ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
фарміраванне ў чалавека здольнасці ўспрымаць, тварыць і ацэньваць эстэтычнае ў рэчаіснасці і мастацтве. Зыходзячы з таго, што аснову эстэтычнага складае пачуццёвая дасканаласць, то вынікам паспяховага Э.в. можа служыць выпрацоўка ў чалавека высокага ўзроўню развіцця эстэт. патэнцыялу асобы, гал. кампанентамі якога выступаюць эстэт. патрэбнасць, пачуццё эстэтычнае, узровень эстэт. перажывання, густ эстэтычны, ідэал эстэтычны. Э.в. садзейнічае выяўленню творчых патэнцый і развіццю творчых здольнасцей чалавека ва ўсіх сферах дзейнасці, спрыяе ўнясенню эстэт. пачатку ў грамадска карысную працу, духоўна ўзвышае чалавека, упрыгожвае яго побыт, садзейнічае фіз. ўдасканаленню асобы, яе здольнасці да творчага і гуманнага пераўтварэння свету і чалавечых адносін.
Э.в. грунтуецца на эст. каштоўнасці (высокадухоўнай па сваёй сутнасці), таму і абумоўлівае здольнасці чалавека ў разуменні і перажыванні ўсяго спектра з’яў рэчаіснасці і чалавечай свядомасці — прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага і г.д. Э.в. звязана з маст. выхаваннем, якое зыходзіць са здольнасці чалавека ўспрымаць маст. каштоўнасці. У сав. час падкрэслівалася мэтанакіраванасць працэсу Э.в., пад якой разумелася сац. адаптацыя моладзі да грамадскіх, у т. л. эстэт. ідэалаў соцыуму. Сав. сістэма Э.в. мела шэраг дасягненняў. Сярод практыкаў і тэарэтыкаў Э.в. вызначаліся Дз.Б.Кабалеўскі. М.І.Кіяшчанка, А.У.Лармін, А.С.Макаранка, Б.М.Неменскі, У.Ф.Суна, А.М.Сямашка, В.А.Сухамлінскі і інш.
На Беларусі тэарэт. пытанні Э.в. распрацоўваюць М.І.Крукоўскі, А.Б.Ладыгіна, У.Ф.Мартынаў, Э.І.Нядзведская, В.А.Салееў і інш. пед. аспекты — Я.Д.Грыгаровіч, І.І.Рыданава, В.Л.Грачова, Н.Н.Грышановіч, Н.Д.Мінц, В.Ф Галанцава, В.П.Коцікава, Н.М.Якаўлева. З 1980-х г. сістэматычна праводзяцца навук.-практ. і тэарэт. канферэнцыі па актуальных пытаннях Э.в.
Літ.:
Крюковский Н.И. Homo pulcher — Человек прекрасный. Мн., 1983;
Салеев В.А. Сущность эстетического воспитания // Адукацыя і выхаванне. 1992. № 3;
Яго ж. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994;
Эстэтычнае выхаванне ў сучаснай беларускай культуры. Мн., 1993;
Мартынов В.Ф. Философия красоты. Мн., 1999;
Котикова О.П. Эстетическое воспитание старшеклассников. Мн., 1999;
Неменский Б.М. Познание искусством. М., 2000;
Концепция эстетического воспитания детей и молодежи РБ // Асновы мастацтва. 2000. № 7;
Ковалевская А.А. Музыкально-эстетическое воспитание: дифференцированный подход. Мн., 2002.
В.А.Салееў.
т. 18, кн. 1, с. 173