ГО́РВАЛЬ,

бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн. лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ШЧА,

вадасховішча ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. каля в. Гошча. Створана на месцы аднайм. возера ў 1981. Пл. 0,82 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 10 м. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя. Усх. берагі ўкрыты лесам, паўн. і паўд. — лугавой расліннасцю, зах.пад ворывам. Асн. прызначэнне — акумуляцыя і пераразмеркаванне сезоннага сцёку, увільгатненне зямель, рыбагадоўля.

т. 5, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНЫ́ ВІНТ,

найбольш пашыраны суднавы рухач. Мае насаджаную на грабны вал калодку з лопасцямі, якія размешчаны на аднолькавых вуглавых адлегласцях адна ад адной і арыентаваны пад пэўным вуглом да падоўжнай восі вала. Грабныя вінты бываюць суцэльныя (лопасці адлітыя або адштампаваныя разам з калодкай), са здымнымі або паваротнымі (вінты са зменным ходам) лопасцямі. Вырабляюць з латуні, бронзы, чыгуну, сталі, пластмас.

т. 5, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІТЫЗА́ЦЫЯ,

працэс утварэння графіту ў некаторых метал. сплавах (пераважна на аснове жалеза), якія маюць вуглярод у выглядзе няўстойлівых карбідаў. Адбываецца пры павышанай т-ры (напр., пры адпале), пад уплывам якой у метал. аснове сплаву фарміруюцца і растуць часцінкі графіту. Графітызацыя павышае зносаўстойлівасць сплаваў за кошт высокіх змазачных уласцівасцей графіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вырабаў з коўкага чыгуну.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАМЫ́СЛЕНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл. на р. Чарніца (прыток Лучосы), за 10 км на ПдЗ ад г. п. Лёзна. Створана ў 1962. Пл. 1,16 км². Даўж. 8 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 5 м, аб’ём вады 2,25 млн. м³. Берагавая лінія звілістая: правы бераг пад лесам, левы забалочаны. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРВІ́ЛЯ МО́РА (d’Urville Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Антарктыды. Абмывае Зямлю Адэлі. Паўд. ч. мора знаходзіцца ў межах мацерыковай водмелі (глыб. каля 500 м), паўночная — мацерыковага схілу (глыб. да 3610 м). Дрэйфучыя ільды; шмат айсбергаў. Салёнасць каля 34‰. Адкрыта ў 1914 аўстрал. антарктычнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Д.​Моўсана. Названа ў гонар франц. мараплаўца Ж.Дзюмон-Дзюрвіля.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ, якое знаходзілася ў распараджэнні пэўнай асобы — дзяржаўцы — на вызначаных умовах трымання. У 15—16 ст. мелі розную велічыню, некат. з іх ператварыліся ў староствы. У 17—18 ст. Дз. складаліся з адной ці некалькіх вёсак або нават іх частак, часам пад Дз. лічылася пэўная колькасць зямлі, на якой не было аселых сялян.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́НІКІ, драчонікі, бульбянікі,

бліны з бульбы, традыцыйная бел. страва. Гатуюць з дранай (таркаванай) на тарцы бульбы, у якую часам дадаюць муку. Пякуць вялікімі (на ўсю патэльню) або невялікімі накшталт аладак. Да Д. смажаць сала, робяць мачанне з тварагу і смятаны. На Беларусі пашыраны ўсюды. На Віцебшчыне пад назвай драчоны вядомы бліны з пшанічнай, змешанай з жытняй, мукі.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МПЕР (ад англ. dump звальваць),

самазвальная машына для перавозкі сыпкіх грузаў на невял. (да 2 км) адлегласці. Мае кузаў, які пры раз’яднанні счэпнага прыстасавання перакульваецца пад дзеяннем грузу. Вызначаецца прадукцыйнасцю, манеўранасцю, магчымасцю працаваць «чаўнаком» (уперад-назад без разваротаў, для чаго аснашчаецца паваротным сядзеннем і дубліраванымі органамі кіравання). Выкарыстоўваецца таксама для адвозкі грунту з тунэляў. Грузападымальнасць да 13,5 т.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РМА (ад грэч. derma скура),

злучальнатканкавая частка скуры пазваночных жывёл і чалавека, якая знаходзіцца пад эпідэрмісам; уласна скура. Развіваецца з мезадэрмы. Д. вял., ці малая рухома злучана з органамі, што ляжаць ніжэй, падскурнай рыхлай злучальнай тканкай, часта багатай тлушчавымі адкладамі. Складаецца з 2 слаёў: паверхневага сасочкавага (мае сасуды, забяспечвае жыўленне эпідэрмісу і яго вытворных) і сеткаватага (выконвае апорную функцыю).

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)