Перадумовы развіцця на Беларусі навукі судаўладкавання і крымін.-працэсуальнага права створаны ў выніку прыняцця Закона аб судаўладкаванні БССР (1959) і Крымін.-працэсуальнага кодэкса БССР (1960). Вучоныя-юрысты БДУ падрыхтавалі і выдалі навук.-практычныя каментарыі да гэтых заканадаўчых актаў, фундаментальныя працы па гістарыяграфіі станаўлення і развіцця суд. органаў на Беларусі, тэорыі і практыцы суд. экспертызы, правасуддзя і яго ролі ва ўмацаванні законнасці (С.П.Бякешка, А.В.Дулаў, І.І.Марціновіч, Я.А.Матвіенка). Даследаваліся агульнатэарэт. праблемы крымін. вядзення, яго зместу і форм (В.М.Шпілёў), пытанні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя (І.І.Марціновіч), прававога статусу падазронага і інш. удзельнікаў крымін. працэсу (С.П.Бякешка, Я.А.Матвіенка, В.М.Шпілёў). Шэраг навук. прац прысвечаны асобным працэсуальным стадыям, інстытутам і следчым дзеянням, у прыватнасці ўзбуджэнню крымін. справы і апазнанню, дзеянню прынцыпаў крымін. працэсу на стадыі папярэдняга расследавання, фарміраванню судзейскага пераканання, прыгавору суда і яго выкананню (М.М.Гапановіч, Я.А.Матвіенка, М.І.Нікалайчык, У.Ф.Бохан). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Судовая прамова» Я.А.Матвіенкі (2-е выд., 1972), «Крымінальны працэс БССР» (2-е выд., 1979), «Суд і правасуддзе ў БССР» І.І.Марціновіч і Я.Ф.Плюты (1977). У Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь вывучаліся актуальныя праблемы арг-цыі і дзейнасці органаў дазнання (Б.І.Дзяргай), законнасці і дэмакратызму папярэдняга следства (М.П.Мітрохін), вядзення допыту ў крымін. працэсе (М.І.Порубаў).
У 1970—80-я г. прадметам навук. аналізу вучоных-працэсуалістаў сталі прынцыпы недатыкальнасці асобы ў крымін. працэсе (С.В.Даўгарукаў), прававы статус замежных грамадзян пры вядзенні крымін. спраў (Я.К.Астрога), асновы тэорыі і прафес. культуры судовых спрэчак (А.А.Данілевіч), дзейнасць Вярх. суда БССР як суда 1-й інстанцыі па крымін. справах (Л.Л.Зайцава), асн. кірункі пракурорскага нагляду ў Беларусі ў 1926—32 (С.І.Журомскі). Выдадзены працы І.І.Пацяружы «Выхаваўча-папераджальнае значэнне судовага разбору крымінальных спраў» (1976) і «Роля суда другой інстанцыі ва ўмацаванні законнасці» (1980), манаграфіі «Абарона па справах непаўналетніх» Н.В.Калмыковай (1981), «Апраўданне падсуднага» М.І.Пастухова (1985), «Канстытуцыйныя прынцыпы правасуддзя і іх рэалізацыя на стадыі выканання прыгавору» В.М.Бібілы (1986) і інш.
З пач. 1990-х г. вучоныя-юрысты прымалі ўдзел у аднаўленні крымін.-працэсуальнага заканадаўства, распрацоўцы Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (С.В.Барыка, С.В.Камянкоў, І.І.Марціновіч, М.І.Пастухоў). Праблемам ажыццяўлення крымін.-працэсуальнага заканадаўства прысвечаны зб.навук. прац «Праблемы канстытуцыяналізму» пад рэд. Л.Л.Зайцавай (1998). Працягвалася вывучэнне пытанняў прававога статусу асобы ў крымін. працэсе (А.В.Салтановіч), рэабілітацыі невінаватых (М.І.Пастухоў), асаблівасцей вядзення спраў па прымяненні прымусовых мер мед. характару (А.Г.Яцкевіч). Выдадзены аўтарскія навуч. дапаможнікі па судаўладкаванні (С.В.Барыка, В.М.Бібіла), па крымін. працэсе (С.В.Барыка, Л.І.Кукраш, П.В.Мытнік), падручнік «Судаўладкаванне» В.М.Бібілы (2001) і «Судаўладкаванне» пад рэд. А.А.Данілевіча і І.І.Марціновіч (2002) і інш.
На Беларусі сфарміраваліся нац.навук. школы па праблемах судаўладкавання і крымін. працэсу. Адна з іх прадстаўлена вучонымі юрыд. ф-та БДУ (Я.В.Багданаў, В.М.Бібіла, І.І.Марціновіч), іх манаграфіямі па тэорыі і практыцы рэалізацыі суд. улады ў крымін. працэсе, дзейнасці адвакатуры. Маладыя прадстаўнікі гэтай школы даследуюць праблемы аховы правоў і свабод асобы ў крымін. працэсе (В.В.Пятрова) і сродкамі агульнага нагляду пракуратуры (А.С.Сянько), асаблівасці разгляду і вырашэння грамадз. іску ў крымін. працэсе (С.Л.Емяльянаў), этыка-прававыя погляды У.Д.Спасовіча ў крымін. судаводстве (У.В.Шалькевіч). Другая навук. школа функцыянуе ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і распрацоўвае пытанні прававога статусу ўдзельнікаў крымін. працэсу, суб’ектаў грамадз. іску ў крымін. справе, законнасці ў крымін.-працэсуальнай дзейнасці (І.І.Басецкі, Л.І.Кукраш, М.А.Шостак, В.Л.Васілеўская, І.У.Данько, П.В.Мытнік, В.В.Мялешка, Л.І.Радзевіч і інш.). Актуальныя праблемы крымін.-працэсуальнай навукі распрацоўваюць вучоныя Гродзенскага ун-та (Г.А.Зорын, У.У.Пячэрскі, У.С.Соркін), Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Л.Л.Зайцава, М.Ф.Карпіевіч), Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (І.М.Князеў).
