ПЕТЭ́Н ((Pétain) Анры Філіп) (24.4.1856, Кашы-а-ла-Тур, Францыя — 23.7.1951),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1918). Скончыў ваен. вучылішча Сен-Сір (1878), служыў у арміі. У 1-ю сусв. вайну генерал, камандзір брыгады, корпуса, каманд. 2-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Вердэнскай аперацыі 1916; з мая 1916 каманд. групай армій «Цэнтр», з мая 1917 галоўнакаманд. франц. арміяй. У 1920—31 нам. старшыні вышэйшага ваен. савета, адначасова (з 1922) ген. інспектар арміі. У 1925—26 кіраваў задушэннем нац.-вызв. паўстання ў Марока. У 1934 ваен. міністр. З 16.6.1940 прэм’ер-міністр Францыі. Падпісаў Камп’енскае перамір’е 1940 з Германіяй. 10.7.1940 атрымаў ад Нац. сходу ўсю паўнату ўлады, што азначала скасаванне Трэцяй рэспублікі. У ліп. 1940 — жн. 1944 кіраўнік дзяржавы (да крас. 1942 адначасова ўрада) прагерм. рэжыму «Вішы». У крас. 1945 арыштаваны, Вярх. судом Францыі прыгавораны за калабарацыянізм да смяротнага пакарання, якое было заменена пажыццёвым зняволеннем.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЗА́Р (Salazar) Антоніу ды Алівейра

(de Oliveira; 28.4.1889, г. Санта-Комба-Дан, Партугалія —27.7.1970),

партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч, эканаміст. Скончыў Каімбрскі ун-т (1916), у 1916—28 праф. паліт. эканоміі гэтага ун-та. Адзін з заснавальнікаў партыі Каталіцкі цэнтр (1918). З 1921 дэп. парламента. У 1928—40 міністр фінансаў. У 1932—68 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Партугаліі, адначасова ваен. міністр (1936—44) і міністр замежных спраў (1936—47). Абапіраючыся на засн. ім у 1930 партыю Нац. саюз, устанавіў у краіне унітарна-карпаратыўную дзяржаву (юрыд. аформлена паводле канстытуцыі 1933). У 2-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт Партугаліі. Пасля 1945 імкнуўся да супрацоўніцтва з зах. дзяржавамі, асабліва ў ваен.-паліт. галіне (у 1949 Партугалія ўступіла ў НАТО). З пач. 1960-х г. вёў калан. вайну супраць нац.-вызв. руху ў Анголе, Гвінеі-Бісау і Мазамбіку. У 1968 адышоў ад дзярж. спраў.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЕ́ЕЎ (Вадзім Аляксеевіч) (н. 27.5.1939, С.-Пецярбург),

бел. філосаф, культуролаг, маст. крытык. Д-р філас. н. (1992), праф. (1994). Засл. дз. культ. Беларусі (2000). Скончыў БДУ (1962). З 1970 у БПА. З 1995 гал. рэдактар часопіса «Асновы мастацтва», адначасова з 1996 заг. аддзела Нац. ін-та адукацыі Беларусі. Навук. працы па праблемах слав. і бел. культур, эстэтыкі, філас. адукацыі, тэорыі мастацтва, маст. крытыкі, эстэт. і маст. выхавання. Распрацоўвае канцэпцыі развіцця нац. культуры, маст. адукацыі і эстэт. выхавання дзяцей і моладзі на Беларусі, методыку артстрэстэрапіі і артстрэспедагогікі.

Тв.:

О художественном вкусе. Мн., 1975;

Искусство и его оценка. Мн., 1977;

Современная эстетика Белоруссии. Мн., 1979;

Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая культура. Мн., 1990;

Язык в национальной культуре. Мн., 1992;

Этническое в художественной культуре. М., 1992;

Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994;

Эстетическое восприятие и детская фантазия. Мн., 1999 (разам з В.​У.​Івашкевіч).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛЫ ХУ́ТКАГА РАЗГО́РТВАННЯ, сілы хуткага рэагавання,

