падгаліна мясной і малочнай прамысловасці, якая ўваходзіць у харчовую прамысловасць. Аб’ядноўвае прадпрыемствы па перапрацоўцы малака ў розныя малочныя прадукты (гл.таксамаКазеін, Масла сметанковае, Масласыраробная вытворчасць).
На Беларусі здаўна малако перапрацоўвалася на сыр, масла, тварог у хатніх умовах. Сыраробныя і масларобныя прадпрыемствы з’явіліся ў пач. 19 ст. ў маёнтках памешчыкаў, у 2-й пал. 19 ст. ўзніклі спецыялізаваныя прадпрыемствы. У 1892 працавалі сырзаводы: 1 у Віцебскай губ. (400 пудоў сыру за год), 4 у Мінскай губ. (3,3 тыс. пудоў), 2 у Магілёўскай (700 пудоў). У 1912 выраблена 1154 т сыру і 139 т масла. Як індустрыяльная галіна пачала развівацца ў сав. перыяд: да 1927 пабудавана 17, да 1932—85, да 1939—116 масла- і сыраробных з-даў, 8 малочных прадпрыемстваў. у т. л. 2 камбінаты (у Мінску і Віцебску). У 1940 дзейнічала 500 такіх прадпрыемстваў. з іх 37 механізаваных У Вял.Айч. вайну 68% прадпрыемстваў М. і м.п. разбурана.
У 1998 на долю М. і м.п. прыпадала 22,3% усёй валавой прадукцыі харч. прам-сці і 46,7% прадукцыі мяса-малочнай галіны; колькасць занятых у падгаліне людзей адпаведна 19,1% і 48%. Колькасць прадпрыемстваў і вытв-сцей склала 215. Большасць прадпрыемстваў шматпрофільныя. Найб. буйныя прадпрыемствы па выпуску цэльнамалочнай прадукцыі: Мінскі гарадскі малочны завод № 2, Мінскі гармалзавод № 3, Брэсцкі, Гродзенскі, Баранавіцкі, Бабруйскі, Магілёўскі малочныя камбінаты, Гомельскае ААТ «Малочныя прадукты» і інш.; па вырабе сметанковага масла і сыру — масласырзаводы Шчучынскі масласырзавод, Скідзельскі, Кобрынскі, Пастаўскі, Талачынскі, Пружанскі і інш.; па вытв-сці сыру — Бярозаўскі сыраробны камбінат, сырзаводы Бярэзінскі, Высокаўскі, Дзятлаўскі, Драгічынскі, Камянецкі і інш.; сметанковага масла — маслазаводы Капыльскі, Карэліцкі, Дубровенскі, Круглянскі, Хоцімскі і інш.; сухога абястлушчанага малака — Клімавіцкі завод масла і сухога абястлушчанага малака, прадпрыемствы ў Івацэвічах, Слоніме, Добрушы, г.п. Акцябрскі; марожанага — спецыялізаваныя прадпрыемствы ў Брэсце, Магілёве, Гомелі; малочных кансерваў — Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Лепельскі малочнакансервавы камбінат, Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, сухіх малочных сумесей для дзяцей — Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў.
У 1998 выпушчана 955 тыс.т цэльнамалочнай прадукцыі ў пераліку на малако (54% аб’ёму адпаведнай прадукцыі ў 1990), сметанковага масла — 74,2 тыс.т (47%), тлустых сыроў 43,5 тыс.т (67%), малочных кансерваў — 115 млн.шт. умоўных слоікаў (68%). Значна скарацілася спажыванне малака і малочных прадуктаў (у пераліку на малако): з 425 кг у 1990 да 366 у 1998.
Найбольш развіта ў ЗША, Германіі, Францыі, Расіі, на Украіне, у Бельгіі, Нідэрландах, Польшчы, Бразіліі і інш.; па вытв-сці-сметанковага масла вылучаюцца — ЗША, Германія, Францыя, Расія, Польшча, а па вытв-сці сметанковага масла на душу насельніцтва — Фінляндыя (10 кг), Нідэрланды (8,7 кг), Францыя (7,8 кг), Аўстрыя (7,6 кг), Германія (6 кг).
