КАПІТА́ЛЬНЫЯ ЎКЛАДА́ННІ,
сукупнасць затрат матэрыяльных, працоўных і грашовых рэсурсаў на пашыранае ўзнаўленне асн. фондаў нар. гаспадаркі; сума аднаразовых затрат на павелічэнне аб’ёму і паляпшэнне структуры асн. і абаротнага капіталу. Асн. прызначэнне К.у. — увод новых і падтрыманне дзеючых вытв. магутнасцей, паляпшэнне ўмоў і павышэнне прадукцыйнасці працы, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, асваенне новых відаў прадукцыі і павышэнне яе якасці. Уключаюць затраты на буд. матэрыялы, канструкцыі і дэталі, механізмы, транспартныя сродкі, тэхн. дакументацыю і інш. Могуць быць агульнымі і складаюцца з агульнай сумы ўкладання ў пэўны аб’ект; новымі — без уліку выкарыстання дзеючых вытв. фондаў; дадатковымі — вызначаюцца розніцай агульных К.у. па 2 варыянтах рашэння гасп. задачы (напр., пры выбары варыянтаў новай тэхнікі, рэканструкцыі прадпрыемстваў і інш.); спалучанымі — тымі, што павялічваюцца ў сумежных галінах пры адсутнасці ў іх рэзерваў магутнасцей; спадарожнымі — неабходнымі для нармальнага функцыянавання сродкаў працы ў спажыўца (напр., затраты на буд-ва новых памяшканняў для работы новай тэхнікі, пашырэнне рамонтнай базы або яе мадэрнізацыя і інш.). Крыніцай фінансавання К.у. з’яўляюцца крэдыт, сродкі дзярж. бюджэту, прыбытак прадпрыемства, амартызацыйныя адлічэнні і інш. Гл. таксама Інвестыцыі.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГЕН ((Cohen) Герман) (4.7.1842, г. Косвіг, Германія — 4.4.1918),
нямецкі філосаф, заснавальнік і кіраўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. у Марбургу (1876—1912) і Берліне (з 1912). Адмаўляў кантаўскае разуменне «рэчы ў сабе» ў якасці рэальнага вытоку пачуццяў пазнаючага суб’екта, а лічыў яе мэтанакіраванай ідэяй мыслення і канчатковым паняццем чалавечага вопыту. Мысленне, на яго думку, акрэслівае і форму, і змест пазнання. Пабудаваў уласную сістэму філасофіі, у якую ўвайшлі логіка, этыка, эстэтыка і філасофія рэлігіі. Філасофія, паводле К., падымаецца да ўзроўню навукі, калі аб’ектамі філас. пазнання становяцца не рэчы і працэсы аб’ектыўнай рэальнасці, а факты навукі. Лічыў, што навук., у т. л. філас., мысленне мае творчы характар у сэнсе неабмежаванасці зместу лагічных канструкцый. Як І.Кант прызнаваў прымат этыкі адносна навук. ведаў, але трактаваў яе як логіку волі. Паводле К., фундамент культуры складаюць тэарэт. пазнанні, а таксама права і прававая дзяржава ў ліберальным разуменні. Сац.-паліт. погляды К. звязаны з распрацоўкай тэорыі «этычнага сацыялізму». Асн. працы: «Тэорыя вопыту Канта» (1871), «Сістэма філасофіі» (т. 1—3, 1902—12).
В.І.Боўш.
т. 8, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,
буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г. Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г. дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.
В.Л.Насевіч.
т. 5, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
паняцце паліт. і прававой думкі, якое абазначае сукупнасць зыходных каштоўнасцей, прынцыпаў, правіл, правоў, абумоўленых натуральнай прыродай чалавека і незалежных ад канкрэтных сац. умоў і дзяржавы. Асобныя ідэі Н.п. зарадзіліся ў антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон і інш.). У той час Н.п. супрацьпастаўлялася законам і інш. устаноўкам канкрэтнай дзяржавы. Як цэласная і развітая сістэма поглядаў Н.п. склалася ў 17—18 ст. у ходзе барацьбы супраць саслоўных прывілеяў за раўнапраўе і свабоду ўсіх членаў грамадства. Прыхільнікамі канцэпцыі Н.п. былі Г.Гроцый, Ж.Ж.Русо, Ш.Мантэск’ё, Дж.Лок, Т.Гобс, Д.Дзідро, А.М.Радзішчаў, бел. мысліцелі-асветнікі Ф.Скарына, М.Літвін, А.Волан, А.Алізароўскі, І.Страйноўскі, М.Лавіцкі і інш. Гэту канцэпцыю звычайна выкарыстоўвалі ў якасці крытэрыя ацэнкі існуючага заканадаўства ў розных краінах, для вызначэння шляхоў яго ўдасканалення. Ідэі Н.п. знайшлі адлюстраванне ў амер. Дэкларацыі незалежнасці (1776), Канстытуцыі ЗША (1787); папраўках да яе, у франц Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789) і ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948). Марксізм падыходзіў да гэтых правоў як да сацыяльна абумоўленых, класавых, а не прыроджаных катэгорый.
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯЛЕ́КТ [ад нацыя + (дыя)лект],
сукупнасць фармальных і семантычных уласцівасцей пэўнай нацыянальнай мовы, калі яна шырока выкарыстоўваецца іншым этнасам у якасці сваёй другой мовы або мовы міжнац. зносін. Напр., рус. мова (нацыялект) армян, літоўцаў, таджыкаў, украінцаў і г.д. У шырокім сэнсе Н. — рэалізацыя пэўнай мовы ў маўленчай практыцы іншага этнасу. Н. — адзін з відаў суцэльнага вар’іравання мовы (параўн.: дыялект — вар’іраванне тэрытарыяльнае, сацыялект — вар’іраванне сацыяльнае, ідыялект — вар’іраванне індывідуальнае, хроналект — вар’іраванне ў часе, Н. — вар’іраванне іншанацыянальнае, іншаэтнічнае). Н. ўласцівы пэўныя ўстойлівыя рысы, што ўзнікаюць у мове пад уплывам іншай ці роднай мовы. Напр., рус. Н. беларусаў уласцівы ўстойлівыя інтэрферэнцыйныя рысы: цвёрдае «р» (гаварыт — «гаворыць», румка — «келішак»), фрыкатыўнае «γ» (ноγи — «ноги», γолос — «голас»), сібілянты «с’» і «з’» (з’има, с’ерый), пропуск «й» (полны — «поўны», велики — «вялікі»), канструкцыі «мой собачка» (рус. «моя собачка»), «более-менее» (рус. «более или менее», бел. «больш-менш»), «жениться с кем» (рус. «жениться на ком», бел. «ажаніцца з кім»), адсутнасць моцнай колькаснай рэдукцыі галосных ([малако], рус. [мьлʌ-ко]) і інш.
Літ.:
Михневич А.Е. О языковом и лингвистическом статусе «нациолекта» // Вариативность как свойство языковой системы: Тез. докл. М., 1982. Ч. 1.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА (лац. norma правіла, узор),
межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.
т. 11, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮА́НС (франц. nuance),
адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.
2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.
3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл. Дынаміка), тэмпавыя (гл. Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян. муз. тэрміналогіяй.
Т.С.Ляшчэня (музыка).
т. 11, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),
навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.
Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.С.Грабніцкі, С.С.Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.К.Обердык, А.Дыль, К.Кох, Э.Лукас і інш.
На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел. НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж. абл. с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.
Літ.:
Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;
М., 1930;
Помология БССР. [Т. 1—4]. Мн. 1972—80.
М.Р.Мялік.
т. 12, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус. пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл. Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
т. 12, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)