, найбольш пашыраная форма дыпламатычнай перапіскі па бягучых пытаннях. Звычайна ідзе ад пасольства, місіі, мін-ва замежных спраў і не падпісваецца, а толькі змацоўваецца пячаткай.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ТЫ (саманазва унанган),

карэннае насельніцтва Алеуцкіх а-воў і п-ва Аляска. У ЗША 6 тыс. чал. (1983). Жывуць таксама на Камандорскіх а-вах (Расія, 700 чал., 1989). Гавораць на алеуцкай мове.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСБІЯ́НСТВА, лесбійская любоў, сапфізм, трыбадыя,

жаночы гомасексуалізм. Назва ад в-ва Лесбас, дзе ў 7—6 ст. да н.э. жыла стараж.грэч. паэтэса Сапфо, якая ў сваіх вершах апявала каханне і прыгажосць.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАПА́РК,

парк, які арганізуецца ў поймах рэк ці на берагах азёр для кароткачасовага адпачынку ва ўмовах, блізкіх да натуральнага асяроддзя. Для Л. характэрна перавага адкрытых прастораў з раскрыццём панарам на далёкія адлегласці.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫЯ РЭЛІ́ГІІ,

рэлігіі, якія маюць найб. колькасць паслядоўнікаў ва ўсім свеце. Да іх адносяцца хрысціянства, будызм і іслам. Характарызуюцца універсальным, касмапалітычным веравучэннем і празелетызмам (імкненнем перавярнуць у сваю веру прыхільнікаў інш. рэлігій).

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЎРЫЯ,

гістарычная назва Крымскага п-ва з 16 ст. У 19 — пач. 20 ст. Т. называлі не толькі Крым, але і сумежныя з ім паўн. раёны Таўрычаскай губ. (т. зв. Паўн. Таўрыя).

т. 15, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРУГІНЕ́УМ (ferrugineum),

разнавіднасць мяккай пшаніцы з чырв. асцюкаватым неапушаным коласам і чырв. зернем. Адна з найб. пашыраных у свеце. Вырошчваюць ва Усх. Азіі, Еўропе, Аргенціне, Паўн. Амерыцы. Шмат азімых і яравых сартоў.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУДЗІСА́ВА,

горад у Японіі, на паўд.-ўсх. узбярэжжы в-ва Хонсю. Каля 340 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Прам-сць: машынабудаванне (трансп. абсталяванне, шарыкападшыпнікі), чорная металургія. На ўзбярэжжы зона адпачынку Эносіма. Турызм.

т. 16, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАНЧЖО́Ў, Уцзінь,

горад ва ўсх. ч. Кітая, у прав. Цзянсу. 531,5 тыс. ж. (1990, з прыгарадамі). Трансп. вузел і порт на Вялікім канале. Прам-сць: машынабудаванне (лакаматывы, трактары, дызелі), металургічная, тэкст., хімічная.

т. 17, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)