ПІПІ́Н КАРО́ТКІ (Pippinus Brevis; 714 ці 715—24.9.768),

франкскі кароль [751—768], першы з дынастыі Каралінгаў. У 741—751 маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы. Скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў, атрымаўшы санкцыю рым. папы, дамогся выбрання на каралеўскі прастол. Услед за сваім бацькам Карлам Мартэлам, раздаваў бенефіцыі за ваен. службу. Падпарадкаваў Аквітанію, у паходах супраць арабаў заваяваў Септыманію. У 754 і 756 здзейсніў паходы ў Італію, адабраную ў лангабардаў частку зямель перадаў рым. папе, што стала пачаткам Папскай вобласці.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА»

(ад імя стараж.-егіп. бога сонца),

лодка, пабудаваная з папірусу паводле ўзору стараж.-егіп. суднаў нарв. этнографам і падарожнікам Т.Хеердалам. Даўж. 12 м, шыр. 5 м. На «Ра» Хеердал з інтэрнац. экіпажам з 7 чал. распачаў экспедыцыі з мэтай даказаць магчымасць плавання стараж. егіпцян цераз Атл. ак. у Амерыку. 1-я экспедыцыя (1969) скончылася няўдачай з-за дэфектаў канструкцыі судна. У 1970 «Ра-2», якая выйшла з порта Сафі (Марока), за 57 дзён дасягнула в-ва Барбадас.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́РАВА СТРАФА́ (назва ад прозвішча франц. паэта 16 ст. П. дэ Рансара),

шасцірадковая страфа з рыфмоўкай ААбВВб. Першы ўзор Р.с. ў бел. паэзіі пакінуў В.​Дунін-Марцінкевіч (першы раздзел паэмы «Халімон на каранацыі»). Р.с. напісаны верш Я.​Купалы «Час!»:

Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музы́ка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

Ёю карыстаўся Я.​Колас (верш «Вольнаму народу») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.ліст.).

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЖА́ЎКА,

рака ў Рагачоўскім і Жлобінскі.м р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 396 км². Пачынаецца за 2,5 км на Пн ад в. Рыскоў Рагачоўскага р-на, вусце за 2 км на У ад г. Жлобін. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вялікім працягу трапецападобная (пераважна шыр. 1—2 км), у нізоўі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча на працягу 35 км (ад вытоку да в. Асінаўка Жлобінскага р-на) каналізаванае.

т. 13, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ ЛІ́ГА НАРО́ДНАЙ СВАБО́ДЫ,

палітычная арг-цыя ў Бірме (цяпер М’янма) у 1944—64. Створана ў жн. 1944 як арг-цыя нац. фронту супраць яп. акупацыі краіны. Заснавальнікі — Камуніст., Нац. рэв. (з 1945 Сацыяліст.) партыі, Нац. армія і інш. Ліга ўзначальвала антыяпонскае паўстанне 1945, барацьбу за дзярж. незалежнасць Бірмы пасля вяртання ў краіну англічан (1945—47). У 1948—62 была кіруючай. Праграма Лігі прадугледжвала пабудову марксісцкай мадэлі сацыялізму ў спалучэнні з будызмам. У канцы 2-й сусв. вайны Ліга налічвала больш за 200 тыс. чал. Яе старшынямі былі Аун Сан (1944—47), У Ну (1947—62). У 1958 Ліга падзялілася на 2 фракцыі, адна з якіх у 1960 стала Саюзнай партыяй, а другая захавала старую назву; абедзве распушчаны ў 1964. Пераемніцай Лігі стала створаная ў 1988 Нац. ліга за дэмакратыю на чале з Су Чжы, дачкой Аун Сана.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ (БНПС),

палітычная партыя праванародніцкага кірунку. Засн. ў Мінску ў маі 1917. У Арганізац. бюро ўваходзілі Я.​Ф.​Сушынскі (старшыня), А.​І.​Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.​Я.​Плаўнік (З.​Бядуля), Ф.​Стульба. Выступала за паступовае ажыццяўленне сацыяліст. пераўтварэнняў у грамадстве. У агр. пытанні падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі і надзяленне ёй беззямельных і малазямельных сялян. Дапускала свабоду прыватнай ініцыятывы ў галіне прам-сці і гандлю, выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, ахову жаночай і дзіцячай працы, бясплатнае навучанне ў школах на роднай мове. Выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і ўтварэнне Бел. краёвай рады, выбранай на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Удзельнічала ў паліт. жыцці Мінска, у рабоце Усебел. з’езда. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху, і неўзабаве яна знікла з паліт. арэны.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАРЫ́ДЫ (Ascaridae),

сямейства круглых чарвей. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і пазваночных жывёл. Найб. пашыраны свіная аскарыда — Ascaris suum і чалавечая аскарыда — Ascaris lumbricoides (даўж. самкі 25—40 см, самца 15—25 см).

Задні канец цела ў самак роўны, у самцоў закручаны. Самка за суткі адкладвае да 200 тыс. яец, якія выдаляюцца з калам у вонкавае асяроддзе, дзе праз 9—13 сут з іх развіваецца лічынка. Пры т-ры ніжэй за 12 °C або вышэй за 36 °C развіццё спыняецца, але жыццяздольнасць не траціцца. Інвазійныя яйцы з ежай і вадой трапляюць у арганізм гаспадара, з іх выходзяць лічынкі, прасвідроўваюць слізістую абалонку кішак і з токам крыві пераносяцца ў лёгкія, затым трапляюць у глотку і зноў у кішэчнік. Праз 2—2,5 мес дасягаюць палавой спеласці і пачынаюць адкладваць яйцы. Жывуць да 1,5 года. Выклікаюць аскарыдоз.

Аскарыда чалавечая.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАМЕРЫ́ДЫ (Glomeridae),

сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах. ч., занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.

Да арт. Гламерыды. Гламерысы: 1 — звязаны; 2 — стэліфера, 3 — арната; 4 — шасціпалосы.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШУТ ((Kossuth) Лаяш) (19.9.1802, г. Монак, Венгрыя — 20.3.1894),

дзеяч венг. нац.-вызв. руху. Адвакат. Дэп. Дзярж. сходу (1825—27, 1832—36), выступаў за незалежнасць Венгрыі ад аўстр. манархіі Габсбургаў. У 1837—40 зняволены аўстр. ўладамі за «дзяржаўную здраду». У 1841—44 выдаваў «Pesti Hirlap» («Пешцкую газету»). Лідэр рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі (у час яе быў міністрам фінансаў, кіраўніком к-та абароны, вярх. правіцелем краіны). Пасля задушэння рэвалюцыі завочна прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю (амнісціраваны ў 1867), эмігрыраваў (жн. 1849), жыў пераважна ў г. Турын (Італія, з 1859), дзе і памёр. Заснавальнік (1859) венг. легіёна ў атрадах Дж.Гарыбальдзі. Выступаў за стварэнне федэрацыі дунайскіх краін — Венгрыі, Румыніі і Сербіі (з 1862), супраць пагаднення 1867 пра ўтварэнне Аўстра-Венгрыі.

Літ.:

Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

Л.Кошут.

т. 8, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)