горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ.цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс.ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л.міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сцьтрансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.
Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл.цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл.Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.
Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм.т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).
Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л.Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар.муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).
Да арт.Берлін. Еўропа-Цэнтр.Да арт.Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.Шароўн. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧ Францішак Бенядзікт Казіміравіч (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, атаксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАНЕ́ЗІЯ (Micronesia), Федэратыўныя Штаты Мікранезіі (Federated States of Micronesia),
дзяржава ў цэнтр. і ўсх.ч.Каралінскіх астравоў у Ціхім акіяне; уключае таксама асобны атол Капінгамарангі. Займае частку фіз.-геагр. вобласці Мікранезія. Пл. 701,4 км². Нас. 129,7 тыс.чал. (1999). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г.Палікір на в-ве Понапе. Падзяляецца на 4 штаты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 са зменамі 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца членамі парламента з яго складу на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. кангрэсу (14 сенатараў), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Пытанні абароннай і знешняй палітыкі ў кампетэнцыі ЗША.
Прырода. У М. 35 груп невял. вулканічных і каралавых а-воў (усяго 607). Астравы працягнуліся з 3 на У на 3 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км, раскіданы ў зах.ч. Ціхага ак. на пл. больш за 3 млн.км². Вулканічныя астравы (найб. Понапе, Кусаіе, Трук і Яп) горныя, абкружаны каралавымі рыфамі. Найвыш. пункт на в-ве Понапе — 791 м.
На каралавых астравах выш. не перавышаюць 5 м. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра 27—28 °C. Выпадае штогод 3000—5000 мм ападкаў. Бываюць трапічныя цыклоны (пераважна ў ліп.—снежні) і землетрасенні. Невял. рэкі і ручаі толькі на вулканічных астравах. На іх асобныя ўчасткі ўзбярэжжа заняты мангравымі зараснікамі, на горных схілах растуць бамбук, какосавыя і арэкавыя пальмы, месцамі лясы або саванны. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў і панданусаў. Мора багатае рыбай, ракападобнымі, малюскамі.
Насельніцтва. Мікранезійцы складаюць больш за 90 %. Падзяляюцца на 9 этнічных груп, кожная з якіх насяляе асобную частку архіпелага. На атоле Капінгамарангі жывуць палінезійцы, на найб. астравах ёсць амерыканцы і кітайцы. Вернікі пераважна католікі (50%) і пратэстанты (47%). Сярэднегадавы прырост 2,2%. Сярэдняя шчыльн. 185 чал. на 1 км², на вулканічных астравах дасягае 300 чал. на 1 км². У адзіным горадзе Палікір жыве 33,4 тыс.ж. (1994). Большасць насельніцтва занята сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, абслугоўваннем замежных турыстаў.
Гісторыя. М. заселена продкамі сучасных мікранезійцаў у 2—1-м тыс. да н.э. Першыя еўрапейцы (ісп. мараплаўцы), якія наведалі ў 1527 М., назвалі астравы Каралінскімі ў гонар ісп. караля Карла II. У 1565 намінальна абвешчана ўладаннем Іспаніі. У 1898 Іспанія прадала астравы Германіі. У 1-ю сусв. вайну М. акупіравана Японіяй, якая атрымала ў 1921 ад Лігі Нацый мандат на кіраванне. У 2-ю сусв. вайну акупіравана амер. войскамі. У ліп. 1947 ААН зацвердзіла апеку ЗША над Каралінскімі, Марыянскімі і Маршалавымі а-вамі, якія аб’ядноўваліся ў падапечную тэрыторыю Ціхаакіянскія а-вы. У 1965 створаны мясц. парламент — Кангрэс М. 10.5.1979 прадстаўнікі штатаў Яп, Трук, Понапе і Кусаіе зацвердзілі канстытуцыю Федэратыўных штатаў М. (ФШМ). У кастр. 1983 усенар. плебісцыт адобрыў пагадненне пра свабодную асацыяцыю з ЗША, паводле яе ФШМ атрымалі незалежнасць пры захаванні амер. кантролю над іх абаронай. У ліст. 1986 амер. ўрад абвясціў пра спыненне рэжыму апекі над ФШМ, у снеж. 1990 гэта зацвердзіла ААН. У 1991 прэзідэнтам М. выбраны Б.Олтэр, у 1997 — Я.Нена. Член ААН з 1991.