Літ.:
Дулов А.В. Вопросы теории судебной экспертизы. Мн., 1959;
Потеружа И.И. Значение надзорного производства уголовных дел в укреплении законности. Мн., 1985;
Гапанович Н.Н., Мартинович И.И. Основы взаимодействия следователя и органа дознания при расследовании преступлений. Мн., 1989;
Пастухов М.И. Реабилитация невиновных: Основы правового института. Мн., 1993;
Мартинович И.И., Пастухов М.И. Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь: Суд присяж. и др. нововведения в законодательство о судоустройстве. Мн., 1995;
Верховный суд Республики Беларусь: История и современность. Мн., 1998;
Бибило В.Н. Судебная власть в уголовном судопроизводстве. Мн., 2001;
Богданов Е.В. Проблемы теории и практики реализации судебной власти в форме правосудия. Мн., 2002;
Мартинович И.И. Адвокатура Беларуси: История и современность. Мн., 2002;
Права человека и правосудие по уголовным делам в Республике Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТНАЕ ПІСЬМО́, натацыя (ад лац. notatio запісванне, абазначэнне),
сістэма графічных знакаў для запісу музыкі, а таксама сам запіс.
Узнікла ў старажытнасці. Першапачаткова перададзеныя па слыху мелодыі абазначаліся піктаграфічным спосабам (з дапамогай выяў) або на аснове алфавітаў, ідэаграфічнага (іерагліфічнага) пісьма і лічбаў (вызначалі ў асн. вышыню гукаў, зрэдку рытм). Найб.стараж. сістэмы натавання кітайская (1300 дан.э.), вавілонская (800 дан.э.), індыйская і грэч. (400 дан.э. — 400 н.э.). У сярэднія вякі для натавання літургічнай музыкі найб. карысталіся неўменным пісьмом (спец. знакі — неўмы — пісаліся над словамі тэксту для напаміну мелодыі песнапенняў). Паступова для больш дакладнага абазначэння вышыні неўмаў пачалі карыстацца лініямі, якія не паказвалі дакладную вышыню гукаў, але дазвалялі адрозніваць гукі адносна больш нізкія і больш высокія. Колькасць такіх ліній дасягала 18; яны як бы ўзнаўлялі на паперы струны муз. інструмента. У 11 ст.Гвіда д ’Арэца ўвёў 4 нотныя лініі (прататып сучаснага нотнага стану). У пачатку ліній ён змяшчаў літарныя знакі (прататыпы сучасных ключоў), што пазначалі дакладную вышыню запісаных на лініях гукаў. Пазней неўменныя знакі заменены квадратнымі або ромбападобнымі нотнымі галоўкамі (пазначалі толькі вышыню гукаў). Неўменным Н.п. найчасцей запісвалі грыгарыянскі харал (адсюль назва харальная натацыя). У канцы 12 ст. пачалі пазначаць працягласць гукаў, узнікла мадальная натацыя. вытокам якой былі старагрэч. стопы — модзі (адсюль назва). У пач. 14 ст. ўзнікла т.зв.мензуральнае Н.п. Яно адначасова фіксавала вышыню і працягласць гукаў (апошнюю вызначала форма нотных галовак) і служыла пераважна для запісу ансамблевай музыкі. Знакі мензуры, якія ўстанаўлівалі 3- або 2-дольнасць кожнай нотнай працягласці, змяшчаліся ў пачатку нотнага радка. пры змене мензуры — у сярэдзіне нотнага тэксту. Знакі паўз адпавядалі мензуральным працягласцям і насілі іх назвы. У 15—17 ст. існавала таксама літарная. або лічбавая сістэма, т.зв. табулатура, для запісу сольнай інстр. музыкі, якая мела шмат разнавіднасцей адпаведна асаблівасцям асобных інструментаў (напр., клавішная. або арганная, лютневая, гітарная, скрыпічная, для цытры, флейты і інш.). Існавалі і нац. табулатуры: ням.. ісп., франц., італьян. і найб.стараж. — англійская (каля 1325). Ва. Усх. Еўропе існавалі самаст. візантыйская (10—18 ст.) і стараж.-руская неўменныя сістэмы натацыі. Найб.стараж. візантыйскія помнікі запісаны экфанетычным Н.п. (9—11 ст.), якое пазначала акцэнты і муз.-рэчытатыўныя інтанацыі літургічных тэкстаў. рытарычныя фігуры (пытанне, вокліч, сцвярджэнне), у пач. 12—15 ст. — вышыню кожнага гуку і акцэнтна-рытмічную структуру мелодыі. У 15 ст. ўведзены дадатковыя знакі для запісу мелізматычных формул. Стараж.-рус. безлінейная сістэма знаменнага Н.п., як і сам знаменны спеў (роспеў), была ўласціва помнікам пісьмовай муз. культуры рускіх, беларусаў, украінцаў, балгар, сербаў, харватаў і інш. У Расіі ў канцы 11—17 ст. існавала безлінейнае знаменнае, стаўпавое або крукавое Н.п. (гл.Крукі). Напачатку яно ўяўляла сабой разнавіднасць ідэаграфічнага неўменнага пісьма — знакі паказвалі асобныя інтанацыі або матывы, а не дакладную вышыню і працягласць гукаў. У 2-й пал. 16 ст. ўведзены кінаварныя паметы, якія паказвалі не толькі вышыню. але і колькасць гукаў, іх напрамак і працягласць. Знакі знаменнага Н.п. адпавядалі 1, 2, 3. 4 і больш гукам, часам цэлым папеўкам, т.зв. какізам. Найб. развітыя мелодыі былі звязаны з тайназамкнёнымі знакавымі зваротамі — ліцамі і фітамі (дайшло больш за 900). Зберагліся фітнікі — зборнікі, дзе змешчаны фіты ў іх графічным абрысе і назве, а таксама з разводам (перакладам на больш даступныя і агульнаўжывальныя знакі безлінейнага Н.п.). Існавалі таксама стараж.-рус. безлінейная кандакарная муз. сістэма (ад грэч. кандак — кантак — палачка, на якую нагортвалі скрутак пергаменту), дзямественная, пуцявая і казанская сістэмы Н.п. (канец 16—17 ст.). У сярэдзіне 17 ст. ўзнікла 5-лінейнае квадратнае кіеўскае Н.п. (занесена ў Расію выхадцамі з Беларусі і Украіны). У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі існавала лічбавая нотная сістэма — цыфір, дзе ноты замяняліся лічбамі. Цыфір’ю надрукаваны 2 зб. «Лепта» (1890, 1914), дзе змешчаны рус., бел. і ўкр.канты і псальмы.
