ПІ́САРАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.Тургенева, А.Ганчарова, А.Пісемскага, Г.Гейнэ, раннія творы Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.Чарнышэўскага, М.Дабралюбава, інш.рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.Ж.Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».
Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.Багдановіча народнік А.Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.
Тв.:
Соч.Т. 1—4. М., 1955—56;
Исторические эскизы: Избр. ст.М., 1989;
Литературно-критические статьи. Мн., 1976;
Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1939.
Літ.:
Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.И.Писарева. Л., 1987;
Искра Л.М. Д.И.Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел.народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел.народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,
палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел.вызв. руху, у ідэях бел.нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел.нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел.народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВКБССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБКП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел.народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦККП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВКБССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г.бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел.народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел.народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПЕ́НКА (Алесь) (Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.
Літ.:
Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;
Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;
Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;
Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ ((Augustus) Гай Актавій) (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),
рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.
Статуя імператара Аўгуста з Прыма-Порта. 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МЧЫК (Іван Восіпавіч) (16.12.1903, Мінск — 9.3.1971),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1949). Праф. (1964). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1930). Вучыўся ў А.Архіпава, К.Істоміна, А.Шаўчэнкі. З 1931 на пед. рабоце, з 1963 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манум. жывапісу. Карціны: «Падпісанне маніфеста пра ўтварэнне БССР» (1929), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935), «Гідраторф Асінбуд» (1937), «Твар ворага» (1942), «Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.» (1944). Адна з лепшых яго работ «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958). Стварыў шэраг партрэтаў сучаснікаў: У.І.Уладамірскага (1948), Е.А.Міровіча (1952), П.С.Пестрака (1968), С.Б.Баткоўскага (1971) і інш.; пейзажы «Сонечны дзень» (1952), «Бэз цвіце» (1958), «Квітнеючая вясна» (1963), «З акна майстэрні» (1971) і інш. Творы манум. жывапісу: 2 пано для Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930), дэкар. фрыз «Свята беларускага народа» для бел. павільёна Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве (1939), плафон «Дружба народаў» у Тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы з замежнымі краінамі (1956, з І.Давідовічам). Імя Ахрэмчыка прысвоена Бел. ліцэю мастацтва.
Літ.:
Аладова Е.В. И.О.Ахремчик. М., 1960.
І.В.Ахрэмчык.І.Ахрэмчык. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел.народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),
грамадская нац.арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. БНС узначальвалі І.Ермачэнка, Ю.Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),
нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел.с.-д. партыю (А.Аўсянік, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.В.Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.А.Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.С.Кахановіч, В.Ц.Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.І.Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел.народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш.нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел.сял. саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».
А.М.Сідарэвіч.
Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.Аўсянік, Ф.Ярэміч, П.Валошын; у 2-м радзе — В.Багдановіч, М.Кахановіч, Б.Тарашкевіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў; стаяць: В.Рагуля, С.Якавюк, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мятла. Варшава. 1923.