ПУНТ,

старажытнаегіпецкая назва краіны ва Усх. Афрыцы, магчыма, на ўзбярэжжы Адэнскага заліва, на п-ве Самалі. Пачынаючы са Стараж. царства (3-е тыс. да н.э.) егіп. фараоны шмат разоў адпраўлялі гандл. і рабаўніцкія экспедыцыі ў П. па Чырвоным моры. З П. вывозілі міру, золата, чорнае дрэва, слановую косць, а таксама рабоў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СК,

араб. Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.

Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст. н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц. франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.

Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст. н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац. б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГУ́НДЫ,

племя ўсходніх германцаў. У першыя ст. н.э. прыйшлі з Балт. мора на Рэйн. У 406 засн. каралеўства з цэнтрам у Вормсе (у 436 знішчана гунамі). У 457 занялі басейн р. Рона, дзе заснавалі дзяржаву з цэнтрам у Ліёне. У 6 ст. прынялі каталіцтва. У 534 падпарадкаваны франкамі. Пазней увайшлі ў склад паўд.-франц. народнасці.

т. 3, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПІС,

у егіпецкай міфалогіі бог урадлівасці. Цэнтр культу Апіса — г. Мемфіс, дзе ён лічыўся душой бога Мемфіса Птаха і бога сонца Ра. Жывым увасабленнем Апіса быў чорны бык з белымі меткамі на лбе, якога трымалі ў асобным памяшканні, памерлага бальзаміравалі і хавалі ў спец. склепе Серапеўме.

Апіс. Бронза. 7 ст. да н.э.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУЛЕ́Й САТУРНІ́Н (Луцый) (Lucius Apuleius Saturninus; ? — 100 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч, папуляр. Нар. трыбун. У 104 — квестар, кіраваў у Остыі ўвозам хлеба. У 101 выступіў з выкрыццём сенатараў, падкупленых пасламі цара Пантыйскай дзяржавы Мітрыдата VI Еўпатара. Правёў праз нар. сход законы аб надзяленні зямлёй ветэранаў Марыя і вывядзенні калоній у правінцыі. Забіты прыхільнікамі аптыматаў.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗГІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля вытокаў р. Була. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Леніна. За 12 км на Пд З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 15 км ад чыг. ст. Слонім, на шашы Слонім—Ружаны. 84 ж., 42 двары (1994). Каля вёскі селішча 1-га тыс. н.э.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙ-ТАДО́Р,

мыс на Паўд. беразе Крыма, на Украіне, за 8,5 км на ПдЗ ад Ялты. Замыкае з З Ялцінскую бухту. Выш. каля 90 м. Вапняковае адгор’е г. Магабі, якое падае да Чорнага м. стромкімі абрывамі. На адным з іх замак «Ластаўчына гняздо» (канец 19 ст.). Рэшткі рымскага лагера Харакс (1—3 ст. н.э.).

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЭКА́ЭДР (ад грэч. dōdeka дванаццаць + hedra грань), адзін з пяці тыпаў правільных шматграннікаў. Мае 12 граней (пяцівугольных), 30 рэбраў, 20 вяршынь (у кожнай вяршыні сыходзяцца 3 рабры). Калі a — даўжыня рабра Д., тады яго аб’ём v = a3 4 ( 15 + 75 ) 7,6631   a3 . Упершыню Д. пабудаваў Тэатэт (4 ст. да н.э.).

Дадэкаэдр.

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАСТА́СЬ (ад грэч. hipostasis твар, сутнасць),

тэрмін стараж.-грэч. філасофіі, субстанцыя, сутнасць. Уведзены Пасідоніем у 1 ст. да н.э. У хрысціянстве, пачынаючы з патрыстыкі, тэрмін І. вызначае кожную з трох асоб Тройцы (Бога-айца, Бога-сына, Бога-Духа святога) і іх адзінства (лічыцца недасягальным чалавечаму розуму і не паддаецца рацыянальнаму тлумачэнню, з’яўляецца аб’ектам веры).

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАНЛЫ́К,

горад у цэнтр. ч. Балгарыі, у Казанлыкскай катлавіне. Вядомы з 1430. 60 тыс. ж. (1992). Прам-сць: маш.-буд., харчасмакавая, дрэваапрацоўчая; вытв-сць муз. інструментаў. Фракійская грабніца з размалёўкамі (4—3 ст. да н.э., уключана ЮНЕСКА у Спіс сусв. спадчыны). У раёне К. — плантацыі казанлыкскай ружы, лаванды. Доследная станцыя эфіраалейных культур.

т. 7, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)