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае каля 1700 дол. за год. Найб. развіта земляробства. Асн. таварныя культуры: какосавая пальма, какава, агародніна, садавіна (цытрусавыя, папайя, манга, ананасы), чорны перац. Харч. культуры: маніёк, ямс, батат, бананы, тара, ароут, хлебнае дрэва, панданус, рыс, кукуруза, соя, сорга. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства задавальняе мясц. патрэбы. У рыбалоўнай зоне М. займаюцца ловам рыбы за вызначаную плату караблі ЗША, Аўстраліі, Японіі, Паўд. Карэі і інш. краін. Прамысл. прадпрыемствы заняты перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў (вытв-сць копры і какосавага алею), какавы, кансервавыя (з рыбы, агародніны, фруктаў), мукамольныя і інш. Працуюць лесапільні, верфі па буд-ве і рамонце невял. суднаў і лодак, дробныя прадпрыемствы па выпуску цэменту і цэглы. На в-ве Понапе вядзецца здабыча баксітаў. Вытв-сць электраэнергіі каля 70 млн.кВт∙гадз за год. Кожны год М. наведвае каля 25 тыс. турыстаў (з Японіі, Аўстраліі, ЗША). Гал. від транспарту — марскі. Асн. групы астравоў звязаны паміж сабой і з інш. краінамі рэйсамі невял. суднаў. Працуюць 4 аэрапорты, у т. л. міжнародны на в-ве Понапе. У М. 226 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём. У 1994 экспарт склаў 29,1 млн.дол., імпарт — 141,1 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра (больш за 50% кошту), чорны перац, рыба і рыбапрадукты, вырабы мясц. промыслаў, какосавы алей, у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры Японія (32% экспарту, 80 % імпарту) і ЗША (адпаведна 56% і 9%). Краіна атрымлівае значныя субсідыі і фін. дапамогу ад ЗША. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Літ.:
Малаховский К.В. Последняя подопечная: (История Микронезии). М., 1977.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,
перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал.ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-вадзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс.чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаўзах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст.мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал.ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн.чал.Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5 зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.
Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5 зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн.чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн.чал. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс.чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5 зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс.чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, атаксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр.рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.
Літ.:
Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ГА (Riga),
горад, сталіца Латвіі. Размешчана на берагах р. Даўгава (Зах. Дзвіна), пры ўпадзенні яе ў Рыжскі заліў Балт. мора. Нас. каля 1 млн.ж. (1999). Індустр., навук. і культ. цэнтр; буйны трансп. вузел: рачны і марскі порт, 6 чыг. ліній, 4 аўтамаб. шашы, 2 аэрапорты. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная (ВА ВЭФ, «Радыётэхніка», «Камутатар»; з-ды электрамаш.-буд., электралямпавы і інш.; з-ды дызелебуд., вагонабуд., мотазавод, прамысл. робатаў, «Рыгахіммаш», «Рыгасельмаш», тэкст. абсталявання), харч. (мясакансервавы і малочны камбінаты, сардзінавы з-д, кандытарскія ф-кі), хім. (лакафарбавыя матэрыялы, прадметы быт. хіміі), хім.-фармацэўтычная, дрэваапр., шкляная, фарфоравая, парфумерна-касметычная (з-д «Дзінтарс»), тэкст. (баваўняны і шаўкаткацкі камбінаты, панчошна-шкарпэткавая ф-ка), швейная, буд. матэрыялаў. Суднабудаванне і суднарамонт. Вытв-сцьмуз. інструментаў. База тралавага і рэфрыжэратарнага флоту, буйны цэнтр рыбаперапрацоўкі. Рыжская ГЭС на р. Даўгава. Латв.АН. 7 ВНУ, у т. л. Латвійскі нац.ун-т, Ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі, Акадэмія мастацтваў. Кансерваторыя. 26 музеяў: мастацкі, гісторыі Латвіі, гісторыі горада, мараходства, гісторыі медыцыны, прыроды, замежнага мастацтва, этнаграфічны пад адкрытым небам і інш. 9 тэатраў (оперы і балета, драмы, мастацкі, рус. драмы, юнага гледача і інш.). Турызм.