На Беларусі ўжо з 2-й пал. 15 ст. вядома квадратная лінейная натацыя на ўзор ранняй чэшскай, якою запісаны Істэбніцкі канцыянал Яна Гуса (1420). У 1-й пал. 16 ст. паявіліся друкаваныя зборнікі з 5-лінейнай неўменнай зах.-еўрап. натацыяй (гл.Канцыяналы). Першы бел. рукапісны зборнік з 5-лінейным кіеўскім Н.п. — «Супрасльскі ірмалагіён» (1598—1601). Зборнік бел. музыкі «Полацкі сшытак» (16—17 ст.) напісаны квадратнай кіеўскай і круглай італьян. нотай, што ляжыць у аснове сучаснага Н.п. Перавага сучаснага Н.п. ў нагляднасці абазначэння гукавышыннага становішча нот і іх метрарытмічных суадносін, у наяўнасці ключоў, якія дазваляюць карыстацца нотным станам для запісу розных дыяпазонаў муз. гукарада, абмежавацца 5-лінейнай нотнай сістэмай і толькі зрэдку звяртацца да дадатковых ліній і вызначэнняў. Элементы сучаснага Н.п. — 5-лінейны нотны стан, ключы, якія паказваюць вышыннае значэнне яго ліній, нотныя знакі — ноты і іх розныя элементы, што выяўляюць адносную працягласць гукаў паводле матэм. прынцыпу дзялення на 2 кожнай нотнай (часавай) долі; знакі альтэрацыі пры ключы, якія фіксуюць вышыню дадзенай ступені на працягу ўсяго твора, і пры асобных нотах (выпадковыя) для змены вышыні ступені толькі ў дадзеным такце і актаве; вызначэнні метра, ці колькасці часавых долей у дадзеным такце і іх працягласці; дадатковыя знакі для павелічэння працягласці гуку (кропка. фермата. ліга), аб’яднання некалькіх нотных станаў у агульную нотную сістэму ў адпаведнасці з магчымасцямі інструмента, ансамблевых, хар. і аркестравых складаў. Існуе і развітая сістэма дадатковых абазначэнняў — нюансаў тэмпавых (allegro, andante, adagio, presto і ў лічбах ваганняў маятніка метранома), дынамічных і тых, што ўказваюць на прыёмы выканання, характар выразнасці і інш., што дае магчымасць фіксаваць музыку больш дакладна. З паяўленнем новых муз. плыней 20 ст. адбываецца. з аднаго боку, далейшае ўдакладненне і ўзбагачэнне выканальніцкіх пазначэнняў, пашырэнне іх комплексу, з другога — адмаўленне ад дакладнай пісьмовай фіксацыі муз. твораў, магчымасць нотнага запісу ў выглядзе шэрагу накідаў, свайго роду муз. графікі, спецыфічныя формы запісу, прызначаныя для абазначэння ў тэксце асобых эфектаў гучання і інш.
Літ.:
Ластоўскі В.У. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Бражников М.В. Древнерусская теория музыки. Л., 1972;
Rybaric R. Vývoj európskeho notopisu. Bratislava, 1982.
Л.П.Касцюкавец.
