МУНІЦЫПАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. municipalisation ад лац. municipium самакіравальная абшчына),
прымусовая перадача дзярж. уладай уласнасці прыватных асоб (бязвыплатна або за выкуп) органам гар. і сельскага самакіравання. Аб’ектам М. звычайна з’яўляецца нерухомая маёмасць — зямля, пабудовы і да т.п., што перадаецца ў веданне мясц. органаў. Адрозніваецца ад нацыяналізацыі, пры якой маёмасць паступае ў распараджэнне цэнтр. органаў улады.
У Сав. Расіі М. ажыццяўлялася ў 1918—21 на падставе дэкрэта ВЦВК ад 20.8.1918 «Аб адмене права ўласнасці на нерухомую маёмасць у гарадах», паводле якога ў распараджэнне мясц. Саветаў перадаваліся канфіскаваныя ў прыватных асоб будынкі і прадпрыемствы, якія абслугоўвалі гар. гаспадарку, школы, тэатры і інш. У БССР паводле пастановы СНКБССР ад 10.5.1940 «Аб муніцыпалізацыі і нацыяналізацыі будынкаў на тэрыторыі заходніх абласцей БССР» муніцыпалізаваны ў жыллёвы фонд мясц. выканкомаў у гар. паселішчах домаўладанні вял. жылой плошчы, безгаспадарныя ўладанні, гандл. будынкі, а таксама пэўная нерухомая маёмасць у сельскіх мясцовасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЧНІ́СТАРАСЯ́НЫЯ ГРЫБЫ́ (Erysiphales),
парадак сумчатых грыбоў з групы пірэнаміцэтаў. Больш за 250 відаў і форм. На Беларусі каля 100. Найб. пашыраны віды з родаў: сфератэка, эрызіфе, левейлула, мікрасфера, падасфера, трыхакладыя, філактынія. Аблігатныя паразіты раслін, многія прыстасаваны да пэўнага віду. Узбуджальнікі мучністай расы. Утвараюць на лісці, зялёных парастках, кветках, пладах грыбніцу з органамі споранашэння накшталт мучністага налёту (адсюль назва).
Міцэлій белы або шэры, прымацаваны да субстрату прысоскамі і гаўсторыямі, з дапамогай якіх пранікае ўнутр эпідэрмісу і паглынае пажыўныя рэчывы. У цыкле развіцця 2 стадыі: бясполая — канідыяльная (за вегетац. перыяд канідыі ўтвараюцца шматразова, распаўсюджваюцца ветрам, насякомымі і інш.) і палавая — сумчатая. Сумкі з аскаспорамі размяшчаюцца ў пладовых целах (клейстатэцыях), якія маюць шарападобны выгляд, ломкія, часта з прыдаткамі і без вусцейкаў. Сумкі па адной ці ў пучках з 2—3 аскаспорамі.
чэшскі скульптар; заснавальнік чэш.скульпт. школы пач. 20 ст. Вучыўся ў Празе ў майстэрнях Т.Сейдана (1864—66) і В.Левы (1867—70), у АМ (1868—72). Выкладаў у Маст.-прамысл. школе (з 1885) і АМ (1896—1919) у Празе. Зазнаў уплыў А.Радэна. У творчасці эвалюцыяніраваў ад рамантызму да рэалізму і неакласіцызму. Стварыў узнёслыя, манум. вобразы гіст. дзеячаў Чэхіі і герояў нар. эпасу, якія спалучаюць сімвалічную абагульненасць трактоўкі з жыццёвай канкрэтнасцю. Сярод твораў: дэкар. скульптуры партала Нац.т-ра (1871—72), скульпт. групы на мосце Ф.Палацкага (1881—97), помнік св. Вацлаву (1888—1912), партрэтная статуя кардынала Шварцэнберга ў саборы св. Віта (1891—95), помнік Ф.Л.Рыгеру (1903—14; усе ў Празе), статуі для будынка парламента ў Вене (пач. 1880-х г.), серыя алегарычных статуй «Музыка» (1892—1912), партрэтныя бюсты, надмагіллі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗІЦЫ (Arctiidae),
сямейства начных матылёў. 2 падсям. (уласна М. — Arctiinae і лішайніцы — Lithosiinae), больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі каля 40 відаў, у т. л. М. кая (Arctia caja), М.-пані (Panaxia [Callimorpha] dominula), М. чорная (Arctinia caesarea).