П.І.Рогач.
Да арт.Масласыраробная і малочная прамысловасць. У цэху гарадскога малочнага завода № 2 Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ СХОД ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, нацыянальны сход Заходняй Беларусі,
вярхоўны орган нар. улады ў Заходняй Беларусі пасля яе ўз’яднання з БССР. Выбары ў Нар. сход адбыліся ў адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦКВКП(б) ад 1.10.1939 «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». У ёй вызначаліся мэты, час, працэдура арганізацыі і правядзення выбараў, атаксама пытанні, якія павінны быць вырашаны дэпутатамі сходу. Пастанова прадугледжвала правядзенне выбарчай кампаніі пад лозунгамі ўстанаўлення сав. улады на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, уваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР і Зах. Украіны ў склад УССР, адабрэння канфіскацыі памешчыцкіх зямель, патрабавання нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сці. 1-му сакратару ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнку даручалася падрыхтаваць адпаведныя дэкларацыі па парадку дня Нар. сходу. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Нар. сходу прадастаўлялася сял. к-там, часовым упраўленням гарадоў, сходам рабочых на прадпрыемствах, членам рабочай гвардыі, прадстаўнікам інтэлігенцыі. Выбарчае права атрымалі ўсе грамадзяне, якім споўнілася 18 гадоў, незалежна ад сац. паходжання, маёмаснага стану, нац. прыналежнасці і папярэдняй паліт. дзейнасці. Рэальнае права выбіраць і быць абранымі атрымалі і жанчыны. Выбары праводзіліся на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Ад 5 тыс. выбаршчыкаў у Нар. сход выбіраўся 1 дэпутат. У выбарах, якія адбыліся 22.10.1939, з агульнай колькасці 2 763 191 выбаршчык у галасаванні ўдзельнічала 2 672 280 чал. (96,71%). Было абрана 929 дэпутатаў. Супраць галасавалі 247 245 выбаршчыкаў (9,3%), прызнаны несапраўднымі 14 932 бюлетэні. У 2 выбарчых акругах Высока-Мазавецкага пав. кандыдаты не атрымалі большасці, і выбары былі праведзены паўторна. Пасяджэнне Нар. сходу адбылося 28—30.10.1939 у Беластоку. Прысутнічала 926 дэпутатаў, з іх паводле сац. складу — 563 селяніны, 197 рабочых, 112 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 29 служачых, 25 саматужнікаў; паводле нац. складу — 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 53 украінцы, 43 рускія і інш. Сярод дэпутатаў былі актыўныя ўдзельнікі рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, нар. паэты Беларусі Я.Купала і Я.Колас. Парадак дня: аб дзярж. уладзе (С.В.Прытыцкі); аб уваходжанні Зах. Беларусі ў склад БССР; аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель; аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сні. Сход адкрыў старэйшы дэпутат селянін С.Ф.Струг. Нар. сход аднагалосна прыняў 4 канстытуцыйныя акты, выбраў Паўнамоцную камісію з 66 чал. для пасылкі ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Зах. Беларусі ў склад СССР. Нар. сход абвясціў 17 верасня днём вызвалення працоўных Зах. Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў.
Літ.:
Народное (Национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г.Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, атаксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г.рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛКазіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл.Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл.Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё), пратэразойская акратэма (акрон),
верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд.г. назад і закончыўся 570 млн.г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.
Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл.Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд.г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.
На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, атаксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл.Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.
Літ.:
Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБУ́ГСКАЯ РАЎНІ́НА.