Даарт.Нотнае пісьмо. Неўменная натацыя.Даарт.Нотнае пісьмо. Італьянская лютневая табулатура. 1507.Даарт.Нотнае пісьмо. Фрагмент трохрадковага песнапення з пеўчага рукапіснага зборніка 1-й пал. 17 ст. Дзямественная натацыя.Даарт.Нотнае пісьмо. Сучасная натацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1942—43,
адна з найбуйнейшых бітваў 2-й сусв. і Вял.Айч. войнаў. Складалася з абарончай (17.7—18.11.1942) і наступальнай (19.11.1942—2.2.1943) аперацый сав. войск. Паражэнні пад Харкавам і ў Данбасе прывялі да часовай страты сав. войскамі стратэг. ініцыятывы, стварылі пагрозу захопу ворагам Сталінграда і Паўн. Каўказа. Для наступлення на Сталінград ням. камандаванне вылучыла 6-ю палявую і 4-ю танк. арміі. З мэтай арганізацыі больш эфектыўнай стратэг. абароны Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання 12 ліп. стварыла Сталінградскі фронт (камандуючы Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, з 23 ліп.ген.-лейт. В.М.Гордаў, з 13 жн. ген.палк. А.І.Яроменка). Абарончая аперацыя пачалася сутыкненнем 17 ліп. ў раёне р. Чыр часцей 62-й сав. арміі (камандуючы ген.-м. У.Я.Калпакчы) і 6-й ням. арміі (камандуючы ген.-палк., са студз. 1943 ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс). Маючы перавагу ў сілах і сродках, праціўнік 23 ліп. прарваў абарону сав. войск, акружыў 3 дывізіі і інш. часці і выйшаў дар. Дон. Каб спыніць наступленне ворага, Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання прыняла шэраг захадаў (28.7.1942 І.В.Сталін падпісаў загад № 227, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «ні кроку назад»). 7 жн. Сталінградскі фронт. працягласць якога дасягала 800 км, падзелены на 2 часткі: Сталінградскі фронт, які з 28 вер. называўся Данскім фронтам, і Паўд.-Усх. фронт (з 28 вер. атрымаў ранейшую назву Сталінградскі фронт), асн. задачай якога стала абарона Сталінграда. Прадстаўнікамі Стаўкі на франтах Сталінградскага напрамку прызначаны (23 ліп. А.М.Васілеўскі, 26 жн. Г.К.Жукаў). Ням. камандаванне таксама ўзмацніла групоўку, што наступала на Сталінград: 31 ліп. з Каўказскага напрамку сюды павернута 4-я танк. армія. 19 жн.герм. войскі адначасовымі ўдарамі з 3 і Пд пачалі новае наступленне. У выніку сав. фронт быў прарваны, да 23 жн.ням.танк. злучэнні дасягнулі р. Волга і пачалі штурм горада. Сталінград абаранялі войскі 62-й (ген.-лейт. В.І.Чуйкоў), часткова 64-й (ген.-лейт. М.С.Шумілаў) армій. У вер. напружаныя баі ішлі на вуліцах горада, з 4 кастр. — у цэхах заводаў.
У кастр. — ліст. 1942 Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання і Ген. штаб разам з камандаваннем франтоў распрацавалі план аперацыі па акружэнні і знішчэнні групоўкі ворага ў раёне Сталінграда (кодавая назва «Уран»). 19 ліст. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі Паўд.-Зах. (ген.-лейт., з 7 снеж.ген.-палк. М.Ф.Ватуцін) і правага крыла Данскога (ген.-лейт., з 15 студз. 1943 ген.-палк. К.К.Ракасоўскі) франтоў прарвалі абарону праціўніка на ПнЗ ад Сталінграда. 20 ліст. з раёна на Пд ад горада насустрач войскам Паўд.-Зах. фронту нанеслі ўдар войскі Сталінградскага (ген.-палк. А.І.Яроменка) і 23 ліст. замкнулі кальцо акружэння (у «кацёл» трапілі 6-я і 4-я ням. арміі, значная колькасць спец. і дапаможных часцей і падраздзяленняў — усяго каля 330 тыс.чал.). 16 снеж.сав. войскі разгарнулі наступленне на Сярэднім Доне. Да канца месяца Паўд.-Зах. і левае крыло Варонежскага (ген.-лейт. П.А.Голікаў) франтоў разграмілі асн. сілы 8-й італьян. арміі, ням. аператыўнай групы «Холіт», рэшткі 3-й рум. арміі і стварылі ўмовы для поўнай ліквідацыі акружанай пад Сталінградам групоўкі ням. войск. Спроба забеспячэння акружаных войск з дапамогай авіяцыі была сарвана (знішчана больш за 700 самалётаў ворага). Калі праціўнік адхіліў прапановы аб капітуляцыі, войскі Данскога фронту 10.1.1943 перайшлі ў наступленне (кодавая назва «Кальцо»). У выніку злучэння войск 21-й і 62-й сав. армій каля Мамаева кургана 26 студз. варожая групоўка была рассечана на 2 часткі. 31 студз. спыніла супраціўленне паўд. група ням. войск (ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс), 2 лют. капітулявала паўн. група (ген. Штрэкер). У выніку С.б. разгромлена больш за 100 дывізій праціўніка, яго войскі страцілі каля 1,5 млн.чал., 3,5 тыс. танкаў (з улікам войск і тэхнікі саюзнікаў фаш. Германіі). Страты сав. войск. па некат. звестках дасягнулі 1,1 млн.чал. Сярод удзельнікаў С.б. былі тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л.нам.каманд. Сталінградскім фронтам К.А.Каваленка, камандуючыя: 17-й паветр. арміяй С.А.Красоўскі, 5-й танк. арміяй А.І.Лізюкоў (загінуў 25.7.1942), 62-й арміяй А.І.Лапацін, нач. штаба 21-й арміі В.А.Пянькоўскі, а таксама камандаванне Волжскай ваен. флатыліі (П.А.Трайнін, П.Ц.Бандарэнка, А.І.Цыбульскі). Многія беларусы здзейснілі подзвіг: камісар палка М.П.Сыдзько, камандзір гарматы кананерскай лодкі А.А.Кандраценка, лётчык І.Я.Сяржантаў, А.Я.Вашчанка, А.К.Стампкоўская і інш. У час. С.б. бел. партызаны і падпольшчыкі ўзмацнілі ўдары па варожых тылах: зрывалі перакідку да месца баёў рэзерваў, знішчалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай (у 2-й пал. 1942 бел. партызаны штомесяц узрывалі 150—160 эшалонаў). У сувязі з катастрафічным паражэннем пад Сталінградам у Германіі была аб’яўлена 3-дзённая жалоба. Перамога у С.б. стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вял.Айч. вайны і ўсёй 2-й сусв. вайны: створаны ўмовы для разгортвання агульнага зімовага наступлення 1942—43 ад Ленінграда даПаўн. Каўказа і выгнання акупантаў з тэр.СССР. Праціўнік страціў стратэг. ініцыятыву і не вярнуў яе да канца вайны. Паражэнне пад Сталінградам абвастрыла ўнутрыпаліт. становішча Германіі і яе сатэлітаў, у той жа час садзейнічала кансалідацыі антыгітлераўскай кааліцыі. У снеж. 1942 Прэзідыум Вярх. Савета СССР зацвердзіў медаль «За абарону Сталінграда», які атрымалі больш за 700 тыс. удзельнікаў бітвы, 112 воінаў сталі Героямі Сав. Саюза. Подзвіг герояў-сталінградцаў увекавечаны ў помніку-ансамблі героям С.б. на Мамаевым кургане. У загадзе Вярх. Галоўнакамандуючага ад 1.5.1945 г. Сталінград у ліку першых названы горадам-героем (палажэнне аб званні горад-герой зацверджана 8.5.1965).
