Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗРА́НЬ,
горад у Рэспубліцы Інгушэція (да 1998 сталіца), у Рас. Федэрацыі. Размешчана на З Чэчэнскай раўніны. 71,9 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. З-д «Электраінструмент», трыкат.ф-ка і інш. Цэнтр с.-г. раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГРА́ФІЯ (ад грэч. nomos закон + ...графія),
раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады графічнага адлюстравання функцыянальнай залежнасці з дапамогай намаграм. Метады Н. дазваляюць кампактна і наглядна адлюстраваць на паперы шырокі клас залежнасцей з многімі пераменнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛУ́РСКІ СЛЮДАНО́СНЫ РАЁН.
У Індыі (штат Андхра-Прадэш), адзін з найбуйнейшых у свеце. Асваенне з 1887. Здабыча мускавіту і флагапіту. Распрацоўваецца пераважна адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтры здабычы: гарады Нелуру, Пам, Татыпарты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́НХАРТ (Nonhardt. Nonhaart, Nonharteken) Пётр (? — 1633), бел. архітэктар і будаўнік. Паходзіў з Галандыі. З 1611 загадваў каралеўскімі збудаваннямі ў Вільні, начальнік каралеўскіх фартыфікацый у ВКЛ. Пабудаваў палац у Вільні (пасля 1610), Гайцюнішскі дом-крэпасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],
двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).
Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.М.Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.Драйз і Ф.М.Фішэр, шатландзец Г.Далзел, англічанін Трэфу, французы П.Лалеман і М.Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.Б.Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл.вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл.Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.
Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́НІН (Міхаіл Аляксандравіч) (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),
рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр.ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.Герцэнам і М.Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.
У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс.км². Працягласць зПн на Пд каля 950 км, зЗ на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца зЗ Адрыятычным і Іанічным морамі, зУ — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб.выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б.ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ БАРАЦЬБЫ́са шкоднікамі і пустазеллем,
метады стварэння біял. перашкоды для распаўсюджвання, памяншэння колькасці або знішчэння шкодных з пункту гледжання чалавека арганізмаў. Засн. на ўзаемаадносінах арганізмаў у біяцэнозах, пры якіх выкарыстоўваюцца натуральныя ворагі або ўзбуджальнікі хвароб шкоднікаў ці пустазелля і найб. спрыяльныя ў экалагічным сэнсе. Тэрмін прапанаваў амер. заолаг Л.Хоўард (1916). Мікрабіял. метад у барацьбе са збожжавымі жукамі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў І.І.Мечнікаў (1879). Найб. пашыраныя біялагічныя метады барацьбы: інтрадукцыя драпежнікаў або паразітаў сярод папуляцыі шкоднікаў (рыба гамбузія выкарыстоўваецца супраць малярыйнага камара; эфектыўная барацьба з чырвонай крывяной тлёй вядзецца з дапамогай паразіта афелінуса, завезенага з ЗША, і інш.); выкарыстанне патагенных мікраарганізмаў (вірус міксаматозу супраць трусоў у Аўстраліі, вірусы гранулёзу супраць азімай і зерневай совак, энтабактэрын супраць вусеняў яблыневай і пладовай моляў, баярышніцы і інш.); спец. спосабы практычнага выкарыстання энтамафагаў і акарыфагаў (развядзенне трыхаграмы для барацьбы з шэрагам с.-г. і лясных шкоднікаў, драпежнага кляшча фітасеюлюса супраць павуцінных кляшчоў у цяпліцах і інш.); рэпрадукцыйныя метады (скормліванне ваўкам, каётам і лісам стэрылянтаў, якія выклікаюць бясплоднасць самак ці зніжаюць тэмпы размнажэння і інш.); выкарыстанне жывёл для барацьбы з пустазеллем (знішчэнне святаянніку прадзіраўленага з дапамогай лістаеда і златкі); экалагічная прафілактыка (падтрымка экалагічнай мазаікі, скарачэнне плошчаў монакультур і інш.).
На Беларусі біялагічныя метады барацьбы распрацоўваюцца ў Ін-це лесу АН і НДІ аховы раслін ААН. Распрацаваны біялагічныя метады барацьбы з хвоегрызучымі шкоднікамі лесу і с.-г. раслін у закрытым грунце. Ускосна распрацоўка біялагічных метадаў барацьбы стымулявала даследаванні, якія прывялі да стварэння т.зв.біялагічнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае княства, якое вылучылася зПолацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн.Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн.Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн.Канстанцінз наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн.Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял.кн.ВКЛВітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.