ВО́КА,

орган зроку ў чалавека, пазваночных жывёл і многіх беспазваночных (членістаногія, галаваногія малюскі). У чалавека і пазваночных складаецца з вочнага яблыка, перыферычнага аддзела зрокавага аналізатара, які зрокавым нервам злучаны з мозгам, з ахоўных дапаможных органаў (вокарухальныя мышцы, арбіта, павекі, у наземных пазваночных таксама слёзны апарат). Сценка вочнага яблыка мае 3 абалонкі: склеру, якая ў пярэдняй частцы празрыстая (рагавіца), сярэднюю (складаецца з радужнай абалонкі, або радужкі, раснічнага цела і ўласна сасудзістай абалонкі) і сятчаткі. Жоўтая пляма, што знаходзіцца ў цэнтры сятчаткі, забяспечвае дыферэнцыраваны каляровы зрок, перыферыя сятчаткі — чорна-белы. Збоку ад жоўтай плямы выхад зрокавага нерва ўтварае сляпую пляму, дзе няма фотарэцэптараў. Поласць вока запоўнена святлопраламляльнымі асяроддзямі: хрусталікам, шклопадобным целам, унутрывочнай вадкасцю. Праз адтуліну ў радужнай абалонцы (зрэнку) прамяні святла ўваходзяць у вока і, праламляючыся на паверхні вочнага яблыка, у рагавіцы, хрусталіку і шклопадобным целе, сыходзяцца на сятчатцы, утвараючы на ёй адлюстраванне бачнага прадмета. Некаторыя прасцейшыя (напр., жгуцікавыя) маюць святлоадчувальную пляму — вочка; у многіх чарвей і ўсіх членістаногіх акрамя простых вочак развіваюцца парныя вочы, у многіх членістаногіх — фасетачныя.

А.​С.​Леанцюк.

Будова вока: 1 — пярэдняя камера; 2 — крышталік; 3 — радужная абалонка; 4 — рагавіца; 5 — кан’юнктыва; 6 — раснічная мышца; 7, 8 — цынавы звязкі; 9 — шклопадобнае цела; 10 — цэнтральная ямка; 11 — жоўтая пляма; 12 — зрокавы нерв; 13 — сасудзістая абалонка; 14 — сасок зрокавага нерва; 15 — склера; 16 — раснічныя адросткі; 17 — сятчатка; 18 — раснічнае цела; 19 — задняя камера.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДБО́Л (англ. hand-ball ад hand рука + ball мяч),

ручны мяч, спартыўная камандная гульня з мячом. Існуюць 2 разнавіднасці гандбола: 7 × 7 і 11 × 11 (па 7 і па 11 чалавек у камандах). Міжнар. прызнанне атрымаў гандбол 7 × 7 (зарадзіўся ў Даніі ў 1898, правілы распрацаваў Х.​Нельсен). Гуляюць у зале на пляцоўцы 40 × 20 м. Перадаючы рукамі мяч партнёрам, спартсмены імкнуцца закінуць яго ў вароты саперніка, якія абараняе варатар. Пры гэтым спартсмены не маюць права знаходзіцца бліжэй 6-метровай зоны перад варотамі. Гульня доўжыцца 2 таймы па 30 мін (у жанчын — па 25 мін). Пры парушэнні правіл гульні мяч перадаецца саперніку, грубыя парушэнні караюцца 7-метровым штрафным кідком (пенальці) і выдаленнем парушальніка на 2 мін. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1938 (мужчыны) і з 1956 (жанчыны), у праграме Алімпійскіх гульняў гандбола з 1972 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гандбола (ІГФ).

На Беларусі развіваецца з канца 1950-х г. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1961. Мінскі гандбольны клуб СКА (спарт. клуб арміі, трэнер С.Мірановіч) — чэмпіён СССР 1981, 1984—16, 1988, 1989, уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрап. краін 1983 і 1988, Суперкубка 1989. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі бел. гандбалісты А.​Каршакевіч, Г.​Свірыдзенка, А.​Тучкін, К.​Шаравараў, Ю.​Швяцоў (1988), А.​Барбашынскі, А.​Мінеўскі, М.​Якімовіч (1992).

М.​А.​Дубіцкі, Г.​К.​Кісялёў.

Да арт. Гандбол.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́БАВЫЯ ЛЯСЫ́, грабнякі (Carpineta),

група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр. ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.

Г.​У.​Вынаеў.

Грабавы лес.

т. 5, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,

залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.

Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.

Літ.:

Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ. М., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.

Б.​А.​Соцкі, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТ (ад грэч. dialektos гаворка),