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 5—6. М., 1975—76;
Самсонов А.М. Вторая мировая война, 1939—1945: Очерк важнейших событий. 4 изд. М., 1990;
Василевский А.М. Победа в битве на Волге // Василевский А.М. Дело всей жизни. Мн., 1988;
Жуков Г.К.Стратегическое поражение противника в районе Сталинграда // Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. 3 изд. М., 1978. Т. 2;
Яковлев Н.Н. 19 ноября 1942. 2 изд. М., 1979;
Видер И. Катастрофа на Волге: Пер. с нем. М., 1965;
Мировая война: Взгляд побежденных, 1939—1945 гг. М.; СПб., 2002;
Адам В. Катастрофа на Волге: Мемуары адъютанта Ф.Паулюса: Пер. с нем Смоленск, 2001;
Литвин Г. Русская Хиросима: Сталинград. Август 1942 г. // Авиация и космонавтика 1998. № 8.
Даарт.Сталінградская бітва 1942—43. На абарону Сталінграда. Мастак А.Буднікаў.Даарт.Сталінградская бітва 1942—43. Баі на вуліцах Сталінграда. Восень 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́ДА (франц. ballade ад позналац. ballo танцую),
1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.
2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.
У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел.нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.Эвальд, З.Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.
3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.Віёна.
4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць данар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.Скот, Ф.Шылер, І.В.Гётэ, А.Міцкевіч, В.Жукоўскі, А.Пушкін, М.Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.Багушэвіча). У творчасці Я.Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.Коласа («Няшчасная маці»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял.Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.Коласа «Над магілай партызана», П.Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.Караткевіч, Я.Янішчыц, А.Пысін, Р.Барадулін, Н.Гілевіч, А.Лойка, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).
5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.Шуберт, К.Лёве, І.Брамс, Х.Вольф) і інструментальная (балады Ф.Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.Пушкіна), А.Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.Куляшова), Я.Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.Васючкова (для нар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел.нар. балад).
Публ.:
Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;
Беларуская балада. Мн., 1978.
Літ.:
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;
Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.Квитки, 1880—1953: Сб. ст.М., 1983;
Народные баллады. М.; Л., 1963;
European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol. 2);
Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1529, Першы статут Вялікага княства Літоўскага,
звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст. Помнік старабел. пісьменства. Падрыхтаваны на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясц. звычаёвага права, пастаноў дзярж. і суд. устаноў, Судзебніка 1468, прывілеяў. Статут склала камісія пад кантролем канцлера ВКЛ А.Гаштольда (ёсць меркаванні, што ў яго складанні і рэдагаванні прымаў удзел Ф.Скарына). Пры распрацоўцы Статута ўпершыню вырашаны шэраг складаных тэарэт. і практычных задач: выпрацавана сістэма і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыпавыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзярж., адм., грамадз., сямейнага, крымін., судова-працэсуальнага і інш. галін права. Складальнікі Статута не прытрымліваліся сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, а выпрацавалі сваю. У яе аснову пакладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права, прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спец. нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам.