На ПдЗ Беларусі, на ПнЗ Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей, фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Слонімскім узв. і Баранавіцкай раўнінай на ПнУ і У, Загароддзем на ПдУ, Брэсцкім Палессем на Пд; на З заходзіць на тэр. Польшчы (Бельская раўніна). Паводле В.А.Дзяменцьева П.р. падзяляецца на Нараўска-Ясельдзінскую і Камянецкую раўніны, паводле іншых даследчыкаў — на Высокаўскую, Пружанскую, Косаўскую раўніны. Пераважныя выш. 175—200 м. Пл. 5,7 тыс.км². Праз паўн.ч. раўніны праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел.
У тэктанічных адносінах П.р. прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Платформавы чахол складзены з парод позняга пратэразою, ардовіку, сілуру; пашыраны адклады юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 60—80 м, у ледавіковых лагчынах да 160 м) залягаюць на подсцільнай паверхні, расчлянёнай ледавіковымі лагчынамі. У днішчы найб. глыбокай Нараўскай лагчыны даантрапагенавыя пароды ляжаць на глыб. 80 м ніжэй узр. м. У такіх лагчынах захаваліся адклады ніжняга і сярэдняга антрапагену, у т. л. і стараж. нараўская марэна. На П.р. найб. пашыраны адклады дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, у паніжэннях значныя тоўшчы паазерскага гарызонту, таксама галацэнавыя алювіяльныя, балотныя, схілавыя і інш. адклады.
Паверхня раўнінная, пласкахвалістая, ускладнена краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (грады, увалы) выш. да 10 м. Для паўн.ч. характэрны рэльеф водналедавіковых раўнін, на Пд пашыраны далінныя зандры. Даліны буйных рэк тэрасаваныя, уключаюць пойму, 1-ю і 2-ю надпоймавыя тэрасы. У паўн.-зах. напрамку раўніну перасякае шырокая (да 10 км) лагчына сцёку талых ледавіковых вод (глыбіня ўрэзу да 3—5 м). Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 572 мм за год. Найб.р. Буг з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця Правай Лясной і Левай Лясной) і Пульва, Белая (прыток Правай Лясной), Нараў з Нараўкай, Ясельда і канал Вінец. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы рознай ступені ападзоленасці ў спалучэнні з дзярнова-падзолістымі забалочанымі. У катлавінах і лагчынах развіты пераважна тарфянабалотныя і дзярнова-глеевыя, па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя глебы. Лясістасць П.р. невысокая (9,7%), за выключэннем паўн. ускраіны, дзе знаходзіцца б.ч. ляснога масіву Белавежская пушча. Захаваліся пераважна хваёвыя лясы, яловыя мяшаныя з дубам, дубровы з дамешкам хвоі, елкі і ясеню. Пашыраны другасныя бародаўчатабярозавыя лясы. У слабасцёкавых паніжэннях чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Пераважаюць нізінныя балоты, часткова асушаныя. Па далінах рэк заліўныя лугі. Пад ворывам ад 50% на Пд да 25% на Пн, пад сенажацямі і пашай — 10—15%. На тэр. раўніны нац. парк Белавежская пушча, гідралаг. заказнік Дзікае.
У.Я.Навуменка.
