МЯДЗВЕ́ДНА, Нядзведна,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,44 км², даўж. каля 1,6 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 3,18 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, тарфяністыя. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 1,5—2 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Цуброк.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗЕ́СНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 30 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,47 км², даўж. 3,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,4 м, даўж. берагавой лініі каля 10 км. Пл. вадазбору 351 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, параслі лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Пойма шыр. да 100 м, забалочаная, парасла хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, з глыб. 2 м дно ілістае. На Пд востраў пл. 1 га. Упадаюць рэкі Кудзінка і Мыльна.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ловаць, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Гарадок. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і 39 км ад чыг. ст. Гарадок, 75 км ад Віцебска. 529 ж., 224 двары (1999). Лясніцтва, сепаратарны пункт Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі паселішча (3-е тыс. да н.э.) і 2 курганныя могільнікі.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 800 м на ПнУ ад в. Мяжаны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту рапаківі з крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў і таблічак палявога шпату, зернямі цёмна-шэрага і чорнага кварцу. Даўж. 3,6 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 9,4 м, аб’ём 7,2 м³, маса каля 36 т. Прынесены ледавіком каля 14—15 тыс. гадоў назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м.

В.​Ф.​Вінакураў.

Мяжанскі валун.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯКІ́НА,

адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.

т. 11, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЯНЬКІ́»,

бел. нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́ЖКА (Віктар Іванавіч) (н. 28.7.1937, с. Кольгенфельд Растоўскай вобл., Расія),

расійскі кінасцэнарыст. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Укр. паліграф. ін-т (1961), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1968). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Добры дзень і бывай!» (1973), «Вас чакае грамадзянка Ніканорава», «Багна» (абодва 1978, апошні з Р.​Чухраем), «Радня», «Палёты ў сне і наяве» (абодва 1982, за апошні Дзярж. прэмія СССР 1987), «Курачка Раба» (1994) і інш., у якіх узнімаюцца маральныя праблемы сучаснасці, узаемадзеяння грамадства і асобы. Яны адметныя спалучэннем драм., эксцэнтрычных і лірыка-камічных элементаў.

В.​А.​Войніч.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШЭ́Й (Setaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.

Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.

У.​П.​Пярэднеў.

Мяшэй зялёны.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІРА́ЛЬНІК ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ,

прадстаўнік дзяржавы або міжнар.

арг-цыі, які накіроўваецца для ўдзелу ў рабоце міжнар. канферэнцый, арг-цый і органаў. Парадак допуску і правы Н.д. вызначаюцца правіламі працэдуры. Звычайна Н.д. не мае права голасу, падпісання дакументаў і да т.п. Н.д. накіроўваецца ў выпадках, калі дзяржава (міжнар. арг-цыя) зацікаўлена ў рабоце міжнар. органа, канферэнцыі, але не з’яўляецца іх удзельнікам, або не хоча быць звязанай іх рашэннямі ці падзяляць за іх адказнасць. Ін-т пастаянных Н.д. склаўся пры ААН ад дзяржаў, якія не з’яўляюцца яе членамі, а таксама ад нац.-вызв. рухаў.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКАНАВА́ННЕ,

рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл. Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць нават рэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)