ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ, сметнікавыя куры (Megapodiidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).

Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Веліканогія куры: 1 — кустовая індычка; 2 — плямістая курыца.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛА,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі гал. персанаж свята летняга сонцастаяння, магчыма, бажаство (гл. Купалле). К. называлі ляльку або чучала (жанчыны ці мужчыны); у бел. рытуалах К. наз. таксама Марай, у рус. песнях — ведзьмай (у рытуалах «ведзьму», конскі чэрап або косці жывёлы спальваюць на вогнішчы). У час свята К. топяць у вадзе. Назва К., магчыма, паходзіць ад агульнаіндаеўрап. кораня «куп» або «коп», галоўны сэнс якога — «укупе», «разам», і паказвае на яднанне (сукупленне) людзей з прыродай і аднаго з адным. Верагодна таксама, што гэтая назва паходзіць ад дзеясловаў «купаць», «кіпець», (роднасна лац. cupido, Купідон — імкненне, палкасць), паказвае на суадносіны купальскіх рытуалаў з агнём (зямным і нябесным) і вадой, што выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. Тры віды чароўных траў і кветак у купальскіх песнях суадносяцца з матывамі трох змей і трох дачок К.

т. 9, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДТА́Г (ням. Landtag ад Land зямля, краіна + Tag сход, з’езд),

1) сход або з’езд саслоўных прадстаўнікоў земскіх чыноў (дваран, духавенства і гарадоў) у герм. дзяржавах у 13—17 (18) ст. 2) Мясц. органы ўлады ў асобных ням. княствах у 16—17 ст. 3) Выбарны прадстаўнічы орган на ўзор рэйхстага ў Лівоніі ў 1419—1561; сходы дваран у Курляндыі (Курземе), Ліфляндыі і Эстляндыі ў 1561—1917.

4) Выбарны прадстаўнічы орган у дзяржавах Герм. саюза, Паўночна-Германскага саюза і Герм. імперыі ў 19 — пач. 20 ст., у карэнных землях (адм. адзінках) Аўстр. імперыі (Аўстра-Венгрыі, да 1918), землях Германскай (1919—34) і Аўстрыйскай (1919—38) рэспублік.

5) Назва заканад. органа (прымае зямельныя законы, выбірае і кантралюе ўрад зямлі) у землях ФРГ (акрамя Берліна, Брэмена, Гамбурга), Аўстрыі (акрамя Вены) і да 1952 у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

6) Назва парламента ў княстве Ліхтэнштэйн.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБА́ЦКАЯ СТРЭ́ЛКА,

вузкая і доўгая пясчаная каса ва ўсх. ч. Крымскага п-ва. Цягнецца амаль паралельна паўн.-ўсх. берагу і аддзяляе зал. Сіваш ад Азоўскага мора. Даўж. 113 км, шыр. ад 270 м да 8 км. На Пн аддзяляецца ад мацерыка вузкім Генічаскім пралівам. Назва паходзіць ад стараж. ўмацавання Арабат.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Атаманская імперыя,

афіцыйная назва султанскай Турцыі да 1922 — ад імя заснавальніка дынастыі султана Асмана I [1299 ці 1300 — 1324]. Склалася ў 15—16 ст. Аб’ядноўвала Пярэднюю Азію, Балканскі п-аў, Егіпет і інш. краіны Паўн. Афрыкі. Фактычна распалася пасля паражэння ў 1-й сусв. вайне (1918), юрыдычна — у 1922, калі быў ліквідаваны султанат.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСУРМА́Н, басурманін,

1) устарэлая назва нехрысціяніна, пераважна мусульманіна (у Расіі — неправаслаўнага). У ВКЛ прававое становішча басурманаў рэгулявалася Статутамі ВКЛ, якія ў пэўнай ступені абмяжоўвалі іх правы. Басурман не меў права займаць дзярж. і адм. пасады, мець у няволі хрысціян, не мог быць панятым і інш. 2) Пераноснае значэнне — несумленны чалавек.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГЕР ПУ́БЛІКУС (лац. ager publicus грамадскае поле),

у Стараж. Рыме назва зямель заваяваных гарадоў і абшчын, ператвораных у рым. дзярж. ўласнасць. Пазней большасць іх захоплена патрыцыямі. Пытанне аб даступнасці да агер публікуса і іх перадзеле было адным з асн. патрабаванняў плебеяў у барацьбе супраць патрыцыяў і выклікала прыняцце шматлікіх агр. законаў.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАНТАРЭ́Я (франц. galanterie літар. ветлівасць, далікатнасць),

гандлёвая назва прадметаў упрыгожання, туалету і асабістага ўжытку. Асартымент галантарэі з улікам зыходных матэрыялаў зведзены ў групы: тэкстыльную (стужкі, тасьмы, гальштукі і інш.), з пластычных мас (грабяні, гузікі і інш.), металічныя (брошкі, спражкі і інш.), скураныя (пальчаткі, рамяні паясныя і інш.), шчоткі і люстэркі.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЁКІ УСХО́Д,

агульная назва дзяржаў і тэрыторый на У Азіі. Адносяць крайнюю ўсх. ч. Расійскай Федэрацыі

[Прыморскі і Хабараўскі краі, Амурская, Камчацкая, Магаданская і Сахалінская вобл., а таксама ўсх. ч. Рэспублікі Саха (Якуція) і Чыцінскай вобл.],

усх. ч. Кітая, Карэю (Карэйскую Нар.-Дэмакр. Рэспубліку і Рэспубліку Карэя), Японію, зрэдку і Філіпіны.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)