Узнікла на месцы стараж. паселішча ліваў. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца з 1198, як горад і гал. апора ням. каланізацыі ў Прыбалтыцы з 1201. У 1211 атрымала значныя прывілеі. Да 1274 пад уладай рыжскага архіепіскапа. У 1282 увайшла ў Ганзу, адзін з буйнейшых гандл. цэнтраў. У 1329—30 падначалена крыжакам Лівонскага ордэна. У 1524 у Р. ўведзена лютэранства. У час Лівонскай вайны 1558—83 з 1561 вольны горад, з 1581 залежны ад Рэчы Паспалітай. У 1621 Р. захоплена шведамі, якія ўмацавалі яе, пабудавалі вакол высокія валы і бастыёны. У 1656 была абложана рускімі, у 1700 — польскімі войскамі. У час Паўночнай вайны 1700—21 занята рус. войскамі (1710). З 1714 цэнтр Рыжскай, з 1796 Ліфляндскай губ.Рас. імперыі. У канцы 18 ст. Р. — буйны порт і гандл. цэнтр, з канца 19 ст. — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Расіі. У 1-ю сусв. вайну Р. — прыфрантавы горад. У жн. 1917 занята герм. войскамі, вызвалена ў 1919 латышскімі стралкамі. З 1919 Р. — сталіца Латв. рэспублікі (у 1940—91 Латв. ССР). Месца падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1941) ням.-фаш. войскамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Остланд». У канцы 1941 у горадзе адбываліся масавыя расстрэлы яўр. насельніцтва (у т. л. загінуў гісторык С.М.Дубноў). Вызвалена сав. войскамі ў кастр. 1944. Пра беларусаў у Р. гл. раздзел Беларусы ў Латвіі ў арт.Латвія.
На правым беразе р. Даўгава размешчаны Стары горад з вузкімі вуліцамі і Новы горад, падзеленыя садова-паркавым паўкальцом. У Старым горадзе захаваліся фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў (Парахавая, або Пясочная вежа, згадваецца ў 1330, перабудавана ў 1650, 1892, 1938—40), рамана-гатычныя Рыжскі Домскі сабор і царква св. Екаба (13 ст., перабудавана ў 14 і 18 ст.), цэрквы — гатычная св. Петэра (13 — пач. 14 ст., перабудавана ў 14—15 ст., барочны зах. фасад — 1689—94, арх. Р.Біндэншу і інш.), познагатычная — Яня (згадваецца ў 1297, перабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст.), замак магістра Лівонскага ордэна (1330, перабудаваны ў 1497—1515, 17—19 ст.), т.зв. дом Рэйтэрна (1685, арх. Біндэншу), класіцыстычныя царква Пятра і Паўла (1780—86, арх. С.Зеге і К.Хаберланд), арсенал-пакгаўз (1828—30, арх. Ю.Шпацыр) і інш. У Новым горадзе пераважаюць 5—6-павярховыя дамы (суцэльная забудова бульвара Райніса, вул. Меркеля і інш., 1870—80-я г.) і парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі і ў стылях мадэрн (Маст. музей, 1905, арх. В.Нейман), неакласіцызму (Палац юстыцыі, 1936—38, арх. Ф.Скуінь). Левабярэжжа забудоўвалася з 18 ст. Цяпер гэта азялененая тэр. з прамысл. зонамі і разрэджанай жылой забудовай (Агенскалнскія Сосны, 1958—62, арх. М.Рэндэль, Э.Якабсанс). На ўскраінах Р. да жылых масіваў прылягаюць вял. лесапаркі са свабоднай прасторавай кампазіцыяй (Межапарк на беразе воз. Кішэзерс; Вял. пеўчая эстрада, 1955, арх. У.Шнітнікаў, Г.Ірбітэ і інш.). У пасляваен. гады створаны новыя трансп. магістралі, плошчы, скверы, паркі, рэканструяваны набярэжныя, адноўлены або пабудаваны масты цераз Даўгаву. Сярод найб. значных пабудоў вышынны будынак АН Латвіі (1950—57, арх. В.Апсітыс, О.Тылманіс і інш.), вакзалы — чыг. (1957—66, арх. У.Кузняцоў, В.Цыпулін), марскі (1963—65, арх. М.Гелзіс, В.Савіска), аэравакзал (1970—74, арх. Л.Іваноў, В.Ермалаеў), Палац спорту (1970, арх. Б.Бурчыка, А.Краукліс і інш.). Помнікі: ансамбль Брацкіх могілак (1924—36, скульпт. К.Зале, арх.А.Бірзеніек і інш.), Свабоды (1931—35, скульпт. Зале, арх. Э.Шталберг), Я.Райнісу на могілках (1934, скульпт. К.Земдэга, арх. П.Арэнд), А.Калніньшу (1979, скульпт. Т.Залькалнс, арх. І.Батраг) і інш. Старая ч. Р. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл.гл.таксама да арт.Латвія.
Горад Рыга.Рыга. Фрагмент Ратушнай плошчы.Рыга. Замак магістра Лівонскага ордэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСІТЭ́Т (ад лац. universitas сукупнасць),
1) шматпрофільная вышэйшая навуч. ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў па фундаментальных і многіх прыкладных навуках у розных галінах гаспадаркі і культуры, забяспечвае глыбокую тэарэт. падрыхтоўку выпускнікоў да навук.-практычнай і пед. дзейнасці.