Прыбугская раўніна каля в. Пелішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-АНГЛІ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Гандлёвае пагадненне 1921, падпісана 16 сак. ў Лондане. Мела гандлёвы і паліт. характар. Азначала фактычнае прызнанне Сав. Расіі. Дзяржавы заявілі пра аднаўленне гандл. зносін і пра тое, што будуць ухіляцца ад варожых дзеянняў і прапаганды адна супраць адной. Было першым пагадненнем, якое Сав. Расія заключыла з вял.капіталіст. дзяржавай, прарвала дыпламат. і эканам. блакаду Сав. Расіі. Мела сілу да разрыву сав.-англ. адносін 27.5.1927. Пагадненне 1937 (марское), падпісана 17 ліп. ў Лондане на 5 гадоў. Устанавіла асн. якасныя ліміты (водазмяшчэнне, узбраенне і інш.) для розных катэгорый ваен.-марскіх суднаў, якія адпавядалі лімітам, устаноўленым англа-франка-амер. дагаворам ад 25.3.1936 аб марскіх узбраеннях. У вер. 1939 урад Вялікабрытаніі прыпыніў дзеянне гэтага пагаднення. Пагадненне 1941 пра сумесныя дзеянні ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў вайне супраць Германіі, падпісана 12 ліп. ў Маскве. Абавязвала сав. і брыт. ўрады памагаць і падтрымліваць адзін аднаго ў вайне супраць фаш. Германіі. Дало пачатак афармленню антыгітлераўскай кааліцыі, у 1942 заменена дагаворам. Дагавор 1942 аб саюзе і вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе саўдзельнікаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе пасля вайны, падпісаны 26 мая ў Лондане. Ч. 1 дагавора тоесная пагадненню 1941 і заставалася ў сіле да канца вайны. У ч. 2 вызначаны асн. прынцыпы пасляваеннага супрацоўніцтва СССР і Вялікабрытаніі: не ўмешвацца ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, аказваць эканам. дапамогу, на заключаць ніякіх саюзаў і не ўдзельнічаць ні ў якіх кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Заключаўся на 20 гадоў. У сувязі з утварэннем блока НАТО і ваенным супрацоўніцтвам Вялікабрытаніі з Зах. Германіяй 7.5.1955 дагавор ануляваны СССР. Пагадненне 1968 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве, падпісана 19 студз. ў Лондане. Паводле яго бакі абавязаліся садзейнічаць развіццю навук.-тэхн. супрацоўніцтва паміж 2 краінамі на аснове раўнапраўя і ўзаемнай выгады. Доўгатэрміновае гандлёвае пагадненне 1969, падпісана 3 чэрв. ў Маскве. Бакі абавязаліся падтрымліваць і садзейнічаць заключэнню на камерцыйнай аснове пагадненняў, у т. л. доўгатэрміновых, з мэтай супрацоўніцтва і развіцця вытв. магутнасцей краін. Пагадненне 1974 пра развіццё эканам., навук.-тэхн. і прамысл. супрацоўніцтва, падпісана 6 мая ў Лондане. Бакі абавязаліся працягваць намаганні па развіцці і ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Пратакол аб кансультацыях 1975, падпісаны 17 лют. ў Маскве. З мэтай умацавання ўзаемнага даверу і ўзаемаразумення, садзейнічання паглыбленню працэсу разрадкі міжнар. напружанасці і надання ёй незваротнага характару бакі дамовіліся расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, атаксама па пытаннях двухбаковых адносін. Пагадненне 1977 аб прадухіленні выпадковага ўзнікнення ядз. вайны, падпісана 10 кастр. ў Маскве. Кожны з бакоў абавязаўся ажыццяўляць і ўдасканальваць існуючыя арганізац. і тэхн. меры з мэтай прадухілення выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядз. зброі, якая знаходзіцца пад яго кантролем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),
цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл.Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.
Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.Спіноза, Г.Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.
Літ.:
Системные исследования. М., 1969;
Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;
Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;
Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;
Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 15—18 ст. у г.Слуцк Мінскай вобл. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.
Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 × 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м у сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 ст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй у аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. З боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.
Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на ПнУ ад Верхняга замка (на месцы б. вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і інш.,гасп. пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 ст. гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».
Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэр. новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для зах.-еўрап. бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў у сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст.Гл.таксамаСлуцкія гарадскія ўмацаванні.
