КУРТА́Ж (франц. courtage),

узнагароджанне брокеру за пасрэдніцтва пры ажыццяўленні біржавай здзелкі. Падлічваецца звычайна ў праміле да сумы заключанай здзелкі і выплачваецца маклеру прадаўцом і пакупніком. Стаўкі К. залежаць ад катэгорыі каштоўных папер і тавараў, аб’ёму біржавых здзелак. Памеры К. вызначаюцца статутам біржы або па ўзгадненні паміж удзельнікам біржавай здзелкі і брокерам.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЧАВА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulonimbus (Cb)],

шчыльныя і магутныя воблакі белага колеру з цёмнымі, зрэдку сіняватымі асновамі з моцным вертыкальным развіццём (да выш. 14 км). Ападкі з іх ліўневага характару, часам суправаджаюцца навальніцай, шквалам, градам. Развіваюцца з магутных кучавых воблакаў, адрозніваюцца ад іх верхняй часткай, якая складаецца з крышталёў лёду.

Кучава-дажджавыя воблакі.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКУ́НА (ад лац. lacuna паглыбленне, упадзіна; поласць),

у жывёл — поласць паміж органамі, якая не мае ўласнай сценкі, запоўненая гемалімфай ці лімфай; у чалавека — таксама разгалінаваныя паглыбленні на паверхні органа (напр., у міндалінах); у раслін (ліставая лакуна, ліставая шчыліна) — прарыў у цэнтр. цыліндры сцябла ў месцы, дзе да ліста адыходзіць праводзячы пучок.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСЕ́КА,

участак лесу, прызначаны для высечкі. Сукупнасць Л. пэўнага года складае лесасечны фонд, у які ўваходзяць Л. высечак гал. і прамежкавага карыстання (гл. Лесакарыстанне). Форма і памеры Л., парадак чаргавання і тэрміны прымыкання, напрамак высечкі залежаць ад катэгорыі лесу, лесараслінных умоў і пераважных відаў дрэў. Разліковая Л. — магчымы памер гадавога гал. або прамежкавага карыстання.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЫФО́РМ [ад лац. liber (libri) луб, лыка + форма],

выцягнутыя, завостраныя на канцах клеткі драўніны, што забяспечваюць яе трываласць і цвёрдасць; найб. спецыялізаваныя мех. элементы. Клеткі пазбаўлены жывога змесціва (пратапласту), іх адраўнелыя абалонкі патоўшчаныя, маюць невял. колькасць шчылінападобных пораў. У некат. парод (напр., клён, бузіна) пратапласт захоўваецца даўжэй, у ім назапашваюцца пажыўныя рэчывы.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГА́ЗЫ,

сінтэтазы, клас ферментаў, якія каталізуюць рэакцыі далучэння дзвюх розных малекул за кошт энергіі АТФ (адэназінтрыфасфату). Больш за 100 Л. У залежнасці ад характару сувязі (C—O, C—S, C—N i C—C-сувязі) Л. падзяляюць на 5 падкласаў. Пашыраны ў прыродзе і адыгрываюць вял. ролю ў найважн. анабалічных працэсах — біясінтэзе бялкоў, ліпідаў, вугляводаў.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМНАБІЁНТЫ [ад грэч. limnē возера + біёнт(ы)],

расліны і жывёлы, якія жывуць у кантынентальных вадаёмах з запаволеным водаабменам (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Расліны падзяляюць на макрафіты і мікрафіты, у жывёл вылучаюць 3 асн. групы: зоабентас (лічынкі насякомых, малашчацінкавыя чэрві, малюскі, ракападобныя), зоапланктон (калаўроткі, ракападобныя) і нектон (рыбы). Гл. таксама Лімнафільныя жывёлы.

В.​В.​Вежнавец.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ННЕ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 23 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,23 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 440 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Берагі забалочаныя. На Пн злучана ручаём з р. Дрыса.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎЖА, Ловаж,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Будавесць (цячэ праз возера), за 9 км на З ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1,6 км, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі каля 3,8 км. Пл. вадазбору 82 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пераважна пад хмызняком.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎЖА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дражбітка, за 34 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,2 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Пл. вадазбору 14,8 км². Катлавіна размешчана сярод балота, схілы невыразныя. Берагі сплавінныя. На ПнЗ выцякае ручай у р. Дражбітка.

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)