Першыя Ў. ўзніклі ў гарадах Еўропы ў 12—13 ст.: Балонскі універсітэт, Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Парыжскі універсітэт. Сярэдневяковыя У. мелі адм. і суд. аўтаномію і практычна не залежалі ад гар. улад. Іх статус у тагачасным грамадстве найб. дакладна перадаваў лац. тэрмін «Universitas magistrorum et scholarum» («Сукупнасць выкладчыкаў і вучняў»). Пазней У. называлі свецкія ВНУ, у адрозненне ад манаскай вышэйшай школы — акадэміі. Навуч. курс сярэдневяковых У. складаўся з агульнага для ўсіх падрыхтоўчага ф-та, дзе выкладаліся т.зв. «сем вольных мастацтваў (лац. «Septem artes liberalis»), пасля заканчэння якога студэнты выбіралі адзін з вышэйшых ф-таў — мед., юрыд., тэалагічны. Навуч. прадметы падзяляліся на 2 цыклы. Першы — гуманітарны «трывіум» (лац. trivium трохпуцце) — уключаў лац. граматыку, рыторыку і дыялектыку. Другі — «квадрывіум» (лац. guadrivium чатырохпуцце) уключаў арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку. У некат. У. у другі цыкл дадаткова ўключалі астралогію, алхімію і фізіку. Пасля здачы экзамену за «трывіум» прысуджалася ступень бакалаўра мастацтваў, «квадрывіума» — магістра мастацтваў, па заканчэнні аднаго з 3 вышэйшых ф-таў — магістраў і дактароў медыцыны, права ці тэалогіі. Паступова пад уплывам Адраджэння на базе «трывіума» ствараліся ф-ты вольных мастацтваў, а развіццё «квадрывіума» прывяло да адкрыцця фізіка-матэм. ф-таў.
На Беларусі У. доўгі час не адкрываліся з-за дамінавання манаскай сістэмы адукацыі. Толькі Віленская езуіцкая акадэмія мела правы еўрап. У. У выніку значная частка прывілеяванай моладзі вучылася ў розных ВНУ Еўропы. Найб. папулярнасць на Беларусі меў Кракаўскі ун-т, засн. ў 1364 (гл.Ягелонскі універсітэт). Першы айч. свецкі універсітэцкі цэнтр навукі і асветы створаны ў часы дзейнасці Адукац. камісіі, якая на чале асветніцкай справы ў ВКЛ паставіла Віленскую галоўную школу з правамі У. Капіраванне статутаў Адукац. камісіі і германскіх У. дазволіла ў пач. 19 ст. правесці ў Рас. імперыі поўнамаштабную асветніцкую рэформу. Уся тэр. краіны была падзелена на навуч. акругі, на чале кожнай з якіх знаходзіўся У. Бел. землі ўваходзілі ў склад Віленскай навуч. акругі на чале з Віленскім універсітэтам. У дарэв. Расіі было 13 У. (44 тыс. студэнтаў). Першым адкрыты Маскоўскі універсітэт. Найстарэйшыя (апрача Віленскага У.) Тартускі універсітэт, Казанскі універсітэт, Харкаўскі універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Кіеўскі нацыянальны універсітэт. Паводле статутаў 1802—05 У. ў Рас. імперыі мелі 4 ф-ты: фізіка-матэматычны (мог падзяляцца на фізіка-матэм. і хіміка-прыродазнаўчае аддзяленні; выкладаліся фізіка, хімія, прыродазнаўства, батаніка, астраномія, вышэйшая і прыкладная матэматыка, архітэктура, аграномія, геадэзія); медыцынскі (выкладаліся анатомія, паталогія, клінічная тэрапія, хірургія, акушэрства і ветэрынарыя); маральных і паліт. навук (выкладаліся логіка, метафізіка, філасофія, мараль, прыроднае, паліт. і нар. права, палітэканомія, агульная і царк. гісторыя, дагматычнае і маральнае багаслоўе, грамадз. і крымінальнае права стараж. і сучасных народаў); л-ры і вольных мастацтваў (выкладаліся красамоўства, грэчаская, лац., польская, рус., англ., ням. і франц. мовы, паэзія, маляванне, скульптура). Дадаткова ў склад У. маглі ўваходзіць духоўныя і настаўніцкія семінарыі як самаст. ўстановы. Кіраваў У. савет прафесараў, які прызначаў заг. кафедраў, дэканаў ф-таў і прапаноўваў імператару кандыдатуру рэктара. У 1820—30-я г.бел. моладзі было забаронена вучыцца ў еўрап. У, а сама-Беларусь у 1832—1917 была рэгіёнам Рас. імперыі, пазбаўленым уласнага У., бо ён разглядаўся як верагодны ачаг чарговага паўстання. Асобныя правы У. мелі Полацкая езуіцкая акадэмія і Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У сав. час У. адкрыты ва ўсіх саюзных і ў большасці аўтаномных рэспублік.
