БУСЕНА́Р ((Boussenard) Луі Анры) (4.10.1847, Эскрэн, дэпартамент Луарэ, Францыя — 11.91910),
французскі пісьменнік. Атрымаў мед. адукацыю ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў часопіса для падлеткаў «Le journal des voyages» («Дзённік падарожжаў»). Аўтар прыгодніцкіх раманаў для дзяцей і юнацтва: «Падарожжа вакол свету аднаго парыжскага хлопчыка» (1878—80), «Тайна доктара Сінтэза» (1888—89), «Палымнеючы востраў» (1898), «Капітан-Сарві-Галава» (1901) і інш. Творчасць Бусенара ў многіх дэталях, сюжэтах (часта разгортваюцца ў абставінах «экзатычных» краін), фантастычных элементах (падрабязнае апісанне складаных машын і навук. адкрыццяў, якія з’яўляюцца на некалькі дзесяцігоддзяў пазней) апярэдзіла развіццё навук.-фантаст. і прыгодніцкага жанраў у 20 ст.
Тв/: Рус.пер. — Полн. собр. романов. Кн. 1—40. СПб., 1911; Собр. романов. Т. 1—10. М., 1991—93; Охотники за каучуком. М., 1992; Похитители бриллиантов. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «МАНАЛІ́Т».
Створана ў 1972 у Віцебску на базе з-даў радыёдэталей (дзейнічае з 1958) і рэзістараў (з 1968) у Віцебску і з-да «Лантан» (поўнасцю ўведзены ў 1973) у г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 1980 увайшлі Лепельскі электрамех. з-д і з-д «Ветразь» у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Вядучы вытворца маналітных керамічных кандэнсатараў сярод краінб.СССР (забяспечвае 50% патрэбы ў іх). Асн. прадукцыя (1996): шматслойныя і аднаслойныя керамічныя і плёначныя кандэнсатары, вырабы з п’езакерамікі і інш. п’езавырабы, пазістары, шматслойныя індуктыўнасці на керамічнай падложцы для паверхневага мантажу, складанае тэхнал. абсталяванне, сістэмы электроннага запальвання, устройствы цеплавой аховы электрарухавікоў, мікрафоны, быт. пыласосы і інш. тавары шырокага ўжытку. На ВА дзейнічае н.-д.ін-т электроннай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧКА (Андрэй Антонавіч) (17.10.1903, в. Галадаеўка Растоўскай вобл., Расія — 26.4.1976),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1958), Герой ЧССР (1969). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1941). У арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь (1939). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце: каманд. дывізіяй, корпусам, 12, 47, 18 і 56-й арміямі. З кастр. 1943 нам.каманд. 1-м Укр. фронтам, са снеж. 1943 каманд. 1-й гвардз. арміяй. З 1945 каманд. войскамі Кіеўскай ваен. акругі, з 1953 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі, з 1957 1-ы нам. міністра абароны СССР, галоўнакаманд. сухап. войскамі, з 1960 галоўнакаманд. Аб’яднанымі ўзбр. сіламі краін Варшаўскага дагавора. У 1967—76 міністр абароны СССР. Аўтар мемуарных твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДАТКО́ВАЕ РАССЛЕ́ДАВАННЕ,
у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД дадатковае следства або дазнанне, якое праводзіцца паводле распараджэння пракурора ці вызначэння суда па крымінальнай справе, скончанай следствам. Праводзіцца ў выпадках: выяўлення пракурорам або судом непаўнаты папярэдняга следства, якая не можа быць папоўнена ў суд. пасяджэнні; істотнага парушэння органамі следства ці дазнання закону, якое перашкаджае разгляду справы судом; наяўнасці падстаў для прад’яўлення абвінавачанаму інш. абвінавачання, звязанага з раней прад’яўленым; для змянення абвінавачання на больш цяжкае або на такое, якое істотна адрозніваецца ад абвінавачання, што ўтрымліваецца ў абвінаваўчым заключэнні; наяўнасці падстаў для прыцягнення да крымін. адказнасці па гэтай справе інш. асоб і інш. падстаў, прадугледжаных заканадаўствам. Указанні пракурора і суда аб Д.р. абавязковыя для следчых і інш.дзярж. органаў, грамадскіх арг-цый і грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕСТР (малд.Ністру),
рака на ПдЗ Украіны і ў Малдове (часткова на мяжы гэтых краін). Даўж. 1352 км. Пл. вадазбору 72,1 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн.-ўсх. схілах Укр. Карпат на выш. каля 900 м. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. У вярхоўях — горная рака, ніжэй г. Галіч (Украіна) цячэнне больш спакойнае. У нізоўях цячэ ў шырокай даліне па Прычарнаморскай нізіне. Асн. прытокі: Стрый, Рэут (справа), Серэт, Збруч (злева). Жыўленне дажджавое і снегавое. Летнія паводкі; ледастаў (са снеж. да сак.) няўстойлівы.
Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 339 м³/с. На Д. — Дубасарская ГЭС і вадасховішча. Выкарыстоўваецца для арашэння, лесасплаву (у вярхоўях). Суднаходная ад г. Сарока (Малдова) да вусця (з перарывам каля Дубасарскай ГЭС). На Д. гарады Сарока, Рыбніца, Бендэр, Ціраспаль (Малдова), Магілёў-Падольскі (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛАР (англ. dollar ад ням. Taler талер),
1) грашовая адзінка ЗША, роўная 100 цэнтам. Уведзены з 1786 паводле рашэння кангрэса ЗША (спачатку сярэбраны, з 1792 і залаты). З 1873 пасля адмены свабоднай чаканкі серабра грашовай адзінкай стаў Д. залаты. З 1928 эмісія Д. ў банкнотах, з 1965 — медна-нікелевага Д. У сучаснай валютнай сістэме Д. фактычна прызнаны асновай валютных парытэтаў і курсаў. Д. ЗША з’яўляецца таксама грашовай адзінкай Віргінскіх Астравоў, Гуама, Ліберыі, Мікранезіі, Панамы, Пуэрта-Рыкі, Тайваня, Усх. Самоа, Церкса і Кайкаса.
2) Грашовая адзінка Аўстраліі, Багамскіх Астравоў, Барбадаса, Беліза, Бермудскіх Астравоў, Брунея, Гаяны, Зімбабве. Кайман Астравоў, Канады, Ліберыі, Лівіі, Новай Зеландыі, Саламонавых Астравоў, Сінгапура, Сянгана (Ганконга), Трынідада і Табага, Фіджы, Ямайкі, групы краін Карыбскага басейна (усходнекарыбскі Д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап.краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,
грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв.эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш.краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНІ́РАВАННЕ (ад лац. internus унутраны),
прымусовае выдаленне замежных грамадзян у асобыя месцы пасялення бакамі, што ваююць паміж сабой, або нейтральным бокам у сувязі з узбр. канфліктам. Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 у выпадку вайны прадугледжваецца права і абавязак нейтральнай дзяржавы, якая прыняла на сваю тэрыторыю войскі, збеглых ваеннапалонных, хворых або параненых вайскоўцаў, якія належаць да ваюючых армій, размеркаваць іх у месцах, далёкіх ад тэатра ваен. дзеянняў. І. належаць таксама ваен. караблі ваюючых краін і экіпажы, што апынуліся ў партах нейтральных дзяржаў і адмовіліся іх пакінуць. Інтэрніраваным павінны прадастаўляцца сродкі існавання і неабходная мед. дапамога. Выдаткі на ўтрыманне інтэрніраваных кампенсуюцца ў сувязі з мірным урэгуляваннем узбр. канфлікту. Рэжым І. рэгулюецца Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАІ́РСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,
міжнародная нарада з удзелам прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля і кіраўніка гамінданаўскага ўрада Кітая Чан Кайшы ў 2-ю сусв. вайну. Адбылася 22—26.11.1943 у Каіры напярэдадні Тэгеранскай канферэнцыі 1943. На К.к. прынята рэзалюцыя (дэкларацыя) трох дзяржаў адносна палітыкі саюзнікаў у раёне Ціхага ак., дзе канстатаваўся намер пазбавіць Японію ўсіх захопленых тэрыторый, у т. л. і ціхаакіянскіх астравоў, акупіраваных ёю ў час 1-й сусв. вайны, выказвалася патрабаванне вярнуць Кітаю Маньчжурыю, Фармозу і Пескадорскія а-вы (Паўн.-Усх. Кітай, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао); падкрэслівалася незацікаўленасць вядучых краін свету ў тэр. экспансіі. У рэзалюцыі пракламавалася неабходнасць аднаўлення незалежнай Карэі, але вырашэнне гэтай праблемы адкладвалася на няпэўны час. Дамоўленасці, дасягнутыя на К.к., пазней парушаліся ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі.