БЕЛПРАЕКТСТАЛЬКАНСТРУ́КЦЫЯ, Беларускі інстытут па праектаванні будаўнічых металічных канструкцый Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1963 як Мінскі аддзел Маскоўскага ін-та «Праектстальканструкцыя». З крас. 1990 арэнднае прадпрыемства «Белпраектстальканструкцыя». Асн. кірункі работы: распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі металаканструкцый будынкаў вытворчага, с.-г. і грамадз. прызначэння, розных інж. збудаванняў (галерэй, градзірняў, мачтаў, вежаў, бункерных эстакад, рэзервуараў і інш.); дакументацыі металаканструкцый на рэканструкцыю дзеючых вытворчасцяў; абследаванне металаканструкцый будынкаў і збудаванняў для далейшай іх эксплуатацыі і інш.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗІ́ЛАВЫ СПІРТ, фенілкарбінол,

C6H5CH2OH, мал. м. 108,14; бясколерная вадкасць з прыемным пахам, tкіп 205,8 °C, шчыльн. 1,04—1,05∙10​3кг/м³, раствараецца ў этаноле і інш. арган. растваральніках. У свабодным стане і як эфіры ўваходзіць у састаў многіх эфірных алеяў і прыродных бальзамаў (напр., бензілацэтат — састаўная частка алеяў гіяцынту, язміну). Бензілавы спірт і яго эфіры — духмяныя рэчывы для парфумерыі і вытв-сці мыла, фіксатары паху, растваральнікі, кампаненты харч. эсенцый, фотаахоўныя рэчывы ў касметычных прэпаратах.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЗО́ЙНЫ АЛЬДЭГІ́Д, бензальдэгід,

найпрасцейшы альдэгід араматычнага шэрагу, C6H5CHO, мал. м. 106,12. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; tкіп 179 °C, шчыльн. 1,0477∙10​3 кг/м³, раствараецца ў этаноле, эфіры. На паветры акісляецца да бензойнай кіслаты. Атрымліваюць каталітычным акісленнем талуолу. Ёсць у эфірных алеях (напр., пачуліевы), у насенні горкага міндалю, костачках вішні, абрыкоса, персіка. Бензойны альдэгід выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў парфумерыі, кампанент харч. эсенцый, сыравіна для інш. духмяных рэчываў і фарбавальнікаў.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАСЦЕНЬ, берасцянік,

гліняная пасудзіна, абгорнутая бяростай у беларусаў. Берасцяная аплётка надавала трываласць і зніжала цеплаправоднасць глінянага посуду, прызначанага для захоўвання ці халоднага прыгатавання ежы. Рабілі таксама берасцяную аплётку пашкоджанага посуду (пасля гэтага яго ўжо не ставілі ў печ). Даўнасць і масавасць бытавання такога прыёму выклікалі пашырэнне назвы «берасцень» нават на посуд, пазбаўлены берасцяной аплёткі (пераважна гладышы). Берасцені найбольш пашыраны былі на Паазер’і; у наш час выйшлі з ужытку.

Я.​М.​Сахута.

Берасцені.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫО́ ((Bériot) Шарль Агюст дэ) (20.2.1802, г. Лёвен, Бельгія — 8.4.1870),

бельгійскі скрыпач, кампазітар, заснавальнік белы. скрыпічнай школы. Вучань П.Баё. Буйнейшы выканаўца 19 ст. У 1843—52 праф. Брусельскай кансерваторыі. У 1830—35 разам з жонкай, спявачкай М.Малібран, канцэртаваў у многіх краінах. Аўтар 10 канцэртаў для скрыпкі з арк., 11 варыяцый, фантазіі на раманс А.​Даргамыжскага «Душачка-дзяўчына» і інш. Сярод вучняў А.В’ётан, Э.​Сарэ. Аўтар кн. «Скрыпічная школа» (ч. 1—3, 1858).

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТ-ШЭ́МЕШ,

старажытны горад у Паўд. Палесціне, на З ад Іерусаліма (сучасны Аін-Шэмш, Ізраіль). Узнік у 3-м тыс. да н.э. Упамінаецца ў егіпецкіх крыніцах з 18 ст. да н.э. (т.зв. тэксты праклёну). У выніку войнаў неаднаразова разбураны. Быў заняты ханаанеямі, філісцімлянамі, ізраільцянамі. Пасля захопу Вавілонам у 6 ст. да н.э. прыйшоў у заняпад. Археал. раскопкамі выяўлена абсталяванне для ліцця бронзы, шмат жал. вырабаў, пасудзін, прывезеных з Егіпта і раёна Эгейскага мора.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКЛА́ГА, баклага,

бандарны выраб; у беларусаў і інш. слав. народаў двухдонная пляскатая пасудзіна на 5—10 л для дастаўкі вады, квасу і інш. напіткаў. Рабілася з дубовых сцягнутых абручамі клёпак, у 1,5—2 разы карацейшых за дыяметр днішча; у адной клёпцы была адтуліна, затыкалася коркам. Пераносілі на рэмені, што мацаваўся ў спец. гнёздах (вушках). Шырока бытавалі на Беларусі амаль да сярэдзіны 20 ст.

В.​С.​Цітоў.

Біклага. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІМЕТА́Л [ад бі... + метал(ы)],

матэрыял з двух трывала злучаных слаёў розных металаў ці сплаваў. Найб. пашыраны біметал са сталі з меддзю, нікелем, іх сплавамі і алюмініем. Вырабляюць адначасовай пракаткай ці прасаваннем двух металаў, заліўкай легкаплаўкага металу па тугаплаўкім ці апусканнем вырабу з тугаплаўкага металу ў расплаў лёгкага, гальванічным спосабам, наплаўкай метадам эл. ці плазмавага нагрэву, зваркай выбухам. Выкарыстоўваюць для павелічэння трываласці, гарачаўстойлівасці канструкцый, зніжэння іх масы, як спец. матэрыялы ў машынабудаванні, электра-, радыё- і цеплатэхніцы.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТРО́Н (ад бія... + грэч. thronos месцазнаходжанне),

біятэхнічны комплекс для стварэння штучна рэгулюемых умоў вонкавага асяроддзя ў спец. герметычных камерах або памяшканнях. Выкарыстоўваецца ў эксперым. біялогіі, медыцыне, мікрабіялогіі з мэтай даследавання арганізмаў і лячэння некаторых хвароб. У біятроне вывучаюць уплыў на арганізмы т-ры, асветленасці, вільготнасці, ціску, мат. палёў і інш. фактараў навакольнага асяроддзя. З дапамогай біятрона магчыма значна паскорыць селекцыйны і мутацыйны працэсы. Упершыню ў б. СССР пабудаваны ў Кіеве (1959). Гл. таксама Фітатрон.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЛАКІ́ТНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,

добраахвотныя аб’яднанні (атрады і групы) школьнікаў, навучэнцаў, аматараў прыроды, якія арганізоўваюцца для ўдзелу ў грамадскай прыродаахоўнай дзейнасці пры адначасовым удасканаленні ведаў па біялогіі і ахове прыроды. Ствараюцца з мэтай вывучэння і аховы рыбных багаццяў краіны на базе сярэдніх школ, станцый юннатаў, летніх лагераў адпачынку. Працуюць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і работнікаў прыродаахоўных арг-цый. На Беларусі «блакітныя патрулі» існуюць з 1965. На 1.1.1996 у 120 атрадах было каля 1500 чал.

Г.​П.​Прышчэпаў.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)