У 2001/02 навуч.г. на Беларусі дзейнічалі дзярж. У.: БДУ, Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт, Бел. гандлёва-эканам.ун-т спажывецкай кааперацыі (да 2001 Гомельскі кааператыўны інстытут), Бел.мед.ун-т (да 2001 Мінскі медыцынскі інстытут), Бел.нац.тэхн.ун-т (да 2002 Беларуская політэхнічная акадэмія), Беларускі педагагічны універсітэт, Беларускі тэхналагічны універсітэт, Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі універсітэт культуры, Беларускі універсітэт транспарту, Беларускі эканамічны універсітэт, Брэсцкі тэхн.ун-т (да 2000 Брэсцкі політэхнічны інстытут), Брэсцкі універсітэт, Віцебскі мед.ун-т (да 1999 Віцебскі медыцынскі інстытут), Віцебскі тэхналагічны універсітэт, Віцебскі універсітэт, Гомельскі тэхн.ун-т (да 1998 Гомельскі політэхнічны інстытут), Гомельскі універсітэт, Гродзенскі мед.ун-т (да 2000 Гродзенскі медыцынскі інстытут), Гродзенскі аграрны ун-т (да 2000 Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут), Гродзенскі універсітэт, Магілёўскі тэхн.ун-т (да 2000 Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут), Магілёўскі універсітэт, Міжнародны экалагічны універсітэт, Мінскі лінгвістычны універсітэт, Полацкі універсітэт. У 1992 у Мінску засн. першы на Беларусі недзярж. незалежны Еўрапейскі гуманітарны універсітэт.
2) Грамадская навуч. ўстанова па распаўсюджанні ведаў у розных галінах навукі, культуры, грамадскага жыцця і павышэнні прафес. кваліфікацыі. У сав. час існавалі таксаманар. ун-ты, ун-ты культуры, марксізму-ленінізму. У ліп.—жн. 1918 у Маскве дзейнічаў Беларускі народны універсітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРЫФІКА́ЦЫЯ (ням. Elektrifikation ад грэч. ēlektron бурштын + facio раблю),
працэс вытв-сці, размеркавання і спажывання электраэнергіі, шырокае ўкараненне яе ў нар. гаспадарку і побыт. Э. — адзін з асн. кірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу, аснова росту прадукцыйнасці працы, павышэння культуры і дабрабыту людзей. Садзейнічае рацыянальнаму размяшчэнню вытв-сці, яе механізацыі і аўтаматызацыі, асваенню прыродных рэсурсаў.
Развіццё Э. грунтуецца на тэорыі электрычнасці. Пачатак Э. адносяць да канца 19 ст., калі былі створаны электрычныя генератары і асвоена размеркаванне эл. энергіі па лініях электраперадачы на вял. адлегласці. Першыя электрастанцыі пабудаваны ў Еўропе і Амерыцы ў канцы 19 ст. Напачатку электраэнергію выкарыстоўвалі пераважна для асвятлення. У 1900 сусв.вытв-сць яе склала 15 млрд.кВт∙гадз. У Расіі агульная магутнасць электрастанцый у 1900 складала 80 МВт, у 1913—1141 МВт, выпрацоўка электраэнергіі каля 2 млрд.кВт∙гадз (8-е месца ў свеце). У 1920 распрацаваны план Э. Расіі — ГОЭЛРО, разлічаны на 10—15 гадоў (у асн. выкананы ў 1931). У 1935 СССР займаў 3-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі (пасля ЗША і Германіі). У 1940 магутнасць электрастанцый СССР складала 11 200 МВт, выпрацавана эл. энергіі 48,3 млрд.кВт∙гадз. Разбураныя ў Вял.Айч. вайну 61 электрастанцыя, 10 тыс.км магістральных ЛЭП і інш. да канца 1940-х г. адноўлены. У 1947 па вытв-сці электраэнергіі СССР выйшаў на 1-е месца ў Еўропе і 2-е ў свеце. Было пабудавана шмат магутных цеплавых і гідраўл.