МАСЛО́ЎСКАЯ (Ганна Іванаўна) (6.1. 1920, в. Курсевічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 11.11.1980),
Герой Сав. Саюза (1944). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 у Чырв. Арміі. Трапіўшы ў акружэнне, наладзіла сувязь з партызанамі, сакратар Пастаўскай падп. камсам. арг-цыі. З 1942 у партызанах, з мая 1943 нам. камісара па камсам. рабоце партыз. атрада імя А.Пархоменкі, потым чл. Пастаўскага падп. райкома ЛКСМБ, удзельнічала ў дыверсійных аперацыях. Пасля вайны стала прыёмнай маці 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Фёдаравіч) (2.10.1848, г. Омск, Расія — 15.11.1894),
расійскі ваен. гісторык. Праф. (1889). Ген.-маёр (1891). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1866), Акадэмію Генштаба (1873). З 1873 у войсках на штабных пасадах. З 1885 выкладчык, з 1890 нач. кафедры гісторыі рас.ваен. майстэрства Акадэміі Генштаба. Заснавальнік т.зв.рас.ваен.-гіст. школы, падкрэсліваў самабытнасць рас.ваен. майстэрства. Аўтар прац «Руская армія ў Сямігадовую вайну» (вып. 1—3, 1886—91), «Запіскі па гісторыі ваеннага майстэрства ў Расіі (1683—1794)» (вып. 1—2, 1891—94) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТО́РНАЕ МА́СЛА,
нафтавае ці сінт.змазачнае масла для рухавікоў унутр. згарання розных тыпаў.
Паводле прызначэння М.м. падзяляюць на дызельныя (для змазкі аўтатрактарных, транспартных, стацыянарных, цеплавозных і суднавых рухавікоў), карбюратарныя (для аўтамаб. рухавікоў) і авіяцыйныя, якія падзяляюць на групы паводле вязкасці (адна з асн. характарыстык М.м.) і інш. эксплуатацыйных уласцівасцей. Вырабляюць на аснове нафтавага масла ці сінтэтычнага масла з дабаўленнем ад 1 да 25% (па масе) прысадак (мыйных. процізносных, антыкаразійных. вязкасных і інш.). Выкарыстоўваюць таксама сумесь нафтавага масла з дабаўкамі сінт. кампанентаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛІ́ЦЫ (Psychodidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды (у тропіках і субтропіках — кровасысучыя М. з роду маскітаў). Дарослыя жывуць сярод травяністай расліннасці, трапляюцца ў вільготных цёмных памяшканнях, лічынкі — па берагах вадаёмаў, у вільготных імху, глебе, гнаі. На Беларусі найб. трапляецца М. звычайная (Psychoda phaiaenoides).
Дробныя камары, вонкава падобныя да моляў; даўж. да 5 мм. Цела кароткае, густаваласістае. Крылы шырокія, касматыя, з густой сеткай падоўжных жылак. Дарослыя пераважна расліннаедныя, лічынкі кормяцца дэтрытам, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАРЫ́НСКІ (Яфім Ільіч) (н. 11.3.1929, г. Жытомір, Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Канд.тэхн.н. (1965), праф. (1993). Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1954). З 1966 у Віцебскім тэхнал. ун-це (у 1969—77 заг. кафедры). Навук. працы па праблеме кіравання працэсам шліфавання і распрацоўцы тэарэт. асноў аптымальных алгарытмаў кіравання рабочым цыклам круглага і плоскага ўразнога шліфавання.
Тв.:
Планирование эксперимента в машиностроении. Мн., 1985 (разам з П.І.Яшчарыцыным);
Основы технологии машиностроения. Мн., 1997 (разам з В.А.Гарохавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЧЭ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 15.8.1937, в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Канд.тэхн.н. (1973), праф. (1989). Скончыў БПІ (1960). З 1977 у Бел. агр,тэхн. акадэміі (у 1982—98 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні аптым. паказчыкаў цягава-счапных уласцівасцей і паліўнай эканамічнасці с.-г. і меліярац. машынна-трактарных агрэгатаў. Навукова абгрунтаваў энергет., кінематычныя і геам. параметры фрэзерных рабочых органаў меліярац. машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАСФЕ́Н (Megasthenēs; каля 350, Іонія, М. Азія — каля 290 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык і этнограф. Па даручэнні Селеўка I Нікатара ў 300—290 да н.э. ўзначальваў пасольства пры двары караля Індыі Чандрагупты. Аўтар твора «Індыка» (у 4 кн., захаваліся дробныя фрагменты), у якім шмат каштоўных звестак пра грамадскі лад, рэлігію, звычаі і гісторыю тагачаснай Індыі, а таксама геагр. інфармацыя, у т. л. першыя звесткі пра Гімалаі. Твор М. выкарыстоўвалі ў сваёй працы ант. гісторыкі Дыядор Сіцылійскі, Страбон, Арыян, Пліній Малодшы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬНІЧУ́К (Дзмітрый Іванавіч) (н. 6.11.1933, с. Гарадзішча Бахмацкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Канд.с.-г.н. (1966), праф. (1998). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1957). З 1965 у БСГА (у 1975—86 заг. кафедры). Навук. працы па біялогіі росту і развіцця бульбы, біял. асновах і прыёмах павышэння яе прадукцыйнасці, методыцы выкладання раслінаводства.
Тв.:
Развитие столонов и клубней картофеля // Весці АНБССР. Сер. с.-г.навук. 1966 № 3. Интенсивные технологии возделывания сельскохозяйственных культур. М., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́Я (ад мікра... +грэч. spora семя, пасеў),
мікраспароз, стрыгучы лішай, грыбковае захворванне скуры і валасоў чалавека і жывёл. Выклікаецца паразітычнымі грыбкамі роду мікраспорум. У чалавека заражэнне адбываецца ад хворых катоў, сабак, людзей. На скуры валасістай ч. галавы з’яўляюцца буйныя (вотруб’епадобныя) ачагі акруглай формы з выразнымі межамі і абламанымі валасамі, абкружаныя белымі лусачкамі. На гладкай скуры — звычайна чырв. ачагі з прыўзнятым валікам па перыферыі. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл на М. хварэюць каты, сабакі, пушныя звяры, драпежнікі, коні, свінні, малпы, грызуны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬЁНШЧЫКАЎ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (16.1.1913, г. Грозны, Расія — 27.5.1973),
расійскі вучоны ў галіне механікі і прыкладной фізікі. Акад.АНСССР (1962, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1932). З 1934 у Маскоўскім авіяц. ін-це, з 1944 у Ін-це механікі, з 1949 у Ін-це атамнай энергіі АНСССР. З 1962 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па механіцы, ядз. энергетыцы, газавай дынаміцы і фізіцы плазмы. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1954. Ленінская прэмія 1961.