ПАЛКА́НАЎ (Аляксандр Аляксеевіч) (25.5.1888, г. Кастрама, Расія — 10.1.1963),

расійскі геолаг. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). У 1917—21 праф. Пермскага, з 1930 Ленінградскага ун-таў. У 1939—45 дырэктар Ін-та зямной кары пры Ленінградскім ун-це, арганізатар (1949) і дырэктар Лабараторыі геалогіі дакембрыю АН СССР. Навук. працы па петралогіі інтрузіўных парод і геахраналогіі дакембрыйскіх парод Балтыйскага шчыта і Украіны. Распрацаваў структурную класіфікацыю плутонаў, прапанаваў калій-аргонавы метад вызначэння абс. ўзросту геал. фармацый. Ленінская прэмія 1962.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛУЖ,

рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл. і Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 343 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Шалухоўка Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны. Вусце за 2 км на ПдУ ад в. Палужская Рудня Бранскай вобл. Даўж. ў межах Беларусі 30 км. Рэчышча каналізаванае ў вярхоўі на працягу 6,4 км (в. Мануйлы — в. Палуж 2-і), на астатнім працягу звілістае.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯШЧУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 10.2.1946, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аховы раслін. Д-р с.-г. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1970). З 1972 у Бел. тэхнал. ун-це (у 1988—93 заг. лабараторыі). Навук. працы па лясной фітапаталогіі.

Тв.:

Аб пашкоджанасці асобных форм елкі звычайнай каранёвай губкай (разам з М.​І.​Фёдаравым) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1978. № 5;

Использование биопрепарата пениофоры гигантской в сосновых насаждениях (з ім жа) // Лесное хозяйство. 1982. № 6.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НІНА (Варвара Васілеўна) (1872, Масква — 10.6.1911),

расійская эстрадная спявачка (кантральта), выканальніца гар. бытавых рамансаў і цыганскіх песень. Па паходжанні цыганка. Мела голас густога груднога тэмбру, які надаваў яе спевам асаблівую рамант. ўзнёсласць і страснасць. З 1886 выступала ў цыганскім хоры, кіравала ўласным хорам. У 1900-я г. як канцэртная спявачка выступала ў Маскве і Пецярбургу. Яе рэпертуар уключаў старадаўнія песні на вершы паэтаў-класікаў. Захавалася каля 40 грамзапісаў у яе выкананні.

Літ.:

Нестьев И.В. Звезды русской эстрады. 2 изд. М., 1974.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНКРА́ТАВА (Ганна Міхайлаўна) (16.2.1897, г. Адэса, Украіна — 25.5.1957),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1953), акад. АН БССР (1940), правадз. чл. АПН РСФСР (1944). Скончыла Новарасійскі ун-т (1917, Адэса), Ін-т чырв. прафесуры (1925). З 1925 у ВНУ Масквы, Ленінграда, Саратава, заг. сектара і нам. дырэктара Ін-та гісторыі АН СССР (1932—52), гал. рэдактар час. «Вопросы истории» (1953—57). Навук. працы па пытаннях гісторыі рас. і зах.-еўрап. рабочага руху, рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІНО́ ((Papineau) Луі Жазеф) (7.10.1786, г. Манрэаль, Канада — 23.9.1871),

канадскі паліт. дзеяч. Адвакат. Чл. Заканад. сходу (1808—37) і ўрада (1820—23) брыт. калоніі (правінцыі) Ніжняя Канада. З 1815 лідэр апазіц. руху франка-канадскіх патрыётаў супраць брыт. улад. Адзін з кіраўнікоў антыбрыт. паўстання 1837—38 у Ніжняй Канадзе. З ліст. 1837 у эміграцыі ў ЗША, потым у Францыі. Вярнуўся ў Канаду па амністыі 1847. У 1848—51 і 1852—54 чл. Заканад. асамблеі прав. Канада. У далейшым ад паліт. дзейнасці адышоў.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУЧА́ЙНІК (Sium),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. шыракалісты (S. latifolium). Трапляецца па берагах вадаёмаў, на сырых лугах і балотах, у вадзе.

П. шыракалісты — шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна выш. да 1,5 м. Сцябло пустое, граністае ці рабрыстае. Паветранае лісце перыстае, апушчанае ў ваду, — двойчы- або тройчыперыстае Кветкі белыя, сабраныя ў складаны парасонік. Плод — віслаплоднік. Эфірны алей пладоў і кветак выкарыстоўваецца ў парфумерыі. Ядавітая расліна.

Паручайнік шыракалісты.

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУЧА́ЙНІК (Tringa stagnatilis),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, на балотах і па берагах вадаёмаў. На Беларусі рэдкі гняздоўны і пералётны від, трапляецца пераважна на Пд Гомельскай вобл.; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 23 см, маса да 85 г. Апярэнне спіны шаравата-бурае, брушка і надхвосце белае. На валляку і грудзях цёмныя стракаціны. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная. Корміцца воднымі беспазваночнымі. Нясе 3—4 яйцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Паручайнік.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ БАР’Е́Р у фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы большая, чым па-за яе межамі. Дзеліць прастору на 2 часткі, дзе патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым унутры П.б. Характарызуецца вышынёй (найб. значэннем) патэнцыяльнай энергіі. Адпавядае сілам адштурхоўвання. У класічнай механіцы праходжанне часціцы праз П.б. магчыма толькі, калі яе поўная энергія перавышае вышыню П.б. У квантавай механіцы магчыма праходжанне часціц з энергіяй, меншай за вышыню П.б. (гл. Тунэльны эфект).

Патэнцыяльны бар’ер: ε — поўная энергія часціцы, V0 — вышыня патэнцыяльнага бар’ера.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛАВЕ́Ц (Марфа Васілеўна) (н. 25.7.1916, в. Вяляцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нейрахірургіі. Д-р мед. н. (1972). Засл. ўрач Беларусі (1964). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1939). У 1948—88 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, у 1992—99 у Рэсп. дыягнастычным цэнтры (Мінск). Навук. працы па праблемах рэгенерацыі перыферычных нерваў, дыягностыцы і хірург. лячэнні пухлін спіннога і галаўнога мозга, унутрымазгавога кровазліцця, траўматычных пашкоджанняў чэрапа.

Тв.:

Внутримозговые кровоизлияния: Этиология, клиника, диагностика и лечение. Мн., 1976.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)