АЛЬТУ́ЗІЙ ((Althusius) Іаган) (1557, Дзідэнсгаўзен, Паўн. Рэйн-Вестфалія, Германія — 12.8.1638),
нямецкі юрыст, тэарэтык права. Атрымаў адукацыю ў Базельскім ун-це. У 1586—1604 праф. права ў Гербарне. З 1604 бургамістр, з 1627 старшыня кальвінісцкай кансісторыі г. Эмдэн. У сваёй гал. працы «Палітыка...» (1603) адзін з першых абгрунтаваў тэорыі натуральнага права і грамадскага дагавору. Развіваў і сцвярджаў ідэю вяршэнства і неадчужальнасці нар. суверэнітэту, перад якім адказныя носьбіты дзярж. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕ МЕТА́ЛАЎ,
рэакцыя злучэння металаў з кіслародам з утварэннем аксідаў; рэакцыя, у якой атамы металу страчваюць электроны і ўтвараюць розныя злучэнні (сульфіды, хларыды і інш.). У прыродзе металы знаходзяцца ў акісленым стане (у выглядзе рудаў). Акісленне металаў і іх сплаваў — аснова карозіі. У металургіі акісленне металаў прыводзіць да ўтварэння акаліны, страты каштоўных легіравальных элементаў і жалеза. У некат. выпадках акісленне металаў выкарыстоўваецца з ахоўнымі ці дэкар. мэтамі (гл.Аксідаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛЮ́ЗІЯ (ад лац. occlusus замкнёны, схаваны),
1) захоп крышталямі часткі рэчыва асяроддзя пры крышталізацыі. Прыводзіць да забруджвання крышталёў прымесямі, якія ўплываюць на іх фіз. ўласцівасці.
2) Паглынанне газаў цвёрдымі металамі ці расплавамі з утварэннем цвёрдых і вадкіх раствораў або хім. злучэнняў (напр., нітрыды, гідрыды).
3) Аклюзія цыклону — стадыя развіцця цыклону, пры якой цёплыя масы паветра пры сустрэчы з халодным фронтам выцясняюцца ў верхнія слаі трапасферы і страчваюць сувязь з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫЛАНІТРЫ́Л,
арганічнае злучэнне, вытворнае акрылавай кіслаты, CH2=CH-CN. Мал. м. 53,03. Бясколерная вадкасць з характэрным пахам, tкіп 77,3 °C, шчыльн. 0,80∙103кг/м³. Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках, палімерызуецца.
Атрымліваюць акісленнем сумесі прапілену і аміяку: CH2=CH-CH3 + NH3 + 3O → 3H2O + CH2=CH-CN. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліакрыланітрылу, валокнаў з яго, АБС-пластыку, бутадыен-нітрыльнага каўчуку і інш. супалімераў. Таксічны, сумесі з паветрам выбухованебяспечныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́С IВялікі
(27.1.1557—19.1. 1629),
шах Ірана [1587—1629] з дынастыі Сефевідаў. Дзеля ўмацавання цэнтр. улады рэфармаваў войска, фін. сістэму, адм. кіраванне і інш. Спрыяў развіццю знешняга і ўнутр. гандлю. Перанёс сталіцу з Казвіна ў Ісфахан (1597—98). Вёў шматлікія войны, вярнуў страчаныя раней і заваяваў новыя тэрыторыі, спыніў набегі узбекаў. Наладзіў дыпламат. і гандл. кантакты з краінамі Зах. Еўропы. Пры ім сефевідскі Іран дасягнуў найб. магутнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ (Васіль) (Васо) Аляксеевіч (4.12.1854, г. Душэты — 9.10.1926),
грузінскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт. Рэспублікі (1922). З 1879 у Тыфліскай драм. трупе. Адзін з заснавальнікаў рэаліст.груз. акцёрскай школы. Стварыў яркія характарныя і камед. вобразы ў нац. і класічным рэпертуары: Карапет («Скупы» Г.Эрыставі), Акоп («Ханума» А.Цагарэлі), Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага) і інш. Заснавальнік і рэдактар першага ў Грузіі тэатр.час. «Тэатры» (з 1885).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМ (сапр.Арцем’еў Аляксандр Радзівонавіч; 1842, с. Столпава Разанскай вобл. — 29.5.1914),
рускі акцёр. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878). Працаваў настаўнікам малявання і чыстапісання. З 1880-х г. іграў у аматарскіх спектаклях, з 1888 — у Т-ве мастацтва і л-ры, з 1898 — у Маскоўскім маст. т-ры (МХТ). Найб. поўна талент Арцём раскрыўся ў п’есах А.Чэхава. Сярод інш. роляў: Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.Тургенева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́Н-БЕРД,
узгорак на ўскраіне горада Ерэван, дзе захаваліся рэшткі старажытнага горада Эрэбуні, пабудаванага каля 782 да нашай эры царом дзяржавы Урарту Аргішці I. Лічыцца пачаткам горада Ерэван. Эрэбуні быў апорным пунктам прасоўвання урартаў да возера Севан. Раскопкамі выяўлены крэпасць (захаваліся сцены з сырцовай цэглы вышынёй да 5 м), палацы і храмы з насценнымі размалёўкамі, гаспадарчыя пабудовы, шмат вырабаў з бронзы, больш за 20 клінападобных надпісаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́НЬЯ ((Azana) Мануэль) (10.1.1880, г. Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 4.11.1940),
іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч, пісьменнік. Заснаваў партыю Рэсп. дзеяння (1930). Ваенны міністр (1931), кіраўнік урада (1931—33). Лідэр Леварэсп. партыі (з 1934), адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1935). Пасля перамогі Нар. фронту (1936) лідэр яго правага крыла, кіраўнік урада, з мая 1936 да 1.3.1939 — прэзідэнт рэспублікі. Пасля перамогі франкістаў у 1939 эмігрыраваў у Францыю. Аўтар літ. эсэ, аповесцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПАРУ́Х, Ісперых,
Іспор (? — каля 701),
хан протабалгараў [каля 643 — каля 701], першы хан славянабалг. дзяржавы [681 — каля 701]. У сярэдзіне 7 ст. пад націскам хазараў перайшоў з часткай плямёнаў протабалгараў з Прыазоўя ў Паўд. Бесарабію і на землі ўздоўж правага берага Дуная (належалі Візантыі). Рассяліўшыся ў Дабруджы і прылеглых раёнах, протабалгары Аспаруха падпарадкавалі саюз сямі слав. плямёнаў і стварылі аб’яднаную дзяржаву, вядомую як Першае Балгарскае царства; з 680 Аспарух яе хан (у 681 дзяржава прызнана Візантыяй).