КАРЭКТУ́РА (ад лац. correctura выпраўленне),

праверка і выпраўленне друкарскага набору, з дапамогай якіх у паліграфіі ўзнаўляюць тэкст і графічныя выявы. Таксама пробны адбітак з друкарскай формы, які звераны ці які трэба зверыць з арыгіналам. У К. неабходна выявіць памылкі і недакладнасці набору і паказаць сістэмай карэктарскіх знакаў, як іх паправіць ў друкарскіх формах.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СА (італьян. cassa ад лац. capsa ёмішча, скрыня),

1) грашовая наяўнасць прадпрыемства, арг-цыі, установы.

2) Рахунак бухгалтарскага ўліку, на якім адлюстроўваецца рух грашовых сродкаў.

3) Падраздзяленне банкаў, некаторых прадпрыемстваў і арг-цый, якія ажыццяўляюць аперацыі з наяўнымі грашамі і інш. каштоўнасцямі.

4) Крэдытныя ўстановы.

5) Спец. памяшканне для прыёму, захавання і выдачы грошай.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЦЭНО́З (ад грэч. kata уніз + koinos агульны),

заключная стадыя дыгрэсіі біятычнага згуртавання, пасля якой настае яго поўнае знікненне (напр., пасля працяглага затаплення, засалення і інш.). Для К. характэрна малая колькасць відаў, што захаваліся ў пэўным згуртаванні, і дэградацыя біятычнага асяроддзя (напр., дэградацыя пашы пры парушэннях пашазвароту, якія могуць прывесці да яе поўнага знішчэння).

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФУ́Э (Kafue),

рака ў Замбіі, левы прыток р. Замбезі. Даўж. каля 1000 км, пл. басейна каля 140 тыс. км². Пачынаецца на водападзельным плато Конга-Замбезі, цячэ пераважна ў нізкіх забалочаных берагах, у сярэднім цячэнні ўтварае цясніну даўж. 26 км. ГЭС, вадасховішча. Суднаходная на 240 км ад вусця. У сярэдняй ч. басейна К. — нац. парк Кафуэ.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРУПО́ЛЬ (ад лац. quadrum чатырохвугольнік + полюс),

сістэма з 4 эл. зарадаў, якая складаецца з 2 блізка размешчаных дыполяў, эл. моманты якіх роўныя па модулі і процілеглыя па арыентацыі. Патэнцыял К. на вял. адлегласцях r змяняецца як 1/r3. Пры змене значэння зарадаў ці адлегласці паміж імі К. выпрамяняе эл.-магн. хвалі.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРЫ́НЧЫ (Kerinci),

Індрапура, дзеючы вулкан у Інданезіі, на в-ве Суматра (хр. Барысан). Выш. 3805 м (вышэйшы пункт вострава). Складзены з андэзітавых лаў. Шырыня конуса ў падножжы ад 13 да 25 км, дыям. кратэра каля 600 м, глыб. да 400 м. У кратэры — возера. Апошняе вывяржэнне ў 1938. Уваходзіць у склад запаведніка Індрапура.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЗЕРЫ́Т (ад імя ням. вучонага Д.​Кізера),

мінерал класа сульфатаў, водны сульфат магнію, Mg[SO4]∙H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі рэдкія; звычайна ў выглядзе шчыльных дробназярністых агрэгатаў. Колер белы, шараваты да жаўтаватага. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 2,57 г/см³. Асадкавага паходжання; тыповы мінерал выкапнёвых саляных радовішчаў. Руда магнію.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПАС (ням. Kompass, італьян. compasso ад compassare вымяраць крокамі),

прылада, якая паказвае напрамак геаграфічнага (сапраўднага) або магнітнага мерыдыяна. Служыць для арыентавання на мясцовасці адносна напрамкаў свету. Выкарыстоўваецца ў марской навігацыі, авіятранспарце, геадэзіі, горнай, ваеннай справе і інш. Адрозніваюць магнітны (у т. л. горны), механічны (гіракомпас), радыёкомпас і астракомпас.

Да арт. Компас. Горны компас.

т. 8, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРД (ад франц. corde вяроўка, шнур),

1) кручаная трывалая нітка з хім. (часам баваўняных) валокнаў. Выкарыстоўваецца пры вырабе аўтамаб., авіяц. і інш. пакрышак, прагумаваных тэкстыльных вырабаў.

2) Шарсцяная тканіна асаблівай будовы, якая стварае на вонкавай паверхні падоўжныя рубчыкі шырынёй каля 3—8 мм. Выкарыстоўваецца для абіўкі сядзенняў аўтамабіляў, пашыву верхняга адзення і інш.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНЕЎ (Леанід Сямёнавіч) (1915, в. Спас-Слабада, цяпер у межах г. Полацк Віцебскай вобл. — 20.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен. пях. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з мая 1942. Нам. камандзіра батальёна па палітчастцы ст. лейтэнант К. вызначыўся 5.9.1944 пры фарсіраванні р. Нараў (Польшча). Памёр ад ран.

Л.С.Корнеў.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)