Статут уведзены ў дзеянне 29.9.1529. Складаецца з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў (пазнейшыя дапаўненні павялічылі іх да 283). У 1—3-м раздзелах змешчаны ў асн. нормы дзярж. права і прынцыповыя палажэнні інш. галін права, у 4-м і 5-м — шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае, у 6-м — судова-працэсуальнае, у 7-м — крымін., у 8-м — зямельнае, у 9-м — лясное і паляўнічае, у 10-м — цывільнае, у 11—13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнае права У Статуце юрыдычна замацаваны асновы грамадскага і дзярж. ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сац. груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзярж. кіравання і суда. Абвяшчалася правіла, паводле якога ўсе асобы, «як убогія, так і багатыя», павінны судзіцца паводле норм, выкладзеных у Статуце. Вял. князь абавязваўся захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзярж. пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясц. феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Абвяшчаўся прынцып публічнасці правасуддзя, фармальнай роўнасці бакоў у працэсе, права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката. Адначасова ў Статуце абвяшчалася захаванне прывілеяў і льгот для феадалаў. Ідэі гуманізму паўплывалі на нормы крымін. і цывільнага права, выкладзеныя ў Статуце 1529 і наступных Статутах. Так, у Статуце 1529 (раздз. 1, арт. 7) абвяшчалася, што ніхто не павінен адказваць за чужую віну, а крымін. пакаранне трэба назначаць толькі асобам, віна якіх устаноўлена судом. У арт. 27-м раздз. 7-га прадугледжаны тэрмін крымін. праследавання: за найб. цяжкае злачынства — 10 гадоў, менш цяжкае — 3 гады. У 7-м арт. 11 -га раздзела зроблена спроба абмежаваць халопства. Вольны чалавек за здзейсненае злачынства не павінен аддавацца ў вечную няволю. Даволі поўна выкладзены нормы, якія забяспечвалі права ўласнасці феадалаў. Змяшчаліся нормы, якія вызначалі маёмасныя правы жанчын і дзяцей, парадак выдачы дзяўчат замуж. Абвяшчалася абяцанне вял. князя не выдаваць дзяўчат замуж прымусова, а толькі з іх згоды. Падрабязна рэгламентаваўся парадак назначэння апекуноў непаўналетнім дзецям, якія засталіся без бацькоў. Нормы дзярж. права, выкладзеныя ў Статуце, у сваёй сукупнасці ўяўлялі своеасаблівую феад. канстытуцыю, у якой упершыню вызначалася структура і характар дзейнасці органаў дзярж. улады, замацоўваліся асн. правы і прывілеі пануючага класа і саслоўя шляхты, Статут 1529 адыграў значную ролю ў далейшай кадыфікацыі і сістэматызацыі права. Як і Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, паслужыў базай і крыніцай для распрацоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1588.
Статут напісаны на бел. мове, мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы бел. народа, дае магчымасць вывучаць лексіку і стыль, дзярж.-прававую тэрміналогію таго часу. Вядомы пераклады Статута 1529 на лац. (1530) і польск. (1532) мовы. Захаваліся 4 спісы на бел. мове: Фірлееўскі, Замойскіх, Дзялынскіх, Слуцкі; 2 спісы на лац. мове: Лаўрэнцьеўскі, або Пфорцкі, Пулаўскіх; спіс на польск. мове — Альшэўскі (Свідзінскі і Вастрабрамскі спісы загінулі ў 1944). Упершыню Статут 1529 надрукаваны ў 1841 у Познані ў «Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529» (лацінскім шрыфтам), у 1854 — кірыліцай у Маскве.
Публ.:
Старый Литовский Статут 1529 г. // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 18;
Статут Великого княжества Литовского 1529 г.Мн., 1960.
Літ.:
Пичета В.И. Литовский Статут 1529 г. и его источники // Пичета В.И. Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Крапивин П.Ф., Чернецкая Ю.И. О рукописях и изданиях первого Литовского Статута // Славянский архив. М, 1959;
Первый Литовский Статут 1529 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1982;
Лазутка С., Гудавичюс Э. Первый Литовский Статут. [Т.] 1, ч. 1—2. Вильнюс, 1983—85;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;
Улашчык М. Першы Літоўскі Статут: (З гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння) // Бел.гіст. агляд. 1996. Сш. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДАРЭСУРСНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Вызначае парадак выкарыстання і аховы асобных прыродных аб’ектаў і ўключае асобныя галіны адпаведнага заканадаўства — зямельнае, лясное, воднае, аб нетрах, аб раслінным свеце, аб жывёльным свеце, аб атмасферным паветры. Галіновае прыродарэсурснае заканадаўства заснавана на канстытуцыйным прызнанні нетраў, вод, лясоў выключнай уласнасцю дзяржавы, дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю, а таксама на агульных нормах і прынцыпах экалагічнага заканадаўства.
Зямельнае заканадаўства. Асн.заканад. актам, у якім сістэматызаваны нормы зямельнага права, з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 4.1.1999. Кодэкс рэгулюе пытанні (кампетэнцыя дзярж. органаў, кіраванне, права на зямлю, ахова зямель), змяшчае нормы, прысвечаныя выкарыстанню і ахове асобных катэгорый і відаў зямель. Да актаў зямельнага заканадаўства належаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, нарматыўныя акты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, ведамасныя нарматыўныя прававыя акты, якія выдаюцца адносна асобных катэгорый і груп зямель, акты мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў.
Заканадаўства аб нетрах складаецца з Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб нетрах ад 15.12.1997, інш. актаў заканадаўства, выдадзеных у яго развіццё Саветам Міністраў, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дэпартаментам па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці і атамнай энергетыцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, інш. органамі ў межах іх кампетэнцыі. Нормы заканадаўства аб нетрах замацоўваюць: права дзярж. уласнасці на нетры; паўнамоцтвы дзяржавы па рэгуляванні адносін нетракарыстання і аховы нетраў (вядзенне дзярж. геалагічнага фонду, кадастру нетраў, балансаў запасаў карысных выкапняў, участкаў нетраў для мэт, не звязаных са здабычай карысных выкапняў; спісанне запасаў карысных выкапняў; дзярж. кантроль за вядзеннем работ па геал. вывучэнні нетраў, іх рацыянальным выкарыстаннем і аховай; нагляд за бяспечным вядзеннем работ, звязаных з карыстаннем нетрамі; ліцэнзаванне і выдача інш. дазвольных дакументаў); рэгулююць адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў; адказнасць за парушэнне заканадаўства аб нетрах.
