ЛУ́ХВІЧ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 22.4.1936, в. Суцін Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р тэхн. н., праф. (1989). Скончыў БДУ (1960). З 1963 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы магн. і эл. з’яў. Распрацаваў тэарэт. прынцыпы фарміравання магн. палёў зададзеных характарыстык, што з’явілася базай для стварэння ў СССР радыёспектрометраў ядзернага магнітнага рэзанансу (ЯМР) высокага раздзялення, прапанаваў тэхн. рашэнні для ЯМР-тамаграфіі, метады і сродкі неразбуральнага кантролю.

Тв.:

Структурная зависимость термоэлектрических свойств и неразрушающий контроль. Мн., 1990 (разам з А.​С.​Каролік, У.​І.​Шарандам).

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́Н,

старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СКАЎСКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 15—17 ст. каля в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на беразе рэчкі. Па перыметры квадратнага ў плане (68 × 68 м) замчышча насыпныя валы. За імі з 3 і Пд быў вадзяны роў і яшчэ адзін меншы вал (шыр. ў аснове 4 м). На вуглах замчышча стаялі драўляныя вежы (дыяметр 8 м, не зберагліся). 3 Пн і У замак акружалі балоты, з Пд і З на адлегласці 90 м — дугападобныя вал і роў. Зберагліся зах. вал (шыр. ў аснове 10 м, у сярэдзіне ўезд у замак) і часткова паўднёвы.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́ЛАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту (канец 5—3-е тыс. да н.э.) у басейне р. Клязьма і прылеглых раёнах на р. Ака і Волга. Назва ад стаянкі каля в. Льялава Маскоўскай вобл. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жыло на сезонных паселішчах у паўзямлянках і шалашападобных жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы з охраю, зрэдку з пахавальным інвентаром. Характэрны керамічны паўяйцападобны і вастрадонны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні радамі ямкавых паглыбленняў і адбіткамі грэбеня. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў і стрэл, разцы, скрабкі, нажы, матыкі, касцяныя рыбалоўныя кручкі і гарпуны, упрыгожанні.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЖЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. каля 2,3 км, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 10,3 м, даўж. берагавой лініі 5,3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, у ніжняй ч. парослыя хмызняком, у верхняй — разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 1,5—2 м выслана пяском, ніжэй — ілам. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. да 15 м. 3 возера выцякае ручай у воз. Паўазер’е.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБІ́ЦЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,35 км², даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,7 км. Пл. вадазбору 1,25 км². Схілы катлавіны выш. 10—16 м (на Пн і ПдУ да 4 м), на ПнУ і З у ніжняй ч. стромкія, разараныя. Берагі нізкія, на Пд зліваюцца са схіламі (на ПдЗ участак сплавіннага берага), месцамі тарфяністыя, пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КТАШ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 8 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 1,87 км². Схілы катлавіны выш. 3—7 м (на ПдЗ 10—15 м), пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя, на невял. участку на У зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага нешырокая паласа пясчаных адкладаў. Зарастае. На ПдУ з возера выцякае ручай у р. Выдрыца.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЛЬКА (Архіп Міхайлавіч) (23.3.1908, в. Саварка Багуслаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 1.6.1984),

расійскі канструктар авіяц. рухавікоў. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1931). З 1939 у НДІ і КБ авіяц. прам-сці, з 1946 ген. канструктар авіяц. рухавікоў. Выказаў ідэю і абгрунтаваў магчымасць стварэння турбарэактыўных рухавікоў (ТРР) для скарасных самалётаў (1937). Пад яго кіраўніцтвам створаны першы сав. ТРР і распрацаваны шэраг рухавікоў для баявых самалётаў. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 3 изд. М., 1990.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ХАВА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПнЗ ад г. Полацк, каля г. Наваполацк. Пл. 0,43 км², даўж. каля 1,7 км, найб. шыр. 330 м, найб. глыб. 20,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,8 км. Пл. вадазбору 4,7 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам. Ёсць шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пад хмызняком, на Пн забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складаецца з паўн. (глыб. да 4,5 м) і паўд. (глыб., 20,7 м) плёсаў, злучаных пралівам глыб. 3 м. Ложа да глыб. 2 м выслана пяском, ніжэй — сапрапелем.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́ННЫ (Юрка) (сапр. Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 29.7.1908, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 1937),

бел. паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). Працаваў у газ. «Магілёўскі селянін», «Звязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Восенню 1936 беспадстаўна арыштаваны. Расстраляны ў Мінску. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб-каў паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» (абодва 1930), «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (абодва 1931), «Стала і мужна» (1932), нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931), прасякнутых рамантыкай сацыяліст. буд-ва. У некаторых творах пераважала рыторыка, палітычна-агітацыйны пачатак.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960.

Літ.:

Грахоўскі С. Савецкая, № 68: Трыццатыя гады...: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

Ю.Лявонны.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)