эл. станцый, у т. л. Краснаярская, Усць-Ілімская, Дняпроўская, Брацкая, волжскія ГЭС і інш. У 1954 уведзена першая ў свеце АЭС (г. Обнінск, 5 тыс.кВт). У развіцці энергетыкі ўсё большае значэнне пачала набываць ядзерная энергетыка, адносіны да якой значна змяніліся пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Аснову сучаснай энергетыкі складаюць цеплавыя электрастанцыі (гл.Цеплаэнергетыка). Ажыццяўляецца камбінаваная вытв-сцьэл. і цеплавой энергіі (гл.Цеплафікацыя). Буд-ваэл. сетак вялося па 2 асн. кірунках: буд-ва магістральных ліній для аб’яднання асобных электрастанцый і энергавузлоў у электраэнергетычныя сістэмы, энергасістэм — у аб’яднаныя электраэнергетычныя сістэмы, а апошніх — у Адзіную энергетычную сістэму, і буд-ва размеркавальных сетак. Пабудаваны высакавольтныя ЛЭП напружаннем ад 220 да 800 кВ, міжсістэмныя 750 і 1150 кВ. Асн. спажыўцы электраэнергіі — машынабудаванне і металаапрацоўка, паліўная, хім. і нафтахім. галіны прам-сці, чорная і каляровая металургія. У сельскай гаспадарцы Э. ўключае працэсы апрацоўкі с.-г. прадукцыі, механізацыю працаёмкіх работ. Вял. значэнне набыла Э. чыгунак (гл.Чыгуначны транспарт), гар. транспарту (гл.Трамвай, Тралейбус, Метрапалітэн). Пасля распаду СССР паказчыкі эфектыўнасці электраэнергетыкі ў краінах СНД пагоршыліся з-за адсутнасці цэнтралізаванага кіравання энергасістэмамі. Рост вытв-сці электраэнергіі ў краінах СНД у 1999 на 1,7% (у 2000 на 2,7%, у 2001 на 1,6%). Устаноўленая магутнасць электрастанцый 320 млн. кВт, з іх 70% цеплавых, 20% гідраўл., 10% атамных.
На Беларусі Э. пачалася буд-вам электрастанцый на папяровай ф-цы ў г. Добруш (1889), у Мінску (1894, 225 кВт), Віцебску (1898). У 1913 было 11 электрастанцый агульнай магутнасцю 5,3 тыс.кВт, працягласць ЛЭП да 200 км, выпрацоўка электраэнергіі 3 млн.кВт∙гадз. У 1927—30 пабудавана Беларуская ДРЭС, у 1930 пачала фарміравацца Беларуская энергетычная сістэма, магутнасць электрастанцый якой да 1940 склала 128,8 тыс.кВт, а выпрацоўка электраэнергіі 508,4 млн.кВт∙гадз. У Вял.Айч. вайну энергет. гаспадарка Беларусі амаль поўнасцю разбурана. У пасляваен. перыяд уведзены ў эксплуатацыю магутныя цеплавыя электрастанцыі: Лукомская, Бярозаўская, Васілевіцкая, Смалявіцкая ДРЭС, атаксамаЦЭЦ (цеплаэлектрацэнтралі) у Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Бабруйску, Гродне і інш. Да 1963 у асн. закончылася фарміраванне адзінай энергет. сістэмы рэспублікі. З дапамогай размеркавальных электрычных сетак і трансфарматарных падстанцый да 1967 электрыфікаваны амаль усе калгасы, саўгасы і населеныя пункты, якія мелі больш за 10 двароў. У 1963 Бел. энергасістэма злучана ЛЭП напружаннем 220 кВ з энергасістэмай Польшчы, у 1965 — з энергасістэмамі ПнЗСССР. У выніку 38 ліній рознага напружання забяспечылі сувязь з энергасістэмамі Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны, у т. л. лініі напружаннем 750 кВ са Смаленскай і Ігналінскай АЭС. У 2001 энергаспажыванне Рэспублікі Беларусь склала 33,34 млрд.кВт∙гадз. Значная яго частка пайшла на вытв-сцьхім. і нафтахім. прадукцыі (13,3%), на машынабудаванне і металаапрацоўку (7,5%), камунальныя, культ.-быт. патрэбы і насельніцтву (30,4%). Патрэбы ў электраэнергіі забяспечваюцца бел. электрастанцыямі і імпартам (у 2002 атрымана 3,7 млрд.кВт∙гадз з Расіі, 3,1 млрд.кВт∙гадз з Літвы).