Літ.:
Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Калядзінскі Л. Верхні замак Слуцка // Бел.гіст.часоп. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЦЫЯ́Н [Titien; сапр.Тыцыяна Вечэліо (Tiziano Vecellio); 1488/89, г. Венецыя, Італія — 27.8.1576],
італьянскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Вучыўся ў С.Цуката, Джэнтыле Беліні, Джавані Беліні, Джарджоне. Працаваў пераважна ў Венецыі, атаксама ў Падуі (1506), Ферары (1516 і 1523), Мантуі (1536—37), Урбіне (1542—44), Рыме (1545—46), Аўгсбургу (1548 і 1550—51). Раннія творы з іх цікавасцю да пейзажу, паэтычнасцю, лірычнай сузіральнасцю, тонкім каларытам («Хрыстос і грэшніца», т.зв. «Цыганская мадонна») блізкія да работ Джарджоне. Пасля знаёмства з работамі Рафаэля і Мікеланджэла Т. выпрацаваў самастойны стыль, адметны пошукам ідэалу велічнай, гарманічнай і спакойнай прыгажосці: «Святая гутарка», «Саламея», «Маладая жанчына за туалетам», «Любоў зямная і нябесная», «Мадонна з вішняй», «Флора» (каля 1515), «Дынарый кесараў» (1518). Пазней ствараў манум. алтарныя карціны, адметныя велічным пафасам, адчувальнасцю прасторы («Унебаўзяцце Марыі», каля 1516—18, царква Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары, Венецыя), творы на евангельскія і міфалагічныя тэмы («Свята Венеры», 1518; «Палажэнне ў труну», 1520-я г.; «Увядзенне ў храм», 1534—38; «Венера Урбінская», 1538), якім уласцівы гучны каларыт, засн. на інтэнсіўных кантрастах сініх і чырв. колераў, багаты арх. фонамі з невял. жанравымі сцэнамі і быт. дэталямі. Пісаў спакойныя і строгія па кампазіцыі, багатыя адценнямі, тонка псіхал. партрэты («Мужчынскі партрэт», «Юнак з пальчаткай», каля 1520). У 1530—40-я г. аддаваў перавагу партрэтам сваіх сучаснікаў, у якіх праз позу, ракурс, жэст, колеравы строй перадаваў розныя, часам супярэчлівыя рысы іх характараў: «Іпаліта Медычы» (1532—33), «Ла Бела» (каля 1536), «П’етра Арэціна» (1545), «Папа Павел III з Алесандра і Атавіо Фарнезе» (1545—46). У позні перыяд творчасці дасягнуў вяршынь у жывапісным майстэрстве і ў эмацыянальна-псіхал. выяўленні рэліг. і міфалагічных тэм: «Даная» (каля 1554), «Венера і Адоніс» (1554), «Палажэнне ў труну» (1559), «Венера перад люстэркам» (1550-я г.), «Марыя Магдаліна каецца» (1560-я г.), «Аплакванне Хрыста» (1573—76). У аснове каларыту позніх твораў — найтанчэйшая колеравая гама, падпарадкаваная залацістаму тону; яна будуецца на тонкіх адценнях карычневага, сіне-стальнога, ружова-чырвонага, блякла-зялёнага колераў. Манера пісьма стала выключна свабоднай; кампазіцыю, форму і колер ён будаваў з дапамогай смелай пластычнай лепкі, фарбы накладваў на палатно і пэндзлем, і шпатэлем, і пальцам; празрыстыя лесіроўкі не хавалі падмалёўкі, часам праглядвалася зярністая фактура палатна. Са спалучэння разнастайных гнуткіх мазкоў нараджаліся вобразы трапяткой жыццёвасці і драматызму. Жывапісная тэхніка Т. зрабіла выключны ўплыў на далейшае развіццё сусветнага выяўл. мастацтва.
Літ.:
Смирнова И.А. Тициан и венецианский портрет XVI в. М., 1964;
Лазарев В.Н. Поздний Тициан // Лазарев В.Н. Старые итальянские мастера. М., 1972;
Тициан: [Альбом]. М., 1977;
Поцца Н. Тициан: Пер. с англ.М., 1981.
С.У.Пешын.