Даспец. актаў воднага заканадаўства адносіцца Водны кодэкс ад 15.7.1998, нормы якога канкрэтызуюцца ў актах Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і інш.дзярж. органаў. Вызначае прававыя асновы: уласнасці на воды (водныя аб’екты); дзярж. кіравання ў галіне выкарыстання і аховы вод (стандартызацыя і нарміраванне, кантроль за выкарыстаннем і аховай вод, маніторынг вод, дзярж. ўлік вод і іх выкарыстання, дзярж. водны кадастр); эканам. механізму рацыянальнага выкарыстання і аховы вод; водакарыстання; аховы вод (водных аб’ектаў) ад забруджвання, засмечвання, высільвання; адказнасці за парушэнне воднага заканадаўства.
Гал. актам ляснога заканадаўства з’яўляецца Лясны кодэкс ад 14.7.2000, які вызначае прававыя асновы рацыянальнага выкарыстання, аховы, абароны, аднаўлення лясоў, павышэння іх экалагічнага і рэсурснага патэнцыялу. Нормы, якія рэгулююць лясныя праваадносіны, змяшчаюцца таксама ў нарматыўных прававых актах Савета Міністраў, Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, інш. органаў дзярж. кіравання. Лясное заканадаўства рэгулюе: адносіны ўласнасці на лясы; дзярж. кіраванне лясамі (улік ляснога фонду і вядзенне дзярж. ляснога кадастру, планаванне выкарыстання лясоў, лесаўпарадкаванне, кантроль, ліцэнзаванне, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні); вядзенне лясной гаспадаркі; лесакарыстанне; аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне; ахову і абарону лясоў; адказнасць за лесапарушэнні.
Заканадаўства аб раслінным свеце рэгулюе адносіны ў галіне аховы, выкарыстання, аднаўлення дзікарослых нелясных раслін. Адпаведныя прававыя нормы змешчаны ў Законе «Аб раслінным свеце» ад 14.6.2003, які рэгулюе пытанні прававой аховы рэдкіх і знікаючых раслін, аховы зялёных насаджэнняў, што не ўваходзяць у лясны фонд, нарыхтоўкі дзікарослай расліннай прадукцыі.
Заканадаўства аб жывёльным свеце складаецца з Закона «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» ад 19.9.1996, актаў Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і інш.дзярж. органаў. Закон рэгулюе: адносіны ўласнасці на жывёльны свет; кіраванне (дзярж. экалагічная экспертыза праектаў будаўніцтва аб’ектаў, якія могуць паўплываць на стан жывёльнага свету, праектаў уладкавання паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, акліматызацыі і гібрыдызацыі; дзярж. ўлік жывёлы і аб’ёмаў іх выкарыстання, дзярж. кадастр і маніторынг жывёльнага свету; ліцэнзаванне); ахову жывёльнага свету; ажыццяўленне розных відаў карыстання жывёльным светам; адказнасць за парушэнне заканадаўства аб жывёльным свеце.
Заканадаўства аб атмасферным паветры складаецца з Закона «Аб ахове атмасфернага паветра» ад 15.4.1997, актаў Савета Міністраў і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, заканадаўства аб ахове азонавага слоя, аснова якога — Закон «Аб ахове азонавага слоя» ад 12.11.2001. Вызначае прававыя асновы кіравання, нарміравання якасці атмасфернага паветра, аховы і забеспячэння яго рацыянальнага выкарыстання для вытв. патрэб, эканам. механізму аховы атмасфернага паветра, вырашэння спрэчак і адказнасці за парушэнне заканадаўства аб ахове атмасфернага паветра.
Літ.:
Бобылев А.И., Демичев Д.М., Шингель Н.А. Правовой режим использования и охраны природных объектов и природных ресурсов. Мн., 1992;
Мороз Л.Н. Недра в Республике Беларусь: Проблемы правового регулирования, использования и охраны. Мн., 1995;
Зайчук Г.И. Животный мир: правовые проблемы использования и охраны. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСТВА (ад бел. селянін — жыхар сяла, вёскі),
традыцыйная сац. група непасрэдных с.-г. вытворцаў, якія вялі гаспадарку сіламі сваёй сям’і, уласнымі прыладамі і цяглавай сілай на сваёй або арандаванай зямлі; карысталіся пэўнымі правамі і неслі абавязкі (павіннасці); мелі ўласцівыя ім псіхал. рысы: прыхільнасць да традыцыі ў вытв-сці, побыце, свядомасці, схільнасць дамясц. замкнутасці і г.д. Ва ўсіх дакапіталіст. і раннекапіталіст. грамадствах С. складала асн. частку насельніцтва і аказвала значны ўплыў на іх гісторыю. З прагрэсам вытв. сіл і развіццём грамадскага падзелу працы сяляне ўцягваліся ў сац.-эканам. сувязі, што ствараліся таварна-грашовымі адносінамі, і падвяргаліся сац. расслаенню. З іх асяроддзя ў значнай ступені сфарміраваліся класы гар. наёмных работнікаў і прадпрымальнікаў. З глыбокай старажытнасці існаваў комплекс сац.-эканам. і паліт. праблем, звязаных з сял.землекарыстаннем і землеўладаннем і канфліктамі паміж С. і інш. катэгорыямі землекарыстальнікаў (землеўладальнікаў) — т.зв. аграрнае пытанне. Для яго вырашэння на працягу ўсёй гісторыі дзярж. формы грамадства праводзіліся і праводзяцца шматлікія аграрныя рэформы, якія ў залежнасці ад таго, якія сац.-паліт. сілы іх праводзяць, маюць розны змест і па-рознаму адбіваюцца на лёсах сялян. У развітым рыначным грамадстве С. — адносна нешматлікі сац. слой (напр., у с.-г. вытв-сці Германіі ў 1990-я г. было занята 6% працаздольнага насельніцтва, Нідэрландаў — 4%, Вялікабрытаніі — 1,2%). У адных з гэтых краін амаль завершаны, у інш. працягваецца працэс замены традыц.