Літ.:
Электрификация СССР. М., 1970;
Энергетика Белоруссии. Мн., 1968;
Стеклов В.Ю. Развитие электроэнергетического хозяйства СССР. 3 изд. М., 1970;
Бесчинский А.А., Коган Ю.М. Экономические проблемы электрификации. М., 1976;
Джангиров В.П. Интеграция энергообъединений на Евразийском континенте // Вести в электроэнергетике. 2003. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ БУДЫ́НКІ.
Прызначаны для падрыхтоўкі і правядзення тэатр. паказаў. Звычайна размяшчаюцца ў гар. грамадскіх цэнтрах, на плошчах або гар. магістралях і актыўна фарміруюць іх арх. аблічча. Паводле арх.-планіровачнай структуры памяшканні падзяляюцца на 4 асн. групы: відовішчную (глядзельная зала, касавы і ўваходны вестыбюль з гардэробам, фае, буфет, кулуары і інш.), сцэнічную (сцэна, артыстычныя прыбіральні, рэпетыцыйныя залы, склады аб’ёмных дэкарацый, мэблі і рэквізіту, касцюмерныя), вытв. майстэрняў і рэзервовых складоў. Паводле аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і размяшчэння месцаў для гледачоў залы сучасных Т.б. падзяляюцца на партэрна-ярусныя, амфітэатр і такія, дзе партэр ці амфітэатр дапаўняюцца балконамі. Т-ры лічацца вялікімі, калі маюць залы больш як на 1200 глядзельных месцаў, сярэднімі — да 1200 і малымі — да 800 месцаў.
Спец. збудаванні для тэатр. паказаў вядомы з антычнасці. У Стараж. Грэцыі склаўся класічны тып адкрытага т-ра з круглай ігравой пляцоўкай — архестрай і размешчанымі амфітэатрам месцамі для гледачоў (т-р Дыяніса ў Афінах, 6 ст. да н.э.). Далейшае развіццё Т.б. атрымалі ў Стараж. Рыме. У 1-й пал. 17 ст. з’явіліся Т.б. са шмат’яруснай глядзельнай залай. З канца 17 ст. пашыраны т.зв. італьян. тып Т.б. з авальнай у плане шмат’яруснай глядзельнай залай з лоджыямі. У 2-й пал. 18 ст. склаўся т.зв. франц. тып т-ра з круглай залай, на 3/4 па перыметры абкружаны адкрытымі суцэльнымі ярусамі, якія апіраюцца на калоны. У Расіі ў канцы 18—19 ст. будавалі т-ры італьян. і франц. тыпаў. У 20 ст. пашыраны залы традыц. ярусныя і з балконамі, атаксама адкрытыя Т.б. З 1930-х г. праектуюцца Т.б. новага тыпу для сінт. паказаў; для іх характэрны вял. ўмяшчальнасць, трансфармацыя сцэны і глядзельнай залы, каб пераносіць месца дзеяння са сцэны ў залу, механізацыя сцэн. абсталявання.
На Беларусі ў 17—18 ст. для паказаў школьнага т-ра ў будынках кляштараў, і калегіумаў, школ і інш. былі спец.тэатр. залы са сталай сцэнай, абсталяванай рознымі механізмамі, у т. л. люкамі, апафеозамі або глорыямі (прыстасаванні пад столлю над сцэнай для спуску з «нябёс» багоў, анёлаў) і інш. Такія залы былі ў калегіумах езуітаў у Полацку, Гродне, Нясвіжы, Навагрудку, Мінску і інш. Для прыватных т-раў, пашыраных, у 18—1-й пал. 19 ст. (Нясвіж, Слуцк, Слонім, Шклоў, Гродна, Свіслач, Віцебск, Магілёў), прыстасоўвалі розныя будынкі (напр., манеж у Слуцку, 1751) ці будавалі спецыяльна як ч. палацавага комплексу. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі выкарыстоўваўся т.зв. італьян. тып са шмат’яруснымі ізаляванымі лоджыямі, падковападобнай або авальнай залай, глыбокай сцэнай, аддзеленай ад залы невысокай балюстрадай, пляцоўкай для аркестра перад сцэнай. Найб. значныя будынкі былі ў Нясвіжы (т-р Радзівілаў «камедыенгаўз» 1747—48, арх. К.Ждановіч), Слуцку (1758), Слоніме (1777—80, арх. І.Мараіна), Шклове (1780, арх. П.Барцанці; усе не захаваліся). Захаваўся будынак Гродзенскай муз. школы А.Тызенгаўза (1780), у якім працавала і яго тэатр. школа. Вылучаўся корпус Ружанскага палацавага комплексу, дзе размяшчаўся т-р Сапегаў. Акрамя Т.б., з пач. 18 ст. магнаты стваралі ў сваіх парках і садах т-ры на вольным паветры (напр., т-р Радзівілаў Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і каля Нясвіжскага замка на рове, зялёны т-р «Кансаляцыя»; т.зв. плывучы т-р М.Агінскага, 1771, гл.Слонімскі тэатр Агінскага). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў многіх гарадах узніклі публічныя т-ры, дзе для паказаў выкарыстоўвалі асобныя памяшканні розных будынкаў (у Мінску залы ратушы, 1847, Дваранскага сходу, 1864; бакавы флігель Святадухаўскага манастыра, 1803—17) ці будаваліся спецыяльна (тэатр. афіцына ў Мінску, 1799, арх. Ф.Крамер). У 2-й пал. 19 ст. пад Т.