Уласна М. — матылі пераважна з шырокімі крыламі (размах да 85 мм), тоўстым касматым тулавам. Вусікі тонкія, у самцоў грабеньчатыя. Хабаток кароткі, часам недаразвіты. Вусені вельмі касматыя (адсюль назва). Афарбоўка большасці відаў стракатая, са спалучэннем белых, жоўтых, карычневых, пунсовых, чорных, іншы раз з метал. адлівам плям, якія ўтвараюць на крылах своеасаблівы малюнак. Трапляюцца і амаль аднаколерныя (ад белых да шэрых і карычневых) віды. Вусені кормяцца лісцем травяністых раслін. Лішайніцы — невял. і няяркія матылі з вузкімі пярэднімі крыламі, тонкім некасматым тулавам. Вусені кормяцца пераважна лішайнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНКСССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУСССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУССССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,
у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст.дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖЭ́ННЕ ПА́РЫчасціца-антычасціца,
адзін з відаў узаемапераўтварэння элементарных часціц, у якім у выніку эл.-магн. (ці інш.) узаемадзеяння адначасова ўзнікаюць часціца і антычасціца. Магчымасць Н.п. (і яе анігіляцыі) вынікае з рэлятывісцкага Дзірака ўраўнення. У 1933 І. і Ф.Жаліо-Кюры эксперыментальна выявілі Н.п. электрон-пазітрон гама-квантамі ад радыеактыўнай крыніцы.
Працэсы Н.п. адбываюцца ў кулонаўскім полі ядра атама пры энергіі фатона, якая перавышае падвоеную энергію спакою часціцы (паводле законаў захавання энергіі-імпульсу Н.п. адзінкавым фатонам немагчыма). Магчымы працэс Н.п. віртуальным фатонам (гл.Віртуальныя часціцы). Пры сутыкненнях часціц высокіх энергій назіраецца таксама працэс нараджэння мюонных пар. У адронных сутыкненнях Н.п. μ+μ− звязана з эл.-магн. анігіляцыяй кваркаў 1 антыкваркаў, якія ўваходзяць у склад адронаў, або з працэсамі канверсіі фатонаў тармазнога выпрамянення, утвораных пры сутыкненнях кваркаў з кваркамі ці глюонамі. Працэсы Н.п. μ+μ− вывучаюцца ў межах квантавай хромадынамікі і кваркпартоннай мадэлі (гл.Партоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА РЭА́КЦЫІ,
здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн.кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1586—1758 пры Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Найб. вядома яго дзейнасць у 18 ст. У 1750-я г. т-рам кіраваў Ю.Катэнбрынг. На лац. і польск. мовах ставіліся п’есы, якія звычайна змяшчалі пралог, асн. сюжэт (да 3 актаў), хоры, інтэрлюдыі, балеты і эпілог. Сярод пастановак панегірык «Відовішчы свету» (1723), драмы «Дух бураў, які выкліканы з віннага склепа сярод пенных чашаў лютасцю тырана» (1730), «Залатая свабода без свабоднай улады царства мудрых» (1732), «Шчаслівыя выгнаннікі Эрэзій і Фруменцый» (1748), трагедыі «Смерць Менсея — вакханалія» (1737), «Сіроэс» (1758) і трагедыя-балет «Марнасць над марнасцю, або Томас Паўнд» (1755, абедзве Катэнбрынга), камедыя «Дзікі амерыканец, альбо Прастата, якая кіруецца светам прыроджанага розуму» (1758) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларуская тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г.Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.