сял. гаспадарак на чыста капіталіст. фермерскія і памяншэння колькасці С. У краінах, што развіваюцца, эвалюцыя С. ўскладнена агульнай адсталасцю сац.-эканам. развіцця. Тут, як і раней, С. складае большую ч.эканам. актыўнага насельніцтва (у 1990-я г. ў Індыі 65%, Кітаі 60%, Кеніі каля 80% і г.д.), адыгрывае значную ролю ў эканам. і грамадска-паліт. жыцці. З разбурэннем пазямельнай абшчыны С. розных краін здаўна аб’ядноўваецца ў пэўныя формы с.-г.кааперацыі. У СССР фарсіраванае каапераванне сельскай гаспадаркі адбывалася ў выглядзе калектывізацыі. З развіццём індустрыялізацыі колькасць сельскага насельніцтва тут значна паменшылася (34% у 1987). У б. рэспубліках СССР з ліквідацыяй сацыяліст.эканам. і грамадскіх адносін далейшы лёс фактычна рассяляненага сельскага насельніцтва залежыць ад шляхоў і поспеху праводзімых рыначных рэформ.
Як грамадскі клас С. складвалася на аснове аддзялення рамяства ад земляробства пры распадзе першабытнага грамадства і ўсталяванні прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці. На тэр. Беларусі гэты працэс адбываўся ў канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. З развіццём феадалізму С. разам з феадаламі складала адзін з 2 асн. класаў грамадства. У ВКЛ, куды з 13—14 ст. уваходзіла Беларусь, сяляне знаходзіліся ў эканам. і юрыд. залежнасці ад дзяржавы, свецкіх феадалаў і рэліг. устаноў, зямлёй якіх яны карысталіся, выконваючы за гэта пэўныя павіннасці (паншчына, аброк, чынш і інш.). У 15—16 ст. сфарміравалася прыгоннае права і розныя катэгорыі феад. залежных сялян (людзі «пахожыя», людзі «непахожыя», отчычы, закупы і інш.) ператварыліся ў адзінае саслоўе прыгонных сялян, якія фактычна з’яўляліся ўласнасцю феадалаў. У апошняй чвэрці 18 ст. на Беларусі дзяржава валодала 24,6% сял. гаспадарак, свецкія феадалы — 65%, царква — 10,4%. З далучэннем бел. зямель даРас. імперыі (1772—95) становішча С. істотна не змянілася. Пасля сялянскай рэформы 1861, якая скасавала прыгоннае права, пачаўся працэс класавай дыферэнцыяцыі С. на сельскую буржуазію (кулацтва) і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. Грамадз. правы С. заставаліся істотна абмежаванымі, яно несла асн. цяжар падаткаў і вайсковай павіннасці. У 1897 сельскае насельніцтва Беларусі (пераважна С.) складала 5774 тыс.чал. (86,5% усяго насельніцтва). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 прыватная ўласнасць на зямлю скасавана, частка канфіскаванага памешчыцкага і інш. буйнога землеўладання размеркавана сярод беззямельных і малазямельных сялян.
Калектывізацыя 1930 — пач. 50-х г., якая суправаджалася раскулачваннем, спрыяла ўтварэнню якасна новай сац.-класавай групы — калгаснага С. У выніку індустрыялізацыі і працэсаў урбанізацыі колькасць сельскага насельніцтва (пераважна сялян-калгаснікаў і блізкіх да іх рабочых саўгасаў) увесь час скарачалася. У 1939 яно складала 7057 тыс.чал. (79,2% усяго насельніцтва), у 1959—5575 тыс. (69,2%), у 1979—4297 тыс. (44,9%), у 1999—3084 тыс. (30,7%). З б. сялян паходзіць асн. маса сучасных рабочых, служачых, інтэлігенцыі. З пач. 1990-х г. адбываецца рэфармаванне і пераўтварэнне калгасаў і саўгасаў на аснове прынцыпаў рыначнай эканомікі праз стварэнне на іх базе калектыўна-долевых сельгаспрадпрыемстваў, акц. т-ваў і інш. новых фарміраванняў, што аб’ектыўна вядзе да далейшага скарачэння колькасці занятага ў іх С. Фарміруецца сац. слой індывід.с.-г. прадпрымальнікаў — фермерства (гл.Фермерская гаспадарка), якое выкарыстоўвае працу наёмных с.-г. рабочых.
Літ.:
Сказкин С.Д. Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;
Аграрный вопрос и роль крестьянства в развивающихся странах // Проблемы мира и социализма. 1978. № 12;
Классы и сословия средневекового общества. М., 1988;
История крестьянства России с древнейших времен до 1917 г.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1987—93;
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),
мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай даўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, данац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту дасац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф.Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Даарт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Даарт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Даарт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Даарт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц. moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Даарт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Даарт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Даарт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Даарт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Даарт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Даарт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Даарт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Даарт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Даарт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСЦЬ,
увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сцьасн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.
У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.