МАНІФЕ́СТ (ад позналац. manifestum заклік),

1) асобы акт кіраўніка дзяржавы або вышэйшага органа дзярж. улады, звернуты да насельніцтва. Прымаецца ў сувязі з якой-н. важнай паліт. падзеяй, урачыстай датай і да т.п.

2) Заклік, дэкларацыя паліт. партыі, грамадскай арг-цыі, якія змяшчаюць праграму і прынцыпы дзейнасці.

3) Пісьмовае выкладанне літ. або маст. прынцыпаў якога-н. кірунку або групы.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАВА (Людміла Васілеўна) (н. 23.8.1937, С.-Пецярбург),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1980). Скончыла Гомельскі пед. ін-т (1960). Настаўнічала. З 1966 у Гомельскім, з 1977 у Мазырскім пед. ін-тах. Друкуецца з 1969. Аўтар манаграфіі «Драматургія Уладзіслава Галубка» (1982, пад прозвішчам Л.​Карабанава). Даследуе таксама бел. драматургію, праблемы педагогікі ў ВНУ, сучасную бел. л-ру.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЦЕРКА,

герой бел. нар. казак. Разумны і спрытны бядняк, які ў любых сітуацыях знаходзіць выйсце, можа перахітрыць і паноў. Казкі з героямі, падобнымі да Н. (сюжэтны тып АТ * 847 «Залатое стрэмечка»), ёсць у рус., літ. і польск. фальклоры. На аснове бел. казак пра дасціпнага і знаходлівага бедняка В.​Вольскі напісаў прасякнутую яркім нац. гумарам камедыю «Несцерка».

т. 11, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДЗІН,

у скандынаўскай міфалогіі вярх. бажаство. У глыбокай старажытнасці лічыўся богам ветру і буры, стваральнікам сусвету, багоў і людзей, пазней — богам вайны, апекуном гандлю і мараплаўства, гаспадаром вальхалы, валадаром валькірый. У міфалогіі стараж. германцаў кантынента О. адпавядаў Вотан.

Літ.:

Буйвал В. Одзіну і Ярылу // Мастацтва. 1994. № 6.

Одзін. Скульптура Г.​Э.​Фрэйда. 1-я пал. 19 ст.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗУ́К (Пётр Апанасавіч) (14.7.1891, в. Цярноўка, Малдова — 7.10.1943),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1924), праф. (1925). Скончыў Адэскі ун-т (1916). У 1926—30 заг. дыялекталагічнай камісіі Інбелкульта (з 1929 АН Беларусі), у 1931—33 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі і заг. кафедры ў Бел. вышэйшым пед. ін-це. У 1934 арыштаваны, высланы ў Волагду. Даследаваў праблемы праслав. мовы і ўтварэння асобных моўных груп эпохі праслав. адзінства («Погляды акадэміка Шахматава на дагістарычныя лёсы славянства», 1918—21; «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў», 1927, і інш.), пытанні агульнага і параўнальна-гіст. мовазнаўства («Асноўныя пытанні мовазнаўства», 1926). Вывучаў мову помнікаў стараж.-сербскага пісьменства, узаемасувязі паміж укр. і бел. мовамі («Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі», 1926), дыялекты бел. мовы, станаўленне яе літ. нормаў. Аўтар першага дыялекталагічнага атласа бел. мовы «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» (1928).

Літ.:

Рамановіч Я., Юрэвіч А. П.​А.​Бузук. Мн., 1969.

І.​К.​Германовіч.

П.А.Бузук.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»

(«Biełarus»),

штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.​І.​Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.​А.​Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн. сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.​Гаруна (пад псеўд. А.​Сумны), А.​Паўловіча, А.​Зязюлі, Г.​Леўчыка, К.​Сваяка і інш.

У.​М.​Конан.