спец. падрыхтаваныя фарміраванні ў шэрагу нац. і аб’яднаных узбр. сіл, прызначаныя для экстраннага выкарыстання ў стратэг. важных рэгіёнах пры ўзнікненні там крызісных сітуацый. У ЗША створаны ў канцы 1970-х г., у Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — у пач. 1980-х г., у аб’яднаных узбр. сілах НАТО і арміях шэрагу інш. краін — у 1990-я г. Аснову аб’яднаных С.х.р. НАТО складае «Еўракорпус». у які ўваходзяць некалькі дывізій рознай нац. прыналежнасці, а таксама інш. спец. фарміраванні. У некат. дзяржавах СНД, у т. л. Расіі, Беларусі, ролю С.х.р. выконваюць паветрана-дэсантныя войскі (гл. раздз. Узброеныя сілы ў арт. Расія), мабільныя сілы і інш. спец. ўзбр. фарміраванні Для С.х.р. характэрны высокая боегатоўнасць, стратэг. і аператыўная мабільнасць, падрыхтаванасць для вядзення баявых дзеянняў у складаных фізіка-геагр умовах. С.х.р. ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі і інш. неаднаразова выкарыстоўваліся ў правядзенні ваен. і міратворчых аперацый.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТРЫ́ДЫ (ад грэч. apatris пазбаўлены бацькаўшчыны),

асобы, якія не маюць грамадзянства ніводнай краіны. Іх прававое становішча ў асноўным рэгулюецца нац. законамі дзяржаў і міжнар. пагадненнямі (канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954, аб скарачэнні безграмадзянства 1961 і інш.), якія прадугледжваюць устанаўленне для апатрыдаў статуса іншаземцаў і льготных умоў для набыцця імі грамадзянства краіны, дзе яны жывуць.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНФ (Banff),

бальнеакліматычны курорт у Канадзе. На ПнЗ ад г. Калгары, на схілах Скалістых гор. Горны клімат і тэрмальныя сульфідныя воды. Шматлікія гасцініцы, матэлі, кемпінгі. Буйны цэнтр турызму і адпачынку. Месца правядзення карнавалаў, спаборніцтваў па зімовых відах спорту, міжнар. канферэнцый, фестываляў мастацтваў; цэнтр першага ў Канадзе нац. парку Банф (з 1885, пл. 660 тыс. га).

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ЗЕМЛЯ́»,

грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася ў 1918 у Мінску на рус. мове. Афіц. выдавец — Саюз бел. арг-цый, фактычна была органам Народнага сакратарыята Беларусі. Першы нумар выйшаў 1.3.1918. Друкавала дакументы выканкома Савета Усебел. з’езда, пастановы, загады і аб’явы Нар. сакратарыята Беларусі і падначаленых яму органаў, артыкулы дзеячаў нац. руху. Выйшла некалькі нумароў.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНРЫО́ ((Hanriot) Франсуа) (1761—28.7.1794),

дзеяч франц. рэвалюцыі 18 ст., якабінец. Актыўны ўдзельнік паўстання 10.8.1792, якое скінула манархію. З мая 1793 начальнік Парыжскай нац. гвардыі, адзін з кіраўнікоў паўстання 31.5—2.6.1793, што прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. У час тэрмідарыянскага перавароту (27.7.1794) быў нерашучы ў арганізацыі супраціўлення. Пакараны смерцю тэрмідарыянцамі разам з М.Рабесп’ерам.

т. 1, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver),

востраў у Ціхім ак., самы вял. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі, у складзе Канады. Пл. 32,2 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 2200 м. Берагі фіёрдавыя. Клімат умераны марскі, вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча вугалю і жал. руды. Нац. парк Пасіфік-Рым. Гал. горад і порт — Вікторыя. Названы ў гонар Дж.Ванкувера.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ПАЛЬСКІ ПАЎВО́СТРАЎ (тур. Гелібалу),

паўвостраў у еўрапейскай частцы Турцыі. Абмываецца Эгейскім м. і пралівам Дарданелы. Даўж. 90 км, шыр. да 20 км. Складзены з пясчанікаў і глін. Рэльеф — узгоркавая раўніна, выш. да 374 м. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Хваёвыя, кіпарысавыя і платанавыя гаі, міжземнаморскія хмызнякі. Нац. парк Гелібалу-Ярымадасы (засн. ў 1973). Порт Гелібалу.

т. 4, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)