б. рэканструяваны жылыя дамы ў Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. У гар. садах і парках ствараліся летнія т-ры («Ваксалы» ў Віцебску, і 1846, і Магілёве; летні т-р у Мінску, адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі). Створаны стацыянарныя Т.б. ў Мінску (гл.Мінскі гарадскі тэатр), Магілёве (гл.Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Віцебску (1845, арх. М.Чарвінскі, не захаваўся; 1889, арх.А.Кляменцьеў), Гомелі (1887—1900). У пач. 20 ст. пабудаваны летні драўляны гар.т-р у Оршы, т-р «Мадэрн» у Рагачове, электратэатр «Сатурн» у Гродне, летні тэатр-цырк у Брэсце, тэатр-вар’етэ з рэстаранам «Акварыум» у Мінску (адкрыўся ў 1905), т-р у Баранавічах (усе не захаваліся). Большасць дарэв. Т.б. былі яруснага тыпу. У 1930-я г. пад т-ры прыстасоўвалі культавыя будынкі (Чырвоны касцёл і Харальная сінагога ў Мінску і інш.). Узведзены Мазырскі клуб-тэатр, будынкі Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»), Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра Беларусі (цяпер Нац.акад.драм.т-р імя М.Горкага), Тэатра юнага гледача Беларусі (цяпер Бел.рэсп.т-р юнага гледача), Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (цяпер Нац.акад.т-р імя Я.Коласа) у Віцебску. Гал. фасады гэтых будынкаў упрыгожаны шматкалоннымі порцікамі, планы маюць традыц.тэатр. схему з сім. размяшчэннем памяшканняў, глядзельныя залы — партэр ці амфітэатр з балконамі. У 1965 пабудаваны Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі (цяпер Бел.дзярж.т-р лялек). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні Т.б. 1970—80-х г.маст. ролю адыгрываюць усе фасады, будынкам уласціва дынамічная кампазіцыя Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь, цяпер Бел.дзярж.муз.т-р; Гродзенскі абласны драматычны тэатр). Залы тэатр. тыпу маюць Дом афіцэраў у Мінску (1934—38, арх. І.Лангбард), большасць пабудаваных у 1960—70-я г. палацаў культуры, Рэспублікі палац, канцэртная зала «Мінск» (1987, арх. Л.Пагарэлаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч). У 1988 пабудаваны летні амфітэатр у Віцебску (арх. В.Бабашкін), у 1993 — комплексны будынак Дзярж. харэагр. каледжа Беларусі.
Літ.:
Барышев Г.И., Егорова И.Ю. Театральные здания и сооружения XVIII в. в Белоруссии // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1982. № 1;
Чарнатаў В.М. Архітэктура тэатраў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. № 1;
Дзянісаў У. З гісторыі тэатральных будынкаў XIX ст. ў Мінску // Тэатр. Мінск. 1985. № 3;
Кулагін А. Мадэрн, відовішча // Мастацтва. 1992 № 8.
В.І.Анікін, В.М.Чарнатаў.
Да арт.Тэатральныя будынкі. Адкрытая сцэна ў Максімаўскім парку ў Гомелі. Здымак пач. 20 ст.Да арт.Тэатральныя будынкі. Гарадскі тэатр у Віцебску. Здымак пач. 20 ст.Да арт.Тэатральныя будынкі. Гродзенскі абласны драматычны тэатр.Да арт.Тэатральныя будынкі. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль уся тэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, атаксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, атаксамацукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т. л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НА (Wien),
горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс.ж. (1991). Адзін з найб.трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал.прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сцьпрамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.
У 1 ст.н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн.Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал.еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену
ўведзены ням. войскі (гл.Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц.акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.
Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац.б-ка, 1723—25, арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.Земпер, К.Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.Л.Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх.А.Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.
У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-тсусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш.Нац.б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, І.Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.
Вена. Ратуша.Да арт.Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах. 1716—39.Да арт.Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».