Газета «Беларус». Вільня. 9.1.1914.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ТНІЦКАЯ ГРУ́ПА (БСДРГ),

палітычная арг-цыя, якая дзейнічала ў 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі ў 1-ю сусв. вайну. Утварылася ў выніку разыходжанняў па пытаннях тактыкі і нац.-дзярж. будаўніцтва паміж дзеячамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — марксістамі і народнікамі. Марксісты (І.І. і А.​І.​Луцкевічы, Цётка і інш.) заснавалі БСДРГ. Група рабіла стаўку на работу ў масах, арганізоўвала прафсаюзы, кааператывы і інш. арг-цыі, мела ў іх сваіх прадстаўнікоў. Удзельнічала ў стварэнні Беларускага народнага камітэта ў Вільні. У вер. 1917 выказалася за стварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з аўтаномнымі Беларуссю і Літвой, за ўключэнне ў гэту дзяржаву ўсіх бел. зямель, за прызнанне раўнапраўя ўсіх народаў у ёй, забеспячэнне «ўрадавага» статуса мясц. мовам і школьнае навучанне на роднай мове. Пасля абвяшчэння ў снеж. 1917 Літ. рэспублікі група стала на незалежніцкія пазіцыі. Падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля расколу БСГ (крас. 1918) БСДРГ аб’ядналася з марксістамі, якія пакінулі БСГ, і ўтварыла з імі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЎНІНГ ((Browning) Роберт) (7.5.1812, Лондан — 12.12.1889),

англійскі паэт. Першая паэма «Паліна» (1833). Пра подзвіг служэння людзям паэмы «Парацэльс» (1835), «Сардэла» (1840). Вядомасць прынеслі драм. паэма «Піпа праходзіць» (1841), зб-кі «Драматычная лірыка» (1842), «Драматычныя паэмы» (1845). У 1846 пасяліўся ў Італіі. Там напісаў зб. «Мужчыны і жанчыны» (1855), псіхал. паэму «Пярсцёнак і кніга» (1868—69). Выкарыстоўваў форму драм. маналога, адметнага экспрэсіяй пачуццяў і філас. глыбінёй думкі (маналогі «Фра Ліпа Ліпі», «Андрэа дэль Сарта», абодва 1855). Зб. «Драматычныя ідыліі» (1879—80) склалі літ. стылізацыі. Аб’яднаў у сваёй творчасці эстэт. прынцыпы рамантызму і рэалізму (маст. маніфест «Пра паэта, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, аб мэтах апошняга, пра Шэлі, чалавека і паэта», 1851).

Тв.:

У кн.: Дьяконова Н.Я., Амелина Т.А. Хрестоматия по английской литературе XIX века. Л., 1978. С. 164—170;

Рус. пер. — у кн.: Английская поэзия в русских переводах XIV—XIX в. М., 1981. С. 418—425.

Літ.:

Клименко Е.И. Творчество Р.​Браунинга. Л., 1967.

П.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),

каардынацыйны цэнтр бел. паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.​Ю.​Ластоўскі, А. і І.​Луцкевічы, Я.​Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.​Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.​Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУНО́ВІЧ (Эдуард Канстанцінавіч) (н. 16.12.1938, г. Рэчыца),

бел. Мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Удзельнік маст. выставак з 1966. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы, акварэлі, маст. афармленні музеяў, выставак, спектакляў. Аўтар праектаў маст. афармлення экспазіцый Дома-музея I з’езда РСДРП у Мінску, музея сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., філіяла Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі ў Заслаўі Мінскага р-на, Літ. музея Я.​Купалы ў Мінску і яго філіяла ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., Літ. музея М.​Багдановіча ў Мінску (Дзярж. прэмія Беларусі 1993) і інш. Аформіў бел. аддзелы на выстаўках СССР у Індыі і ГДР (1976, 1980). Работы ў кніжнай графіцы: афармленне і іл. да паэм «Тарас на Парнасе» (1967), «Сымон-музыка» Я.​Коласа (1968) і інш. Аўтар станковых работ: серыі ў тэхніцы афорта «Дзяцінства» (1977), «Маці Божая, Маці Краіна» (1979), «Спрадвечнае» (1980), «Крык кнігаўкі» (1981).

Э.Агуновіч. Маці Божая, Маці Краіна. 1979.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)