Тыцыян. Унебаўзяцце Марыі («Асунта»). Каля 1516—18.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́ТБеларускага дзяржаўнага універсітэта,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1986 у Мінску. У структуры ін-та 12 лабараторый, аб’яднаных у 3 аддзелы: ядз. даследаванняў; кагерэнтных і нелінейных працэсаў; фізікі высокіх энергій. Гал. кірункі навук. дзейнасці: даследаванні ў галіне фізікі ядра і элементарных часціц, космамікрафізікі і ядз. астрафізікі, ядз. оптыкі палярызаваных асяроддзяў з мэтай устанаўлення фундаментальных заканамернасцей, якія вызначаюць развіццё мікрасвету; даследаванні ў галіне фізікі і электрадынамікі асяроддзяў са складанай структурай з мэтай устанаўлення іх фіз. уласцівасцей і распрацоўкі новых перспектыўных матэрыялаў для лазернай тэхнікі, дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў, нанатэхналогіі; даследаванні ў галіне аб’ёмных лазераў на свабодных электронах і іх выкарыстанне ў новых тэхналогіях; распрацоўка метадаў і апаратурных сродкаў для сістэм прадухілення надзвычайных сітуацый (у т. л. радыяцыйных і экалагічных аварый), экалагічнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, радыяцыйнай бяспекі ў медыцыне і нар. гаспадарцы.
У ін-це створаны і развіваецца новы кірунак навук. даследаванняў — ядз. оптыка палярызаваных асяроддзяў. Найважнейшыя дасягненні ў гэтай галіне: адкрыты з’явы ядз. працэсіі спіна нейтрона, вярчэння плоскасці палярызацыі гама-квантаў у асяроддзі з палярызаванымі электронамі; тэарэтычна абгрунтавана першае эксперым. назіранне новага тыпу выпрамянення — параметрычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне, якое ўзнікае пры пралёце электрона праз крышталі, атаксама першае ў свеце выяўленне такога выпрамянення, якое ўзбуджаецца пратонамі вялікіх энергій у крышталі на паскаральніку Ін-та фізікі высокіх энергій у г. Протвіна (Расія); абгрунтаванне існавання з’явы спінавага дыхраізму і вярчэння спіна дэйтронаў вялікіх энергій у непалярызаваным рэчыве. Першыя эксперыменты праведзены ў 2003 сумесна з ін-там ядз. фізікі Кёльнскага ун-та і Ін-там ядз. фізікі (г. Юліх, Германія): тэарэтычна прадказаны з’явы вярчэння спіна часціц высокіх энергій у выгнутых крышталях (эксперыментальна выяўлена ў Лабараторыі імя Фермі. ЗША); створаны першы ў свеце аб’ёмны лазер на свабодных электронах (АЛСЭ) і атрыманы генерацыі індуцыраванага СВЧ-выпрамянення ў АЛСЭ (2001); распрацаваны новае пакаленне цяжкіх хуткіх эфектыўных сцынтылятараў для выкарыстання ў фізіцы высокіх энергій. мед. дыягностыцы і навук. даследаваннях, асновы лінейнай электрадынамікі вугляродных нанатрубак. тэорыя дыфракцыі хваль на гладкадэфармаваных структурах і тэорыя нелінейных эфектаў у вугляродных нанатрубках.
Разам з фундаментальнымі даследаваннямі ў ін-це праводзіцца шырокі спектр прыкладных даследаванняў, вынікамі якіх сталі распрацоўка апаратуры для радыяцыйнага і экалагічнага кантролю, канкурэнтаздольных храматаграфічных комплексаў для дэталёвага вугляроднага аналізу, апаратуры для высокаэфектыўнай сушкі драўніны, сістэмы аператыўнага выяўлення ўцечак з заглыбленых трубаправодаў і ёмістасцей пад ціскам і інш. У ін-це працуюць (працавалі) У.Р.Барышэўскі, В.В.Ціхаміраў, С.А.Максіменка, Р.Я.Сляпян, М.М.Шумейка і інш.Апубл. працы Барышэўскага «Каналіраванне, выпрамяненне і рэакцыі ў крышталях пры высокіх энергіях» (1982), «Ядзерная оптыка палярызаваных асяродкаў» (1995), зб.навук. прац па асн. кірунках дзейнасці ін-та «Фундаментальныя і прыкладныя фізічныя даследаванні. 1986—2001» (2001).