найбольш буйное этнагенетычнае адзінства гаворак або іх груп у складзе мовы, блізкіх асн. асаблівасцямі сваёй будовы (фанет. сістэмай, граматычным ладам, слоўнікам) і сумежных па тэрытарыяльным размяшчэнні. Бел. дыялектная мова складаецца з паўн.-ўсх. Д. (аб’ядноўвае роднасныя па сваёй зыходнай аснове гаворкі мясц. насельніцтва паўн.-ўсх. ч. краіны) і паўд.-зах. Д. (гаворкі паўд.-зах. ч. краіны, за выключэннем яе паўд.-зах. кутка). Паводле мясц. асаблівасцей гаворкі паўн.-ўсх. Д. падзяляюцца на 3 групы — віцебскую, усх.-магілёўскую і полацка-мінскую, паўд.-зах. Д. — гродзенска-навагрудскую, слуцкую і мазырскую (усх.-палескую). Паміж паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектамі вылучаецца група сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак, якія склаліся ў працэсе ўзаеманакладання і «размывання» берагоў супрацьлеглых Д. на іх стыку (у выніку змешвання іх «прыбярэжных» гаворак і ўзаемаўплыву). Паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Д. разам з групай сярэднебел. гаворак складаюць асноўны масіў гаворак бел. нац. мовы, які тэрытарыяльна супрацьпастаўляецца па сваіх асаблівасцях зах.-палескай групе гаворак. Апошняя з’яўляецца часткай Д. бел.-ўкр. моўнага сумежжа. Асаблівасці Д. найб. адлюстроўваюцца ў мове сельскага насельніцтва. Аднак у сувязі з яго інтэнсіўным пераразмеркаваннем разбураюцца тэр. аднароднасць груп гаворак і дыялектныя межы. На аснове пэўных дыялектных і занальных аб’яднанняў сфарміравалася і знаходзіцца ў цеснай сувязі з імі і зараз бел. літаратурная мова.

Літ.:

Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Мн., 1968—69.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т. л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.​Тарасевіча (1682) па малюнку П.​Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.

Літ: Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2; Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3; Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.

А.​А.​Ярашэвіч.

Свята Жыровіцкага абраза Маці Божай Пач. 1990-х г.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,

даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз. дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.

Т.​Я.​Бондар, М.​Е.​Заяц.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМНА́Я КАРА́,

верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́БСКАЕ МО́РА (Caribbean Sea),

Караібскае мора, паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., паміж Цэнтр. і Паўд. Амерыкай і Вялікімі і Малымі Антыльскімі а-вамі. Абмывае берагі дзяржаў: Мексіка, Беліз. Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама, Калумбія, Венесуэла, Трынідад і Табага, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Грэнада, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў.

На ПнЗ злучана Юкатанскім прал. з Мексіканскім зал., на ПнУ і У — пралівамі паміж Антыльскімі а-вамі з Атлантычным ак., на ПдЗ — штучным Панамскім каналам з Ціхім ак. Пл. 2777 тыс. км². Найб. глыб. 7090 м. Берагі месцамі гарыстыя, на асобных участках нізінныя; на З і каля Антыльскіх а-воў акаймаваны каралавымі рыфамі. Берагавая лінія моцна парэзаная; на З і Пд залівы Гандураскі, Дар’енскі, Венесуэльскі. Найб. астравы: Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка. Клімат трапічны, знаходзіцца пад уплывам пасатнай цыркуляцыі. Т-ра вады зімой 25 °C, летам 28 °C. Салёнасць каля 36‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца акулы, лятучыя рыбы, марскія чарапахі і інш., трапляюцца кашалоты і гарбатыя кіты, на в-ве Ямайка — цюлені і ламанціны. Праз К.м. і Панамскі канал праходзіць найб. кароткі марскі шлях з Атлантычнага ў Ціхі ак. Гал. парты: Маракайба, Ла-Гуайра (Венесуэла), Картахена (Калумбія), Лімон (Коста-Рыка), Калон (Панама), Санта-Дамінга (Дамініканская Рэспубліка), Сант’яга-дэ-Куба (Куба).

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬСКІ ПАЎВО́СТРАЎ.

На ПнЗ еўрапейскай ч. Расіі, у складзе Мурманскай вобл. Абмываецца Баранцавым м. на Пн і Белым м. на Пд і У. Зах. мяжой лічыцца мерыдыянальная ўпадзіна, якая цягнецца ад Кольскага заліва па даліне р. Кола, воз. Імандра і р. Ніва да Кандалакшскага заліва. Пл. каля 100 тыс. км². Берагавая лінія слабапарэзаная. Паўн. бераг стромкі і высокі, паўд. — нізінны, спадзісты. У зах. ч. горныя масівы: Хібіны (г. Часначор — 1191 м) і Лаўазёрскія тундры (1120 м). Усх. ч. больш плоская, раўніннасць парушаецца водападзельнай градой Кейвы. К.п. з’яўляецца паўн.-ўсх. ускраінай Балтыйскага шчыта і складзены пераважна крышт. пародамі дакембрыю і ніжняга палеазою. Карысныя выкапні: апатыта-нефелінавыя, нікелевыя і жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат на ўзбярэжжы мяккі, знаходзіцца пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння, ва ўнутр. раёнах слаба кантынентальны (умерана халодная снежная зіма, халаднаватае і вільготнае лета). Сярэдняя т-ра студз. ад -8 °C (на Пн) да -13 °C (у цэнтры), летнія адпаведна 8 і 14 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Рэкі парожыстыя, найб.: Паной, Варзуга, Іоканьга, Умба, Ніва, Тулома. Найб. азёры: Імандра, Умбвозера, Лаўвозера. На Пн паўвострава тундра і лесатундра, на Пд таежныя лясы з хвоі, елкі, бярозы. Глебы падзолістыя і балотныя, на Пн тундравыя. На К.п. Лапландскі і Кандалакшскі запаведнікі. Гал. горад і порт Мурманск. Гаспадарку гл. ў арт. Мурманская вобласць.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)